10 фільмаў «Лістапада» ад маладых і пра маладых

  • 24.10.2019
  • Аўтар: 34mag
  • 5462

Расказваем пра фільмы маладых рэжысёраў – беларускіх і не толькі, – якія мы з асаблівым нецярпеннем чакаем на фестывалі «Лістапад» (фэст стартуе першага лістапада).

 

 Нацыянальны конкурс 

 

 

 «Сашава пекла» 

Рэжысёр: Мікіта Лаўрэцкі

 

 

Пасля выхаду ў 2015 годзе карціны «Беларускі псіхапат» Мікіта Лаўрэцкі замацаваўся ў спісе аўтараў, за якімі цікава сачыць. Характэрна, што ў Лаўрэцкага атрымліваецца здымаць незалежныя фільмы без бюджэту, але ў той жа час з неверагоднай кінематаграфічнай магіяй. Працуе гэтая магія і ў новым фільме «Сашава пекла».

Эма-хорар, зняты на VHS-камеру, распавядае гісторыю беларускага хлопца, які працуе ў звычайным офісе, але захапляецца музыкай і праз інтэрнэт знаёміцца з рэперам з Бельгіі. Узнікае калаб, бельгіец прыязджае ў Менск. Ён – поўная супрацьлегласць Сашы: вельмі адкрыты, камунікабельны, таварыскі, запальны. На кантрасце гэтых двух персанажаў будуецца гісторыя, якая трымае ў напружанні да фінальны цітраў.

Бонусам да добра складзенай гісторыі – дарагі сэрцу Менск, які па-асабліваму раскрываецца на VHS-стужцы.

 

 

 «Чыстае мастацтва» 

Рэжысёр: Максім Швед

 

 

Фільм Максіма Шведа прысвечаны ЖЭС-арту – неўміручай «творчасці» камунальшчыкаў, якія ўпората-ўпарта зафарбоўваюць надпісы ды малюнкі ў гарадской прасторы, неспадзявана ствараючы нешта такое, што вельмі нагадвае шэдэўры вялікіх супрэматыстаў.

Вергіліем у падарожжы па кругах ЖЭС-артавага Менску рэжысёр абірае мастака Захара Кудзіна. Той спрабуе творча пераасэнсаваць працы сталічных маляроў. Фільм зроблены з неверагоднай іроніяй і адначасова сімпатыяй да людзей і горада.

 

 

 «Гульня ў класікі» 

Рэжысёрка: Дар’я Дземура

 

 

Пакуль не многія ў Беларусі ведаюць імя рэжысёркі Дар'і Дземура, выпускніцы школы дакументальнага кіно і тэатра Марыны Разбежкінай і Міхаіла Угарава. Але яе фільм «Гульня ў класікі» – падзея для беларускага кіно.

Стужка ўяўляе сабой надзвычай блізкае, нават інтымнае вывучэнне адносін паміж мужчынам і жанчынай. Галоўныя героі належаць да пакалення 30-40-гадовых і перажываюць складаны крызіс у адносінах.

Усё, што пакажуць на вялікім экране, – з тых карцінак, якія звычайна пакідаюць за зачыненымі дзвярыма і не дэманструюць нават блізкім, не тое што чужынцам. У «Гульні ў класікі» лёгка пазнаць сябе, таму кінасеанс пераўтвараецца ў назіранне за тым, як мы паводзімся ў адносінах, як можам іх выбудоўваць і як доўга захоўваць у нашых жыццях.

 

 

 

 «Маладосць на маршы» 

конкурс першых і другіх рэжысёрскіх работ

 

 «Невядомы святы» 

Рэжысёр: Ала Ядзiн Альджэм

 

 

Камедыя, якая ў крыху абсурднай і сюррэалістычнай манеры распавядае гісторыю аднаго злачынца. Напярэдадні свайго арышту ён закопвае скрадзеныя грошы, а калі праз гады вяртаецца на гэта месца, бачыць магілу невядомага святога, маўзалей і шматлікіх паломнікаў. Усе спробы забраць грошы перакідаюцца днём сурка: герой увесь час намагаецца нешта зрабіць, а яму ўвесь час нешта перашкаджае.

«Невядомы святы» – займальная карціна нораваў усходняй (мараканскай) глыбінкі, якая нагадвае грузінскія камедыі 50–60-х, дзе заўсёды прысутнічаюць мудрасць, чысціня, досціп і годная інтрыга.

 

 

 «Ушу-сірата» 

Рэжысёр: Хуан Хуан

 

 

Кітайскі фільм «Ушу-сірата» чымсьці нагадвае індыйскае кіно. З аднаго боку, карціна простая як інфузорыя туфелька: спачатку ствараецца ўражанне, быццам глядзіш не сур'ёзны фільм, а нешта для сямікласнікаў. Але па выніку кіно глыбокае: яно пра кошт свабоды і пра тое, што чалавечая годнасць вышэйшая за ўсякую муштру.

«Ушу-сірата» – гісторыя закрытага дзіцячага інтэрната, якая паказвае, што ў чалавеку ёсць парадны бок і бок гнілы. І нават самае сяброўскае асяроддзе ў любы момант лёгка абернецца зусім іншым, калі ты праявіш характар у змаганні за справядлівасць.

Гэта карціна не столькі пра дзяцей, колькі пра свет дарослых, пра падвойныя стандарты паводзінаў; пра тое, наколькі важна захоўваць прынцыпы; пра тое, што нават параза можа абярнуцца перамогай. Прыемна, што ўся гэтая цяжкая экзістэнцыя не б'е цябе па патыліцы, а глядзіцца як лірычная камедыя з адсылкамі да траваедных 60-х.

 

 

 «Белым па белым» 

Рэжысёр: Тэа Курт

 

 

Чылійская карціна «Белым па белым» – гісторыя фатографа-эстэта, які эксперыментуе на мяжы дазволенага і не вельмі запарваецца наконт маралі. З аднаго боку, гэта бунтар, які стаіць над натоўпам, з другога – чалавек, які рызыкуе ў адзін момант стаць спеваком гвалту.

Рыхтуемся пабачыць вельмі павольнае, эстэцкае, прыгожае кіно, якое ўпіваецца эратызмам (у добрым сэнсе «ўпіваецца» і ў добрым сэнсе «эратызмам»). Пры гэтым, як гэта часта здараецца з лацінаамерыканцамі, Тэа Курт стварае фантастычную карціну ў духу магічнага рэалізму.

Увесь сэнс фільма адкрываецца ў апошніх кадрах: гледачоў чакае шакавальная эмоцыя, якая, зрэшты, не ламае вонкавага эстэтызму.

 

 

 

 Конкурс нацыянальных кінашкол 

маладое дакументальнае кіно

 

 «La Bestia – цягнік невядомых» 

Рэжысёр: Мануэль Інакер

 

 

Мануэль Інакер зняў гэты фільм у Мексіцы, дзе на мяжы з ЗША ходзіць цягнік, які завуць La Bestia («звер»), – мігранты выкарыстоўваюць яго, каб нелегальна з'ехаць у Штаты. Нямецкі рэж правёў у лагеры для бежанцаў на мяжы амаль усё лета. У лагеры патэнцыйныя мігранты могуць перадыхнуць, патэлефанаваць дадому, атрымаць карысныя рэчы і рвануць далей, скачучы на хаду на цягнік-«звер», які ніколі не спыняецца.

Гэта маўклівы, засяроджаны фільм пра тое, як маладыя рабяты намагаюцца змяніць сваё жыццё. На «Лістападзе» кіно прэзентуе сам аўтар.

 

 

 «Мой брат умее танцаваць» 

Рэжысёрка: Феліцытас Зонфіла

 

 

Каб палепшыць адносіны са сваім малодшым братам, студэнтка Мюнхенскай кінаакадэміі Феліцытас Зонфіла адправілася з ім у падарожжа па Еўропе і вырашыла здымаць пра гэта фільм. Але ў кожнага з гэтай парачкі сваё ўяўленне пра тое, якой павінна атрымацца карціна, і гэта прыводзіць да сварак. «Мой брат умее танцаваць» – шматслаёвае апавяданне пра адносіны сястры і брата, а таксама пра мастацтва кіно.

 

 

 «І мы зноў будзем шчаслівыя» 

Рэжысёр: Кшыштаф Вальжаньскі

 

 

Палякі часта здымаюць фільмы пра тое, наколькі людзі блізкія адно аднаму і наколькі яны могуць зблізіцца, адно аднаго не зачапіўшы. Дакументалка «І мы зноў будзем шчаслівыя» – цяжкая сямейная гісторыя: маці памірае ад раку, яна вельмі баіцца смерці, бацька сыходзіць з сям'і, дзеці спрабуюць падтрымаць маці. У фінале глядач убачыць, як жанчына памірае, а дом замыкаюць, каб дзеці туды больш ніколі не ўвайшлі. Гэтая невыносная гісторыя пражываецца вельмі інтымна і стварае адчуванне пасткі, з якой не выбрацца.

 

 

 «Шыра Тама» 

Рэжысёр: Шыр Хоры Абу

 

 

Ізраільскі фільм таксама распавядае вельмі няпростую гісторыю. Некалі ізраільцянам было дазволена пабудаваць дамы на тэрыторыях, якія афіцыйна належалі Палестыне. Зараз палестынцы падалі ў суд, будаўніцтва было прызнана незаконным, дамы павінны пайсці пад знос, а ў іх жывуць сем'і, у іх выраслі дзеці... І вось мы бачым, як дзеці прыкоўваюць сябе да дамоў, каб паліцыя іх не знесла, бачым, як паліцыя ім пагражае, спрабуе вывалачы з дамоў, дзеці замыкаюцца, паліцыя ўзломвае дзверы.

У Шыр Хоры Абу атрымалася магутная гісторыя пра тое, на што здольныя людзі, каб абараніць свой дом, і пра тое, як дзеці ўмешваюцца ў палітыку (Грэта, прывет!).

 

 Поўная праграма