«Мэта любога музычнага сэрвісу – задаволіць слухача»: як стаць папулярным на стрымінгах?

Хтосьці зарабляе на стрымінгах, а хтосьці на іх скардзіцца. Часам і першае, і другое робяць адны і тыя ж людзі. «Пяршак» пагутарыў з Дзмітрыем Безкаравайным, аперацыйным дырэктарам музычнага лэйбла і выдавецтва Infinity Music, пра тое, як артыстам абараняць сваю творчасць, лавіць хвалю алгарытмаў і пашыраць аўдыторыю ў бягучых варунках.

 

Як артыстам не губляць свае грошы: кейсы «Майтай» і Badda Boo

– Калі рок-гурт «Майтай» перайшоў са сваім каталогам на лэйбл Infinity Music, то за два месяцы 2025-га у вас атрымалася павялічыць аўдыторыю з 54 тысяч слухачоў да 160 тысяч. Якія прабоіны ў дыстрыбуцыі заміналі гурту дасягнуць гэтай лічбы раней?

– У часткі рэлізаў «Майтай» стаялі памылковыя жанры, а гэта ўплывае на алгарытмы. Апроч таго, некаторыя рэлізы значыліся пад артыстам Maitai – для лічбавых пляцовак ды іх алгарытмаў гэта быў цалкам іншы аўтар, з асобным профілем, у якім была музыка, але не было слухачоў. Нават прыхільнікі творчасці «Майтай» не бачылі тыя трэкі, бо хто мог падумаць? Пра праблему з падзеленымі профілямі артыст сігналізаваў мінуламу выдаўцу даўно, але з шэрагу прычын нічога не змянялася. Потым правы былі перададзеныя нам, і мы ўсё выправілі.

– Яшчэ адзін кейс – гісторыя Badda Boo. Трэкі артысткі мелі мільённыя праслухоўванні, але яна да пары да часу не атрымлівала з іх ані цэнта. Як так сталася?

– Рэч у тым, што Badda Boo спыніла актыўную дзейнасць у 2013 годзе, да старту актыўнай фазы карыстання лічбавымі пляцоўкамі і лічбавай дыстрыбуцыяй. Яе неафіцыйныя запісы засталіся толькі ў ВКонтакте. Праз пэўны час песні «Искренности» і «Улетаю» пачалі вірусіцца – у арыгіналах і рэміксах, зробленых без дазволу спявачкі. Рэмікшары нават не згадвалі Badda Boo ані ў выканаўцах, ані ў аўтарах, проста пазначалі сябе ды ўсё. Пра адлічэнні і гаворкі не ішло. Больш за тое, адзін з яе альбомаў нехта заліў на пляцоўкі і атрымліваў грошы за яе.

 

«Адзін з яе альбомаў нехта заліў на пляцоўкі і атрымліваў грошы за яе»

 

Артыстка жыла зусім іншым жыццём і даведалася пра ўсё гэта толькі на пачатку 2024-га. Яна звярнулася да нас, і мы разабралі кожную сітуацыю. Усё прымальнае для яе легалізавалі праз дамовы, атрымалі для яе кампенсацыю за мінулыя гады, адбудавалі сістэму, якая з таго часу спраўна працуе. Гэта паказчык, што разабрацца з праблемамі ніколі не позна.

– Як абараніць свае творы ад такіх рэмікшараў?

– Правы ўзнікаюць у момант стварэння музыкі, іх рэгістрацыя не з’яўляецца абавязковай. Галоўнае – ствараць і выдаваць, гэта фіксуе з’яўленне твору. Разбірацца з рэгістрацыямі можа потым, калі пойдуць праслухоўванні ці эфіры. У сітуацыі Badda Boo нават не было афіцыйнага выдання, але фактаў абнародвання матэрыялу хапіла, каб абараніць правы артысткі праз дзесяць гадоў.

Думаю, ад пачатку важна знайсці надзейнага партнёра, з якім можна па кроках працаваць на будучыню. Каб той і на прома падаў, і па стратэгіі падказаў, і нейкія дадатковыя магчымасці стварыў, але не забываўся на базу – своечасовыя справаздачы і выплаты. Звычайна гэта раз на квартал. Партнёр дапаможа і з прававымі пытаннямі.

– Разуменне якіх базавых паняццяў дапаможа артысту не губляць заробкі?

– Найперш веданне тыпаў правоў: аўтарскіх і фанаграмных. Апошнія ў нашай прасторы часта клічуць сумежнымі. Аўтарскія – гэта правы аўтара на мелодыю і тэкст. Мелодыя тут – гэта паслядоўнасць нотаў. То-бок з пункту гледжання аўтарскіх правоў усе запісы канкрэтнай песні – гэта адзін аб’ект. А вось правы на фанаграму – гэта правы на канкрэтны аўдыязапіс. Таму розныя запісы адной песні – гэта розныя аб’екты фанаграмных правоў. Уладальнікамі розных тыпаў правоў спакойна могуць быць розныя асобы. Напрыклад, калі песню напісаў не той, хто яе выконвае, і між імі няма дадатковай дамовы.

 

«Правы на запіс генеруюць каля 90% заробку. Аўтарскія – каля 10%. Але калі песня страляе, там збіраюцца нармальныя грошы»

 

У дыстрыб’юцыі асноўныя правы – менавіта на запіс. Яны генеруюць каля 90% заробку. Аўтарскія – каля 10%. Але калі песня страляе, там збіраюцца нармальныя грошы. Не разумеючы розніцы, артысты і нават лэйблы часцяком на іх забываюцца. Да таго ж сістэма іх збору больш складаная, менш празрыстая, таму нават «не забыліся» не азначае «сабралі», асабліва калі размаўляем пра зборы лэйблаў з СНД на Захадзе. Мы ў Infinity Music доўга працавалі над гэтым, таму паспяхова дастаём для нашых аўтараў адлічэнні нават за мінулыя гады.

 

 

Дзе шукаць свайго слухача: асаблівасці розных платформ

– Якія стрымінгі цяпер топ для беларускіх артыстаў у плане нарошчвання аўдыторыі?

– У СНД і Беларусі галоўны музычны сэрвіс цяпер – Яндэкс Музыка. Гэта расійскі сервіс, таму ў кантэксце вайны ёсць лагічнае пытанне, якое кожны вырашае сам. Але немагчыма абмяркоўваць лічбавую дыстрыб'юцыю ў СНД і не згадаць іх. У іх добрыя алгарытмы, ёсць беларуская рэдакцыя з сеткай плэйлістоў для свежых беларускіх рэлізаў. Таму калі артысту важна быць пачутым у Беларусі – гэта пляцоўка нумар адзін.

Галоўныя пляцоўкі на Захад – Spotify і Youtube. Мэтавай падтрымкі і беларускіх плэйлістоў там дагэтуль няма. Але можна атрымліваць заходняе прома і ў такой сітуацыі, калі маеш добрыя сувязі. Напрыклад, днямі адразу ў чатыры міжнародныя плэйлісты трапіў выдадзены ў нас новы сінгл «Wormgod» кыргызскага метал-гурта My Own Shiva. Лакальных плэйлістоў ці рэдакцый заходніх сервісаў там таксама няма. Разам з тым вельмі важную ролю ў прамоцыі музыкі і на Усход, і на Захад граюць сёння TikTok ды Instagram. Калі артыст добра займаецца сацсеткамі, ён можа стаць папулярным і без адмысловай прамоцыі на музычных пляцоўках.

– Хтосьці з беларусаў ужо жыве са стрымінгаў?

– Ужо даўно хапае прыкладаў, асабліва сярод электроншчыкаў. Каманда медыя «КЛІК» зрабіла анлайн-чарт бягучай аўдыторыі беларускіх выканаўцаў на Spotify і Яндэкс Музыцы. Там хапае мільённікаў, і гэта не пра мільёны праслухоўванняў, а пра мільёны слухачоў. [На момант падрыхтоўкі матэрыялу мільённую тычку на Spotify перасягнулі ANDROMEDA, Alexander Rybak, Molchat Doma, Max Korzh, nkeeei, Police In Paris, uniqe, ARTEM SHILOVETS, Вектор А, Wipo, yatashigang. – заўв. рэд.] Але нават меншыя артысты зарабляюць добрыя грошы.

– Апошнім часам усё больш гучнай становіцца крытыка стрымінгаў. Некаторыя буйныя артысты пакідаюць Spotify праз палітычную пазіцыю, Б’ёрк назвала гэтую пляцоўку «горшым, што здаралася з музыкамі». Куды, на тваю думку, музычныя пляцоўкі рухаюцца ў першую чаргу: насустрач артыстам, аўдыторыі ці ўласнай карысці?

– Усе вольныя людзі, усе маюць права абіраць. Пэўныя пытанні ёсць да розных сэрвісаў, найперш – чаму так мала плацяць за кожны стрым? Хоць, на мой погляд, артысты атрымліваюць за гэта магчымасці, якіх ніколі не было. Але ўсе гэтыя «сыходы» не адыграюць для пляцовак вялікай ролі, бо рэальнай альтэрнатывы няма. Мала хто сыдзе з таго ж Spotify за сваім артыстам [дарэчы, трэкі Б’ёрк застаюцца на платформе, нягледзячы на яе крытыку. – заўв. рэд.].

Так, ёсць тыя, хто распаўсюджвае сваю музыку выключна праз пляцоўкі direct-to-fan, кшталту Bandcamp і Soundcloud, дзе артыст атрымлівае большы заробак з кожнай пакупкі. Але аўдыторыі там будзе значна менш, і не будзе алгарытмаў. Для беларускіх артыстаў знойдзецца кавалак аўдыторыі, але хутчэй для індзі і альтэрнатывы, прычым з адданымі прыхільнікамі. І Bandcamp будзе актуальны толькі ў замежжы, бо з беларускімі картамі сэрвіс не сябраваў яшчэ да 2020-га.

– Ёсць адчуванне, што колькасць пляцовак расце, а масты паміж імі не будуюцца. Ці ёсць нейкія крокі ў бок інтэраперабельнасці, каб слухач плаціў у адным месцы, а музыку атрымліваў адусюль?

– Кожная музычная пляцоўка – гэта асобны бізнэс са сваімі ўласнікамі, таму разлічваць на такую схему мне здаецца нелагічным. Іншая справа, што падпіскі на музычныя пляцоўкі часта ідуць у камплекце з падпіскамі на сэрвісы з відэа (YouTube Music і YouTube) ці пакетам сэрвісаў (Яндэкс.Музыка і падпіска Яндэкс Плюс).

– Ці моцна адрозніваюцца пляцоўкі ў плане цэнзуры?

– Вялікіх адрозненняў няма, але, напрыклад, любы трэк, пазначаны «explicit», будзе недасяжным у беларускім Apple Music / iTunes. Таму што вось так Apple Music трактуе беларускія законы. А «explicit», да вашага ведама, – гэта не толькі маты, але і слова «дупа» ці «shit».

 

«"Explicit”, да вашага ведама, — гэта не толькі маты, але і слова “дупа” ці "shit"»

 

 

Штучны інтэлект: пагроза ці калега?

– Як лэйблы абараняюць сваіх артыстаў ад AI-кавераў і іншай штучнай навалы?

– Любыя каверы – гэта паказчык запатрабаванасці артыста. Іншае пытанне, дзе і як гэта выкарыстана. Калі гэта ў YouTube ці сацсетках – гэта нармальна і без узгаднення. Ёсць інструменты манетызацыі кавераў на карысць аўтараў. А вось калі запіс афіцыйна выдаецца на пляцоўках, то ўжо мусіць быць папярэдняе ўзгадненне з аўтарам. Калі такога няма – мы пішам скаргі і здымаем з пляцовак. Таму пытанне тут зусім не ў ШІ.

 

«Любыя каверы – гэта паказчык запатрабаванасці артыста. Іншае пытанне, дзе і як гэта выкарыстана»

 

– Ці можна неяк абараніцца ад таго, каб на тваіх трэках навучаліся нейронкі? Або можна зрабіць так, каб навучаліся, але табе за гэта плацілі?

– Гэта адно з актуальных пытанняў сучаснасці. Механізмы толькі ствараюцца. З аднаго боку, для тых, каму важны гэты момант, ёсць рэкамендацыя рэгістраваць аўтарскія правы і дадаваць свае творы ў адмысловыя рэестры. Напрыклад, HaveIBeenTrained ці Spawning.ai. Але выглядае на тое, што не ўсе ШІ-кампаніі нават на ўзроўні дэкларацый гатовыя адсочваць гэты параметр. Таму ўсё складана нават не кранаючы адлічэнні.

З іншага боку, Spotify рыхтуе цікавы сервіс, у межах якога прэміум-карыстальнікі за дадатковую аплату будуць мець магчымасць ствараць ШІ-рэміксы і ў нейкім фармаце іх публікаваць. У гэта, відавочна, будзе ўбудаваная сістэма адлічэнняў на карысць аўтараў і выканаўцаў арыгінала. Ну і трапяць у гэты сервіс толькі папярэдне ліцэнзаваныя для яго песні. Ужо абвешчана аб дамовах па каталогах Universal і Merlin. Але тэрмінаў запуску пакуль няма.

– Ці не магчымы такі сцэнар, калі стрымінгі будуць замаўляць пластыкавую музыку і прасоўваць яе ўласнымі алгарытмамі, каб зусім не плаціць за «крафт»?

– Стрымінгі дэкларуюць актыўную барацьбу з ШІ-музыкай. Робяць пацверджанні «жывых» артыстаў, выдаляюць дзясяткамі і сотнямі тысяч ШІ-трэкі – найперш тыя, што імітуюць вядомых артыстаў. Канешне, ходзяць чуткі, быццам некаторыя стрымінгі маюць пул «сваіх» трэкаў для дадатковага заробку. Неістотна – ШІ ці не. На мой погляд, нават калі гэта праўда, то глабальна нічога не зменіцца. Бо мэта любога музычнага сэрвісу – задаволіць слухача. У эру сацсетак навязаць нешта на стрымінгах амаль немагчыма. Гэта не тэлевізар ці радыё. Людзі прыходзяць на стрымінгі па пэўных артыстаў і песні, якія ім падабаюцца. А ўжо дадаткова адкрываюць для сябе кагосьці яшчэ. Але настойлівыя прапановы непатрэбнага кантэнту прывядуць да страты карыстальнікаў.

– Ці возьмеце вы на лэйбл ШІ-артыста?

– Акурат пару тыдняў падпісалі ШІ-праект «Мірыяда» – якасны электронны поп на беларускай. Проста таму, што вельмі спадабаўся альбом «Між намі». З жывога там – тэксты, якія напісаў аўтар праекта Аляксей Смірноў. Ну і ён жа ўклаў шмат працы ў тое, каб гэта гучала цікава, а не як шараговы ШІ-кантэнт. Таму калі музыка цікавая – чаму не. Але агулам ставімся да ШІ-праектаў вельмі асцярожна. Прыярытэт аддаём людзям, якія ствараюць музыку самі. Гэта заўжды будзе каштоўна.

 

Як зрабіць, каб цябе пачулі і расслухалі

– Ты неяк даваў шок-статыстыку, што за адзін дзень у 2024 годзе выходзіла больш музыкі, чым за ўвесь 1989-ы. Такі маштаб уражвае. І пужае. Бо як артыстам быць пачутымі?

– У сучаснай сітуацыі ёсць свае плюсы і мінусы. З аднаго боку, лёгка патануць у гэтым акіяне, які зараз расце яшчэ хутчэй праз ШІ. Значная частка з гэтых соцень тысяч рэлізаў мае лічаныя праслухоўванні. З іншага боку, кожны музыка мае шанец знайсці слухачоў па ўсім свеце. А дзякуючы алгарытмам, як бы на іх ні скардзіліся, завірусіцца можна незалежна ад экспертаў і рэдактараў сэрвісаў.

У адрозненне ад колішняга MTV, алгарытмы не навязваюць волю карпарацый і рэдактара канала. Яны проста адсочваюць рэакцыю слухачоў. Без алгарытмаў і сусветнай дасяжнасці лічбавых запісаў не было б поспехаў «Молчат дома», Intelligency, Ap$ent ды іншых беларускіх артыстаў.

Як быць пачутым? Найперш ствараць і выдаваць запісы, бо гэта галоўнае. Граць канцэрты, калі гэта жывы артыст. У поспеху «Молчат дома» канцэрты адыгралі вялікую ролю, і мне дзіўна, што пра гэта не так часта кажуць. Мне здаецца, што гэтыя дзве рэчы былі і будуць галоўнымі. Прычым каштоўнасць канцэртаў будзе толькі падвышацца.

 

«У адрозненне ад колішняга MTV, алгарытмы не навязваюць волю карпарацый і рэдактара канала»

 

– У гэтай сітуацыі лэйблы сталі больш значнымі, чым у згаданым табой 1989-м? Ці наадварот?

– У 2026-м кожны можна не толькі стаць артыстам і выдаць запіс, але і стаць лэйблам. Лэйбл грае ролю, калі ён можа прафесійна адпрацаваць рэліз у розных стылях ці калі ён займаецца пэўным музычным кірункам, сабраўшы пэўную аўдыторыю і рэпутацыю (апошні варыянт файны для нішавых артыстаў). Але агулам роля лэйблаў зменшылася. Бо сёння ад іх не залежыць ані магчымасць стварэння запісу, ані магчымасць яго выдання. І гэта добра. Хоць, вядома, «музычнага смецця» стала шмат.

– У чым перавага супрацоўніцтва не з мэйджарамі, а з індзі-лэйбламі?

– Сёння мэйджары не займаюцца інвестыцыямі ў невядомых артыстаў: яны перакупляюць тых, у каго ўжо нешта атрымалася. Таму сама дылема паўстае на даволі высокім узроўні, калі музыка мае міжнародны хіт. Мэйджар запрапануе адразу вялікі аванс і доўгі кантракт. Індзі-лэйблы больш гнуткія, хаця яны таксама бываюць вельмі рознага ўзроўню. Таму кожны выпадак варта разглядаць асобна.

– Наколькі рэальна зрабіць сябе зоркай уласнаруч?

– Рэальна, але гарантый няма :)

 

Ілюстраціі: ghariza mahavira / Unsplash

Как Олег «ЛСП» превратил Backdoor в хлев дружбы

Как Олег «ЛСП» превратил Backdoor в хлев дружбы

Почему презентация альбома «ЛСП» – это вообще не про музыку.

«Убей перфекциониста». Лера Деле – о создании клипа на карантине

«Убей перфекциониста». Лера Деле – о создании клипа на карантине

История создания видео, которое вместо месяца заняло сразу три.

«КУЛЬТУРА.» – «ГОСТ». Премьера на «Першаке»

«КУЛЬТУРА.» – «ГОСТ». Премьера на «Першаке»

Это дебютный сингл и клип новой группы Паши Михалка.

Что не так с позицией «Белтелерадиокомпании» в конфликте с Shuma

Что не так с позицией «Белтелерадиокомпании» в конфликте с Shuma

Переводим законы на человеческий язык и отвечаем, кто прав с юридической точки зрения.

10 песен и 1 альбом, чтобы перевести дух

10 песен и 1 альбом, чтобы перевести дух

Советуем хорошую музыку, чтобы очистить голову.

Топ-10 беларусов на Spotify

Топ-10 беларусов на Spotify

Первое место может тебя удивить. Потому что на нем не Макс Корж!

12 лучших песен июня

12 лучших песен июня

Беларусы поют о важном, Feduk записал главную песню лета, Arca – это любовь!

Неизданная музыка учеников Ableton School, часть 2

Неизданная музыка учеников Ableton School, часть 2

«Домашки» Ableton School, которые хочется послушать здесь и сейчас.

12 главных песен мая

12 главных песен мая

Рэп, неофламенко и немного протестных настроений.