Адкуль пайшла беларуская электроніка?
На Radio Plato выходзіць падкаст «Ікарус: гісторыі электроннай музыкі Беларусі». Гэта аўтарскі праект сузаснавальніка радыё Аляксандра Карнейчука, у клубнай тусоўцы вядомага як DJ KorneJ. Дзякуючы шматгадовай саўнддызайнерскай школе кройкі і шыцця Карней саткаў паліфанічную гісторыю менскай электроннай сцэны 1990-х. Яна складаецца з інтэрв’ю тагачасных удзельнікаў, іх музыкі, аўдыявізуальных дакументаў эпохі, а таксама AI-рэканструкцый.
Для большай нагляднасці і распаўсюду на 34mag.net выйдуць тэкставыя адаптацыі выпускаў падкасту з усімі спасылкамі на крыніцы. Але, натуральна, для поўнага занурэння ў атмасферу раім націснуць плэй, заплюшчыць вочы і адправіцца на старэнькім «Ікарусе» па тагачасных месцах сілы Менска.
Карней:
– Калі я чытаў кнігі або глядзеў дакументальныя фільмы пра з’яўленне электронных сцэн у Чыкага, Лондане, Берліне ці Ленінградзе, у мяне заўжды паўставала пытанне: а што ж адбывалася ў нас? Якія першыя беларускія гурты пачыналі граць электроніку? Дзе і як тусаваліся людзі на першых беларускіх рэйвах? І як увогуле электронная музыка пранікала ў свядомасць людзей і спрыяла развіццю культурных сувязяў унутры Беларусі і па-за яе межамі? Гэтым пытанням і будзе прысвечаны першы сезон падкасту «Ікарус: гісторыі электроннай музыкі Беларусі».
Каб даведацца пра гэта больш, я звярнуўся да непасрэдных удзельнікаў сцэны: дыджэяў, музыкаў, арганізатараў і журналістаў. Сярод іх – Аляксей Кутузаў, Вадзім Міліцын, Міця Грышанаў, Даша Пушкіна, Мікіта Худзякоў, Мікалай Мятліцкі, Уладзіслаў Бубен, Віталь Гармаш, Алена Барысік і Аляксей Кустаў. Таксама я знайшоў вялікую колькасць медыйных сведчанняў: газетных артыкулаў (дзякуй «Музыкальнай газеце»), радыёэфіраў, аўдыявізуальных дакументаў на Youtube і музычных альбомаў на стрымінгах. Структураваць гэтыя гісторыі мне дапамаглі акадэмічныя даследаванні Паўла Няхаева (неапублікавана) і Вольгі Сасноўскай («Ніхто ў гэтым горадзе такую музыку не сыграе», «Гэта было здаровым прысмакам экстрыму»), а таксама выпуск падкасту «Планетроніка» пра Беларусь, за што ім асобны дзякуй!
Першы сезон падкасту будзе ахопліваць перыяд з канца 1980-х і да пачатку 2000-х. За гэты час музычная электронная сцэна прайшла шлях ад першай Non-stop techno вечарынкі ў спарткомплексе «Дынама» да камерцыйных опэн-эйраў з міжнароднымі зоркамі ў лайнапе; ад перапісвання дома касет, узятых на пракат у шапіку, да тэматычных «парталаў», лэйблаў і шоу на нацыянальных радыёстанцыях.
Асобна хачу адзначыць, што праз багацце матэрыялу я вырашыў абмежавацца гісторыямі пераважна менскай электроннай сцэны. У далейшым, у якасці спецвыпускаў, мы яшчэ дабяромся да сцэн іншых гарадоў Беларусі (тым больш там ёсць што распавесці). І, канешне, не з усімі героямі тых часоў, з якімі хацелася б, удалося пагутарыць. Таму гэты падкаст не варта разглядаць як аб’ектыўны канон, хутчэй як кантрыб’юцыю ў топік.
Музыка на «касцях»
Пра тое, як зараджаўся альтэрнатыўны моладзевы рух у Менску, цікава распавядаў у падкасце Ганны Дзягель «Так склалася гістарычна» гісторык Аляксандр Гужалоўскі: у выпуску пра беларускае грамадства эпохі адлігі ён узгадаў стыляг, менскія танцпляцоўкі і пірацкія кружэлкі на рэнтгенаўскіх здымках.
Аляксандр Гужалоўскі:
– Першая моладзевая субкультура – гэта, канешне, стылягі. Яны з'явіліся ў канцы 40-х гадоў у Маскве. У Менску мы фіксуем з'яўленне першых стыляг у 1953 годзе. Гэта былі студэнты БДУ, якія актыўна падарожнічалі па Савецкім Саюзе, мелі кантакты ў Маскве сярод сваіх аднагодкаў. Яны прывезлі сюды моду на вузкія нагавіцы, пінжакі з шырокімі плячыма і прычоскі – так званыя бабеты як у сэкс-сімвала Францыі Брыджыт Бардо. Яны ўпершыню апранулі чорныя акуляры. Дзяўчыны апраналіся ў вузкія спадніцы. Адметнасцю жаночага вобраза былі першыя жаночыя нагавіцы. Гэта таксама выклікала шок. І былі выпадкі, калі іх забіралі ў міліцыю.
Абавязковым элементам стыляжніцтва была музыка. Усё пачыналася са свінгавых аркестраў, напрыклад Бені Гудмана ці Дзюка Элінгтона. Бліжэй да 60-х гадоў стылягі пачынаюць танчыць рок-н-рол – Элвіса Прэслі і Чака Бэры.
У той час у Беларусі было дзве адкрытыя танцпляцоўкі – «Дошкі» ў Парку Чалюскінцаў і «Карчы» ў сённяшнім Парку 50-годдзя Кастрычніка. Самы вядомы клуб – Палац культуры Прафсаюзаў, дзе любіў танчыць Лі Харві Освальд. Туды стыляг увогуле не пускаюць з-за непрымальнага знешняга выгляду, а вось на адкрытыя танцпляцоўцы маглі трапляць.
У Менску наразалася музыка на «касцях» – кружэлкі на рэнтгенаўскіх здымках. Так званы рок-н-рол на костках. Нягледзячы на дрэнную якасць гуку, яны каштавалі ў тры-чатыры разы даражэй за афіцыйную музыку. З'яўляюцца цэхавікі. У 1957 годзе з Вільні прыехалі трое спецыялістаў, якія наладзілі альтэрнатыўны выраб папулярных песень на грампласцінках. Яны стварылі паўнавартасны цэх па іх вырабе. Працавалі амаль што два гады. Паводле крымінальнай справы супраць іх, «нанеслі шкоду дзяржаве больш як на 2 мільёны рублёў».
Пазней бы такое прадпрыемства назвалі пірацкім музычным лэйблам, верагодна, першым у Беларусі.
Беларускі біт з інжынерным дыпломам
Стылягі сталі тым сацыяльным асяродкам, у якім пачала спець беларуская індзі-музыка. Пад індзі я тут маю на ўвазе індэпэндэнт, ду-іт-ёсэлф падыход. Маладыя людзі пачалі свядома абіраць мадэль уласных паводзінаў, лайфстайл, мову і супрацьпастаўляць іх тым формам, якія прапаноўвала дамінуючая культура. Пасля Другой сусветнай вайны гэта адбывалася паўсюдна: у Брытаніі ў гэты час францілі тэдзі-боі і тэдзі-гёрлы, у Штатах – бітнікі, затым – хіпі.
Пачынаючы з 1965 года ў Беларусі з’яўляецца велізарная колькасць музычных гуртоў. У кожным інстытуце, школе, на прадпрыемствы быў як мінімум адзін вакальна-інструментальны ансамбль. Гралі блюз, рок-н-рол і самы модны тады напрамак – біт.
Свежай музыкай, як і заўжды ў Беларусі, веяла з Горадні. Там на польскім тэлебачанні і радыё можна было пачуць рок-н-рол, які з-за цэнзуры ў Польшчы называлі біг-бітам, а кумірамі гарадзенскай моладзі былі тады зямляк Чэслаў Неман, гурты Niebiesko-Czarni, Czerwono-Czarni, Czerwone Gitary і інш. У 1967-м у Варшаўскім Палацы культуры і навукі далі свой першы ўсходнееўрапейскі канцэрт The Rolling Stones.
У Менскім радыётэхнічным інстытуце, цяперашнім БДУІР, базаваліся гурты «Алгарытмы» і «2+2», а на адной з кафедраў студэнты інстытута самі распрацоўвалі арыгінальныя схемы, збіралі электрагітарныя ўзмацняльнікі, прыдумлялі гукавыя эфекты. У палітэху гралі гурты «Дысканты», «Ювента», «Сінія гітары» і «Зодчие» («Дойліды»), «Грыфы» збіраліся ў ЦУМе, а «Пінгвіны» – у Інстытуце фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Акадэміі навук.
У СССР на той час не выраблялі ні электрагітар, ні ўзмацняльнікаў, ні моцных калонак, усё стваралі самі. Таму моладзь цягнулася на тэхнічныя спецыяльнасці, дзе інжынерная думка проста бурліла ад крэатыву.
У РТІ пачалі праходзіць рэгулярныя вечарыны, дзе гралі пачынаючыя гітарныя ансамблі. Паслухаць іх прыходзілі знакамітыя музыканты, у тым ліку маладыя працаўнікі Менскай філармоніі Уладзімір Мулявін і Юрый Антонаў.
Саспела ідэя правесці фестываль. І вось 12 красавіка 1968 года адкрыўся Першы фестываль біт-ансамбляў Менска. Гэтую дату музычны журналіст Віктар Сямашка лічаць днём нараджэння рок-н-рола ў Беларусі.
Ладзіўся фестываль у актавай залі 2-га корпуса радыётэхнічнага на Петруся Броўкі, 4 – цытадэлі тагачаснага менскага рока. Музыканты самастойна выйшлі на кіраўніцтва інстытута, нягледзячы на тое, што па тых часінах такое смелае мерапрыемства было амаль немагчымым. Ініцыятараў натхніла і падбадзёрыла навіна пра тое, што падобны біт-фестываль ужо прайшоў па ініцыятыве Цэнтральнага камітэта камсамола Венгрыі.
У выніку ўсё было зладжана з размахам: пачынаючы ад надрукаваных па заказе ў тыпаграфіі білетаў і картак з эмблемай фестывалю ў выглядзе графічнага прамяністага сонца -- заканчваючы запрашэннем у журы Барыса Райскага, кіраўніка эстраднага аркестра Белтэлерадыё.
Жывы гук фестывалю запісваўся на аўдыястужку, захаваўся цалкам запіс выступу «Алгарытмаў». Усе тры дні канцэртаў здымала кінахроніка «Беларусьфільма», вынікам чаго стаў 10-хвілінны фільм «13 Маршрут», названы ўслед за адной з песень «Алгарытмаў». Яго некалькі разоў патрабавала перарабіць камісія, але ён так і не быў ухвалены і стужка лягла «на паліцу», а пасля была знішчана. Дзякуючы сцэнарысту і аператару Эдуарду Гайдуку, які таемна захаваў адзін з экзэмпляраў стужкі, мы можам зараз знайсці і паглядзець яго на YouTube.
Грунтоўную журналісцкую працу пра фестываль зрабіў Віктар Сямашка. Ён пагутарыў з тагачаснымі ўдзельнікамі фэсту для праграмы «Новая зямля», якая выходзіла на радыё «Юністар» у канцы нулявых. Тут можна паслухаць гісторыю цалкам, а таксама пачытаць на «Вікіпедыі» тэкставую версію падзей.
Тады падавалася, што гэта толькі пачатак: гурты-пераможцы адправіліся на гастролі па СССР, запісы круціліся па студэнцкім радыё ў РТІ, а срэбны прызёр фестывалю гурт «Зодчие» стаў пазней лаўрэатам ўсесаюзнага конкурсу «Алё, мы шукаем таленты». Але ў жніўні таго ж года адбылася Пражская вясна: улады тэрмінова закруцілі гайкі, музыканты вярнуліся ў андэграўнд – наступіла эпоха брэжнеўскага застою.
Пасля адбылося некалі маніфестацый хіпі. Яскравая, канешне, у Горадні, дзе наперадзе шэсця шоу хлопец з баявым іспанскім пеўнем на ланцужку. У 1971 адбыўся Другі біт-фестываль, які быў спынены са скандалам: гурт «Пане Браце» замест зацверджаных цэнзурай савецкіх рамансаў пад электрагітары раптоўна сыграў песню «Miss Molly» Credence Clearwater Revival – канцэрт быў вокамгненна завершаны.
У 1970-х на небасхіл узбіраюцца «Песняры», «Верасы» ды «Чараўніцы», у 80-х на сцэну выходзяць хард-рокеры «Сузор’е», «Мроя» з Вольскім пачынае заваёўваць сэрцы. Пра гэта можна падрабязней паслухаць у лекцыі Сяргея Будкіна «60 год беларускага рок-н-рола».
Беларуская сінематроніка
Калі ў Заходняй Еўропе пры радыёстанцыях існавалі студыі электроннай музыкі (такая была ў Кёльне, Парыжы, Берліне і нават Варшаве), у СССР наватарская электроніка не мела такога прызнання. І першыя спробы стварэння беларускай электроннай музыкі здарыліся ў кіно. Рэч у тым, што музыка для фільмаў не разглядалася як самастойны від мастацтва, а ўспрымалася выключна як выяўленчы ці аздабленчы сродак і таму была менш падкантрольная Мінкульту. Пры гэтым мела ў арсенале перадавыя гаджэты, якімі забяспечвалася кінавытворчасць.
У 426-м эпізодзе перадачы «Кракатук» Віктар Сямашка даследаваў гэту тэму.
Віктар Сямашка:
– Зыходным пунктам для беларускай электронікі, таксама для беларускага блюзу заразом, можна лічыць «Апошнюю цалю», альбо, як у арыгінале, «Последний дюйм», – каляровы фільм 1958 года паводле апавядання Джэймса Олдрыджа ды з музыкай выпускніка Менскай кансерваторыі Мечыслава Вайнберга. Электронная музыка Вайнберга ў выкананні квінтэту электрамузычных інструментаў Варовіча суправаджае эпізод з падводнымі здымкамі.
Але Вайнберга да беларускай электронікі можна аднесці з нацяжкай: родам ён з Варшавы, з пачаткам Другой сусветнай вайны уцёк у Менск, дзе паспеў скончыць кансерваторыю, а з нападам Нямеччыны на СССР эвакуяваўся ў Ташкент. Пасля ўжо перабраўся ў Маскву, дзе пражыў амаль усё жыццё.
Сапраўднай беларускай электронікай можна лічыць музыку да кінастужкі «Дзікае паляванне караля Стаха», якая выйшла на экраны ў 1979 годзе. Кампазітарам стаў народны артыст Яўген Глебаў, а запісаў музыку вучань кампазітара Уладзімір Кандрусевіч, франтмэн таго самага гурта «Пане Браце», які феерычна завяршыў Другі біт-фестываль.
На запіс музыкі выправіліся на студыю «Мелодыі» ў Маскву. Там стаяў гіганцкі сінтэзатар Synthi 100, адзін з трыццаці ў свеце. На такім, напрыклад, запісвалі музыку для серыяла «Доктар Хто», эксперыментаваў Штокхаўзэн, Сціві Ўандэр і піянер савецкай электронікі Эдуард Арцем’еў. Па заказе апошняга ў Маскву і прыдбалі ўнікальны інструмент. Па словах Кандрусевіча, яму тады давялося імправізаваць на хаду. Глебаў напісаў складаную акордавую структуру, а гэты сінтэзатар з дзвюма клавіятурамі быў аднагалосы. Да таго ж кампазітар Эдуард Арцем’еў, які стварыў на ім музыку да «Сталкера», сведчыў, што маскоўскі экзэмпляр не меў лічбавага секвенсара, то-бок памяці. Вось фрагмент фінальнай сцэны з «Дзікага палявання караля Стаха»:
Дыска-карнавал
Віктар Сямашка таксама распавядае пра яшчэ аднаго вучня Глебава – Васіля Раінчыка, удзельніка ВІА «Верасы. Свой хіт «Малінаўка» «Верасы» запісвалі на той жа напханай электронікай студыі «Мелодыя» ў Маскве, прыкладна ў той жа час, што і «Стаха», – у канцы 70-х гадоў. Па сцверджаннях Раінчыка, свістульку, якая гучыць ва ўступе песні, ён выпадкова накруціў на навейшым сінтэзатары Minimoog. Яму так спадабалася, што атрымалася, ажно эксперымент вырашылі пакінуць.
Пасля ў гурта ўжо з’явіліся ўласныя сінтэзатар і камп’ютар. І гэта адразу адлюстроўваецца на аранжыроўках. Апроч гэтага, Раінчык пісаў акадэмічныя п’есы для электронных інструментаў, сярод іх – «Назад да зорак» (1985) і «Жыццё артыста» 1986 года. Таксама ён электронна аздобіў дзіцячую кінастужку «Палёт у краіну пачвараў». Усесаюзным хітом «Верасоў» стала песня «Карнавал», выпушчаная ў 1984 годзе. На ёй гучыць сінтэзатарная драм-машынка ў тропікал-дыска-стылі, ёсць дабовы білдап, запісана якасна і свежа. Гучыць на тагачасным узроўні.
Развіццё электроннай музыкі на першых этапах моцна звязана з дэфіцытам і даступнасцю: даступнасцю тэхналогій, якія тады былі сапраўднымі гейм-чэнджэрамі, і, у першую чаргу, канешне, даступнасцю ведаў і інфармацыі. Што асабліва было актуальна для краін па-за жалезнай заслонай.
Ад інавацый Musique Concrete і еўрапейскіх авангардыстаў, гуртоў Kraftwerk, Tangerine Dream да ямайскага дабу, постпанку і сінтвэйву, нью-ёркскага хіп-хопу – усё гэта стварала ўсё большы арсенал для наступных музыкаў.
У тыя ж часы, калі верасоўскі «Карнавал» клікаў у танец на беларускіх пляцоўках, чыкагскія дыджэі, выкарыстоўваючы стужкавыя магнітафоны, пачынаюць рабіць танцавальныя эдзіты са сваіх улюбёных дыска- і фанк-трэкаў, дадаючы секвенцыі драм-машынак і эфектаў. Тут жа гэтыя эдзіты тэстуюцца ў мясцовым клубе Warehouse, што прыводзіць да выпраменьвання незвычайнай моцы імпульсу – гэтая музыка, якую назавуць хаусам, услед за клубам, пачынае заваёўваць іншыя гарады і кантыненты. У тым ліку Беларусь і Менск. Як гэта адбылося – слухай у наступным эпізодзе падкасту «Ікарус: гісторыі электроннай музыкі Беларусі», а на старонках 34mag чытай яго тэкставую версію.
Слухай падкаст у Spotify, SoundCloud і Apple Podcasts