Ад «Салюту» да світання: менскі клубны рух другой паловы 1990-х

Завяршаем серыю публікацый паводле падкасту «Ікарус: гісторыі электроннай музыкі Беларусі». У мінулым выпуску гаворка ішла пра газеты, лэйблы і радыёперадачы, якія прасоўвалі беларускую электроніку. Сёння ж мы вернемся да гісторыі менскага клубнага руху і распавядзём, якім ён быў у другой палове 90-х. Дзе праходзілі першыя сталічныя опэн-эйры? Якія тусоўкі беларусы ладзілі на Казантыпе? Як крызіс 98-га паўплываў на электронную сцэну? Зашпільвай пасы, выпраўляемся ў наступнае падарожжа!

 

 

Серабранка – Мекка клубнай культуры Менска

Новая глава менскага клубнага руху адкрываецца ў кінатэатры «Салют» у Серабранцы. Гэта час, калі вечарынкі перасталі быць стыхійнымі, займелі пастаянныя пункты прыцягнення з якасным гукам, святлом і арт-дырэкцыяй, а таксама пачалі генераваць новае пакаленне дыджэяў і прамоўтараў.

Памятаеце, гісторыя першай паловы 90-х спынілася на навагодняй паці ў тэлестудыі на Макаёнка пад заслону 1995 года? Тады дыджэя Лёшу Кутузава бізнэсмэн Саша Бальшавік запрасіў граць перад тысячным натоўпам. Для Бальшавіка навагодняя тусоўка была пробай пяра, а сапраўдны арнамент ён пачаў вымалёўваць ужо ў клубе «Салют», які адкрыў у аднайменным кінатэатры ў пачатку 1996 года. Клуб, хоць і праіснаваў усяго чатыры месяцы, стаў знакавай з’явай для ўсёй электроннай сцэны 90-х і паўплываў на яе далейшае развіццё.

Аляксей I.F.U. Кутузаў, дыджэй:

«Клуб працаваў чатыры дні на тыдзень: чацвер, пятніца, субота, нядзеля. Нягледзячы на тое, што ён знаходзіўся не ў цэнтры, па пятніцах і суботах ён збіраў роўна па 600 чалавек. Там было два танцполы. З цэнтра ездзілі аўтобусы, якія туды прывозілі ўсіх рэйвераў. У клубе “Салют” усе цудоўна ўжываліся: і бандыты, і бізнэсмэны, і тусоўшчыкі. На галоўнай сцэне гэтага кінатэатра паставілі круты гук, святло, лазерныя інсталяцыі – усё працавала кожны тыдзень».

Дзмітрый Грышанаў, DJ Міця:

«Такога не было ні да “Салюту”, ні пасля “Салюту”. Каб вечарыны праходзілі практычна кожны дзень – такое тады было магчыма толькі ў якім-небудзь Лондане. Ты мог купіць абанемент і хадзіць у клуб як у басейн. Увесь час вісела рэклама ў метро. Хто там граў, практычна рабіліся зоркамі». У «Салюце» гралі ледзь не ўсе тагачасныя менскія дыджэі: Клаус, I.F.U., Міця, Ярык, Конь, Палёны. «Я памятаю, як увогуле туды трапіў. Прыйшоў да Бальшавіка, кажу: “Ёсць нармальная музыка”. Ён такі: “Ты мне не расказвай, я ўсіх у справе правяраю. Вось табе танцпляц, адыграеш у суботу – і я скажу”. Я прыйшоў, адыграў – усе былі проста на вушах. Ён такі: “Сардэчна запрашаем!”»

Асобна варта адзначыць, што ў клубе працаваў адзін з выбітных менскіх светлавікоў – Уладзімір Кустаў, цёзка па прозвішчы з ужо вядомым нам наваполацкім музыкам Аляксеем Куставым.

Дзмітрый Грышанаў, DJ Міця:

«Калі б не было Кустава, то не ведаю, што б мы рабілі. Мусіць, з лямпачкамі і гірляндамі праводзілі б дыскатэкі. Таму што ні ў кога не было нармальнага святла. Толькі ў Кустава. Кустаў шмат эксперыментаваў: напрыклад, ставіў нейкія жароўні, нешта на іх сыпаў, з-за гэтага з'яўляўся дым».

Мікіта Худзякоў, музыка, журналіст:

«Калі я першы раз трапіў у “Салют”, мне было, мусіць, 15 гадоў. На мяне гэта зрабіла гіганцкае ўражанне, бо я ўпершыню ўбачыў, што можа быць мірная дыскатэка без мардабою. Цемра, вялізны кінатэатр без сядзенняў, лазернае шоу, класны транс – я думаю, што нават зараз вечарынка ў “Салюце” зрабіла б фурор. А зверху быў чылаўт, што таксама мне спадабалася, бо акцэнт быў не толькі на танцавалку, а на музычную разнастайнасць».

У «Салюце», апроч клубных вечарын, праходзілі і канцэрты. Там даваў свае перформансы «Беларускі клімат», рэгулярна выступалі Drum Ecstasy, Autism. Прывозілі і замежнікаў: напрыклад, расійскія гурты «Текила джаз», «Наив» і «Агата Кристи».

Аднак музычная Мекка праіснавала нядоўга. Праз чатыры месяцы клуб збанкрутаваў і закрыўся, збанкрутавала і фірма Сашы Бальшавіка. Пасля ён пераехаў у Маскву. Пазней вярнуўся ў Менск, але з клубнай гісторыяй яго звязвае толькі «Салют». На думку Кутузава, «клуб “Салют” зрабіў і добрыя, і дрэнныя рэчы. Ён татальна камерцыялізаваў увесь альтэрнатыўны рух: з аднаго боку, ён прыцягнуў масы, якія даведаліся, што гэта існуе; з іншага – пачалася эра канкурэнцыі. Прамоўтары і дыджэі сталі варагаваць міжсобку, з’явілася прага грошай і славы, зайздрасць». Гэта сустракаецца на клубнай сцэне Менска і дасюль.

 

 

The Future Sound of Minsk

У той час у Кутузава з Ярыкам была прома-група «Тумблер». Яны арганізавалі вельмі паспяховую вечарынку ў кінатэатры «Аўрора», на якую прыйшло 800 чалавек. Ахова не спраўлялася, касір не паспяваў з усіх браць грошы – ажыятаж быў нерэальны. Хлопцы зарабілі шмат грошай, аддалі даўгі, але пасля гэтага вырашылі разысціся.

«Я хацеў рабіць ужо іншую тэматыку, таму што пасля прыезду галандцаў прасякнуўся ламанай музыкай: драм-н-бэйсам і брэйкбітам, – тлумачыў Кутузаў. – А Ярык на гэтай вечарынцы зразумеў, што хоча займацца тэхна. Да яго далучыўся Лёша Конь, якому таксама хацелася займацца тэхна, а я застаўся са сваім ламанымі рытмамі пакуль адзін... Не зусім адзін, бо я тады займаўся ўжо з Графам праектам Vacuumable і сябраваў з электроннай сцэнай менавіта жывых музыкаў».

Затым Аляксей Кутузаў разам з Графам стварылі кароткатэрміновы праект «Vacuum-цэнтр», які заняўся арганізацыяй першага фестывалю электроннай музыкі The Future Sounds Of Minsk. Ён адбыўся летам 1997 года ў тым жа кінатэатры «Салют», якім у той час валодаў ужо бізнэсмэн Ігар Шостак.

«У Шостака была кампанія, якая рабіла гукавое абсталяванне і здавала яго ў арэнду, – распавядаў Кутузаў. – Ён з цэнтра перавёз увесь свой офіс на другі паверх кінатэатра, зладзіў там такі шоурум і пачаў рабіць звычайныя папсовыя дыскатэкі для мясцовай публікі. Мы да яго прыйшлі і кажам: “Давай зробім фестываль электроннай музыкі”. Мы аб'ядналі ўсіх беларускіх электронных музыкаў, якія на той момант гралі чыстую электроніку без вакалу. Такіх было на той момант ужо 15 праектаў. На галоўным танцпляцы гралі больш танцавальныя праекты: Vacuumable, Energun, Bart the Robot Дзяніса Паморцава, Лёша Конь з праектам “Канструктар”. На другім танцпляцы быў больш чылаўтны саўнд, электроніка, IDM, там выступалі “Элементы научной фантастики” Худзякова, Dulgreen або -ED, Вадзім Міліцын з Autism і праектам Guarana Electric, яго сумесным праектам з вакалісткай гурта Hasta La Fillsta. Таксама былі Drum Ecstasy, Alex Coostoff, Валік Грышко, HDDNname, Ярык і Конь гралі дыджэй-сэты. Нават былі госці з Масквы – “Министерство психоделики”, якія прыязджалі граць на сваіх аналагавых жалязяках».

Пасля фестывалю The Future Sounds of Minsk стала зразумела, што менская электронная лайв-сцэна існуе і што яна мае даволі моцны імпульс. Нават пазней не заўжды можна было налічыць столькі праектаў, колькі існавала тады.

Але вернемся на год раней. Адметнасцю тагачаснага менскага клубнага руху было тое, што жывыя электронныя музыкі доўгі час у ім проста не ўдзельнічалі. Некалькі разоў на вечарынках выступалі Drum Ecstasy, але гэта не было рэгулярнай практыкай. Восенню 1996 года ў ДК Кісялёва (пазней ДК «Сукно» на Матусевіча) упершыню побач з дыджэем устаў гурт Safety Matches, што стварыла прэцэдэнт – і затым ужо электронныя гурты актыўна сталі ўцягвацца ў клубныя імпрэзы.

 


 

Першы вінілавы сэт

Пасля закрыцця «Салюту» дыджэйская тусоўка перакачавала ў Палац прафсаюзаў. Там некаторыя дыджэі, у прыватнасці Ярык і Конь, перайшлі граць на вініл. Цікавую гісторыю пра выкарыстанне вінілу на вечарынках можна знайсці ў «Музыкальнай газеце». Раней мы распавядалі, што ў Ярыка быў сябра-радыёаматар, які ўбудаваў у касетнікі самаробны пітч, на якіх I.F.U. адыграў на тэлестудыі. Дык вось, Ярык папрасіў яго зрабіць тое ж самае з савецкімі вінілавымі прайгравальнікамі «Вега». Паколькі маторы гэтых вяртушак былі вельмі слабымі, прыйшлося растачыць дыскі і насвідраваць у іх адтулін для максімальнага палягчэння. У выніку першы вінільны сэт Ярыка адбыўся ў Альтэрнатыўным тэатры.

«Мы набралі вялікую колькасць падушак і паставілі гэтыя “Вегі” на падушкі, –згадваў Кутузаў. – Ярык граў не на сцэне, дзе танцпол і тупаюць людзі, а ў залі для гледачоў, там дзе сядзенні, падалей ад гуку, каб не заводзіліся прайгравальнікі».

 

 

Адным з першых вінілавых дыджэяў быў Міця Эйс. Ён змог купіць сабе першыя Technics і кружэлкі. У далейшым ён даў штуршок Лёшу Каню, якому падарыў першыя дзесяць кружэлак для старту. Гэта быў вельмі сур'ёзны фінансавы бар'ер: кружэлкі былі дарагія, грошай было няшмат. Маючы ў аснове пачатковую калекцыю, было лягчэй пашыраць дыджэйскі рэпертуар.

 

 

«Пілот» і замежныя прывозы

На рубяжы 1996 і 1997 гадоў адкрыўся клуб «Пілот», які задаў новую планку ў развіцці электроннай сцэны. Ён знаходзіўся ў Вяснянцы ў фізкультурным універсітэце. Там было шмат прасторы, флюарэсцэнтнае святло, класны гук, бары. Рэзідэнтам новага клуба стаў DJ Міця.

«Уладальнікі клуба замовілі з Нью-Ёрка 3000 кружэлак, – распавядаў Міця. – Яны неяк кантэйнерам па моры прыехалі ці самалётам, і потым гэты чувак з Нью-Ёрка, у якога яны іх замовілі, ужо прыехаў сам». Клуб аб’явіў кастынг для дыджэяў. Міця адразу сумняваўся, ісці ці не, але сябры хутка запэўнілі дыджэя ў яго крутасці. «Там быў Ярык. Я такі: “О, Ярык, прывітанне!” І гэты чувак з Нью-Ёрка кажа: “Давайце, грайце, забаўляйцеся, можаце пінг-понгам. Я ўсё роўна ўсё пачую, усё ўбачу”. І мы з Ярыкам так разыграліся, што чувак паглядзеў-паслухаў нас, падыйшоў да Пашы Палонскага, дырэктара “Пілота”, і кажа: “Слухай, яны лепш за мяне граюць, я б іх дваіх браў”. А ён таксама быў дыск-жакеем у нью-ёркскіх клубах. У выніку мы ўдвох з Ярыкам сталі рэзідэнтам “Пілота”».

 

 

Ярык дзесьці з месяц рэзідэнцтваваў у «Пілоце», пасля заняўся ўласнымі вечарынкамі, а Міця застаўся там на год. «Пілот» яшчэ славіўся тым, што туды пачалі актыўна вазіць расійскіх дыджэяў. Там гралі свае сэты DJ Слон, DJ Фонарь. Адну з першых буйных тусовак там зладзіў Аляксей Сміт з Impedance Promo ў студзені 1997 года.

«Прыехалі прадстаўнікі культавага на той момант “Пцюча” – Компас і Грын, – распавядаў Аляксей Сміт. – Вялікая колькасць наведвальнікаў: больш за 700 чалавек. У той час было сапраўды цяжка паверыць, што такое можа адбыцца: запрошаныя дыджэі да гэтага былі ў Менску вельмі рэдка – галандцы, якія прыехалі па культурным абмене, і пара масквічоў у “Рэактары”. У той момант здавалася, што вось зараз усё пачнецца, зараз жыццё закіпіць, вось-вось – і мы станем яшчэ адным цэнтрам клубнай культуры».

 

 

Six Pistols: падвальны тру-андэграўнд

Маштабныя тусоўкі з прывозамі неўзабаве сталі ўспрымацца як мэйнстрымныя. Яны прыцягвалі хутчэй модную публіку, а не тру-аматараў электроннай музыкі. І тады клубны андэграўнд перамясціўся літаральна under ground – у невялікае сутарэнне насупраць парку Горкага, дзе нейкі час быў панковы клуб Six Pistols, а пасля проста падвал, у якім было ладзіліся нелегальныя вечарынкі. У камерцыйныя дні там гралі рок-н-рол, а па чацвяргах гучала эксперыментальная электроніка. Там выступалі Autism, Кустаў, былі там і прывозы, але кардынальна андэграўндныя.

Аляксей I.F.U. Кутузаў, дыджэй:

«Аднойчы мы туды прывезлі хардкор-тэхна-праект з Польшчы Kielce Terror Squad. На гэтую вечарынку прыйшла міліцыя, і нам давялося тлумачыць, што тры дзіўныя палякі робяць у сутарэнні».

 

 

«Я ні ў адным горадзе больш не была ў чымсьці падобным, – дзялілася ўражаннямі наведвальніца «Падвала». – Ён праіснаваў, здаецца, адно лета. Там пахла волкасцю, пад нізкай столю шлі трубы з ацяпленнем, падлога – проста зямля. Але гэта быў клуб. Са страбаскопамі і некалькімі ультрафіялетавымі лямпамі.

Я памятаю, як аднойчы мы выйшлі адтуль а сёмай раніцы. Ужо свеціць сонца, людзі з сабакамі гуляюць, трамваі пачынаюць ездзіць. І раптам з гэтага сутарэння вывальваюцца тусоўшчыкі. У клубе была такая вільготнасць, што кандэнсат проста падаў са столі на людзей. Тады танцавалі так, нібыта ты ў трэнажорнай залі. І вось я гляджу: ва ўсіх ногі па пояс чорныя, таму што пыл з-за кандэнсату ператварыўся ў бруд, і мы гэты бруд усю ноч мясілі. Потныя, брудныя, але такія шчаслівыя – гэта было маё самае ўлюбёнае месца, штосьці цалкам унікальнае».

 

 

«Раве на траве»: першыя менскія опэн-эйры

Летам 1997 года ў Менску адбываўся першы сталічны опэн-эйр, які называўся «Раве на траве».

Алена Барысік, арганізатарка, прадстаўніца «Казантыпа» ў Беларусі:

«Ёсць такі Дзіма Шылкін, ён зараз прафесійны боўлер, нумар 1 ці 2 у Беларусі. Ён вучыўся ў інстытуце на выкладчыка фізкультуры, а яго аднагрупнік Віталь, з якім яны разам тусаваліся, працаваў на Liqui Moly – фірме, якая прадавала спрэй-пэйнты. Яны вырашылі на Дзень Менска зрабіць за горадам адкрыты рэйв. Па сваіх спартыўных сувязях знайшлі турбазу на Пцічы пад Менскам. На дзень горада ўся міліцыя ў горадзе, уся ўвага на парад. А мы якраз з горада, ніхто нас не патурбуе. Нас было чалавек 100. Мы прыехалі з намётамі, на тэрыторыі турбазы ўсе ўладкаваліся, паставілі танцпляц. Liqui Moly заданаціла нам кучу скрынак з балончыкамі, і мы ў дадатак яшчэ размалявалі гэтую турбазу. Адпачывалі там яшчэ да наступнага поўдня, а на наступны год паўтарылі опэн-эйр яшчэ раз».

У наступныя гады адбылося яшчэ чатыры эдыцыі «Раве на траве», а пасля ўжо падаспелі камерцыйныя опэн-эйры «Космос наш» і Global Gathering, якія належаць да гісторыі нулявых гадоў.

 

 

Kazantip: насустрач ветру

У 1997 годзе менская электронная тусоўка пачала актыўна наведваць вялікі крымскі фестываль «Казантып». У тыя часы фэст славіўся непаўторнай атмасферай свабоды, якую маніфеставала электронная музыка ад самага свайго пачатку. «Казантып» аб’ядноўваў шматлікія гарадскія электронныя сцэны Украіны, Беларусі, Расіі і краін Балтыі, а пазней прыцягваў увагу і больш шырокай аўдыторыі.

«“Казантыпы” нам далі вельмі шмат сяброў, – расказвала Алена Барысік. – У 1997 годзе я пра яго даведалася з маскоўскага часопіса “Пцюч” і паехала туды адна. У мяне брат тады адпачываў у Крыме, ён мяне туды прывёз, каб дакладна ведаць, што гэтае месца насамрэч існуе. З-за таго што я прыехала занадта рана, яшчэ раней, чым прэзідэнт “Казантыпа” Мікіта Маршунок, было нудна. Тады я пайшла знаёміцца, прапанавала ў аргкамітэце дапамогу. У выніку збірала дадзеныя, хто здае пакоі, каб людзі, якія прыязджаюць, адразу атрымлівалі актуальныя адрасы.

Конь і Ярык мне перадалі шмат касет з прома-міксамі, я давала іх сваім новым сябрам-масквічам. Потым Мікіта Маршунок прапанаваў мне быць прадстаўніцай “Казантыпа” ў Беларусі, такі кшталту інфапоінт. У “Пцючы” калі давалі рэкламу, то быў мой хатні нумар. У мяне бацькі вялі перапіску, аўтаадказчыка яшчэ тады не было, запісвалі, хто тэлефанаваў. Разумелі, што гэта важна для справы».

На «Казантып» пачалі ладзіць бас-туры, іх рабіў Саша Косач, які якраз пазней з Вадзімам Кудрашовым запусціць фестываль «Космос наш».

Міця Грышанаў, DJ Міця:

«Усе, хто хацеў, дыджэі, тусоўшчыкі, садзіліся ў аўтобус, плацілі 50 баксаў за пераезд туды-назад – і іх дастаўлялі на “Казан”. Хто хацеў, дамаўляўся і граў. Арганізатары ладзілі кожнаму гораду свой дзень: Масква, Казань, Кіеў, Менск і іншыя. Тады ў нас усе былі неяк на піку свайго дыджэйства. У “Пцючы” нават прызналі, што сярод гарадоў найлепшая вечарынка была ў Менска».

 

 

«Арланда»: эйсід-джаз у сталоўцы

Па вяртанні з «Казантыпа» ў жніўні 1998 года частка дыджэйскай тусоўкі, а менавіта Юма, Конь, Арсеній Чупрына, Вадзім Кудрашоў, Саша Косач і іншыя, пачалі рабіць стылёвыя тусоўкі The Firm у кавярні «Арланда», якія пазней сталі легендарнымі.

«На “Казантыпе” абсалютна выпадкова была ноч, калі ўсе з'ехалі на рэактар, – згадвала Алена Барысік, – а мы не хацелі і засталіся на беразе, куды прынеслі свае круцёлкі. Конь пачаў граць, у кагосьці з наведвальнікаў знайшоўся саксафон. І пачаўся такі эйсід-джаз, што ўсе, хто быў на беразе, не пашкадавалі, што яны не ўбачылі ў тую ноч рэактар».

Гэтую ідэю са спалучэннем дыджэй-сэта і жывых інструментаў працягнулі ў «Арланда». Кавярня месцілася ў сталоўцы ў Акадэміі навук. Па вечарах там праходзілі вяселлі з сесійнымі музыкамі, таму саксафаніста, які пагадзіўся прыйсці на вечарынку, знайшлі даволі хутка. Са слоў Алены, «музыка адчуваў там сябе проста зоркай. Усе стаялі і апладзіравалі. З-за таго, што гэта была сталоўка, кожны раз даводзілася рабіць новыя дэкарацыі. Мы ехалі на “Поле цудаў” у Ждановічы, куплялі там шторы, я дома на швейнай машынцы гэта ўсё страчыла – і такім чынам дэкаравалі трохі ўбогі інтэр’ер сталоўкі».

 

 

«Рэзервацыя» і Liveground Sound System

Яшчэ адной знакавай пляцоўкай для ўсяго альтэрнатыўнага руху Менска ў другой палове 90-х стаў клуб «Рэзервацыя». Адразу гэта была студэнцкая дыскатэка «Піраміда», якая адкрылася ў інтэрнаце РТІ за ўніверсамам «Рыга». Пасля там сталі праводзіць рок-н-рольныя канцэрты, а арт-дырэкцыяй заняўся Дзяніс Лондан. Пра клуб маецца шмат успамінаў у медыя, таксама раім пачытаць кнігу «От Паниковки до Шайбы» Паўла Валатовіча і Аляксея Кавалёва, дзе расказваецца не толькі пра «Рэзервацыю», але ў цэлым даецца агляд тусовачнага Менска 90-х з ухілам у панк-рок і гламур.

«Клуб быў добры тым, што там гадавалася ўся альтэрнатыўная публіка, – згадваў Аляксей Кутузаў. – Ён працаваў кожны дзень. Шмат хто з беларускіх гуртоў там пачыналі сваю кар'еру. Напрыклад, гурт “Лепрыконсы”. Таксама прыязджалі госці з Украіны і Расіі. Мы рабілі там электронныя вечарыны: я ад свайго новастворанага праекта Liveground SoundSystem, Ярык з Канём – свае ўласныя імпрэзы, DJ Commanda Labella – свае. Потым з'явіўся форум Oxidiser, яны таксама рабілі свае тусоўкі. Потым клуб перайменаваўся з “Рэзервацыі” ў “А-Клуб”, але, па сутнасці, усе тыя працаўнікі клуба і ўсё той жа Дзяніс Лондан там засталіся».

Клуб быў цікавы тым, што на канцэртах і вечарынках збіралася самая разнастайная публіка: рэйверы, панкі, гітарысты, металісты, прадстаўнікі альтэрнатыўнай сцэны, рок-н-рольшчыкі. Дзякуючы таму, што Кутузаў часта бываў у клубе, яму ўдалося пазнаёміцца з усёй тагачаснай музычнай тусоўкай:

«Мы з Канём вырашылі зрабіць даб-рэгі фэст, таму што нам падабаўся даб: Mad Professor, Dub Syndicate, Lee Perry. Мы вырашылі правесці яго ў “А-Клубе” пад назвай Legalise It. Запрасілі гурты з Масквы – Геру Маралеса і “Камітэт аховы цяпла”, зрабілі афішы з растаманскім сцягам і развесілі іх па ўсім горадзе. Натуральна, грамадскасць гэта заўважыла, і ў “Беларускай дзелавой газеце” напісалі вялікі артыкул пра растаманскую культуру. Там было адзначана, што галоўныя растаманы нашага горада – гэта Лёша Кутузаў і Лёша Конь. Мы ўсё падрыхтавалі, зрабілі саўндчэкі, прыходзім да пачатку – і ў клубе поўны біток дарослых людзей. Атрымаўся вельмі круты даб-рэгі фестываль. Потым мы з Дзянісам Лонданам вырашылі зрабіць другі недзе праз паўгода, запрасілі тады “Солнцецветы”, але ўжо такога ваў-поспеху не было. Так артыкул у газеце паўплываў на рэкламу».

Пасля таго як ва ўжо падкантрольную «Народную газету» чытачы напісалі, што «Рэзервацыя» – нібыта рассаднік наркаманіі, у клуб прыйшла праверка, і яго закрылі. Пасля закрыцця «Рэзервацыя» перажыла некалькі рэінкарнацый. Клуб адразу стаў «Альтэрнатывай», пасля проста «А-Клубам». Арт-дырэктарам у ім застаўся Дзяніс Лондан, таму дух свабоды і творчасці там працягваў жыць. Потым Дзяніс рабіў клуб «База» на Петруся Броўкі. У нулявых ён займаўся клубам NC на Кастрычніцкай – першай ластаўкай культурнай джэнтрыфікацыі вуліцы. Але давайце вернемся ў канец 90-х.

У 1999 годзе Лёша Кутузаў разам з сябрам Пашам Кошалевым стварылі прома-групу Liveground Sound System, у якую ўвайшлі дыджэі, музыканты, дызайнеры: «Мы сышліся ў меркаванні, што з'явілася шмат прома-груп, многія зарабляюць грошы і ставяць гэтую дзейнасць на бізнэс-рэйкі, а мы хочам займацца андэграўндам ва ўсёй яго праяве: граць цікавую, эксперыментальную музыку. Музычную частку складалі, акрамя мяне, Energun, Andrei Dust, Коля DJ Filter з першакласнымі электра-пласцінкамі, быў такі DJ Spy з дыпавым, дабовым, ледзь не чылаўтным тэхна. У мяне была вялікая калекцыя драм-н-бэйсу, электра, брэйкбіту, электронікі і эмбіенту. Мы пад эгідай Liveground Soundsystem рабілі вечарыны ў “А-Клубе”, рабілі туры па Беларусі: Гомель, Горадня, Віцебск».

 

 

Гастролі

Хоць гэтая серыя публікацый прысвечаная гісторыі менавіта менскай электроннай сцэны, мы крыху закранём тусоўкі ў іншых гарадах Беларусі і за мяжой, пра якія распавялі нам героі нашага «летапісу».

 Гомель 

Горад на Сожы падхапіў электронную культуру недзе ў 1996 годзе. Там ладзіў тусоўкі Слава Вавуткін, вядомы таксама як Slava Unkle. У Гомелі тады ўжо граў легендарны Ко100фей, які, дарэчы, удзельнічаў і ў кру Liveground Sound System. «Ён тады пераязджаў жыць да мяне ў Менск, і мы разам рабілі вечарыны, – згадваў Кутузаў. – У яго выдатны музычны густ, ён і цяпер выступае ў Гомелі. Памятаю, тады мы там ладзілі драм-н-бэйсавыя і тэхна-тусоўкі на караблі, які хадзіў па Сожы. Там нават іглы на кружэлках не скакалі, настолькі плаўна ён рухаўся».

 Горадня, Віцебск, Берасце 

«Спачатку не было ніякай сувязі паміж гарадамі, – адзначаў Мікіта Худзякоў. – Менск быў сам па сабе, а іншыя гарады – самі па сабе. Потым, калі я працаваў у газеце, са мной звязаліся нейкія хлопцы з Горадні, якія таксама былі зацікаўленыя электроннай музыкай. Яны мелі дачыненне да лакальнага ДК ці клуба і хацелі арганізаваць электроннае мерапрыемства. І вось вясной 1998 года там прайшоў фестываль Rave Around the Clock. Мясцовыя хлопцы адказвалі за арганізацыю, а я за музычную частку. Тады паехалі мы з Дзімам Пратасевічам, Лёша Кустаў, здаецца, хлопцы з Energun, а таксама там гралі тыя хлопцы з Горадні, у іх быў свой музычны праект».

Суполка Liveground Sound System ладзіла ў тым ліку туры электронных музыкаў па Беларусі.

«Мы выступалі ў Берасці, Гомелі, Горадні, у іншых гарадах, – распавядаў Худзякоў. – Быў запамінальны досвед, таму што гэта быў канец 90-х, каларыту хапала. Напрыклад, у берасцейскім клубе былі зарэзерваваныя сядзячыя месцы, стаяла гарэлка на століках, а мы гралі лічбавы хардкор і тэхна. Было весела!

Нягледзячы на ўсе недахопы і цяжкасці, на нашыя івэнты хадзіла шмат пазітыўных людзей, якія прыходзілі менавіта дзеля музыкі і ідэі. Было прыемна бачыць, як у іх гараць вочы, бо яны хочуць пачуць нешта новае. Такіх людзей заўсёды было няшмат увогуле ў грамадстве, але чамусьці на мерапрыемствах, якія мы рабілі, якія рабілі Liveground Sound System, і ўвогуле на электронных івэнтах заўжды хапала. Гэта моцна матывавала!»

 За мяжой 

«Першы беларускі дыджэй, які сыграў у Еўропе, – гэта DJ Ярык, – канстатаваў Аляксей Кутузаў. – Мы паехалі да майго сябра ў Галандыю, у якога была хардкор-габа-саўндсістэма. Ён тады рабіў вечарынку ў культавым берлінскім арт-сквоце “Тахелес”, і мы дамовіліся, што Ярык там сыграе. У Ярыка, вядома, было самае лёгкае тэхна, у параўнанні з тым, што гралі немцы і галандцы. Яны падкручвалі ў круцёлках нейкую шрубу, каб хуткасць была не +8, а +15 удараў у хвіліну. Ярык, як малады, граў першым, але гэта быў круты паказчык, што ён змог гэта зрабіць у берлінскім клубе ў 1997 годзе».

 

 

Крызіс 1998-га і заняпад сцэны

У жніўні 1998-га ў Беларусь даносіцца рэха расійскага эканамічнага крызісу. У нас і перад гэтым таксама былі цяжкасці ў эканоміцы, але пературбацыі ва ўсходняй суседцы надалі фінансавым пытанням асаблівую вастрыню. Вадзім Міліцын распавядаў, як крызіс падштурхнуў яго да эміграцыі.

Аляксей Сміт, арганізатар вечарынак:

«Пачаліся нейкія дзівацтвы з нашай эканомікай. Пасля расійскага крызісу ў жніўні 98-га значна ўпаў узровень даходаў і ў Беларусі. Стыпендыя ў студэнтаў на той момант складала каля $ 4–5. Былі перакосы з курсам валют, існавала вялізная розніца паміж курсам наяўнага і безнаяўнага даляра. Легальна працаваць страціла сэнс, а рабіць мерапрыемствы такога маштабу нелегальна – усё роўна што стаяць і кідаць камяні ў вокны РАУСа».

Міця Грышанаў, DJ Міця:

«На маю думку, крызіс больш паўплываў на бізнэс. На людзей, якія мелі грошы. Вядома, быў нейкі мінус, але не скажу, каб ён моцна закрануў кагосьці. Калі ў цябе няма грошай, то няма чаму прападаць. На той момант у тых, хто займаўся электроннай сцэнай, увогуле не было грошай, таму асабліва нічога і не памянялася».

Так ці інакш, але крызіс разам са зменамі ў палітычным клімаце стаў адным з фактараў, які паўплываў на трансфармацыю электроннай сцэны Менска. І галоўнай адметнасцю гэтай трансфармацыі стала вымыванне ключавых дзеячаў сцэны. Кагосьці з нашых герояў прыцягнулі іншыя гарады: так, Ярыка запрасілі ў маскоўскі клуб «Тэрыторыя», Конь пераехаў у Кіеў, дзе зрабіў проста найяскрайвейшую дыджэйскую кар’еру, Дашу Пушкіну лягчэй было сустрэць у піцерскіх і маскоўскіх клубах, чым у менскіх. Хтосьці эміграваў на Захад, як гэта зрабілі Вадзім Міліцын, Мікіта Худзякоў і Лёша Кутузаў (апошні ў 2001 годзе пераехаў жыць у Лондан). Хтосьці сышоў ва ўнутраную музычную эміграцыю, як, напрыклад, Граф. У Міці дыджэінг адышоў на другі план. Клаус, на жаль, памёр.

Гэтае вымыванне заняло даволі кароткі адрэзак часу – літаральна за 2000–2001 адбыўся рэзкі правал у сцэне. І пасля ўжо новая хваля з абсалютна новымі героямі падхапіла эстафету электроннага руху ў Беларусі. Яна не менш яскравая, не менш крутая, але іншая.

У гэтым уласцівасць беларускай культуры: памяць пра старое зразаецца ледзь не цалкам, прыходзяць новыя героі, якія лічаць, што яны – першапраходцы, а да гэтага нічога не існавала. Але гэта не так! Нашая гісторыя вельмі багатая на падзеі, на герояў, на каштоўнасці і ідэалы. Гісторыя менскай электроннай сцэны ў 90-х – толькі адно з гэтых пацвярджэнняў. Спадзяёмся, што падкаст «Ікарус» і яго тэкставыя версіі на 34mag унеслі сваю лепту ў захаванне памяці пра нашую гісторыю і людзей, якія яе ствараюць.

 

 Слухай падкаст у Spotify, SoundCloud і Apple Podcasts 

 

Kakora многоликий

Kakora многоликий

«Есть дорогое вино, а есть “Розовое вино”» – интервью с хип-хоп-музыкантом из Осипович, который не собирается никуда выстреливать.

Альбомы недели: Post Malone, Слава КПСС и Autechre

Альбомы недели: Post Malone, Слава КПСС и Autechre

«Постирония» Славы КПСС, хитовый альбом Post Malone и классный лаунж от Paul White – подборка свежих релизов этой недели.

Прэзентацыя сінгла: Разбітае Сэрца Пацана – Смузі-мафіны

Прэзентацыя сінгла: Разбітае Сэрца Пацана – Смузі-мафіны

Новая песня ад гітарных кабальера – пра кошт, які мы плацім за смузі, мафіны і фалафелі.

13 российских артистов «новой волны»

13 российских артистов «новой волны»

«Пасош», Гречка, Matrang – советуем 13 российских артистов, горячих прямо сейчас.

Brutto, «Рокі», Минск

Brutto, «Рокі», Минск

Большой фоторепортаж с презентации третьего альбома беларусско-украинской рок-группировки Brutto.

Dee Tree: новый беларусский соул

Dee Tree: новый беларусский соул

Выходцы из минской джем-группировки By Soulfam представляют новый проект.

Новые альбомы: J. Cole, Boulevard Depo и «Аигел»

Новые альбомы: J. Cole, Boulevard Depo и «Аигел»

Необычный коллаб Стинга и Шегги, бомба от «Аигел» и классический звук Thievery Corporation – подборка лучших релизов последних семи дней.

Can Dead Dance?

Can Dead Dance?

Пики популярности, неизданные записи и голограммы – разбираемся, что происходит с музыкантами после смерти.

Прэзентацыя кліпа: Nite Nite Nite – SFMO

Прэзентацыя кліпа: Nite Nite Nite – SFMO

Менскі сінтўэйв-бэнд выпускае дэбютны кліп са спакуслівымі танцамі віцебскага мастака Аляксея Літвіна.