Ранішні туман над беларускімі балотамі, нацыянальныя строі і Ксенія Жук, якая пляце вянкі, – у новым эстэтычна прыгожым кліпе Naviband.
Рэжысёрам відэа выступіў Кірыл Нонг, аўтар нашумелага аматарскага фільма «Здымаць на паражэнне» і кароткаметражкі «Работнік года», якая стала пераможцай фестывалю Smartfilm ад Velcom.
Па словах рэжысёра, творчай задачай было паказаць таямнічыя рытуалы купальскага свята. Працэс адбору лакацый для здымак праходзіў доўга і старанна – у выніку відэа здымалася на Палессі, непадалёк ад Нарачанскага парку і ў Налібоцкай пушчы. Здымачны працэс заняў шэсць дзён. Самі Арцём і Ксенія назвалі гэтыя здымкі «самымі цікавымі і займальнымі» у гісторыі гурта.
Кліпам на песню «Бяжы» музыкі ўрачыста завяршаюць эпоху альбома «Ілюмінацыя» і прыступаюць да запісу новай плыткі.
Фота by palasatka