За што ўсе любяць Ірыну Сухій?
- 07.09.2020
- 7278
Днём 6 верасня трое невядомых забралі з дому Ірыну Сухій – старшыню праўлення грамадскага аб'яднання «Экадом». Па словах дачкі Ірыны, Ганны Воўк, мужчыны пачалі выломваць дзверы. Яны не прадставіліся і не прад'явілі дакументаў, двое з іх былі ў масках. Пазней у кватэры, дзе знаходзілася толькі 94-гадовая маці Ірыны Сухій, пяць мужчын у цывільным правялі ператрус і канфіскавалі ноўтбукі. Яны таксама не прадставіліся і не прад'явілі дакументаў, не запрасілі панятых і не далі копію вопісу. Таксама яны не дазволілі прысутнічаць пры ператрусе дочкам Ірыны Сухій, нягледзячы на тое, што адна з іх прапісаная ў кватэры.
Экалагіню завезлi ў Савецкі РАУС. Яе абвінавацiлi ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве 3 верасня. Суд ужо прайшоў: справу вярнулi на дапрацоўку. Iрына застаецца у IЧУ на Акрэсцiна.
А мы распавядаем, што Ірына Сухій зрабіла для сучаснай Беларусі і за што яна ўвогуле выступае ў сваёй штодзённай працы.
За альтэрнатыўны арт на зломе эпох
Ірына Сухій была ўдзельніцай арт-групы «Беларускі клімат». У канцы 1980-х група займалася фатаграфіяй, жывапісам і музыкай, ладзіла перформансы, інсталяцыі і акцыі, дакументуючы гэта на фота, а таксама вынайшла асобны жанр – «вуснае кіно». Работы групы былі адабраныя для маштабнага праекта «Новая савецкая фатаграфія», выставы праходзілі ў Капенгагене, Берліне і Эйндховене. Больш падрабязна пра дзейнасць «Беларускага клімату» можна пачытаць на zbor.kalektar.org.
За артыкуляцыю экалагічных праблем
Ірына Сухій ініцыявала паблiшынг часопіса «Беларускі клімат» – арт-выдання аб праблемах навакольнага асяроддзя. Выйшла шэсць нумароў часопіса (апошні – у 1996 годзе).
За тое, каб спажываць разумна
Ірына Сухій – старшыня рады грамадскага аб'яднання «Экадом», створанага ў 1996 годзе. Гэта адна з найстарэйшых некамерцыйных арганізацый у Беларусі, якая існуе для прасоўвання экалагічна сяброўскага ладу жыцця і ідэй устойлівага развіцця. Сярод напрамкаў работы арганізацыі – адукацыя для ўстойлівага развіцця, развіццё арганічнай сельскай гаспадаркі, эка-арт, прасоўванне аднаўляльных крыніц энергіі і ўдзел грамадскасці ў прыняцці экалагічна значных рашэнняў.
За земляробства без варварства
У 1994 годзе Ірына Сухій наведала семінар Біла Молісана – піянера пермакультуры, то-бок земляробства на аснове экалагічна мэтазгодных мадэляў. Ірына прывезла ідэю пермакультуры ў Беларусь: «Экадом» праводзіў семінары для жадаючых навучыцца пермакультурнаму дызайну і стварыў каманду пермакультурных дызайнераў і трэнераў. Далей «Экадом» развіваў кірунак арганічнай сельскай гаспадаркі, а Ірына Сухій стварыла мадэльны пермакультурны ўчастак у сябе на хутары на возеры Балдук.
За Беларусь без небяспечнай і неэфектыўнай энергіі
Беларуская антыядзерная кампанія пачалася ў 2006 годзе з пікету супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі, праведзенага ў Менску грамадскім аб'яднаннем «Экадом». БАЯК ставіць сваёй мэтай супрацьдзеянне будаўніцтву АЭС у Беларусі – краіны, якая больш за ўсіх пацярпела ад Чарнобылю і Канстытуцыя якой дэкларуе бяз'ядзерны статус. Сябры БАЯК ініцыявалі незалежную экспертную крытыку ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) праекта Беларускай АЭС, удзельнічалі ў арганізацыі «Чарнобыльскага шляху», праводзілі дыскусіі аб атамнай энергетыцы з міжнароднымі экспертамі, абмяркоўвалі пытанні абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам БелАЭС, праводзілі грамадскую экспертызу стрэс-тэстаў Астравецкай АЭС, паказвалі на парушэнне міжнародных канвенцый і пісалі адкрытыя звароты і петыцыі. За гэтую дзейнасць Ірыну Сухій ужо затрымлівалі ў 2012 годзе – тады яна, а таксама актывісты Таццяна Новікава і Андрэй Ажароўскі збіраліся перадаць у расійскую амбасаду адкрыты зварот супраць падпісання генеральнага кантракту на будаўніцтва Астравецкай АЭС. Да амбасады яны так і не змаглі даехаць: іх прэвентыўна затрымалі і прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці нібыта за «нецэнзурнае выказванне ў грамадскім месцы».
За ўстойлівае развіццё энергетычнага сектара Беларусі
У якасці альтэрнатывы будаўніцтву АЭС актывісты прапануюць распрацаваны сцэнар пераходу да 100% аднаўляльнай энергетыкі. Ірына Сухій сярод іншых ініцыявала стварэння гэтага сцэнара.
За тое, каб людзі прымалі рашэнні наконт сваёй зямлі
Нарэшце, яшчэ адна важная рэч, над якой паслядоўна працуе Ірына Сухій, – гэта стварэнне такога грамадства, дзе кожны(-ая) мог(магла) бы ўплываць на важныя рашэнні, такія як высечка парку, будаўніцтва завода або новага жылога комплексу, і атрымліваць дакладную інфармацыю аб стане навакольнага асяроддзя. У Беларусі зацверджана Орхуская канвенцыя («Канвенцыя аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадскасці ў працэсе прыняцця рашэнняў і доступе да правасуддзя па пытаннях, што тычацца навакольнага асяроддзя»), але з выкананнем яе палажэнняў часта назіраюцца праблемы. Больш падрабязна пра тое, як павінна працаваць Орхуская канвенцыя, можна пачытаць у інтэрв'ю Ірыны Сухій.