Першае, што варта памятаць, – аўтарскае права ўзнікае ў той самы момант, калі твор з’яўляецца на свет. Табе нідзе не трэба яго рэгістраваць ці праходзіць іншыя фармальнасці. Нават калі ты не публікуеш твор, ён усё роўна абараняецца законам.
Сённяшні капірайт складаецца з двух частак: асабістыя немаёмасныя правы аўтара і маёмасныя, або выключныя, правы.
У выпадку асабістых немаёмасных правоў ты маеш права вызнавацца аўтарам, падпісвацца сваім імем ці псеўданімам і дазваляць рабіць гэта, а таксама вырашаць, публікаваць твор ці не. Ты маеш гарантыі, што твой твор не будзе зменены іншымі асобамі. Гэтыя правы належаць табе незалежна ад кантрактаў з выдаўцамі і працадаўцамі, яны не адбіраюцца і не перадаюцца, нават калі гэта прапісана ў кантракце.
Маёмасныя (ці эканамічныя) правы інакш называюцца інтэлектуальнай маёмасцю. Яны даюць магчымасць карыстацца творам па жаданні, то-бок распаўсюджваць яго, здаваць у пракат, перадаваць у эфір, публічна дэманстраваць, зарабляць на ім грошы. Маёмасныя правы можна прадаваць ці перадаваць на пэўных умовах. Тады аўтар губляе права выкарыстоўваць свой твор, яно пераходзіць да праваўладальнікаў. За гэта аўтар атрымлівае камісію.
Каб пазначыць, каму належаць правы на твор, пішацца лацінская літара «С» у дужках, імя праваўладальніка і год першай публікацыі. Але гэтае пазначэнне мае толькі інфарматыўны характар.
Трэба адрозніваць аўтарскае права на твор і права ўласнасці на матэрыяльны носьбіт, на якім твор выказаны. Пераход права ўласнасці на экзэмпляр твора не прыводзіць да перадачы правоў на сам твор.
Выключнае права на твор дзейнічае на працягу жыцця аўтара і пяцідзесяці гадоў пасля яго смерці. Затым твор пераходзіць у грамадскую маёмасць, то-бок ім можа карыстацца кожны чалавек без аніякіх выплат. Аднак мусяць выконвацца асабістыя немаёмасныя правы аўтараў.
Ты можаш спакойна карыстацца творам і не паведамляць пра гэта праваўладальнікам, калі ён патрэбны табе з даследчымі, адукацыйнымі або інфармацыйнымі мэтамі. Не будзе парушэннем выкарыстоўваць твор у судзе і на рэлігійнай цырымоніі.
Капірайтам абараняюцца літаратурныя, музычныя, аўдыявізуальныя творы, скульптура, жывапіс, фатаграфія, архітэктура, мапы, камп’ютарныя праграмы, навуковыя даследаванні. Свабодна можна карыстацца фальклорам, дзяржаўнымі сімваламі, геральдыкай, афіцыйнымі дакументамі, паведамленнямі аб падзеях і фактах, якія маюць выключна інфармацыйны характар. Капірайтам не абкладаюцца ідэі, метады, працэсы, сістэмы, спосабы, канцэпцыі, прынцыпы, вынаходніцтвы, факты, нават калі яны выражаныя, адлюстраваныя альбо патлумачаныя ў творы.
За парушэнне аўтарскага права могуць прыцягнуць па адміністратыўным кодэксе і даць штраф да 300 базавых велічынь. За паўторнае парушэнне на працягу года – крымінал да пяці гадоў.
У Беларусі часам здараюцца гучныя справы па гэтым пытанні. У красавіку 2015 года група кампаній «Родная сторона» была аштрафаваная на 40 базавых за выкарыстанне пірацкіх копій Windows.
За тое ж парушэнне ў верасні 2015-га быў прыцягнуты да адказнасці Віцебскі алейнаэкстракцыйны завод.
У красавіку сталічны рэпетытар па матэматыцы выйграў справу супраць Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. Ён выкладваў рашэнні рэпетыцыйных тэстаў, што РІКВ палічыў парушэннем сваіх маёмасных правоў. Матэматык даказаў, што рашэнне задачы – не творчы працэс, а формулы і тэарэмы – грамадскі набытак.
Фонд Джорджа Оруэла забараніў прадаваць цішоткі з надпісам «1984 год ужо тут», бо, па іх словах, гэта незаконнае цытаванне з галоўнага рамана Оруэла «1984». Нонсэнс і рэкурсія.
У лістападзе маскоўскі суд прыняў рашэнне аб блакаванні торэнт-трэкера RuTracker.org. Праваўладальнікі, якія прад’явілі іск сайту, адразу хацелі дамовіцца, каб быў выдалены нелегальны кантэнт. Але карыстальнікі трэкера выказаліся супраць перамоваў. Зараз адміны рыхтуюцца да абыходу блакавання.
Асноўная частка правоў у сферы літаратуры, музыкі, кіно і праграмнага забеспячэння належыць глабальным карпарацыям, што стварае падставы для манаполіі ды замаруджвае інтэлектуальнае развіццё чалавецтва.
Нераўнамернае размеркаванне прыбыткаў паміж аўтарамі і праваўладальнікамі сведчыць пра хлуслівую рыторыку праваўладальнікаў наконт клопату аб інтарэсах аўтараў. Трэба прызнаць, што капірайт у асноўным існуе для таго, каб забяспечваць выдавецтвы, гуказапісвальныя лэйблы і прадзюсараў, а не саміх аўтараў.
Занадта доўгі тэрмін дзеяння капірайту не дазваляе дынамічна развівацца культуры, а таксама ставіць у няроўныя ўмовы аўтараў-доўгажыхароў і аўтараў, памерлых у раннім узросце. У выпадку камп’ютарных праграм, якія хутка старэюць маральна, такі тэрмін увогуле выглядае бессэнсоўным.
Заканадаўства аб капірайце не ўлічвае развіццё сучасных інфармацыйных тэхналогій, у выніку звычайныя карыстальнікі робяцца правапарушальнікамі.
Адсутнасць заканадаўчага замацавання свабодных ліцэнзій не дазваляе выкарыстоўваць іх у поўнай меры.
Каб стрымаць татальны капірайт культуры і забяспечыць свабодную прастору для мастацкага і прыкладнога самаўяўлення, было прыдумана паняцце капілэфту (copyleft). Капілэфт-ліцэнзія не патрабуе дазволу ўладальніка на распаўсюд твора. Таксама пэўныя віды ліцэнзіі дазваляюць мадыфікаваць яго пры ўмове захавання гэтай ліцэнзіі на дэрыватыў.
Самай вядомай капілэфт-ліцэнзіяй з’яўляецца GNU-ліцэнзія. Яна звязана з IT-сферай: кожная праграма павінна распаўсюджвацца свабодна, мець адкрыты код, які можа змяняць кожны ахвотны. Так узнікла аперацыйная сістэма Linux – яна зараз стаіць на пераважнай большасці смартфонаў, вэб-сервераў, а таксама суперкамп’ютараў.
У 2002 годзе кампанія Creative Commons стварыла некалькі відаў ліцэнзіі, якія дазваляюць аўтарам без пасярэднікаў гнутка кіраваць аўтарскімі правамі на свае аб'екты. Да твора прымацоўваецца метка «CC» і адзін або некалькі з чатырох значкоў: «пазначэнне аўтарства», «распаўсюд на тых жа ўмовах», «без вытворных» і «некамерцыйны». Карыстальнікі могуць свабодна распаўсюджваць, змяняць, рабіць вытворныя праекты ў залежнасці ад віду ліцэнзіі. На такіх умовах працуе Wikipedia, Youtube, Flickr, TED, музыканты пішуць трэкі, рэжысёры здымаюць фільмы. Зараз Creative Commons легальна працуе ў 74 краінах свету, у Беларусі пакуль яшчэ не.
У інтэрнэце лёгка можна знайсці бясплатныя стокавыя сайты фатаграфіі: усе здымкі выкладваюцца з ліцэнзіяй creative commons, то-бок ты можаш вольна іх выкарыстоўваць у сваіх мэтах. Для пачатку можна пашукаць на StockSnap.io, IM Free, на вінтажным New Old Stock ці на ўсеагульным AllTheFreeStock, які прапаноўвае музыку і відэа таксама free.
Капілэфтную музыку знойдзеш таксама на Free Music Archive, Bandcamp і на гіганцкім Soundcloud. На апошніх двух аўтары самі вырашаюць, пад якой ліцэнзіяй распаўсюджваць свае творы.
Відэа з ліцэнзіяй Creative Commons лёгка адшукаць на Vimeo; на Youtube таксама пільнуй пазначку «CC». Свабодныя для карыстання футажы ёсць на Open Footage, Pexels Videos, XStockvideo і Videvo.
Разбіраемся, як рэагаваць на «лісты шчасця» ад падатковай.
Важная памятка на выпадак, калі раптам табе давядзецца афіцыйна пагутарыць са следчым.
Біткоіны, токены, майнінг, блокчэйн – разбіраемся раз і назаўжды.
Як паводзіць сябе з ахоўнікамі ў метро, чытай у самай канкрэтнай, як лічба «пі», рубрыцы «Працэс».
У сетках сядзяць 5,63 мільёна.
Псіхадэлічная музыка з глыбокай лірыкай.
«Каб больш уважліва ставіцца да навакольнага асяроддзя».