Твой спальны: Серабранка
- 20.09.2018
- 6975
Не паверыш, але бывае і так: гарадскія ўлады ідуць насустрач актывістам і агульнымі намаганнямі апгрэйдзяць цэлы мікрараён. Праект «Серабранка. Мой спальны» – лепшае таму пацверджанне. Мы пагаварылі з яго стваральніцамі Агніяй Асановіч і Надзеяй Царанок пра тое, як зацікавіць чыноўнікаў і жыхароў раёна з дурной рэпутацыяй.
«Серабранка. Мой спальны» – лагічны працяг пілотнага праекта «Альтэрнатыўны двор: Серабранка», які быў запушчаны ў 2016 годзе. Першы праект вырашыў праблемы з адсутнасцю пляцовак і лавак і ў цэлым быў накіраваны на развіццё інфраструктуры раёна. З 2018 года апгрэйд міждваровых прастор працягваецца ўжо пад новым «лэйблам» і ўключае ў сябе не адзін двор, а цэлыя грамадскія прасторы Серабранкі – 2, 3 і 4. Цяпер каманда працуе над стварэннем гіда-комікса па Серабранцы і маштабнага арт-аб'екта.
Надзея Царанок
актывiстка
У нас ужо быў досвед з дваровай тэрыторыяй на Аўтазаводзе, але праца з дваром у Серабранцы была больш маштабнай і паслядоўнай. Мы даследавалі сітуацыю, працавалі з жыхарамі, каб разумець іх запыты на выкарыстанне гарадской прасторы. Потым мы адрэфлексавалі праект, і стала зразумела, што працаваць з кожным дваром не зусім мэтазгодна. Эканамічна выгадна развіваць сетку міждваровых прастор. Калі двор утвораны толькі двума дамамі, то ён з'яўляецца паўпрыватнай зонай і працуе толькі на жыхароў гэтых дамоў. Калі ж двор адзіны на 5-6 дамоў, то ў ім зацікаўлены ўвесь мікрараён і спальны раён у цэлым.
Таксама мы хацелі, каб жыхары больш уключаліся ва ўдасканаленне агульнай тэрыторыі, таму што вельмі важна фармаваць адказнасць за месца, у якім жывеш. Зона камфорту не павінна заканчвацца за дзвярыма кватэры.
Агнiя Асановiч
актывiстка
Увагі заслугоўваюць усе спальныя раёны, і наш праект накіраваны таксама на тое, каб змяніць стаўленне да спальных раёнаў наогул.
Успрыманне публічнай прасторы як транзітнай альбо як «зоны для сну» замацоўваецца гістарычна, таму важна пераасэнсаваць, што такое спальны раён, і даказаць, што яго жыхары вартыя большага. Тут пражывае каля 80% актыўнага працоўнага насельніцтва розных узростаў і прафесій, аднак усе гэтыя людзі вымушаныя выкарыстоўваць раёны монафункцыянальна.
Мы паэтапна і комплексна працуем з гэтым успрыманнем на розных узроўнях. «Серабранка. Мой спальны» падымае пытанне ідэнтычнасці раёна, бо без ведаў аб яго гісторыі і яго сучаснасці ты не можаш адчуваць з ім сувязь і бачыць сябе там у будучыні.
Чаму Серабранка?
Надзея: Серабранку першапачаткова лічылі небяспечным раёнам. Гэта стэрэатып, які ідзе з тых старых часоў. Насамрэч усё не так. Да таго ж мікрараён вельмі зялёны, і ў яго проста неверагодныя перавагі.
Агнія: Хтосьці з нашай каманды жыве ў Серабранцы, хтосьці жыве ў іншым спальным раёне. Але матывацыя кожнага зразумелая: зробім у Серабранцы – значыць, зробім і ў сваім спальніку. Хочацца, каб прастора спальнага раёна працавала на цябе – на жыхара, была камфортнай і бяспечнай, прыемнай і даступнай для ўсіх.
«Калі я пераехала ў Серабранку, для мяне мінімальным запытам было схадзіць з дзіцём у кавярню, але такой магчымасці, на жаль, няма»
Надзея: Важна разумець, што мэта праекта – яшчэ і перамяшчэнне фокусу з развіцця цэнтра горада на развіццё спальных раёнаў. Гараджане вымушаныя ездзіць у цэнтр, таму што ў спальніку няма той разнастайнасці, функцыянальнасці і вялікай колькасці добраўпарадкаваных рэкрэацыйных зон, якія дае цэнтр. Калі браць усю Серабранку, то гэта 100 тысяч чалавек, гэта практычна горад. І ў гэтым горадзе амаль няма «трэціх месцаў»: напрыклад, кавярань, дзе можна бавіць час. Калі я пераехала ў Серабранку, для мяне мінімальным запытам было схадзіць з дзіцём у кавярню, але такой магчымасці, на жаль, няма.
«Важна пераасэнсаваць, што такое спальны раён, і даказаць, што яго жыхары вартыя большага»
Як даведацца, чаго хочуць 30 тысяч чалавек?
Агнія: Важную частку праекта займае даследаванне. Сёлета зімой і ў траўні Беларуская федэрацыя беспілотнай авіяцыі цалкам адздымала беспілотнікам мікрараён. Мы вельмі шмат часу праводзілі ў самой Серабранцы, хадзілі, глядзелі, якія месцы абжываюць мясцовыя жыхары. У новым праекце мы працуем з міждваровымі прасторамі, таму спыніліся на сямі месцах. Студэнты-архітэктары шостага курса ў рамках сваіх курсавых праектаў пад кіраўніцтвам экспертаў будуць распрацоўваць архітэктурна-ландшафтныя эскізы.
Тут адразу ж узнікае пытанне: як мы гутарым з людзьмі? Улічваючы, што забяспечыць удзел 30 тысяч жыхароў [насельніцтва мікрараёнаў Серабранка-2, 3, 4. – заўв. 34], ладзячы толькі майстар-класы ў раёне, вельмі складана, мы стварылі сайт праекта serabranka.by, дзе ў канцы верасня запусцім тэст, з дапамогай якога і даведаемся ад жыхароў, якімі яны хацелі б бачыць гэтыя прасторы і чым бы жадалі там займацца, а яны даведаюцца, чаго ад тых жа прастор хацелі б іх суседзі.
Надзея: Як правіла, людзі ўспрымаюць гарадскую прастору толькі ў фокусе сваіх патрэбаў: «У мяне сабака, і мне трэба выгуляць яго перад пад'ездам», «У мяне машына, і я пастаўлю яе перад пад'ездам, а ўсе астатнія выпадаюць з майго поля зроку». З іншага боку, ёсць бабуля Маша, якой трэба пасядзець перад пад'ездам і якой патрэбныя лаўкі па дарозе ў паліклініку, каб яна магла дабрацца да яе, перыядычна адпачываючы. Ёсць падлеткі, якім неабходна праводзіць час на вуліцы. Дык вось, гэтая стадыя анлайн-праекта дазволіць удзельнікам убачыць, што выбіраюць суседзі, і гэта такі адукацыйны кампанент, які фарміруе разуменне, што гарадское асяроддзе абмежаванае, а запыты на яго выкарыстанне разнастайныя. Гэтага разумення сёння ў гараджан няма, і яго трэба развіваць.
Як наладзіць сувязь паміж уладамі і людзьмі?
Агнія: Агульнае праектаванне, то-бок пастаянная актыўная праца з усімі зацікаўленымі бакамі: жыхарамі, бізнэсам, дзяржаўнымі арганізацыямі, адміністрацыяй горада, – вельмі складаны працэс. Але займацца ўрбаністыкай, развіццём гарадской прасторы мае сэнс, толькі калі ў гэтым удзельнічаюць усе зацікаўленыя бакі.
Калі ў розных удзельнікаў працэсу не хапае інфармацыі, то камунікаваць складана. Таму адзін з узроўняў, на якім мы працуем, – гэта адвакатаванне. Мы залучаем экспертаў і прадстаўляем праект адміністрацыі Ленінскага раёна, ДАІ, Камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва, Беларускаму саюзу архітэктараў і гэтак далей, каб расказаць пра магчымасці, звязаныя з праектам.
Наогул чыноўнікі зацікаўленыя ў павышэнні якасці жыцця ў спальным раёне: яны бачаць, што не толькі ЖЭС і адміністрацыя павінны вырашаць пытанні, якія тычацца агульнага месца пражывання, і чакаюць удзелу жыхароў. Пры гэтым яны адчуваюць недахоп у метадалогіі і інструментах, таму адкрыты супрацоўніцтву з урбаністамі, мастакамі і плэйсмейкерамі.
«Ёсць бабуля Маша, якой трэба пасядзець перад пад'ездам. Ёсць падлеткі, якім неабходна бавіць час на вуліцы, камунікаваць»
Вольга Верамей
намеснік старшыні Камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама
Праект «Серабранка. Мой спальны» значны не толькі для развіцця публічнай прасторы ў спальным раёне Серабранка, але стане важным крокам па паляпшэнні гарадскога асяроддзя ў спальных раёнах усяго горада. Мяркую, што прынцыпы ўдзелу, інклюзіі, камфорту і бяспекі, якія характарызуюць праект «Серабранка. Мой спальны», стануць асноўнымі пры рэканструкцыі і новым праектаванні жылой забудовы горада Мінска.
Агнія: ...Пасля афіцыйных сустрэч здымаеш пінжак і едзеш у Серабранку, бярэш у рукі пілу і шліфмашынку, каб змайстраваць вулічную DIY-мэблю для «галодных» грамадскіх прастор, або надзімаеш шарыкі да свята разам з жыхарамі раёна.
Этапы праекта «Серабранка. Мой спальны»:
Даследаванне сямі абраных месцаў для разумення іх пераваг і недахопаў.
Аналіз вынікаў тэсту, які даследуе інтарэсы жыхароў, на сайце www.serabranka.by.
Распрацоўка ландшафтна-архітэктурных эскізаў.
Абмеркаванне эскізаў на сайце. Жыхары раёна змогуць ранжыраваць праекты па прыярытэтнасці, выставіўшы ад 1 да 7 балаў. Праект, які набярэ максімальную колькасць балаў, будзе прадстаўлены да рэалізацыі.
Краўдфандынг.
Агнія: Мы выдатна разумеем, што рэалізацыя можа каштаваць 60-80 тысяч рублёў, і гэта вельмі вялікая сума. Таму кожны праект будзе распрацоўвацца так, каб можна было падзяліць яго на 3-4 часткі, і адна чацвёртая ці адна трэцяя маглі б быць самастойна рэалізаванымі і пры гэтым выглядалі самадастаткова. Часткова або цалкам, але мы рэалізуем эскізны праект прасторы ў скончаным выглядзе.
«Нават самы лепшы прататып не ўкараняецца, калі няма матывацыі ў мясцовай супольнасці»
Што можаш зрабіць для свайго раёна ты?
Надзея: У нас ёсць група ў Facebook і ВКонтакте. І людзі там пішуць, чым могуць дапамагчы: напрыклад, «Я фатограф» ці «У мяне ёсць машына». Мы рады ўдзелу, бо калі людзі бяруць удзел – гэта гарантыя таго, што створаны аб'ект будзе выкарыстоўвацца акуратна і праслужыць доўгі час. Людзі самі паклапоцяцца пра яго. Так атрымалася на Аўтазаводзе, дзе мы зрабілі вялікую дзіцячую пясочніцу з дзвюма зручнымі лаўкамі. Першапачаткова жыхары казалі: «Рабяты, тут больш за два тыдні нічога не пратрымаецца». Але не, стаіць ужо трэці год. Таму што, калі хтосьці прыходзіць, жыхары кажуць: «Мы ў гэта ўклалі грошы і сваю працу. Тут відэаназіранне. Калі нешта здарыцца, вы будзеце пакараныя».
Калі ў жыхароў адсутнічаюць цікавасць і матывацыя, то рана ці позна праца прафесіяналаў сканчаецца. Нават самы лепшы прататып не ўкараняецца, калі няма суаўтарства і матывацыі ў мясцовай супольнасці.
І калі ў раёне з'яўляюцца спецыялісты, гатовыя дзяліцца ідэямі і дапамагаць у развіцці гарадской прасторы, трэба скочыць у гэты вагон: прафесіяналы сышлі, а ў цябе застаўся вопыт, сетка кантактаў іншых актыўных жыхароў, якія ідэнтыфікавалі сябе ў рамках праекта і раскрылі свой арганізатарскі або творчы патэнцыял; у цябе засталіся прасторы, якія сталі прыносіць карысць і задавальненне; і ты адчуваеш гонар, таму што прыняў удзел у іх праектаванні.
Каб прасторы, фестывалі, святы, майстэрні і пленэры не засталіся толькі ў тваіх успамінах – працягвай разам з суседзямі па раёне сабе на карысць, таму што ты ўжо не адзін і ведаеш, як можа быць.
Фота: Alexandra Kononchenko
КАМЕНТАРЫ (1)
These and more safety rules should be taught to every student even at a young age. And teaching should not only be in classrooms but also on the streets as for actual learning.
<a href="http://rolltheball.co/">roll the ball</a>
<a href="http://impossiblegame.co/">Impossible game</a>
<a href="https://jsonformatter-online.com/">JSON formatter</a>