Як супрэматызм мяняе гарадскую прастору?

Карціны віцебскіх супрэматыстаў сыходзяць з малатка на сусветных аўкцыёнах за мільёны даляраў, а ў горадзе на Дзвіне ледзь пазнаюць партрэт Малевіча на трамваі. Як традыцыі авангарднага мастацкага аб’яднання «УНОВИС» мяняюць аблічча горада сёння? Мы сустрэліся ў Віцебску з «шэрым кардыналам» культурнай сталіцы Беларусі Валянцінай Кірылавай і пагаварылі пра тое, як супрэматызм мяняе гарадскую прастору, пра будучы музей-брэнд і пра тое, як, у рэшце рэшт, зрабіць Віцебск great again.

 

З кім гутарым?

Валянціна Кірылава

кіраўніца Цэнтра прыкладной урбаністыкі «УНОВІС-Форум», заснавальніца Цэнтра сучаснага мастацтва ў Віцебску, экспертка па жыцці і творчасці Марка Шагала і Казіміра Малевіча, а таксама многіх дзеячаў «УНОВИС»

 

 

 

З чаго ўсё пачыналася?

– Віцебск – гэта горад на памежжы, і культурнае жыццё тут бурліць даўно. Да ўсёй творчай і культурніцкай дзейнасці мяне натхняе сам горад, які запальвае цябе і ахвотна прымае ўсе новае.

Віцебск заўжды быў адметным. Напрыклад, Васіль Паўлючкоў, кіраўнік Віцебскага трамвайна-тралейбуснага ўпраўлення, даследаваў гісторыю віцебскага трамвая. Калі запускалі першы электрычны трамвай у горадзе, Віцебск быў адным з нешматлікіх гарадоў у імперыі, фінансава і тэхналагічна гатовы да такога прарыву.

З 70-х гадоў я працавала з Давідам Сімановічам, які вяртаў гораду забытыя імёны Марка Шагала, Казіміра Малевіча ды іх паплечнікаў. Мы шмат гаварылі пра мінулае і будучыню Віцебска, гісторыю і культуру, асабліва мастацкую і візуальную. Тады і з’явілася ідэя папулярызаваць віцебскіх мастакоў, паказаць культурны маштаб горада.

 

 

 

 

«Мы хочам стварыць музей гісторыі, які стане віцебскім брэндам»

 

 

 

Права на музей

«Падчас кулуарных размоў яшчэ ў 1988 годзе мы даведаліся пра будынак, у якім месціліся ўдзельнікі авангарднага мастацкага аб’яднання “УНОВИС” («Утвердители НОВого ИСкусства») на чале з Казімірам Малевічам. Хацелася адрадзіць гэты будынак, хоць перспектыва і падавалася міфічнай», – раcпавядае Валянціна.

Крокі да гэтага былі паступовымі. Спачатку праводзілі форумы, пленэры, прысвечаныя віцебскім мастакам і мастачкам, выдавалі зборнікі дакладаў з «Шагалаўскіх чытанняў». Пасля вырашылі «ісці ў бой», каб «адваяваць» права на дом на цяперашняй вуліцы Праўды, дзе ў 20-х гадах мінулага стагоддзя жылі Шагал, Малевіч, Лісецкі і іншыя авангардысты.

З 1998 па 2011 год культурныя актывісты і актывісткі праходзілі праз безліч намаганняў і бюракратыі. У рэшце рэшт будынак перадалі ў гарадскую маёмасць як музейную каштоўнасць. Чатыры гады таму пачалася рэканструкцыя, а зараз усё завісла на этапе падрыхтоўкі экспазіцыі Музея гісторыі Віцебскай народнай мастацкай вучэльні, які адкрыецца ў хуткім часе. Можна будзе ўбачыць майстэрню Шагала і Малевіча і патусавацца на кухні, дзе нараджаўся супрэматызм.

Андрэй Духоўнікаў, дырэктар Цэнтра сучаснага мастацтва, распавядае пра будучы музей:

– Гэта будзе вузкатэматычны музей. Тут вы не знойдзеце карціны Малевіча і Шагала, бо галоўны магніт музея – уласна дом, дзе яны жылі. Наша мэта – стварыць музей гісторыі, які стане віцебскім брэндам.

 

 

 

 

«Людзі казалі: "Лепей бы што вяселае намалявалі, а не нейкага невядомага нам мужыка"»

 

 

 

Супрэматычныя канфеці на вуліцах шакаванага горада

У 20-х гадах мастакі і мастачкі «УНОВИСа» паступова ператваралі правінцыйны горад у «супрэматычную сталіцу»: буйныя пано на фасадах будынкаў, роспісы першамайскіх святочных трыбун і сцягі змянялі горад. Малевіч і яго вучаніца Ніна Коган нават зрабілі роспісы для трамваяў, якія хадзілі па горадзе цягам шасці гадоў – да 1925-га.

Сучасную версію па іх эскізах зрабілі паслядоўнікі «УНОВИСа» Ілля Гуркоў і Сцяпан Драздоў. На транспарце, акрамя малюнкаў, размясцілі інфу пра аўтараў, гісторыю стварэння малюнкаў і цытаты Малевіча: «Для кожнай эпохі патрэбнае новае мастацтва», «Усё жыццё ў суботнік ператворым». Транспарт з роспісамі запусцілі 23 верасня 2016 года.

Валянціна распавядае, якая была рэакцыя на распісаныя трамваі:

– Ідэю зразумелі не ўсе. Кандуктараў засыпалі пытаннямі: што гэта намалявана на трамваях і тралейбусах? Казалі: «Лепей бы што вясёлае намалявалі, а не нейкага невядомага нам мужыка (партрэт Казіміра Малевіч. – 34mag)». Мы рабілі нават улёткі з апісаннямі.

Наогул мэта праекта – нагадаць, што «ўсе мы родам з Віцебска» і добрая палова сучаснай візуальнай культуры мае карані з горада на Дзвіне.

«Мы хацелі вывесці Віцебскую мастацкую школу і “УНОВИС” з музеяў у гарадскую прастору. Гэта добры метад папулярызацыі: тыя, хто не ведаюць і не разумеюць сэнс размалёўкі, усё адно будуць цікавіцца. Дарэчы, мы падлічылі колькасць прададзеных квіткоў, і аказалася, што ў транспарце з роспісамі праехалі ўжо болей за 783,5 тысяч чалавек! Ну хоць так жыхары і госці Віцебска далучыліся да гісторыка-культурнай спадчыны горада, даведаліся, як выглядае Малевіч», – кажа пра ініцыятыву Валянціна Кірылава.

На трамваях і тралейбусах супрэматычная гарадская інтэрвенцыя не скончылася. Паслядоўнікі «УНОВИСа» вырашылі ўжывіць у гарадскую прастору дзіцячыя і моладзевыя пляцоўкі і зоны адпачынку «а-ля Малевіч». Культурная платформа Vitebsk4me, Віцебскі гарвыканкам і Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт абвесцілі нават конкурс «Азбука УНОВИС» на лепшы праект для архітэктараў(-ак), дызайнераў(-ак) і мастакоў(-чак). На конкурс даслалі больш за 35 эскізаў. Увасабляць праекты пераможцаў у жыццё будзе Віцебскі гарвыканкам.

 

 

 

 

«Хоць так жыхары і госці Віцебска даведаліся, як выглядае Малевіч»

 

 

 

А што далей?

– Планаў мора – ад рэальных да самых фантастычных. Мяне натхняе мінулы досвед. Напрыклад, тры гады таму ў Віцебск прыязджаў весці адукацыйныя курсы Свят Муруноў, расійскі ўрбаніст. Удзельнікі таго курсу зараз рэалізоўваюць уласныя праекты, напрыклад, фэсты вулічнага мастацтва. У афішы Віцебска ўжо можна заблукаць.

Я мару, каб жыхары і госці Віцебска маглі вывучаць гісторыю культурніцкага жыцця горада не па малюнках і падручніках. Было б здорава, каб яны змаглі ўбачыць вядомыя працы віцебскіх мастакоў, якія стварылі ўнікальную мастацкую школу на нашай радзіме.

 

Матэрыял створаны ў межах сумеснай ініцыятывы Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый, CityDog.by і 34mag.net.

Фота – Яўгенія Масквіна