Навошта і як фіксаваць свае каштоўнасці ў камандзе?

  • 03.05.2021
  • Аўтар: 34mag
  • 3791

Наколькі важна прапісаць «на паперы», якія каштоўнасці важныя для тваёй арганізацыі/ініцыятывы? І калі прапісваць, то ці не атрымліваецца, што ты на ўваходзе фільтруеш людзей, якія маглі б быць карысныя, а каманда ўсё больш закрываецца ў камфортнай каштоўнаснай бурбалцы, ігнаруючы такі разнастайны навакольны свет? 34mag.net зазірнуў на вэбінар «А дзе вашы каштоўнасці? Як і навошта фіксаваць каштоўнасці ў арганізацыі/ініцыятыве», арганізаваны Беларускім нацыянальным моладзевым саветам «РАДА». Сваім вопытам тут падзяліліся дзеячы «РАДА», Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый і «Жывой Бібліятэкі».

 

Удзельнікі гутаркі:

 Зміцер Герыловіч 

полісі-сакратар Беларускага нацыянальнага моладзевага савета «РАДА»

 Аляксандра Савініч 

PR-менеджарка Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый

 Марына Штрахава 

заснавальніца і старшыня праўлення Цэнтра развіцця эфектыўнай камунікацыі «Жывая Бібліятэка»

 

 

Наколькі важныя агульныя каштоўнасці для арганізацыі і каманды?

  Ёсць арганізацыі і каманды, у якіх усё першапачаткова заснавана на пэўных каштоўнасцях. У такім выпадку ўсё працуе натуральным чынам: людзі, якім пэўныя каштоўнасці не блізкія, проста не прыйдуць у такую каманду, а калі нават прыйдуць, то надоўга ў ёй не затрымаюцца. Напрыклад, «Жывая Бібліятэка» існуе як недыскрымінацыйны праект – адпаведна, наўрад ці да яе захоча далучыцца чалавек, які думае, што адны людзі лепшыя за іншых, бо іх скура бялейшая або арыентацыя «правільнейшая».

  Калі ж арганізацыя не будуецца на нейкіх каштоўнасцях першапачаткова, а выпрацоўвае і прымае каштоўнасці ў ходзе сваёй дзейнасці, то і яе члены паступова да гэтых каштоўнасцей могуць прыйсці. Ці не прыйсці і ўжо тады вырашаць, як быць з гэтым далей.

  У любым выпадку выразна сфармуляваныя, зразумелыя ўсім удзельнікам каманды каштоўнасці могуць стаць базай для таго, каб не ўзнікалі розныя канфліктныя моманты або пытанні. Гэта тое, што называецца «дамовіцца на беразе», і тое, што дазваляе пазбегнуць таксічнай атмасферы ўнутры арганізацыі. Як паказвае практыка, праграмныя дакументы дапамагаюць паразумецца.

 Аляксандра:  «Пры гэтым важна ўлічваць, што ўсе людзі розныя, і палітыкі патрэбныя не для таго, каб кагосьці адсякаць, а для таго, каб, калі ў каманду прыходзіць чалавек з іншымі каштоўнасцямі, яму/ёй пра гэтыя каштоўнасці распавялі, паказалі, як можна з імі працаваць, і ён/яна, магчыма, стаў(-ла) бы мяняцца. Палітыкі не працуюць па прынцыпе "ты нам пакуль не падыходзіш па каштоўнасцях, спачатку дарасці, а потым вяртайся”».

 

 

Ці абавязкова фіксаваць агульныя каштоўнасці ў палітыках?

  Часам можна нешта і не запісваць, калі ўсёй камандзе гэта ясна і так. Аднак да запісанага варыянта заўсёды можна звярнуцца як да чэк-спіса, каб паглядзець, ці не забыліся пра штосьці, пра што забываць нельга. Гэта таксама зручна, калі трэба азнаёміць з каштоўнасцямі арганізацыі чалавека «збоку»: не тлумачыш абсалютна ўсё, а паказваеш дакумент і даеш тлумачэнні ў тым выпадку, калі ўзніклі пытанні.

  Звычайна да моманту фіксацыі каштоўнасцей у дакументах арганізацыі трэба яшчэ «дарасці». Маленькай камандзе сваіх людзей лёгка дамовіцца і без палітык. Калі ж у арганізацыі з'явіліся філіялы, яна расце, шырыцца і ўбірае ў сябе ўсё больш людзей, могуць з'явіцца цяжкасці.

  Канкрэтных правілаў, дзе фіксаваць каштоўнасці, няма. Па ідэі, можна хоць на сурвэтцы напісаць і павесіць яе ў рамачку. Хтосьці прапісвае каштоўнасці ў Правілах камунікацыі, хтосьці можа надрукаваць іх і ў Статуце арганізацыі.

  Прынцыпова важна, каб арганізацыя разумела, навошта ёй гэтыя дакументы і як яна будзе імі карыстацца. Без усведамлення можна перапісаць хоць дакументы ААН, хоць Канстытуцыю, але ці будуць яны працаваць?

 Зміцер:  «Па-першае, аформленыя палітыкі дазваляюць не толькі ўнутры калектыву казаць пра тое, якіх прынцыпаў мы прытрымліваемся, але таксама даць прыклад канцэпцый, якіх мы прытрымліваемся, арганізацыям-удзельнікам і партнёрам. Па-другое, гэта спрашчае распаўсюджванне прыхільнасці нейкай каштоўнасці, а для "РАДА" мэта распаўсюджвання з'яўляецца важнай і ключавой: нас цікавіць не толькі налада працы каманды, але і прасоўванне каштоўнасцей у маладзёжным асяроддзі».

 

Як прымаць палітыкі і сачыць за іх выкананнем?

 Марына:  «У “Жывой Бібліятэцы" палітыкі прымаюцца Агульным сходам прыхільнікаў. Для нас гэта легітымны орган. Такі дакумент можа прымаць і праўленне, дырэктар і заснавальніца, але мы не ідзём гэтым шляхам».

 Зміцер:  «У "РАДА" ўсё адбываецца такім чынам: калі з'яўляецца патрэба зафіксаваць каштоўнасці і тое, як мы працуем з гэтымі каштоўнасцямі, тады фармуецца працоўная група, якая будзе гэтым займацца. Палітыка прымаецца агульным сходам, пасля чаго становіцца абавязковай для выканання ўсімі органамі "РАДА": акрамя Савета і Сакратарыята, гэта яшчэ і Кантрольна-рэвізійная камісія. Мы дакладна прапісваем у палітыках, што мы прапануем нашым сяброўскім арганізацыям – цяпер іх 28 – прымаць і рэалізоўваць гэтыя палітыкі ў сябе.

Санкцый за невыкананне палітык не прапісана, але ў выпадку парушэнняў нейкіх палажэнняў або паводзін, якія ідуць насуперак з нашымі палітыкамі, Кантрольна-рэвізійная камісія разглядае сітуацыю.

У "РАДА" ёсць Мемарандум аб узаемадзеянні паміж сяброўскімі арганізацыямі, дзе прапісаныя прынцыпы супрацоўніцтва ініцыятыў, там прапісаныя канкрэтныя каштоўнасці: плюралізм, дэмакратыя, гендарная роўнасць – і яны раскрываюцца ў палітыках. Калі прапісаць палітыкі ў Мемарандуме, то яны будуць абавязковыя для выканання ўсімі членскімі арганізацыямі. Але пакуль гэта толькі прапанова: арганізацыі могуць прыняць іх у сябе па жаданні».

 

 

Якую юрыдычную сілу маюць палітыкі арганізацыі/ініцыятывы?

  Палітыкі арганізацыі/ініцыятывы не павінны супярэчыць асноўным законам краіны і не павінны каго-небудзь дыскрымінаваць. Напрыклад, калі знакаміты прадпрымальнік Павел Дураў не наймае ў офіс тых, хто паліць, то гэта дыскрымінацыя, але і адначасова трансляцыя яго каштоўнасцей у рамках камерцыйнай структуры, дзе дырэктар звычайна цар і бог. Натуральна, у НКА так быць не павінна.

  Важна кіравацца скразнымі каштоўнасцямі, тады можна выйсці на новы ўзровень прасоўвання таго, што важнае, на больш вялікім узроўні. У гэтым сэнсе палітыкі ні ў якім разе не заганяюць каманду ў бурбалку. Бурбалка ўзнікае там, дзе палітыкай карыстаюцца менавіта для выключэння: прыкладам, «не любіш фемінітывы – давай пакуль».

  Палітыка можа быць маніфестацыйным дакументам, які дэкларуе, што без прыняцця пэўных каштоўнасцей шлях у арганізацыю забаронены. Але, напрыклад, у «Жывой Бібліятэцы» прапануюць далучацца нават тым, чые каштоўнасці іншыя (у межах КК, зразумела), – з тым, каб паказаць, як працуюць іншыя каштоўнасці і, магчыма, прышчапіць іх чалавеку. Чалавек можа не выкарыстоўваць фемінітывы, якія арганізацыя выкарыстоўвае, але быць у ёй на агульную карысць.

  Аднак калі чалавек уступае ў супярэчнасць з базавымі канцэпцыямі працы арганізацыі, ён, хутчэй за ўсё, будзе наносіць ёй відавочную шкоду, нават калі ён ці яна круты(-ая) спецыяліст(-ка).

  Можна ўключыць, напрыклад, у дагавор падраду пункт, што падрадчык(-ца) абавязаны(-ая) азнаёміцца з той ці іншай палітыкай арганізацыі. Гэта дазволіць арганізацыі зрабіць высновы аб мэтазгоднасці супрацоўніцтва з гэтым падрадчыкам(-цай) у будучыні. Але не дасць ёй права, напрыклад, не выплаціць эксперту(-цы) ганарар толькі на той падставе, што той(тая) не азнаёмілася з палітыкамі.

  Вельмі добра, калі палітыкі адаптуюцца да часу і змяняюцца разам з ім. Так, у «РАДА» гендарную палітыку зацвердзілі тры гады таму, а сёлета прыйшлі да таго, што яе трэба перагледзець і дапоўніць. Да такіх змен звычайна падштурхоўвае практыка.

 

Што падштурхоўвае да стварэння палітык?

 Аляксандра:  «Мінулай вясной мы запускалі курс для жанчын, y адным з курсаў мы па дамоўленасці з эксперткай выкарыстоўвалі відэа з яе youtube-канала. Адна ўдзельніца курса з гэтага ютуб-відэа перайшла на ютуб-канал эксперткі і ўжо ў іншым яе роліку пачула прыклад, які дыскрымінуе супольнасць ЛГБТК+. Удзельніца курса напісала нам. Мы звярнуліся да ЛГБТК+ экспертаў(-ак), каб яны адгледзелі гэта відэа на прадмет дыскрымінацыі, і тыя пацвердзілі: прыклад дыскрымінуе. Мы напісалі экспертцы, якая не з'яўляецца часткай каманды офіса, зваротную сувязь ад удзельніцы курса і прапанавалі ёй рэсурсы на тое, каб перазапісаць гэтае відэа, ужо не выкарыстоўваючы мову варожасці і гэты прыклад. Яна адмовілася, а мы зразумелі, што апеляваць нам няма да чаго. Гэта заахвоціла нас стварыць дакумент, у якім прапісана, што з'яўляецца дыскрымінацыяй і як наогул працуе Офіс. Цяпер усе работніцы(-кі) і эксперткі(-цы), якія з намі супрацоўнічаюць, павінны азнаёміцца з гэтай палітыкай. Таксама дакумент апублікаваны на сайце ў раздзеле “Пра нас" разам з місіяй, задачай і ўваходнымі каштоўнасцямі».

 Зміцер:  «Наконт гендарнай палітыкі ініцыятыва пайшла ад Сакратарыята, і гэта было звязана з канкрэтнымі сітуацыямі: у размовах дапускалася дыскрымінацыя на гендарнай аснове, фармавалася таксічная атмасфера. Каб гэта прадухіліць і каб было да чаго апеляваць, была распрацавана гэтая палітыка. Яе рыхтавалі знешнія эксперткі.

Але палітыка палітыцы розніца. Напрыклад, наша экалагічная палітыка – гэта хутчэй інструкцыя, як зрабіць свой вугляродны след мінімальным, гэта чэк-ліст, па якім ты ацэньваеш сваё мерапрыемства, хоць і ў гэтай палітыцы закладзеныя каштоўнасці высокага парадку. І ёсць прыклады, калі экалагічныя палітыкі ўжываюць не аб'ектна-, а чалавека-арыентаваныя падыходы: дзесьці стымулююць офісных супрацоўнікаў карыстацца роварамі, аплачваюць ім праязныя на грамадскі транспарт або налічваюць бонусы тым, хто даглядае офісны агарод».

 

 

З чаго пачаць, калі хочаш зафіксаваць каштоўнасці сваёй арганізацыі/ініцыятывы?

  Важна самім сабе шчыра адказаць: навошта вам гэтая палітыка? Таму што гэта модна? Таму што пачыталі адпаведны артыкул на 34mag.net і падумалі: а мо і нам трэба ўсё як у людзей? Ці ўсё ж такі каб дзейнасць вашай арганізацыі/ініцыятывы нейкім чынам змянілася? Каб нейкія моманты працы палепшыліся? Адказы дапамогуць зразумець, ці патрэбная палітыка ўвогуле.

  У распрацоўцы палітык трэба адштурхоўвацца ад практыкі. Бачыш, што недзе ёсць праблема або ўсплывае адно і тое ж пытанне, – распішы, што за праблема і якія адказы на гэтае пытанне варта было б даць.

  Калі тваёй камандзе вельмі карціць прасоўваць нейкія каштоўнасці, то палітыкі ствараць ужо напэўна варта. Тады трэба ацаніць экспертнасць вашай арганізацыі/ініцыятывы і, магчыма, прыцягнуць іншых экспертаў(-ак), якія прыйдуць з «дыягностыкай» і дапамогуць.