Андрэй Сушко

  • 22.06.2015
  • Аўтар: 34mag
  • 2825

Былы эксперт Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend, сузаснавальнік праваабарончай арганізацыі Human Constanta Андрэй Сушко распавядае пра тэорыю і практыку праваабарончай дзейнасці ў Беларусі.

 

 З кім гутарым:  Андрэй Сушко, 34 гады. Праваабаронца, юрыст, аналітык. Эксперт у пытаннях доступу да інфармацыі, дзяржаўнага кіравання, удзелу грамадзян у прыняцці рашэнняў анлайн. Мае профільную адукацыю ў сферы дзяржаўнага кіравання ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і Варшаўскім універсітэце. Андрэй працаваў у Беларускім Хельсінскім камітэце, Камітэце абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць» і цэнтры прававой трансфармацыі Lawtrend. Быў кансультантам па адукацыі і правах чалавека і Офіса па правах людзей з інваліднасцю і Беларускага Нацыянальнага Моладзевага Савета «РАДА».

 Чым займаецца:  Асветніцкай, аналітычнай і адукацыйнай дзейнасцю ў галіне права.

Арыгінальная дата публікацыі – 22.06.2015. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мяняўся герой і яго актывізм праз гады.

 

 

Гісторыя Андрэя

– Першы працоўны досвед я атрымаў у так званай «юрыдычнай клініцы», дзе маладыя спецыялісты даюць бясплатныя кансультацыі бабулям і дзядулям, студэнтам і маладым мамам. А першым сталым месцам маёй працы стаў Беларускі Хельсінскі камітэт. Гэта было адно з лепшых месцаў для таго, каб пачаць займацца праваабарончай дзейнасцю, бо там я працаваў з Гары Пятровічам Паганяйлам, выдатным юрыстам і чалавекам. Потым быў камітэт па абароне рэпрэсаваных «Салідарнасць», там я дапамагаў студэнтам, арыштаваным, многіх людзей мы ў прамым сэнсе адбівалі ў міліцыі. Гэта якраз прыпала на перыяд палітычнай вулічнай актыўнасці. Таксама я быў каардынатарам рэгіянальнай сеткі – то бок мы не проста сядзелі ў офісе і чакалі, калі нам нехта патэлефануе з просьбай аб дапамозе, а самі актыўна шукалі людзей, якім такая дапамога неабходная. Не было выпадкаў, каб хтосьці ад нашай дапамогі адмовіўся.

Потым быў Офіс па правах людзей з інваліднасцю, там я займаўся асветай і нефармальнай адукацыяй. Наша талерантнае грамадства насамрэч ніякае не талерантнае: беларусы не любяць людзей з іншым колерам скуры, іншай арыентацыяй альбо з асаблівасцямі развіцця. Для мяне самога было важна адчуць, што я насамрэч не маю падставаў для рознага стаўлення да людзей праз іх інваліднасць. Гэта быў пазітыўны вопыт, я бачыў, як людзі атрымоўваць натхненне і новыя кірункі для развіцця, я назіраў, як яны робяцца больш актыўнымі. У мяне ёсць адчуванне перамен у гэтай галіне, напрыклад, СМІ цяпер усё часцей пішуць пра невідушчых, вазочнікаў, людзей з інваліднасцю.

«Я дапамагаў студэнтам, арыштаваным, многіх людзей мы ў прамым сэнсе адбівалі ў міліцыі»

Недзе ў 2005-м, яшчэ падчас вучобы ў Акадэміі кіравання, я патрапіў у летнік для студэнтаў-юрыстаў, зладжаны цэнтрам Lawtrend, і гэта перавярнула маю свядомасць. Да таго моманту я ўжо паспеў расчаравацца ў прафесіі, слухаючы былых пракурораў, якія выкладалі ў Акадэміі. Складвалася ўражанне, што новыя юрысты краіне не патрэбныя, а тыя, што ўжо ёсць, нудзяцца, бо ў беларускім судзе няма спаборнасці, гэта вядомы факт. А выявілася, што правы чалавека – не эфемернае паняцце, а канкрэтная сістэма, з якой можна і трэба працаваць.

 

 

«Калі ты з’еў добры кебаб у Берліне, то потым, калі табе падсоўваюць нейкае лайно, ты кажаш: “Не-не-не, я ж каштаваў, я ведаю”»

Чым займаюцца праваабаронцы?

– Правы чалавека – гэта пэўная філасофская канцэпцыя, якая развіваецца ў пэўных нормах міжнародных дакументаў. Калі я кажу пра пэўную сістэму, дык маю на ўвазе сістэму ААН, адмыслова распрацаваную пасля Другой сусветнай для таго, каб не дапусціць больш падобных канфліктаў, генацыду, масавых забойстваў, дыскрымінацыі. Ёсць Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, потым ідзе дэкларацыя аб грамадзянска-палітычных і сацыяльна-эканамічных правах. Затым рэгіянальны ўзровень – Савет Еўропы, у іх свая канвенцыя, свой наднацыянальны суд і г. д. Я вяду да таго, што пра правы чалавека трэба размаўляць канкрэтна: пра канкрэтнае разуменне, канкрэтную норму міжнароднага дакумента, норму канстытуцыі, потым – норму кодэкса альбо закона.

У кожнай дзяржаўнай сістэмы ёсць свае недахопы, і мы, праваабаронцы, займаемся ў большай ступені аналізам сістэмы і яе хібаў. Праваабаронцы – гэта не юрысты-адвакаты, хаця, вядома, часам праваабаронцы таксама займаюцца кейсамі, кансультуюць людзей, але гэта часцей нейкія прэцэдэнтныя, гучныя справы. Я заўсёды сваю ролю бачыў шырэй, праваабарончая дзейнасць – вельмі комплексны занятак, які ўключае працу з юрыдычнымі механізмамі, грамадскімі кампаніямі, СМІ, лобінг – усё разам.

 

 

Чым займаецца Lawtrend?

– Асноўныя напрамкі дзейнасці – распрацоўка пытанняў свабоды асацыяцый, доступу да правасуддзя і свабоды інфармацыі. Дэвіз «Даследаванні. Адукацыя. Дзеянні» дакладна апісвае метады работы гэтай арганізацыі. Напрыклад, Lawtrend былі ініцыятарамі кампаніі па прыняцці закона аб альтэрнатыўнай грамадзянскай службе. Дарэчы, лабіраванне і ўдзел у законатворчай дзейнасці – гэта адна з формаў працы праваабаронцаў. Іншая справа, што ў Беларусі складана далучыцца да працэсу законатворчасці. У 2002 годзе Lawtrend распрацаваў закон аб дзейнасці дабрачынных арганізацый, ён прайшоў усе належныя стадыі: Палата Прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, усе экспертызы, і пайшоў на подпіс прэзідэнту. Але прэзідэнт проста не падпісаў гэты законапраект.

У Lawtrend я займаўся ў асноўным пытаннямі свабоднага доступу да інфармацыі. Аднойчы мы зрабілі маніторынг сайтаў дзяржаўных выканаўчых камітэтаў – спраўджвалі даступнасць базавай інфармацыі, якая мусіць на іх змяшчацца. Напрыклад, нас цікавіла лёгкасць пошуку зваротнай сувязі і электронных петыцый. Яшчэ адзін маніторынг быў сканцэнтраваны на прыстасаванасці такіх сайтаў для карыстання невідушчымі людзьмі – гэта таксама прапісана ў законе. У выніку атрымалася, што толькі на 40 % сайтаў райвыканкамаў можна знайсці інфармацыю пра зваротную сувязь. Затое, скажам, электронная старонка Быхаўскага райвыканкама перакладзена на трыццаць пяць моваў. З дапамогай google-перакладчыка, вядома, але сам факт існавання перакладу на каталонскую забаўляе.

«Праваабарончая дзейнасць – вельмі комплексны занятак, які ўключае працу з юрыдычнымі механізмамі, грамадскімі кампаніямі, СМІ, лобінг – усё разам»

Такі маніторынг – важная рэч, бо права доступу да інфармацыі з’яўляецца канстытуцыйным. Па-першае, інфармацыя ў вялізных аб’ёмах збіраецца і апрацоўваецца за грошы, атрыманыя з выплаты падаткаў. Чаму мяне не павінна цікавіць, за што я плачу? Па-другое, цікаўнасць да дзеянняў дзяржустановаў уплывае на грамадскасць і яе ўзаемаадносіны з уладай. Вядома, Comedy Club глядзець нашмат прыемней, чым чытаць сайт нейкага міністэрства, але ж Паша Воля не ўплывае на нашае жыццё так, як робіць гэта маладая беларуская дзяржава. Таксама open data непасрэдна ўплывае на эканоміку краіны. Наяўнасць інфармацыі ў адкрытым доступе прыспяшае эканамічныя працэсы. Чыноўнікам не трэба выдаткаваць час на тлумачэнні па тэлефоне, а бізнэсу – на пошук базавай інфармацыі.

 

 

Пра місію

– Калі б не было праваабаронцаў, калі б усе з’ехалі на пенсію ў Каліфорнію, дык не засталося б людзей, якія казалі беларусам і міжнароднай грамадскасці, што тут нешта не так.

Справа ў тым, што твая актыўнасць і разуменне таго, што адбываецца, паняцці справядлівасці і несправядлівасці залежаць ад узроўню адукацыі і прыняцця індывідуальных каштоўнасцяў свабоды. Чалавеку трэба казаць, што гэта тэрыторыя яго свабоды: ты вольны рабіць тое і тое, таму што ты чалавек, грамадзянін, ты маеш права ведаць, што робяць канкрэтныя чыноўнікі, ты плаціш падаткі і маеш права ўдзельнічаць у жыцці дзяржавы. Мы, як тыя watchdogs, сочым за тым, каб чалавек і грамадства не прызвычайваліся да нейкіх сітуацый.

Пра матывацыю

– Па маладосці – юнацкае і рамантычнае захапленне. Потым разумееш, што ты выдаткаваў на гэтую дзейнасць вялікую частку свайго жыцця. Таму я хачу рабіць тое, што ўмею лепш за ўсё. Наогул, калі б я не бачыў у гэтым перспектывы, я б гэтым не займаўся. Я веру, што ўсё ў нас будзе добра, не будзе палітычных зняволеных, будзе дэмакратыя, будуць суды, якія працуюць, абраны народам парламент, проста гэта будзе пазней. Гэта мая матывацыя. Мы прасоўваем тыя каштоўнасці правоў чалавека, якія калісьці прынялі для сябе. Калі ты з’еў добры кебаб у Берліне, то потым, калі табе падсоўваюць нейкае лайно, ты кажаш: «Не-не-не, я ж каштаваў, я ведаю». Ну вось і мы прыблізна так: «Людзі! Трэба вось так і вось так, я бачыў, я ведаю!».

 

Тэкст – Polevik & Aleksasha

Фота by Лёша Заяц