Падкаст дня: «Go Social»

  • 17.02.2021
  • Аўтар: 34mag
  • 4378

15 лютага найбуйнейшы конкурс сацыяльных праектаў Social Weekend распачаў «Go Social» – падкаст пра актуальныя грамадскія праблемы і спосабы іх вырашэння. У падкасце будуць удзельнічаць эксперты і эксперткі ў сферах экалогіі, адукацыі, культуры, навукі, бізнэсу і IT.

 

 

Першы эпізод «Go Social» прысвечаны працаўладкаванню людзей з інваліднасцю і інклюзіі ў Беларусі. Сваёй гісторыяй падзялілася Кацярына Філанец, кіраўніца арганізацыі «Даўн сіндром. Інклюзія», мама дзяўчынкі-падлетка, якую называюць першай мадэллю з сіндромам Даўна ў Беларусі, і Дзмітрый Багданаў, заснавальнік пякарні «Добрае печыва». З выпуску можна даведацца пра льготы для прадпрыемстваў, якія наймаюць людзей з інваліднасцю, а таксама пра асабісты досвед Ганны Яшынай, дзяўчыны з ДЦП, якая мае багаты вопыт працы ў розных арганізацыях.

Падкаст вядуць Алеся Песенка, PR-спецыялістка конкурсу, і Таня Траяновіч, каардынатарка праектаў Social Weekend. Яго можна паслухаць на пляцоўках Яндэкс.Музыка, Apple Podcasts і ў тэлеграме. Новыя выпускі будуць выходзіць раз на два тыдні.

 

Таня Траяновіч, сувядоўца падкасту, каардынатарка праектаў SW

«Мы запусцілі падкаст для таго, каб падтрымліваць і развіваць супольнасць Social Weekend – яго ўдзельнікаў, выпускнікоў, мецэнатаў, спікераў, журы – каля 4000 чалавек. Мы хочам нагадаць беларусам аб тым, якія праекты конкурсу яшчэ існуюць, знаёміць іх адно з адным і слухаць меркаванні пра сацыяльныя праблемы. Да таго ж праз падкаст мы хочам залучыць новых аўтараў сацыяльных стартапаў альбо людзей, якія пакуль што маюць толькі ідэю праекта, але не ведаюць, як яе рэалізаваць».

Каб стаць героем(-іняй) падкасту і распавесці пра свой грамадскі праект, пішы на пошту napishi.sw@gmail.com.