Наталля Халанская

  • 09.07.2015
  • Аўтар: 34mag
  • 2216

Стваральніца антыкавярні «1387» у Бабруйску Наталля Халанская распавядае пра тое, як сумяшчаць сацыяльную адказнасць і грашовую стабільнасць ва ўласнай бізнэс-справе.

 

 Чым займаюцца:  антыкавярня, пляцоўка для івэнтаў і адпачынку ў Бабруйску.

 Дата заснавання:  2014 год.

 Факты:  «1387» – першая антыкавярня Бабруйска. Штомесяц яе наведвае больш за 300 чалавек. Рэгулярна ў «1387» праходзяць гульні ў «Мафію», спаборніцтвы па настолках (іх тут больш за 80) і курсы «Мова Нанова».

 З кім гутарым:  Наталля Халанская, 34 гады. Скончыла журфак БДУ, працавала журналісткай. Заснавальніца першай антыкавярні «1387» у Бабруйску.

 

Кантакты:

Сайт    FB    VK    Twitter   Instagram

 

Арыгінальная дата публікацыі – 09.07.2015. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мянялася гераіня і яе актывізм праз гады.

 

 

Гісторыя Наталлі

– Я нарадзілася ў Бабруйску, пасля паступіла ў Менск, выйшла там замуж і пражыла ў горадзе 10 гадоў, часам выязджаючы за мяжу. Потым праз розныя жыццёвыя абставіны зразумела, што трэба вяртацца назад. І вось я ў Бабруйску, і трэба нечым займацца.

Да гэтага я скончыла бізнэс-школу па спецыяльнасці «маркетолаг», а таму была ідэя пачаць свой бізнэс. Наогул у мяне НДА-шнае мінулае – я доўга актыўнічала ў «Беларускай арганізацыі працоўных жанчын», займалася тэмай жаночага прадпрымальніцтва, ладзіла мерапрыемствы па лідарстве. Там я арганізоўвала курс па развіцці сацыяльна значнага бізнэсу, такі Community Connections у беларускіх рэгіёнах – паездзіла-паглядзела знутры на тое, як працуюць розныя справы, натхнілася, прадала машыну і вырашыла зрабіць камерцыйны праект з бізнэс-планам і прыбыткам, але сацыяльна скіраваны.

«Спачатку я правяла маркетынгавае даследаванне: у Бабруйску ніхто не ведаў нават слова «антыкавярня»

Што такое «1387»?

– Спачатку я правяла маркетынгавае даследаванне: у Бабруйску ніхто не ведаў нават слова «антыкавярня». А таму, каб трошачкі падрыхтаваць рынак, за чатыры месяцы да старту я стварыла суполкі ў сацсетках і пачала распавядаць, што гэта будзе, як рыхтуецца памяшканне, што кажа гарвыканкам і калі антыкавярня адкрыецца. Каб набраць аўдыторыю, я ў сваёй кватэры пачала праводзіць артхаўсныя тусоўкі, дзе мы глядзелі аўтарскія стужкі і размаўлялі. Пасля даведалася, што Бабруйск – даволі «мафіёзны» горад, у сэнсе тут моцная тусоўка аматараў «Мафіі», і запрасіла чувакоў праводзіць гэтую гульню ў антыкавярні. Навошта вынаходзіць ровар, калі кам’юніці ўжо ёсць? Мы шчыльна сябруем і з «Мова нанова» – гэта сацыяльны бок майго бізнэсу. Ёсць яшчэ паслуга каворкінгу.

Антыкавярня называецца «1387». Год, калі Бабруйск упершыню згадваецца ў летапісе як цэнтр воласці. Мне падабаецца гэтая прывязка да часу – усё ж я тут прадаю гадзіны. Звычайна Бабруйск асацыююць з габрэямі, бабрамі і Шурай Балаганавым, а гэта ўжо задзяўбло. Нават калі людзі не даходзяць да мяне, яны цікавяцца, што гэта за дата.

 

 

«Шмат хто мне казаў: куды ты ўлазіш, тут гэта нікому не патрэбна, тут адзіная антыкавярня – гэта “чарка і шкварка”»

Што трэба, каб адкрыць антыкавярню?

– Адкрыць антыкавярню, нават з абмежаваным бюджэтам, было не вельмі цяжка. Ніхто не замінаў. У Бабруйску складана з памяшканнямі – іх шмат, але арэнда каштуе нават болей, чым у Менску, звычайна € 25 за квадрат. Я дамовілася трохі танней, але, калі еўра скокнуў, стала цяжкавата – я ж не магу падняць кошты ў два разы. Па навуцы нельга падымаць кошты больш чым на 7 % за год, інакш кліент скаціцца ў дэпрэсію. І хаця беларусы звыклыя да стрэсу, я сваіх наведнікаў берагу.

Я таксама імкнуся зрабіць антыкавярню месцам, даступным для ўсіх. У Бабруйску 600 вазочнікаў, 60 з якіх – вельмі актыўныя. Яны хочуць прымаць удзел у мерапрыемствах, але не заўсёды могуць элементарна дабрацца да паверха, на якім яно праходзіць. А зрабіць лакацыю даступнай – гэта ж амаль нічога не каштуе, калі ўсё прадумаць: арэндаваць плошчу на першым паверсе, зрабіць пандус і поручні ў прыбіральні.

 

 

Чым жыве моладзь у Бабруйску?

– Да мяне прыходзяць маладыя людзі 23-30 гадоў, якія ўжо скончылі ўніверы ў Менску, Магілёве ці тут і вярнуліся – адпрацоўваць размеркаванне аб проста дамоў.

Чым жыве зараз бабруйская моладзь, мне сказаць цяжка – я не хаджу па клубах і мясцовых кафэхах. Большасць маладых людзей курсуе па маршруце праца-дом, вечарам нават на вуліцы нікога не сустрэнеш. Але жыццё ёсць: нядаўна адкрыўся эскейп-рум, ёсць Encounter, «Мазгабойня», які ў нас не зусім паб-квіз, бо праходзіць у маім безалкагольным антыкафэ.

У Бабруйску хапае актыўнай моладзі, праходзіць шмат сацыяльных акцый – для тых жа вазочнікаў, дзетак-сірот. Але наша праблема ў тым, што ніхто гэтага не паказвае – робяць сабе ціхенька ў куточку, а публічнасць на нулі. Вось калі я стала казаць пра сябе і сваю дзейнасць, дык актывісты трохі пачалі «адтайваць», распавядаць і пра свае справы.

«Па навуцы нельга падымаць кошты больш чым на 7% за год, інакш кліент скаціцца ў дэпрэсію. І хаця беларусы звыклыя да стрэсу, я сваіх наведнікаў берагу»

Чаму вярнуцца – гэта не фэйл

– Людзі, якія ведалі мяне, калі я жыла ў Менску, пастаянна пытаюцца – чаму вярнулася? Маўляў, «я б ужо ніколі не паехаў у Бабруйск». Яны ўспрымаюць гэта як фэйл, нібыта жыццё не склалася. Але я наўмысна сюды ехала, каб стварыць нешта сапраўднае, сваё, карыснае. Бо не істотна, дзе ты жывеш, – важна, што ты робіш і хто вакол цябе. А цікавых людзей шмат і ў Бабруйску. Многія мне казалі: куды ты ўлазіш, тут гэта нікому не патрэбна, тут адзіная антыкавярня – гэта «чарка і шкварка». А я глядзела на іх і думала – ну навошта сябе прыніжаць?

 

Тэкст: Nasta _Eroha
Фота by Таня Капiтонава