«Хочацца жыць звычайным жыццём». Два шчырыя маналогі жонак палітвязняў

Сёння цяжка знайсці беларуса, чый (чыя) сваяк(-чка) або знаёмы(-ая) не пабываў(-ла) бы на «сутках». Трагічна расце і колькасць людзей, якіх судзяць або збіраюцца судзіць па крымінальных артыкулах. Іх жонкі месяцамі жывуць ва ўмовах нявызначанасці, радуючыся любой вестачцы, іх дзеці растуць, іх сябры сівеюць. Мы вырашылі пагаварыць пра гэты бязлітасны час з Вольгай Севярынец і Янай Смаляга.

 

Муж Вольгі – Павел Севярынец – палітычны лідар са стажам. У 2005 годзе яго абвінавацілі ў арганізацыі пратэстаў супраць балатавання Лукашэнкі на трэці тэрмін, асудзілі на тры гады і адправілі на лесанарыхтоўкі ў Полацкі раён, дзе ён прапрацаваў да амністыі два гады, адначасна напісаўшы кнігу «Лісты з лесу». У ноч пасля Плошчы-2010 Севярынца таксама затрымалі. Павел прабыў у ПУАТ-7 в. Купліна да 19 кастрычніка 2013 года, напісаў пра гэта кнігу «Беларуская глыбіня». У 2020-м Севярынца арыштавалі зноў і не адпускаюць з 7 чэрвеня. Спачатку яму прысудзілі 15 адміністрацыйных сутак, але да іх дадаваліся ўсё новыя і новыя тэрміны, а ў жніўні супраць яго распачалі крымінальную справу. Суд па гэтай справе ўсё яшчэ не адбыўся. Паўла трымаюць у СІЗА на Валадарскага.

Муж Яны – Лявон Халатран – мае да палітыкі вельмі ўскоснае стаўленне: уладальнік бара Ruin Bar OK16, ён падтрымаў вылучэнне Віктара Бабарыка на пасаду прэзідэнта Беларусі і стаў валанцёрам у шматлікім штабе папулярнага ў творчай тусоўцы кандыдата. Супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі Лявона 11 жніўня, моцна збіўшы. За час утрымання пад вартай яму змянілі абвінавачванне з аднаго артыкула КК на іншы. 9 лютага пачаўся суд. Пры гэтым адвакат Лявона паказвае на безгрунтоўнасць абвінавачвання, складзенага такім чынам, што «зразумець яго сэнс практычна немагчыма». Халатран таксама знаходзіцца ў СІЗА-1.

 

 

Вольга Севярынец

выкладчыца польскай мовы, кіраўніца хрысціянскай інтэрнэт-крамы kroplia.by

– Дзеля сына Францішка я стараюся, каб наша жыццё выглядала максімальна звычайна. Мы ходзім у госці, сустракаемся з сябрамі, наведваем кавярні. Тата – пастаянная частка нашага жыцця. Я штосьці распавядаю Францішку пра яго, ён адкрывае са мной лісты ад таты. Паша піша яму асобныя лісточкі, казкі. Думаю, напісанне казак неяк адцягвае яго ад турэмнага побыту, дапамагае справіцца. Здзіўляюся, наколькі ўважліва Францішак слухае гэтыя лісты – проста затаіўшы дыханне.

Зараз лісты ад Пашы даходзяць добра, няма на што скардзіцца. На святы хадзілі кепска, здаецца, атрымалі адзін ліст за месяц. Калі доўгі час нічога не атрымлівалі, пачувалася неяк складана. Прызвычаіліся да таго, што і яму, і мне ёсць нейкая падтрымка праз лісты, і, калі іх няма, пачынаеш хвалявацца.

Гледзячы па лістах, Паша заўсёды ў добрым настроі. Адвакатка таксама кажа, што ён вельмі бадзёра выглядае і добра трымаецца. Толькі аднойчы ад яго прыйшоў такі ліст, што проста да раны прыкласці: Паша пісаў, што ўсё добра, але ён вельмі сумуе без Францішка і без мяне. А так ён настроіўся, што будзе сядзець, і сядзець даволі доўга. Стараецца працаваць з тым, што ёсць, наладзіць побыт і не марнаваць часу.

Павел заўсёды кажа, што трэба рыхтавацца да горшага, а калі ўсё будзе добра, гэта стане такім прыемным сюрпрызам. Ён не адмаўляе таго, што змены адбудуцца, але, магчыма, адчувае, што гэта здарыцца не так хутка, як мы думаем.

З кожным днём забываюцца нейкія клопаты і недагаворкі, якія бываюць у кожнага ў стасунках. Пачынаеш па-іншаму глядзець на свайго мужа, а яшчэ адкрываюцца вочы на свае паводзіны – вельмі добра бачыш, дзе ты сябе паводзіў не вельмі прыгожа. Ёсць адчуванне, што, калі Паша зараз вернецца, гэта будзе падобна да першых дзён пасля шлюбу: калі ты толькі пачынаеш жыць з чалавекам і пакуль не надта добра ведаеш яго ў паводзінах, у побытавых рэчах. Па адчуванні шчасця гэта таксама будзе падобна да мядовага месяца.

 

«Пачынаеш па-іншаму глядзець на свайго мужа, а яшчэ адкрываюцца вочы на свае паводзіны»

 

Асабіста ў мяне зараз цяжкі перыяд. Я стала губляць надзею, што ў хуткім часе ўсё скончыцца. Застаецца толькі спадзявацца на Бога. Вельмі шмат працую з сабой у гэтым кірунку, шмат разважаю, слухаю пропаведзі. Прыйшла да высновы, што ў дадзенай сітуацыі мне дапамагае трымацца толькі вера. Інакш прыходзіць роспач.

Ёсць вялікая падтрымка ад людзей. На святы мы атрымалі шмат падарункаў ад знаёмых і незнаёмых, на дзень народзінаў пачула столькі добрых, прыемных словаў. Мне цяжка праз тое, што я вельмі сумую па мужу, па іншых прычынах няма на што скардзіцца. Таксама сумую праз тое, што Францішак расце без таты. Прайшло ўжо сем месяцаў – за гэты час Паша мог бы столькі ў яго ўкласці!

Дзеці ставяцца да ўсіх падзей трохі па-іншаму. Францішку зараз тры гады, і ён, як я бачу, робіцца больш запатрабавальны. Часам з раздражненнем пачынае пытацца: «Мама, дзе тата?» Кажу яму, што тата вернецца, і ён зноў пытае: «Калі тата вернецца, зрэшты, дзе ён?» Магчыма, ён проста капіруе мой стан. Кажа, што мама плакала, таму што таты няма, супакойвае мяне, прапануе нешта разам парабіць. Стараюся не перакладаць на Францішка свой смутак, але кажу яму праўду, каб ён ведаў, чаму мама ў такім стане, і не думаў, што я плачу праз яго. Бачу, што ён абсалютна нармальна сябе ва ўсім гэтым адчувае, бо разумее прычынна-выніковыя сувязі. Думаю, зрабіла правільны выбар, што распавядаю яму пра ўсё.

Ёсць ідэя зрабіць для Пашы падарунак – сайт, на якім будзе сабраная інфармацыя пра яго кнігі. Кніг ужо 12, пра іх часта з’яўляюцца водгукі, але цяжка знайсці ўсе дадзеныя пра іх на адным рэсурсе. Зробім на сайце лічыльнік, колькі кніг было прададзена і якія ў кніг былі наклады, Пашавы кнігі добра прадаюцца.

Мінулы год навучыў мяне шанаваць тое, што ты маеш: сваю сям’ю, звычайную магчымасць паесці разам, паразмаўляць і паглядзець вечарам фільм. Для мяне зараз зрабіць гэта ўсё з Пашам – штосьці з разраду цудаў. А так ты прызвычайваешся да ўсяго. Як сказала мне сяброўка: «Каб усё было добра, проста трэба зрабіць, каб усё было кепска, а пасля вярнуць як было». Зараз гэтае «вярнуць усё, як было» – самае каштоўнае для мяне, што можа быць.

Гэты час навучыў мяне менш хвалявацца, разумець, што мы ўвогуле мала што ў жыцці кантралюем. Калі казаць пра духоўнае, я навучылася больш давяраць Богу, разумець, што калі Бог правёў мяне праз жыццёвыя турботы да гэтага моманту, то і далей усё павінна быць добра. Проста трэба прайсці гэты шлях.

 

 

Яна Смаляга

aka Iva Sativa, спявачка

– Апошнім часам было цяжкавата пісаць Лявону лісты. Як толькі даведалася дату суда, перастала гэта рабіць – чакала пасяджэння. Лісты і ў цэлым пісаць няпроста, людзі адвыклі гэта рабіць. Я проста апісваю ўсё тое, што адбылося ў мяне за апошні дзень ці два. Галоўнае – пачаць. На адзін ліст у мяне сыходзіць не менш за гадзіну, а то і дзве-тры, гэты занятак патрабуе часу і канцэнтрацыі.

Лістамі не надта балуюць. У канцы года некалькі тыдняў наогул нічога не прыходзіла, бо ў СІЗА хварэлі цэнзары. Але раз на тыдзень Лявона абавязкова наведвае адвакат, таму ў нас была хоць бы такая маленечкая сувязь.

Лявон трохі ў шоку ад абсурднасці таго, што адбываецца. У адным з апошніх лістоў ён пісаў: нават цікава, што будзе далей. Лявона абвінавачваюць ва ўдзеле ў мітынгу, хоць ён не выходзіў на вуліцу ні 9, ні 10 жніўня. Пры гэтым мы разумеем, што яго прызнаюць вінаватым, і нейкае пакаранне будзе. Лявон перажывае, прасіў перадаць яму супакаяльнае. Купіла, але праз адваката Лявон паведаміў, што супакаяльнае не дапамагае. А так ён вельмі добра трымаецца.

Калі Лявон стаў валанцёрам штаба Бабарыкі, я не разумела, чаго баяцца. Мы разглядалі розныя варыянты, варыянт затрымання прамаўлялі таксама, але сур'ёзна пра яго не думалі. Акрамя таго, можна ж па-рознаму затрымаць: на трое, на дзесяць сутак. Не разлічвала, што яго будуць ўтрымліваць больш за тры месяцы.

Калі я даведалася дату суда, стала крыху прасцей. Чакаю прысуду і разлічваю хоць бы на «хімію», тады муж зможа камунікаваць з дзіцем. Калі яго затрымалі, да апошняга старалася не панікаваць. Хоць было вельмі страшна, збіралася нават з'язджаць. Нейкі час шмат плакала, асабліва ўначы. Днём дзіця побач, і ты першыя месяцы з усіх сіл стараешся не даць яму зразумець, што нешта не так. Я засыпала яго падарункамі.

 

«Зразумела, што шмат з чым здольная справіцца сама. Але без Лявона ўсё роўна нікуды не падзецца»

 

Людзі адзначаюць, што я добра трымаюся. Вельмі дапамагае чалавечая падтрымка: і ад знаёмых, і ад людзей, якіх я не ведаю і наўрад ці калісьці даведаюся. Разумееш, што ты не адзін у сваім горы. Яшчэ я займаюся творчасцю, таму нейкія дасягненні ў гэтай сферы таксама мяне падтрымлівалі. За той час, пакуль муж у турме, у мяне выйшла дзве кампазіцыі. Але зараз такі перыяд, што не адчуваю ні асаблівай радасці, ні, наадварот, суму.

Ведаю, што шмат каму не даюць спатканні, але ў нас было адразу два, праўда, вельмі хуткія. Пасля першага муж мне пісаў у лісце: «дзіўна адвыкаць ад блізкіх людзей». Я настройвалася на тое, што мне трэба яму шмат сказаць, але першыя некалькі хвілін сустрэчы былі вельмі дзіўнымі: вочы ў падлогу, незразумелыя жэсты. Іх прыводзяць пад канвоем, а калі забіраюць, ставяць тварам да сцяны, рукі за спіну. Гэта ўсё прыгнятае, ты перажываеш. Але наўрад ці ўсё гэта глабальна паўплывала на нашы адносіны.

Мікаэль ніколі не расставаўся з Лявонам больш чым на тыдзень-паўтары. Таму я вельмі хвалявалася, што яму казаць. Кажу, што папа паехаў, а ён асабліва не задае пытанні – яшчэ маленькі, тры гады, – але сумуе. Кажа, чым мы ўсе разам зоймемся, калі тата прыедзе. Яшчэ мы ходзім з ім збіраць перадачы: тлумачу, што мы купляем нейкія рэчы для таты, таму што там, дзе ён цяпер, у яго няма магчымасці ўсё гэта купіць. Першае час я купляла сыну нейкія цацкі і кніжкі «ад таты». На Новы год людзі ўручылі нам шмат падарункаў, усё гэта таксама было быццам ад таты.

Лявон з самага пачатку пісаў сыну простыя і мілыя казкі: пра дыназаўраў, льва. Дасылаў у лісце арыгамі. Яшчэ ён зрабіў карту нашага раёна з машынкай, якая ездзіць па дарозе. У іх там няма нажніц, але ўсё гэта неяк выразана. Карацей, праявіў фантазію па поўнай праграме, хоць, калі шчыра, гэта больш ацаніла я. Сын пагуляў, але рэчы зробленыя з паперы недаўгавечныя.

Разлічваю забраць Лявона з залы суда. Хачу купіць яму ежы з «Макдональдса».

За гэтыя месяцы зразумела, што шмат з чым здольная справіцца сама. Але без Лявона ўсё роўна нікуды не падзецца, і цяпер мяне вельмі падтрымліваюць яго сябры і бізнэс-партнёры. Лепш, калі ўсе дома, таму што вельмі цяжка ўсё ўзвальваць на свае плечы. Мы з мужам – два паўнапраўныя бацькі, я магу цалкам на яго пакласціся ва ўсім, што тычыцца дзіцяці. У нас няма такога, што мама займаецца сынам, а тата зарабляе грошыкі. І цяпер мне было складана ўсё ўзяць на сябе, наогул не разумею, як жывуць маці-адзіночкі. Хоць, магчыма, я проста не збаўляю тэмп, спрабую даць сыну як мага больш. Хочацца жыць звычайным жыццём.

 

Фота: з сямейных альбомаў гераінь, palasatka, Наша Нiва