Макс Корж выступіць на стадыёне «Дынама»

  • 13.11.2018
  • 4185

Першы вялікі «стадыённік» на новым «Дынама» дасць Макс Корж. «Менск уан лаў!»

Макс Корж працягвае падтрымліваць графік «Канцэрт у Менску раз на 2 гады». Мінулым разам ён выступаў у сталіцы летась, калі сабраў поўную «Менск-Арэну». Далей – больш. 24 жніўня 2019 Макс выступіць на менскім стадыёне «Дынама», які адкрыўся пасля рэканструкцыі сёлета.

 Чаму гэта крута: 

1. Першы «стадыённік» на новым «Дынама» дасць беларус!

2. Здаецца, «Малый повзрослел», «Стилёво» і «Жить в кайф» будзе чуць увесь горад.

3. Корж працягвае расці: да гэтага яму скарыліся Палац спорту і «Менск-Арэна». Апошнюю, акрамя яго, ужо збіраў Сяргей Міхалок у складзе Brutto, а ў траўні там выступіць «ЛСП».

 

 

Да гэтага стадыённыя канцэрты ў Менску давалі толькі сусветныя зоркі – у тым ліку A-Ha і The Prodigy – і група «Кино»: апошні менскі канцэрт Цоя прайшоў там у 1989 годзе.

Магчыма, Макс стане не першым беларусам, які даў канцэрт на абноўленым «Дынама»: у ліпені там вельмі хоча выступіць Аляксандр Саладуха. Праўда, наўрад ці эстрадны мэтр прэтэндуе на тую ж наведвальнасць, што і Корж.

Афіцыйную інфармацыю пра канцэртную змяшчальнасць «Дынама» знайсці не ўдалося, але па самых сціплых падліках Макс збярэ мінімум 25 тысяч чалавек. Максімум – 30 з невялікім тысяч.

Пакуль што даступныя квіткі на цэнтральныя сектары і масіўны танцпол, які, мяркуючы па канфігурацыі ля білетных аператараў, зойме ўсе футбольнае поле. На сектар цана стартуе ад 38 BYN, танцпол – 48 BYN.

Спяшайся ўрваць квіток на танцпол – ты ўжо ведаеш, дзе пройдзе галоўны беларускі канцэрт 2019 года. Ды і глядзець выступ Каржа з трыбун – злачынства.