Каб любіць Беларусь
- 29.08.2019
- 8318
Напярэдадні 34travel Day – вялікага івэнту пра Беларусь і любоў да яе – рэдакцыя 34travel дзеліцца інсайтамі, якія здарыліся з ёй на прасторах радзімы.
Юля Міронава
рэдактарка 34travel
– У падарожжах па Беларусі больш за ўсё (не лічачы кавы на запраўках) я люблю дзве рэчы: прыслухоўвацца да вайбу малых гарадоў і дакранацца да руінаў. Камусьці падабаецца абдымаць дрэвы, а я прыкладаю руку да старадаўняй напаўразбуранай сцяны – і адчуваю неверагодныя плыні энергіі. Гэта складана растлумачыць. Быццам знаходзішся ў фільме з моцнымі спецэфектамі: здымка запаволеная, а потым ты кладзеш руку на старадаўні цагляны мур – і раптам падымаецца вецер, і валасы развяваюцца ва ўсе бакі, а вакол – нейкае касмічнае святло.
Нешта такое я адчуваю на Замкавай гары ў Наваградку – для мяне гэта самае сапраўднае месца сілы. Здавалася б, засталося ўсяго толькі два кавалка сцен, але ж ўсё вакол такое наэлектрызаванае! Ды і сам Навагрудак – адзін з маіх улюбёных беларускіх гарадоў. У кожным храме, кожным доме, у планіроўцы горада – усюды тут ёсць свае гісторыі, якія не распавесці за пару хвілін.
Людзям, якія ніколі не ездзілі па Беларусі, часта здаецца, быццам усе гарады ў краіне прыкладна аднолькавыя: плошча Леніна, царква, касцёл ды дом культуры. Яно i так, i зусім не.
Вось у Наваградку – дух «каралеўскага» горада, а напрыклад, Пінск – гэта ўжо зусім іншая гісторыя. Тут такі моладзевы рух, модныя месцы і людзі, закаханыя ў свой горад. Пры гэтым кожны будынак прасякнуты гісторыяй да самага падмурка. Заходзіш у музей, што змяшчаецца ў Езуіцкім калегіуме XVII стагоддзя, здзіўлена разглядаеш неслабую калекцыю жывапісу топавых беларускіх і рускіх мастакоў, а потым падымаеш галаву ўверх – а там столі-скляпенні, і гэта так прыгожа! Увесь дзень гуляеш па цэнтры горада, і амаль на кожным будынку – шыльда «Помнік архітэктуры». А зранку, калі амаль усе малыя гарады Беларусі яшчэ спяць, па галоўнай вуліцы Пінска ва ўсю моц водзяць групы польскіх турыстаў. І горда паведамляюць, што бронзавая скульптура палешука загінае палец на руцэ нездарма, а ганарлiва паведамляючы, што «па-першае, я з Пінску!». І ў кавярні «Залаты колас» ужо можна сядзець за столікам, піць каву па-пінску з агурковым сіропам і глядзець у вакно на самы прыгожы касцёл Беларусі.
А на зваротным шляху с Пiнску трэба абавязкова заехаць у Ружаны. Вядома ж, за тым, каб дакрануцца да самых магутных беларускіх руін палаца Сапегаў. І адчуць сябе ў тым самым фільме са спецэфектамі.
Я не разумею, праўда, як гэта ўсё можна не любіць. І калі хтось кажа мне, што ў Беларусі няма чаго глядзець, хутчэй за ўсё, гэта чалавек проста не быў нідзе.
Антон Кашлікаў
галоўрэд 34travel
– У кожным беларускім горадзе ёсць свой кантэкст, сэнс, загадка і фіча. Разгадваць гэта можна бясконца.
Мне падабаецца душа Іўя. Мне здаецца, там жывуць людзі спакойныя, з годнасцю, працавітыя. Як мае быць. Вакол горада ёсць свая кальцавая, у цэнтры заўсёды нейкая прыемная мітусня. Побач касцёл, храм, сінагога, трохі наводдаль – мячэць. Кожны на сваім месцы, кожны пры справе. Хочацца проста пасядзець ля вады, перакінуцца парай слоў з мясцовымі, можа, з кімсьці нават пасябраваць.
Мне падабаецца, з якой пяшчотай і любоўю жыхары Глыбокага ставяцца да свайго горада. Усе гэтыя ўтульныя лакальныя фэсты, нейкія арт-аб'екты, якія ствараюць у горадзе, свае міфы і брэнды, якія прыгожа падтрымліваюць і развіваюць. Самадастатковасць як яна ёсць. Магу памыляцца, але з боку лепш відаць, хіба не?
На родны для мяне Светлагорск я не магу глядзець з боку. Але толькі з часам зразумеў, якой прыцягальнай энергіяй валодае гэтае месца. У горадзе, пабудаваным у лесе (высеклі кавалак лесу – пабудавалі мікрараён, потым яшчэ), абавязаны жыць партызаны. Светлагорцы – стоадсоткава партызаны. Паспрабуй яшчэ зразумець, што ў іх у галаве. Жартаваць з імі я б не раіў. Калі толькі па-добраму.
Маша Гуліна
рэдактарка 34travel
– Балота – гэта беларускі космас. Гэта не чорная дрыгва, а такі яркі зялёны, якога ты не пабачыш ні ў адным лесе (абяцаю: фільтры для фотаздымкаў у інстаграм тут не спатрэбяцца). Гэта самае чыстае паветра. Самая дзіўная расліна – расянка, якая выглядае як той касмічны прыхадзень. Самыя смачныя журавіны – тыя, што ты збіраеш сваёй рукой, ледзь не звальваючыся з насціла экасцежкі. Самыя цёплыя і цёмныя азёры (іх тут 118, каб быць дакладнай), у якіх ты будзеш плаваць, стараючыся не дакрануцца нагой да дна, а над табою будуць лётаць чайкі і, здаецца, зараз вылавяць цябе з гэтага возера – відаць, недзе побач іх гняздо. А ўвосень на чырвона-памяранцавае балота прылятаюць тысячы жураўлёў.
Ельня – адно за найбуйнейшых верхавых балот у Еўропе. Яму больш за 9000 год. Калі апускаеш ногі ў мох – час спыняецца. Ельня гайдае цябе пяшчотней за дзіцячую калыску. Гэта лепшае месца, каб любіць родную прыроду. Ну і, канешне, выдатная нагода выгуляць гумовыя боты.
Кася Сырамалот
арт-дырэктар 34travel
– Усё пачыналася з падарожжаў па Беларусі з бацькамі. Любоў да некаторых мясцінаў перадалася спачатку ад іх. Калі табе дзесяць, расповеды пра залатыя скульптуры ў Нясвіжы і чорную панну ў парку – заварожваюць і надоўга пасяляюцца ў тваёй фантазіі.
І вось праз пару дзесяткаў гадоў я не магу не любіць самы чароўны парк у Беларусі, які знаходзіцца ў Нясвіжы, і не магу ўстрымацца, каб часам у выходныя не вырвацца вечарам, проста каб там пагуляць.
Другі чароўны парк знаходзіцца ў Залессі, так званых «Паўночных Афінах» Беларусі. Месца, дзе, здаецца, кожная галінка на ветры гучыць паланэзам Агінскага «Развітанне з Радзімай», які насамрэч быў прысвечаны сустрэчы з Радзімай і які ледзь не стаў гімнам Беларусі. У Залессі ўсё адпавядае добраму густу гаспадароў сядзібы – вельмі адукаванага роду Агінскіх. Магчыма таму адтуль проста не хочацца з’язжаць.
Мне падабаюцца месцы, якія ахутаны гісторыямі. Пра кожнае з такіх зняла б фільм. Адно з такіх месцаў – гэта Ракаў, які калісьці быў памежным горадам. Горад кантрабандыстаў, вірлівай ракі Іслач побач, а таксама сплаў культур. Калі трапляю ў Ракаў, у мяне заўсёды адчуванне, што знаходжуся недзе паміж радкоў песень «Народнага Альбому» і вунь з той хаты праз хвілінку выйдзе настаўнік Рагойша, нібыта азіраючыся. А пасля трэба падыйсці да касцёла, адтуль – прагуляцца ў лес па мастку, сярод разнатраўя. І сустрэць захад сонца, якое адбіваецца ў вокнах касцёла і робіць мястэчка яшчэ больш магічным.
Аляксандра Мурашка
дызайнерка 34travel
– Я нарадзілася і 24 гадкі пражыла ў Менску, для мяне кожная вылазка за МКАД – прыгода, а кожны новы гарадок – важнае падарожжа. Гэтым летам зганяла ў Слонім і прывезла адтуль каштоўнае веданне: калі хочаш выведаць штосьці крутое – го Ў Слонім. Ён па-добраму местачковы і па беларускіх мерках вельмі старажытны. Там захавалася аўтэнтычная планіроўка, а з ёй – маленькія вулачкі, камерныя двары і флёр заходніх правінцый. Стаіш у цэнтры горада, а вакол гронкамі навісаюць касцёлы барочныя, у парку мерна цячэ канал Агінскага, сэрца напаўняецца пяшчотай – і цяжка сказаць чаму. Галоўны культурны хайлайт – гэта, вядома, сінагога, ты напэўна пра яе чуў (-ла). Цяпер яна зачыненая і наогул знаходзіцца ў даволі сумным стане, але выглядае ўсё роўна сурова і горда, як сапраўдная фартэцыя. Мясцовыя кажуць, можна нават залезці ўнутр, але я пакуль не такая дзёрзкая сталкерша. Непадалёк на плошчы стаіць Ленін і паказвае каменнай лапішчай прама на царкву – гэта абсурд і галоўны мясцовы мем.
У пары кіламетраў ад горада ёсць сапраўдная жамчужына, пра якую наогул мала хто ведае, – сядзіба «Альберцін». Там двіж наводзілі князі Пуслоўскія – і рабілі гэта з густам. Адрэстаўравалі будынкі таксама з густам: перарабілі ў спартыўны клуб, нешта пафарбавалі ў зялёненькі, дзесьці наляпілі барэльефаў са спартоўцамі, побач усталявалі страшную статую футбаліста – але ўвесь гэты сюр не раздражняе, а нават замілоўвае.
Апынулася, што бачыць крутое прама пад носам – гэта навык, які можна натрэніраваць. Пакуль яшчэ цёпла, зладзь сабе які-небудзь лакальны трэвел-вопыт, хот-догаў на запраўцы пад'еш. Знайдзі сваё месца сілы і сваю Беларусь – спакойную, ганарлівую, глыбокую, вельмі прыгожую. У мяне яна такая.
34travel Day: Go to Belarus edition адбудзецца 7 верасня ў культ. цэнтры «Корпус» пры падтрымцы A1. Да панядзелка, 2 верасня, квiткi каштуюць 20 BYN.