Што такое Jagermeister Music Awards?
У 2014 годзе, калі некаторыя крытыкі выказалі ідэю канца музычнай эпохі 2000-х, некалькі бадзёрых аднадумцаў з маскоўскага крэатыўнага агенцтва Stereotactic зразумелі, што ўвесь гэты кіпячы сацсеткавы булён новага пакалення трэба даставаць апалонікамі і вышукваць лепшыя інгрэдыенты.
Jagermeister Music Awards штогод узнагароджвае музыкаў, а таксама людзей, якія маюць дачыненне да музычнай індустрыі, за ўклад у развіццё сучаснай сцэны за апошні год. Намінантаў выбірае вялікая па складзе і па колькасці імёнаў экспертная рада, у якую ўваходзяць удзельнікі з усіх мажлівых музычных дзялянак. Першы рок-крытык СССР Арцемій Троіцкі, рэдактар спецкар-аддзела Meduza Аляксандр Гарбачоў, галоўрэд расійскага Rolling Stone Аляксандр Кадукоў, стваральнік пабліка «Рифмы и Панчи» Міхаіл Паньшын, саўладальнік кіеўскага Closer Сяргей Яцэнка – малая частка сёлетняга спіса. У беларускую курыю ўваходзяць Лёша Горбаш з The Flow, музычны актывіст Зміцер Безкаравайны, дыджэй і музыка Ezhi, арганізатар FSP Дзяніс Чырка і арганізатарка Mirum Music Festival Вольга Смок.
Прэмія з'явілася якраз своечасова: ужо ў 2015 годзе перасталі ўручаць «Степного волка» – і Jagermeister Music Awards засталася адзінай незалежнай прэміяй на музычнай ніве.
Як арганізавана прэмія?
Конкурс дзеліцца на дзве буйныя часткі: асноўныя намінацыі і Young Blood. У асноўныя намінацыі – сёлета гэта «Гурт года», «Сінгл года», «Відэа года», «Электроніка», «Хіп-хоп», «Рок», «DJ года», «Лэйбл года», «Падзея года » – музыканты могуць трапіць толькі дзякуючы выбару журы. Кожны з іх называе трох годных прэтэндэнтаў, далей фармуецца шорт-ліст з трох намінантаў у кожнай катэгорыі, і ў фінале яны ўжо большасцю галасоў выбіраюць the best of the best.
Асноўнае поле бітвы, дзе можа паўдзельнічаць кожная група ці артыст, – гэта конкурс для пачаткоўцаў Young Blood. Калі раней прэмія была скіраваная менавіта на расійскіх музыкаў, то ў гэтым годзе за прыз прапануюць пазмагацца таксама калектывам з Беларусі, Украіны і Казахстана.
Як падаць заяўку на Young Blood?
15 верасня стартаваў прыём заявак, які працягнецца да 9 кастрычніка. Зарэгістравацца і загрузіць свой лепшы трэк можна тут. Далей усё залежыць ад цябе, тваёй фанбазы і шанцавання. Пасля рэгістрацыі трубі прыхільнікам пра тое, што ўдзельнічаеш у модным конкурсе, і прапануй за цябе галасаваць. 20 удзельнікаў (па пяць з кожнай краіны), якія набяруць большасць галасоў, працягнуць змагацца ў другім этапе галасавання. Арганізатары дадаткова выберуць яшчэ 36 і адправяць увесь шорт-ліст з 56 фіналістаў на суд журы.
Далей ідуць некалькі паралельных гісторый. Журы калегіяльна выберуць пераможцу з гэтага пула і ўручаць яму гран-пры. Заўзятары прагаласуюць за чатырох пераможцаў з кожнай краіны, якія атрымаюць прыз People's choice. Арганізатары са свайго боку ўручаць «Спецыяльны прыз».
Якія прызы?
Пераможцу з Young Blood па версіі экспертаў арганізатары здымуць кліп. Чатыры пераможцы па версіі заўзятараў атрымаюць сертыфікаты на 100 тысяч рублёў (~ $ 1740) на куплю музычнага абсталявання. Тыя, хто больш за ўсё спадабаецца арганізатарам, адправяцца ў канцэртны тур за іх кошт.
Чым гэта ўсё скончыцца?
Праз 10 дзён пасля завяршэння прыёму заявак арганізатары апублікуюць шорт-ліст і адкрыюць галасаванне фінальнага этапу. З 19 кастрычніка па 9 лістапада заўзятары і журы вызначацца са сваім выбарам. Фінальны акт прэміі – цырымонія ўзнагароджання ў лістападзе, на якой будуць абвешчаныя ўсе пераможцы.
Як патрапіць на цырымонію ўзнагароджання?
Звычайна цырымонія ўзнагароджання – гэта цэлае культурная падзея. У папярэднія гады ўзнагароджанне праходзіла ў вялікіх заводскіх памяшканнях суправаджалася выступленнямі як намінантаў і членаў журы, так і запрошаных зорак. У 2016-м, напрыклад, прыязджалі нямецкі рэпер Azizi Gibson і ганскі класік афрабіту Ata Kak. Калі ты хочаш трапіць на прэмію, трэба актыўна галасаваць, рабіць рэпосты і ўсяляк прасоўваць івэнт – за гэта арганізатары налічваюць балы. Па выніку сярод тых, хто набраў больш за ўсё балаў, будуць разыграны запрашальныя.
Хто выйграваў раней?
У першы год узнагароды раздалі «СБПЧ», «Муджусу» і «Кровостоку», у намінацыі Young Blood выйгралі Oligarkh, 1/2 Orchestra і Sounds of Sputnik. У 2015-м шчасліўчыкамі сталі 5'Nizza, Pompeya, Pinkshinyultrablast, The Jack Wood, ізноў «Кровосток» і зноў Mujuice. «Маладой крывёю» прэмію напоўнілі Hann With Gun, Sirotkin і Pale Crow. У 2016-м арганізатары нарэшце перасталі ўзнагароджваць сталых артыстаў і звярнуліся да сучасных «айсбрэйкераў»: Glintshake, «Грыбы», Kedr Livanskiy, Oxxxymiron і Tesla Boy – леташнія прыгажунчыкі. Young Blood узялі Angelic Milk, Woodju і Bumble Beezy.
Чым яшчэ займаюцца арганізатары?
Крэатыўнае агенцтва Stereotactic вядомае арганізацый канцэрту «Грибов», фэсту Outline, стварэннем часовых арт-прастор «ЭМА» і «Кругозор» ды іншымі карыснымі заварушкамі. Jagermeister у 2014 годзе стварыў медыйны рэсурс Jagervibes, які ўсяляк падтрымлівае субкультурны рух у гарадах Расіі, а з нядаўніх часоў і ў Менску, дзе пры яго ўдзеле ў канцы верасня пройдзе, напрыклад, электронны фестываль 375 Festival.
Падаць заяўку на ўдзел у прэміі можна тут. Дэдлайн – 9 кастрычніка.
ООО «СТЕРЕОТАКТИК»
ИНН 7720720340
Встречай весну с симпатичным альбомом поп-акустики.
Дакладная і празрыстая інфармацыя пра кампанію.
Кароткі мануал пра тое, як не накасячыць у сваім міксе і пабудаваць прыгожую музычную гісторыю.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.