Ілля Карусейчык
- 04.07.2016
- 4300
Фізік і адзін з актыўных удзельнікаў клуба Student Network Ілля Карусейчык распавёў 34mag пра тое, як у сучасных умовах можна дапаўняць і змяняць сістэму адукацыі ў адпаведнасці з патрэбамі студэнтаў і патрабаваннямі Балонскага працэсу.
Герой: Ілля Карусейчык, 24 гады, скончыў фізічны факультэт БДУ, аспірант, працуе ў Цэнтры квантавай оптыкі і квантавай інфарматыкі Інстытута фізікі НАН.
Чым займаецца: арганізацыя лекцый, трэнінгаў і школ для студэнтаў.
VK Student Network FB EPS Young Minds Minsk
Арыгінальная дата публікацыі – 04.07.2016. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мяняўся герой і яго актывізм праз гады.
– Мае першыя чатыры гады ў БДУ прайшлі міма грамадскага жыцця факультэта. На пятым курсе нечакана прыйшло разуменне: «Атрымаю дыплом – і нічога пасля сябе не пакіну». Таму захацелася дапамагчы згладзіць некаторыя моманты для тых, хто толькі пачынае вучыцца. Так нарадзілася ідэя стварыць пляцоўку для клубаў і лекцый, дзе можна, з аднаго боку, атрымаць нейкія карысныя навыкі, а з другога – падзяліцца сваім вопытам з іншымі студэнтамі. Мы імкнемся даць веды, якіх людзі не змаглі атрымаць ва ўніверсітэце.
Гісторыя Student Network пачалася са Student English Club. Спачатку збіраліся невялічкай сяброўскай кампаніяй, прыносілі настольныя гульні, пілі гарбату і, само сабою, практыкаваліся размаўляць. З часам стала зразумела, што з 10 чалавек прыйсці можа 2, і трэба пашырацца, уключаць у гэтую справу больш людзей. У выніку зрабілі суполку ВК і павесілі аб'явы па факультэтах.
«На пятым курсе нечакана прыйшло разуменне: “Атрымаю дыплом – і нічога пасля сябе не пакіну”»
«Калі студэнт асабліва не ўнікаў, ён будзе думаць, што трапіць на вучобу за мяжу можа толькі вундэркінд»
На першы сход Student Network у кастрычніку 2015 года прыйшлі каля каля 30-40 чалавек. Рабяты пачалі ладзіць своеасаблівыя лекцыі на розныя тэмы: ад нестандартных метадаў вывучэння мовы і тыповых памылак да правіл складання афіцыйных лістоў на ангельскай. Праз некаторы час яны запусцілі клуб дэбатаў на ангельскай мове, каб пракачваць soft skills. У снежні 2015-га ўдзельнікі клубу сустрэліся з паслом Вялікабрытаніі Брусам Бакнелам. Мерапрыемства праходзіла на фізфаку, прыйшлі больш за 100 чалавек.
– Мы зразумелі, што ёсць прафесійныя вобласці, дзе студэнтам не хапае кампетэнцыі. Патэлефанаваць кудысьці і папрасіць правесці канкрэтнае мерапрыемства даволі складана. Таму вырашылі дзейнічаць іншым шляхам: сваімі сіламі фармаваць клубы, займацца разавымі лекцыямі і семінарамі. Ідэя арганізоўваць што-небудзь «знізу» не самая дрэнная. Студэнты ведаюць, што ім трэба, як зрабіць усё нясумна і без лішняга афіцыёзу.
Аднойчы мы атрымалі дакор на свой адрас: «Вы не представляете всех студентов». Але ў нас няма мэты выказаць меркаванне абсалютнай большасці. Калі ёсць 10–20 чалавек, якія цікавяцца пэўнай тэмай, – выдатна, можна рабіць лекцыю. Людзі галасуюць удзелам.
Адным з галоўных стартавых праектаў Student Network стала арганізацыя конкурсу эсэ «Пути совершенствования высшего образования в РБ». Пераможцы атрымалі магчымасць з'ездзіць у Віленскі ўніверсітэт і пазнаёміцца з мясцовым студэнцкім самакіраваннем.
– Мы знайшлі неабыякавых людзей і пачулі шмат крутых ідэй. Конкурс прайшоў досыць паспяхова, было больш за 60 заявак з розных ВНУ, прадстаўлена безліч факультэтаў. Такія рэчы складана ацэньваць, але ў нас была свая сістэма налічэння балаў – актуальнасць, падрабязнасць вырашэння праблемы, магчымасць ажыццяўлення.
Само заданне на конкурс мы стараліся сфармуляваць так, каб не было занадта глабальных разважанняў, а-ля «нам патрэбна аўтаномнасць універсітэтаў». Напрыклад, цалкам жыццяздольны праект – зрабіць аўдыяпадручнікі для людзей са слабым зрокам.
У дадатак да гэтага на пастаяннай аснове дзейнічае клуб экскурсаводаў «Сдвиг». Ён узнік у Інстытуце спорту і турызму. Тым, хто жадае стаць экскурсаводам, часта не хапае практыкі. Клуб дае ім магчымасць праявіць сябе не толькі ў тэорыі.
Нас аб'ядноўвае любоў да Балонскага працэсу. На ўсіх мерапрыемствах імкнемся даць трохі інфармацыі на гэты конт. На тым жа конкурсе эсэ мы пастараліся так сфармуляваць пытанне, каб студэнты самі пачыталі і разабраліся, склалі меркаванне, падумалі над перспектывамі.
Мы не ставім сваю арганізацыю ў апазіцыю ўніверсітэту. Наадварот, адна з галоўных ідэй – максімальна блізкае супрацоўніцтва з адміністрацыяй. Але пры тым важна заставацца незалежнымі, і ўжо гэты момант выклікае насцярожанасць зверху.
«Нас аб'ядноўвае любоў да Балонскага працэсу. На ўсіх мерапрыемствах імкнемся даць трохі інфармацыі на гэты конт»
Ёсць ініцыятывы, якія пачыналі падобную дзейнасць, а ў выніку аддаліліся ад студэнтаў і ўніверсітэцкага жыцця. Зараз іх праца разлічана на заведама актыўных людзей, якія самастойна знаходзяць падобныя арганізацыі і супрацоўнічаюць з імі. Але ж застаюцца і тыя, хто мала ведае аб чымсьці, акрамя пар і семінараў. Мы арыентуемся на такіх людзей.
Скажам, існуе вялікая колькасць праграм па абмене, асабліва для магістраў. Многія месцы не запаўняюцца, і пра гэта нават не ведаюць. Вядома, на Факультэце міжнародных адносін ёсць аддзел, які займаецца распаўсюджваннем інфармацыі аб гэтых стажыроўках, правядзеннем інфарматыўных лекцый. Але, зноў жа, туды прыходзяць ужо зацікаўленыя людзі.
Калі студэнт асабліва не ўнікаў, ён будзе думаць, што трапіць на вучобу за мяжу можа толькі вундэркінд. А гэта абсалютна не так. У English Club мы часта расказвалі пра падобныя магчымасці, запрашалі людзей, якія ўжо з'ездзілі куды-небудзь, – увогуле стараліся распаўсюджваць інфармацыю.
Мы не супраць кааперавання з іншымі студэнцкімі арганізацыямі, у прыватнасці замежнымі. Але наогул ідэя такая: спачатку наладзіць дзейнасць у Беларусі. Я сачу за іншымі аб'яднаннямі і часта бачу парадак, які падаецца мне няправільным: спачатку людзі піярацца за мяжой, у спробе зарабіць гранты, а потым ужо вяртаюцца на радзіму. Гэта непаслядоўна.
«Адна з галоўных ідэй – максімальна блізкае супрацоўніцтва з адміністрацыяй. Але пры тым важна заставацца незалежнымі»
...Пасля той размовы мінула два гады. Вадзіцы, зразумела, уцякло шмат. Ілля Карусейчык стаў старшынёй Савета маладых навукоўцаў аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі НАН РБ, але больш удалым варыянтам для прыкладання сваіх сіл ён лічыць Беларускае фізічнае таварыства. Не без яго ўдзелу ў БФТ вылучылася моладзевая секцыя, якая супрацоўнічае зараз з Еўрапейскім фізічным таварыствам.
– Што тычыцца Student Network, то ў 2016–2017 ён развіваўся досыць бурна: было арганізавана некалькі маштабных лекцый, фестываляў, удзельнікі таксама суарганізоўвалі і ўдзельнічалі ў чужых мерапрыемствах і фестывалях. Быў запушчаны штотыднёвы англамоўны лекторый SciFun на хімфаку БДУ (а сабраць каманду на арганізацыю штотыднёвых мерапрыемстваў – тая яшчэ задачка).
Але ў 2018-м Student Network пачала наганяць тыповая для студэнцкіх і моладзевых арганізацый праблема: студэнты і моладзь у нейкі момант перастаюць быць студэнтамі і моладдзю. І калі па частцы актыву ў клубах гэтая праблема худа-бедна вырашаецца, то знайсці чалавека для глабальнага кіравання арганізацыяй – адначасова і матываванага, і здольнага, і згоднага на гэтую ношу – аказалася задачай вельмі цяжкай. Калі табе здаецца, што ты і ёсць такі чалаве, то напішы мне на пошту ilkarusei@gmail.com.
Як бы ні было, клубы рэгулярна збіраюцца і там ёсць хоць і павольная, але ратацыя пакаленняў. Увогуле трэба адзначыць, што ўсе пачынанні не прайшлі дарма і не зніклі дзесьці ў гісторыі. Многія студэнты прайшлі праз нас і нешта зразумелі, сталі крышачку больш актыўнымі. І гэты працэс працягваецца.
Тэкст by Аліса Касмалёт
Фота by Па