Пісьменніца-пачаткоўца – пра свой пакой на Балтыцы і першы ганарар

Журналістка і маладая пісьменніца Наталька Кухарчык правяла тыдзень у Хогвартсе для тых, хто працуе са словам: яна стала ўдзельніцай літаратурнай рэзідэнцыі ў нямецкім Хэрынгсдорфе. Там Наталька пазнаёмілася з іншымі пісьменніцамі і паэткамі, папрацавала з рэдактаркамі і напісала монап’есу, за якую атрымала першы ганарар. А яшчэ Наталька пастаянна згадвала Вірджынію Вульф. Пра ўсё па парадку раскажа яна сама.

 

Як трапіць на літаратурную рэзідэнцыю

Літаратурная рэзідэнцыя – гэта спецыяльная праграма, удзельнікі і ўдзельніцы якой на некалькі дзён, тыдняў, а бывае, і месяцаў адпраўляюцца ў прыемнае месца, часта – у гарах ці побач з морам, каб без перашкод працаваць над сваімі творамі. Таксама на рэзідэнцыях могуць ладзіцца варкшопы, нэтворкінг, літаратурныя імпрэзы. Я б назвала такую практыку пісьменніцкім варкейшанам.

Каб трапіць у падобную праграму, звычайна трэба запоўніць анкету: расказаць пра свае досвед і матывацыю, прыкласці ўзоры тэкстаў ці спасылкі на публікацыі, – а потым спадзявацца і чакаць запаветны ліст з запрашэннем.

Літаратурная рэзідэнцыя ў Хэрынгсдорфе была незвычайнай. Па-першае, да ўдзелу запрашалі менавіта жанчын – гэта звязана з напрамкам дзейнасці арганізацыі Fem.Cultural Network, якая ладзіла рэзідэнцыю пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Германіі ў межах праграмы «Усходняе партнёрства». Па-другое, падавацца маглі пісьменніцы-пачаткоўцы, якія не маюць выдадзеных твораў. Такое сустракаецца рэдка. Звычайна на літаратурныя рэзідэнцыі запрашаюць тых, хто ўжо зарэкамендаваў сябе на прафесійным полі і апублікаваў праз выдавецтва хаця б адну кнігу.

 

«На маю думку, я напісала адзін з лепшых у маім жыцці матывацыйных лістоў»

 

У маім партфоліа былі журналісцкія матэрыялы для анлайн-выданняў і апавяданне, надрукаванае ў газеце. Таксама пакуль што нявыдадзеныя п’еса і мастацкія тэксты. Яшчэ, на маю думку, я напісала адзін з найлепшых у маім жыцці матывацыйных лістоў. Яго памер быў абмежаваны ўсяго трыма сказамі, таму я без вады пералічыла чаканні ад удзелу: як прафесійныя, так і асабістыя. У выніку – прайшла!

 

 

Як выглядае літаратурная рэзідэнцыя знутры

Праграма складалася з дзвюх частак. Спачатку на працягу шасці тыдняў праходзілі анлайн-варкшопы, якія вялі прафесійныя пісьменніцы і паэткі. Пад іх кіраўніцтвам разам з іншымі ўдзельніцамі мы чыталі і разбіралі мастацкія творы, абмяркоўвалі розныя літаратурныя прыёмы, слухалі парады, як працаваць з выдавецтвамі, і задавалі шмат пытанняў нашым ментаркам, каб даведацца як мага больш пра іх досвед. Таксама за гэты час удзельніцы пазнаёміліся з арганізатарамі і паміж сабой.

Другая частка праграмы праходзіла афлайн у маленькай нямецкай вёсцы Хэрынгсдорф на ўзбярэжжы Балтыйскага мора. Гэта цудоўнае месца! Са шматкіламетровымі пясчанымі пляжамі, уздоўж якіх бясконца цягнуцца сасновыя алеі. З пірсамі, на некалькі дзясяткаў метраў паглыбленымі ў мора. У сонечнае надвор’е, калі блакітнае неба зліваецца з марской гладдзю, ідзеш па драўлянай дарожцы, а адчуванне – што па вадзе. На беразе сустракаецца шмат птушак, а ў вёсцы мала людзей, бо снежань не сезон для адпачынку на Балтыцы. Але самы час для роздуму і пісьма.    

У Хэрынгсдорфе мы працягвалі вучыцца на варкшопах, ладзілі сумесныя чытанні, разбіралі свае тэксты з рэдактаркамі і працавалі над творамі для зборніка, які плануецца выдаць па выніках рэзідэнцыі.

 

 

Свой пакой

Удзельніцы жылі ў вялікім чатырохпавярховым доме пасярод лесу. У нас былі агульная кухня з даўжэзным сталом для сумеснай вячэры і вялікая ўтульная гасціная з камінам, якая магла быць каворкінгам, пакоем для лекцый, чытанняў ці пасядзелак. Але галоўнае: у кожнай з нас была ўласная спальня.

Вірджынія Вульф – англійская пісьменніца першай паловы XX стагоддзя – сцвярджала, што кожнай жанчыне, якая хоча займацца творчасцю, патрэбны свой пакой і стабільны даход, які дазволіў бы не турбавацца пра тое, як аплаціць арэнду жылля і за што купіць адзенне і ежу. Эсэ на гэтую тэму Вульф напісала амаль сто год таму, але за гэты час мала што змянілася. Людзям творчых прафесій па-ранейшаму складана ўтрымліваць сябе. А калі шмат часу сыходзіць на думкі, як забяспечыць штодзённыя патрэбы, то цяжка знайсці месца і прастору для творчасці. Таму свой пакой і ганарар за фінальны тэкст былі сапраўднымі падарункамі. Цягам тыдня я не мусіла клапаціцца пра быт і гатаванне, маёй адзінай задачай была праца над тэкстам.

Мой пакой стаў прасторай, дзе нарэшце ў мяне было шмат часу для роздуму над сюжэтам п’есы і дастаткова месца для заметак на каляровых стыкерах, якія дапамагалі мне ў напісанні. За натхненнем я, здаралася, прапускала абед ці сустракала світанак.

 

«Мой пакой стаў прасторай, дзе ў мяне было шмат часу для роздуму над сюжэтам п’есы і дастаткова месца для заметак на каляровых стыкерах»

 

Адчуванне пляча

Але мой досвед не толькі пра адзіноту, неабходную для творчасці. Яшчэ гэта пра стасаванне з людзьмі з прафесійнай сферы.

Як аўтарка, якая толькі пачынае свой шлях, час ад часу я адчуваю няўпэўненасць у сваіх пісьменніцкіх падыходах, сумненні наконт тэкстаў, неразуменне, куды і як рухацца далей. За тыдзень размоў з іншымі пачынаючымі пісьменніцамі я зразумела, што такім чынам выглядае шлях кожнай: нас турбуюць падобныя пытанні, нам сустракаюцца аднолькавыя складанасці, – а значыць, я такая не адна.

Яшчэ больш упэўненасці і падтрымкі я атрымала падчас сумесных чытанняў, калі мы з дзяўчатамі збіраліся разам і чыталі свае тэксты ўголас. Скажу шчыра: чытаць на публіку страшна, але вельмі карысна. Па-першае, тэкст аддзяляецца ад аўтара і пачынае жыць не толькі на паперы. Гэтая дыстанцыя дапамагае заўважыць моцныя і слабыя бакі твору. Па-другое, калі дзелішся тым, што пішаш, з людзьмі, якія таксама займаюцца творчасцю, то атрымліваеш шмат разумення і падтрымкі. Гэта вельмі дапамагае захаваць веру ў сябе і свой талент.

 

 

Праца з рэдактаркамі

Таксама на рэзідэнцыі ў нас была магчымасць папрацаваць з вопытнымі рэдактаркамі. Гэта яшчэ больш страшная рэч, чым чытаць свой тэкст калегам. Спачатку набіраешся смеласці, затым націскаеш кнопку «адправіць», потым чакаеш зваротнай сувязі і гадаеш, як успрыме твой тэкст прафесіяналка і ці ўвогуле ўсё напісанае не акажацца глупствам, ці нелагічным, ці дрэнна стылізаваным. Вялікі стрэс, але і крутая магчымасць атрымаць фідбэк на свой твор ад тых, хто прымае і адбірае рукапісы ў выдавецтвах.

 

«Гадаеш, як успрыме твой тэкст прафесіяналка і ці ўвогуле ўсё напісанае не акажацца глупствам»

 

Перажыўшы пакуты чакання, я засталася ў захапленні. Маім словам было аказана столькі ўвагі звонку! Пытанні рэдактарак дапамаглі прыбраць з маіх п’ес недакладнасці, дадаць у тэксты дэталі, якія зрабілі іх мацнейшымі. Упершыню ў жыцці я абмяркоўвала напісанае мной так падрабязна і да мяне ставіліся як да прафесіянальнай пісьменніцы.

Праца з рэдактаркамі паказала мне, што кніга, п’еса, зборнік вершаў – гэта камандная работа, што пасля сотняў гадзін пісьма аўтар не застаецца з творам сам-насам, што ёсць людзі, якія дапамагаюць тэксту стаць, наколькі гэта магчыма, лепшым, перад тым як ён сустрэнецца з чытачамі.

 

«Кніга, п’еса, зборнік вершаў – гэта камандная работа. Пасля сотняў гадзін пісьма аўтар не застаецца з творам сам-насам»

 

Два месяцы

Я прыехала ў Хэрынгсдорф з горада-паўмільённіка, таму розніца ва ўзроўні шумавога забруджвання адчулася адразу. У гэтым мястэчку на ўзбярэжжы Балтыкі пачынаеш чуць не толькі птушак і шум хваль, але і свае думкі так, быццам агучваеш іх уголас. Тут можна застацца ў сапраўднай цішыні, якой сёння не бывае ў вялікіх гарадах. А калі адправіцца на шпацыр пасля абеду, то на небе можна ўбачыць яркія бліскучыя зоркі, святло ад якіх не размываецца ў падсветцы дамоў, вакзалаў, аэрапортаў.

Цішыня і спакой давалі прастору і час, каб сканцэнтравацца на словах, якія збіраліся ў сказы, абзацы, а потым – у фінальны тэкст. На яго напісанне ў мяне быў тыдзень, таму я, як і некаторыя іншыя ўдзельніцы рэзідэнцыі, працавала ў тым ліку і па начах. Але гэта было прыемна – адчуваць сябе гераіняй кнігі Марыі Кунцэвічовай «Два месяцы». Гэта зборнік нон-фікшан-апавяданняў з 1930-х: пісьменніца расказвае пра рэальнае польскае мястэчка Казімеж Дольны, куды прыязджалі на вакацыі пісьменнікі, паэты, артысты, музыкі. Яны бавілі час, займаліся творчасцю, назіралі за ладам жыцця мясцовых жыхароў. І быццам тады ў ліпені-жніўні над мястэчкам з’яўляўся другі месяц, які маглі бачыць падчас начных шпацыраў мастакі.

І хоць Хэрынгсдорф не Казімеж Дольны, часам падавалася, што над ім таксама ўзыходзілі два месяцы: адзін – для людзей, якія кладуцца спаць, другі – для тых, хто працуе над тэкстамі.

 

 

А што пасля?

Я скончыла монап’есу, даслала яе рэдактарцы. Разам мы абмеркавалі тэкст і я дапрацавала яго згодна з праўкамі. Цяпер чакаю чытанняў, каб прэзентаваць свой твор на публіцы, і выдання зборніка тэкстаў, створаных удзельніцамі рэзідэнцыі. Пасля гэтага я змагу падавацца яшчэ і на праграмы для аўтараў, якія ўжо маюць публікацыі. Для мяне гэта вялікі крок наперад.

Літаратурная рэзідэнцыя ў Хэрынгсдорфе зрабіла мае тэксты бачнымі і дапамагла адчуць, што мая літаратурная творчасць – гэта праца, за якую я магу атрымаць грошы. Гэта новы ўзровень – быць пісьменніцай у прафесіі: мець свой пакой, стасавацца з тымі, хто таксама працуе са словам, рэдагаваць тэксты пад наглядам прафесіяналаў. Удзел у рэзідэнцыі стаў для мяне квітком у пісьменніцкае кам’юніці і такім неабходным пацвярджэннем, што менавіта там маё месца.

 

Фота аўтаркі