Мой тай: навошта Віталь Гуркоў адкрывае ўласную залу
- 14.09.2018
- 7793
«Я хацеў сабраць разам сваю каманду і сваіх сяброў». Маналог шматразовага чэмпіёна свету пра тое, чаму любому прафесійнаму байцу патрэбная зала імя сябе.
Аўторак, 10 гадзін раніцы, плошча Незалежнасці. Тут амаль нікога – школьнікі і першакурснікі ў пачатку верасня яшчэ не гатовыя прагульваць, астатнія жыхары горада паблізу «Сталіцы» з'яўляюцца толькі на выходных. Прайсці міма Леніна і спусціцца па Савецкай да Мяснікова. Галоўная перамена ў доме нумар 78 адразу прыкметная – побач са, здаецца, вечным «Домам фота» з'явілася новая зала. Усярэдзіне хтосьці ўжо трэніруецца, у акне блішчаць шматлікія кубкі і ўзнагароды. Самае складанае тут – зразумець, як зайсці ўнутр. Усё проста: уваход праз кавярню крыху лявей.
Віталь Гуркоў ужо там, у яго скончылася ранішняя трэніроўка ва ўласнай зале, афіцыйнае адкрыццё якой адбудзецца 20 верасня.
Навошта галоўнаму беларускаму тайбаксёру і ўдзельніку Brutto уласная зала, як гэта паўплывае на яго кар'еру і што не так з сучаснымі дзецьмі – у яго маналогу, прысвечаным адкрыццю залы.
Другі дом
– Гэтая зала – мой другі дом. Тут усё прасякнута гісторыяй, ад самога будынка да музычнага цэнтра, які я купіў на грошы з першага для сябе Чэмпіянату свету ў 2003 годзе.
Ты запаўняеш трэніравальны графік на год: дзве трэніроўкі ў дзень па вызначаным адрасе. Мне патрэбны гэты адрас – тут я і трэніруюся з тымі ж людзьмі, якія потым працуюць з кліентамі. У 8 раніцы трэніроўка ў мяне, потым я застаюся і дапамагаю весці працу, нешта падказваю. У 4 гадзіны ў мяне другая трэніроўка, а пасля гэтага я набіраю сабе адну групу. Мне гэтага дастаткова, пакуль не магу распыляцца. Мне патрэбны баланс, а зала дапамагае дысцыплінаваць сябе. Калі камусьці выкладаеш, сам пракручваеш у галаве тэхнічныя дзеянні. Гэта ідзе на карысць: мог не задумвацца пра нейкія рэчы, ты нібыта прафесіянал. Але паўтарэнне – самае важнае. Адкрываеш новыя моманты і нюансы, якія дапамагаюць ужо табе самому.
Тут працуе мая каманда. Людзі, з якімі я шмат гадоў трэніруюся. Зараз мы будзем сумесна рыхтавацца да маіх наступных спаборніцтваў. Хтосьці з іх ужо завязаў і перайшоў на трэнерскую дзейнасць. Акрамя таго, што гэта класныя спецыялісты, навыкі якіх я добра ведаю, гэта мае сябры.
Тут жа стаяць і ўсе мае кубкі і ўзнагароды. Засталіся два пустыя месцы для чэмпіёнскіх паясоў, і «дабіць» іх – мая своеасаблівая мэта.
«Засталіся два пустыя месцы для чэмпіёнскіх паясоў, і “дабіць” іх – мая своеасаблівая мэта»
Зала імя сябе
– У апошнія гады даход мне прыносіў прадукт «Віталь Гуркоў» – спорт, музыка, пашырэнне рамак: спартыўных, музычных, грамадскіх. У мяне было шмат рэкламных праектаў і кантрактаў, так што спрацавала ўсё ў сукупнасці.
Ідэя зрабіць залу ўзнікла спантанна, а рашэнне прымалася літаральна за тыдзень. Я пачаў шукаць памяшканне, разглядаць варыянты. А калі ты чагосьці вельмі хочаш, сусвет табе дапамагае. Атрымалася знайсці месца ў цэнтры Менска ў будынку, які лічыцца гістарычнай каштоўнасцю.
Я хацеў сабраць разам сваю каманду і сваіх сяброў. У нас не стандартная зала боксу або фітнэсу. Тут свая супольнасць і свой баксёрскі клуб. Акрамя трэніровак мы проста маем добрыя зносіны і сябруем.
У тых жа Штатах у кожнага прафесійнага баксёра павінна быць зала імя сябе. Я аддаў прафесійнаму спорту палову жыцця. І гэта такая справа, якую складана кінуць. Хочацца далей развівацца ў гэтым ключы. Па-першае, мне патрэбна была свая зала, каб трэніравацца тут самому. Я дарослы хлопец і мне надакучыла ездзіць па Менску і шукаць сабе прыстанішча ў розных падвалах. Хачу нармальна прыехаць у цэнтр горада, зайсці ў сваю залу і адчуваць сябе як дома. Па-другое, гэта штуршок. У плане маёй цяперашняй кар'еры і далейшай трэнерскай дзейнасці. Калі вырашу завязаць, у мяне будзе свая зала і будуць свае вучні.
Дорага, але справядліва
– Бізнэс-складнік таксама прысутнічае і спадарожнічае. Мы не можам прымаць тут вялікую колькасць чалавек: 10 шафак у мужчынскай распранальні, 10 у жаночай. Ад гэтага зыходзіць і ўсё астатняе. І накіраванасць навучання, і кошты. Мы бярэм індывідуальнай працай. Многія прыходзяць у залу з нуля, ніколі ў жыцці не займаўшыся спортам, тым больш боксам: «Вельмі страшна, але цікава было б паспрабаваць». А чалавек трапляе ў агульную групу, дзе больш за 20 чальцоў. Трэнер падыдзе пару разоў за трэніроўку – і гэта ўжо за шчасце. У нас у групах будзе па 6, а не па 36 чалавек. Трэба паступова падводзіць чалавека да нагрузак, каб ён змог усё вытрымаць. Умацаваць цяглічны апарат, звязкі, каб ён не руйнаваў свой арганізм.
Ёсць залы з серыі «Cупермегасегадрайв-фітнэс», якія дзеля валу людзей робяць зніжкі ў ранішні час. У нас такога няма. Нам не патрэбны прыток наведвальнікаў, якія прыйшлі-сышлі. Мы хочам ведаць людзей, шчыльна працаваць з імі і дапамагаць развіваць навыкі. Мы як кавярня, дзе кава аднолькава каштуе раніцай і ўвечары. І мы добра ведаем цану нашай працы і яе клас.
«У тых жа Штатах у кожнага прафесійнага баксёра павінна быць зала імя сябе»
Мне здаецца, зараз бокс вельмі папулярны. Баксёрскія мяхі ёсць у кожнай зале, а трэніруюць там і жук і жаба. Шмат шарлатанства. Людзі ходзяць і плацяць вялікія грошы людзям, якія ніколі не стаялі ў рынгу і глядзелі бокс толькі па тэлевізары. Ну, класна.
У нас дастаткова дарагія трэніроўкі, так. Але дзякуючы гэтаму мы можам забяспечваць бясплатныя дзіцячыя групы. Адзіная ўмова для дзіцяці – даведка аб стане здароўя. І мы не плануем рабіць іх платнымі ў будучыні.
Праца з дзецьмі – класная справа
– Бясплатна займаюцца групы з 7 да 14 гадоў. Зараз набіраем дзяцей. Учора вось нікога не чакалі, а ў выніку прыйшлі дзеткі. Мы вырвалі іх на прыпынку каля залы за пару дзён да гэтага: «Вось, прыходзьце». А яны ўзялі і прыйшлі.
Я не магу пакуль працаваць з дзецьмі, таму што застаюся спартсменам нацыянальнай зборнай. Але хто-небудзь з іх можа стаць класным спартсменам. А калі не – будзе нармальным чалавекам, які прайшоў праз такую форму навучання, ведае, як мець зносіны з людзьмі. Ведае пра ўзаемапавагу і ўзаемадапамогу, проста пра элементарнае выхаванне. Мне здаецца, гэта класная справа.
Дзіця трэба ўцягнуць у гэтую гульню і навучыць гуляць па правілах: ёсць трэнер, ён усім кіруе. Але пры гэтым ён класны дзядзька, з ім можна сябраваць. На трэніроўкі ў прынцыпе весела хадзіць: трэба прывабіць дзяцей і даваць ім правільныя нагрузкі, каб яны не перапалілі сябе. Тады ў больш дарослым узросце будзе добры эфект.
Каб чагосьці дасягнуць у спорце, трэба быць фанатычным. І гэтую фанатычнасць трэба раскрыць і падштурхнуць. Часцей за ўсё гэта пачынаецца з сям'і і асяроддзя. Калі дзіця ў секцыю не прывядуць бацькі, яно туды не пойдзе. Я прыйшоў у бокс у 14 гадоў. Ведаў, для чаго мне гэтага. А заставаўся ўжо з іншых прычын – іншыя кручкі, за якія мяне пацягнулі, трэнерскія хітрыкі і твой уласны выбар. Ведаю трэнера, у якога займаліся два 11-класнікі, таленавітыя хлопцы, добра выступалі. А потым паўстала пытанне: альбо заставацца ў спорце, альбо займацца нечым іншым. І яны арыентаваліся ў першую чаргу на матэрыяльны аспект.
Трэба выключыць дзецям інтэрнэт і адступіць гадоў на 10 назад. Хай выходзяць на вуліцы, гуляюць у футбол, квач, казакі-разбойнікі. Маладым людзям цяпер нічога не цікава. Раней таксама такое было: не хачу нічога рабіць, але хачу шмат зарабляць. А цяпер усё памнажаецца на псеўдакуміраў. Раней аўтарытэтным лічылася быць Алімпійскім чэмпіёнам ці каратыстам. Гэта было класна – культ моцнага, справядлівага і адважнага чалавека. Сёння ўсё змятаецца недарэчнымі кліпамі маладых артыстаў, якія прапагандуюць нездаровы лад жыцця і непазітыўнае мысленне. Вельмі складана знайсці правільную сістэму каардынат у гэтым свеце. І складана сказаць, як гэта памяняць.
«Трэба выключыць дзецям інтэрнэт і адступіць гадоў на 10 назад»
Бой з лянотай
– Мае асабістыя трэнерскія амбіцыі будуць пазней. Зараз яны задавальняюцца, калі да мяне прыходзяць людзі ў 42 гады, якія да гэтага не займаліся ніякім спортам. І праз тры месяцы яны ведаюць пэўны арсенал удараў, у іх паляпшаецца фізічны стан, гэта іх дысцыплінуе. Дапамагчы чалавеку адчуць сябе лепш, паверыць у сябе і прымусіць яго зрабіць новы крок. Даць бой сваёй ляноце. Гэта і ёсць мае трэнерскія амбіцыі на дадзены момант.
Далей яны будуць змяняцца. Таму што, маючы нейкі досвед выкладання розным катэгорыям людзей, вельмі прыемна пераключыцца на тыя ж дзіцячыя групы. І ўжо зыходзячы з гэтага глядзець, наколькі гэтыя амбіцыі зайграюць.
«Учора вось нікога не чакалі, а ў выніку прыйшлі дзеткі. Мы вырвалі іх на прыпынку каля залы за пару дзён да гэтага: “Вось, прыходзьце”. А яны ўзялі і прыйшлі»
У будучыню я гляджу па сітуацыі. Пераход у трэнерскую дзейнасць непазбежны, лёгка сябе ў гэтым бачу. За гады кар'еры я аброс кантактамі, сувязямі, вопытам. І ведаю многія нюансы, якія дапамогуць у далейшым. Магу пайсці працаваць спецыялістам у любую спартыўную школу.
Ужо не магу ўявіць сябе па-за светам спорту. Я шмат разоў спрабаваў завязаць: стамляўся, надакучвала. Былі траўмы, якія маглі прывесці да завяршэння кар'еры, але абышлося. Не хачу загадваць, колькі засталося спартыўных гадоў. Ёсць жаданне і агонь гэтым займацца – я і буду. Ключавое слова для мяне – «інтарэс». Калі ёсць ён, будзе ўсё астатняе, усё складзецца і атрымаецца.
Фота: palasatka