Guilty pleasures беларускіх вучоных, выкладчыкаў і экспертаў

Табе таксама здаецца, што любімы выкладчык адкрывае YouTube выключна для таго, каб паглядзець новыя ролікі Arzamas, а ў кнігарні ні за што не затрымаецца ў аддзеле з дэтэктывамі? Мы вырашылі патрывожыць вобраз закасцянелага сноба-вучонага і распыталі заўважных экспертаў(-ак) з розных сфер ведаў, ці ёсць у іх нейкія guilty pleasures («ганебныя задавальненні»). Як выявілася, Меладзэ ў душы ніхто не слухае, але ўсё ж такі.

 

Вольга Раманава

кандыдат філалагічных навук, культуролаг

 

 – Што вы глядзіце/чытаеце па працы? 

– Для даследаванняў і курсу па савецкай культуры я гляджу шмат савецкага кіно, а для курсу па галівудскім і еўрапейскім кіно – і рэдкія, і класічныя фільмы ХХ стагоддзя (кожны год адкрываю для сябе тое, чаго я яшчэ не бачыла, або высвятляю, што той ці іншы фільм трэба «глядзець па-іншаму»). Рабочы прагляд моцна адрозніваецца ад прагляду для задавальнення: я сяджу ля манітора з асадкай і нататнікам, нейкія фрагменты пераглядаю па некалькі разоў, выпісваю таймкоды, малюю схемкі і ланцужкі пытанняў.

 – А што наконт guilty pleasure? 

– Ёсць такі спосаб разгрузіць мозг – сесці за які-небудзь хэндмэйд пад аўдыя або лекцыю, дыскусію з YouTube. А перад сном я апошнім часам люблю паглядзець адзін YouTube-канал пра ручную лісу, якая бегае па гаспадарскім гародзе і закопвае (або раскопвае) нычку. І другі – пра хатнюю пуму з дурной мордай. Такое назіранне за беспадзейнасцю жыцця вельмі расслабляе.

Я вельмі люблю трылеры, але старанна адбіраю, у які праваліцца. Пажадана, каб трылер быў павольны і расцягнуты, з сацыяльным або палітычным падтэкстам, персанажамі-неўротыкамі і снежнымі, туманнымі або індустрыяльнымі пейзажамі. Тады мая менская трывожнасць добра развейваецца.

 

 

Тонi Лашдэн

квір-актывіст_ка, журналіст_ка, даследчы_ца медыятызаваных прастор і новых медыя

 

 – Што вы глядзіце/чытаеце па працы? 

– Цяпер я чытаю шмат матэрыялаў пра працу «зялёнага» і фемінісцкага руху ў краінах глабальнага Поўдня. Для мяне гэта магчымасць пазнаёміцца ​​з альтэрнатыўнымі інструментамі палітычнай работы з няроўнасцю, каланізацыяй і негвалтоўнай барацьбой.

 – А што наконт guilty pleasure? 

– Дзеля задавальнення я гляджу відэа на TikTok з ператварэннем драг-каралеў і чытаю сабрэдзіт r/insaneparents – могілкі антыпрышчэпачнай канспіралогіі і неадэкватных бацькоўскіх паводзін. З TikTok усё проста: па-першае, гэта прыгожа… У r/insaneparents мяне вабіць шчырая вера ў сілу алеяў кедра і іланг-іланга, якія дапамагаюць ад усіх хвароб. Акрамя гэтага, там ёсць шмат якасных дыскусій пра бацькоўскі гвалт, сузалежныя стасункі ў сям'і і доказную медыцыну, якія суправаджаюцца смешнымі малюначкамі з цудадзейнымі шапачкамі з фольгі.

 

 

Юлiя Чарняўская

культуролаг, педагог, пісьменнік, аўтар п'ес

 

 – Што вы глядзіце/чытаеце па працы? 

– Цяпер я займаюся культурай памяці і яе функцыямі ў паўсядзённым жыцці – у эпоху хуткіх пераменаў. Чытаю-апрацоўваю шмат дакументальных сведчанняў, мастацкіх і мемуарных тэкстаў пра менскае жыццё 1920–1930-х. Мяне цікавіць час паміж дзвюма войнамі і чалавек у ім. У Беларусі тых гадоў палітычныя і культурныя працэсы былі вельмі мабільныя і цесна звязаныя, прычым хаатычнымі ніткамі. Людзі знаходзіліся ў жорсткіх рукавіцах паміж звыклымі, выпакутаванымі за стагоддзі мадэлямі адаптацыі і ашаламляльным адчуваннем, што гэтыя механізмы больш не спрацоўваюць. А новыя механізмы састарваюцца на вачах.

 – А што наконт guilty pleasure? 

– Дзеля задавальнення малюю, гуляю з сабакам і чытаю на ноч дэтэктывы. Пераважна англійскія. Часам амерыканскія. Зрэдку шведскія і ніколі (ужо шмат гадоў) не французскія. Люблю, каб у дэтэктыве было крыху больш, чым проста дэтэктыў. I каб усе павешаныя на сцяну стрэльбы стралялі ў патрэбны момант. Каб не было недацягнутых нітак, адвольна кінутых пасярод рамана. Каб былі характары, дыялогі, іронія. Хоць тое, што цяпер завецца «іранічны дэтэктыў», цярпець не магу: да іроніі гэта мае адносін столькі ж, колькі сучасны «рускі шансон» да вялікіх французскіх шансанье.

У дэтэктывах (зразумела, у добрых) ёсць логіка і нейкае ўпарадкаванне навакольнага свету. І гэта не ў тым, што дабро перамагае зло (бываюць добрыя раманы, дзе гэта зусім не так), а ў тым, што пасля добра напісанага дэтэктыву ўзнікае пачуццё, як быццам зроблена генеральная ўборка, калі рэчы раскладзеныя па месцах. Пачуццё яснасці, якой мала ў навакольным свеце.

 

 

Юрый Таўбкін

заснавальнік студыі arch & dsgn і арганізатар Minsk Design Week

 

 – Што вы глядзіце/чытаеце па працы? 

– Літаратуру прафесійную знайсці няпроста – яна складаная, грувасткая і састарваецца хутчэй, чым яе выдаюць, але ёсць рэчы, карысныя для сістэматызацыі інфармацыі. Я люблю чытаць дзённікі, успаміны – часта гартаю дзённікі Буніна, Таркоўскага, таму што адносіны паміж людзьмі – гэта вельмі цікава.

 – А што наконт guilty pleasure? 

– Я часам магу добраахвотна глядзець фільмы Норы Эфрон, вядомай сваімі меладрамамі – «You've Got Mail», напрыклад. Нью-Ёрк у яе такі прыгожы!

І люблю назіраць за кампаніямі або групамі людзей у грамадскіх месцах і спрабаваць зразумець іх жыццё, зразумець стасункі паміж імі – назіраць гэтае social life. Ты бачыш нейкую пару і спрабуеш псіхалагічна абмаляваць, што з імі адбываецца: яны толькі пазнаёміліся або яны ўжо адно аднаго не могуць цярпець?

 

 

Аляксей Братачкін

гісторык, рэдактар і аўтар інтэрнэт-часопіса «Новая Еўропа», супрацоўнік Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў (Менск)

 

 – Што вы глядзіце/чытаеце па працы? 

– Навіны і навіновыя спецыялізаваныя суполкі, сайты і групы, агляды кніг, фільмаў і іншыя матэрыялы. У сацыяльных сетках звяртаю ўвагу на пасты калег-гісторыкаў альбо на масавыя абмеркаванні гістарычных тэм (звычайна гэта паказвае нейкі «звычайны» пункт гледжання, яго трэба ўлічваць).

 – А што наконт guilty pleasure? 

– Дзеля чыстага і бессэнсоўнага (і нават нізкага) задавальнення люблю разглядаць і чытаць усякі кітч і трэш. Я люблю поп-культуру: раннія фільмы Пітэра Джэксана, якія-небудзь бессэнсоўныя камедыі або хорары катэгорыі В. Сапраўднае задавальненне, каштоўнае ва ўсіх сэнсах – гэта новая думка, новы погляд на нешта, новыя сувязі і парушэнне межаў. Гэта дае сілы і матывацыю.

 

 

Вольга Шпарага

філосафка, кандыдатка філасофскіх навук

 

 – Што вы глядзіце/чытаеце па працы? 

– Нарэшце дзякуючы адпачынку прачытала кнігу «Супраць выбараў» бельгійскага гісторыка і пісьменніка Давіда Ван Рэйбрука. Аўтар абгрунтоўвае, чаму выбары наўрад ці могуць быць паказчыкам дэмакратыі сёння і што іх альтэрнатыва, пачынаючы са старажытнай Грэцыі, – гэта шырокае прыцягненне грамадзян праз лёсаванне да абмеркавання і прыняцця палітычных рашэнняў.

 – А што наконт guilty pleasure? 

– Я люблю фантастыку, але з настроем, каб захапляльныя фантазіі пра будучыню перасякаліся з канкрэтнымі і яркімі эмоцыямі. За вакацыі паглядзела адразу тры фільмы пра робатаў: новы «Дзіця робата» (2019) і два ўжо не зусім новых – «Ларс і сапраўдная дзяўчына» (2007) і «Робат і Фрэнк» (2012). Усё гэта гісторыі пра ўзаемадзеянне людзей з сацыяльнымі робатамі, але ў кожным ёсць свой аспект – выхавання, сэксу і старэння – і цікавыя супярэчнасці-парадоксы, якія ўзнікаюць у такім узаемадзеянні. Гэта кранальна і смешна.

 

 

Юлія Цімафеева

паэтка, перакладчыца, рэдактарка часопіса «ПрайдзіСвет»

 

 – Што вы глядзіце/чытаеце па працы? 

– Чытаю як мастацкую літаратуру, так і эсэістыку, у папяровых выданнях і на сваім Kindle. Шмат цікавых спасылак, якія датычаць таго, што робіцца ў сучаснай сусветнай літаратуры, знаходжу ў Фэйсбуку ў тэматычных суполках і па наводцы фрэндоў.

 – А што наконт guilty pleasure? 

– Літаратуру ва ўсіх яе праявах – чытанне, пісанне, пераклад, рэдактура, стварэнне праектаў – у краіне, дзе гэта абсалютнай большасці не цікава і не патрэбна, але для мяне асалода, ад якой не адмовіцца, можна назваць маім guilty pleasure.

Гэтая ганебная спакуса аўтарствам, гэтая салодкая ілюзія валодання словам, гэтая сарамлівая пыха, што надае значнасці ва ўласных вачах, але нічога не вартая для сваякоў, суседзяў, раённых гінеколагаў, бібліятэкарак, прадавачак, чыноўнікаў!..

Літары – гэта лапкі, якімі я з усёй сілы трымаюся за свет. Як насякомае, я дзынкаю сваімі непатрэбнымі вершыкамі і радуюся, а часам адчуваю сорам, што не знайшла сабе чалавечага занятку.