Для трэндсэтараў няма нічога святога. І сэкс, і ежа імкліва імчаць наперад, хочуць у VR. Харчовыя трэнды ўжо заляцаюцца да лядоўні: этычнае мяса, стравы з-пад 3D-прынтара і канабіс замест базіліка. Разбіраемся, чаго чакаць на талерцы прагрэсу.
Этычнае мяса з лабараторый і фэйкавая рыба
Кажуць, the future is vegan. Яшчэ ў 2012 годзе вучоныя з Нідэрландаў паспяхова стварылі мяса in vitro, «у прабірцы». Пазычылі ў каровы клетку, атрымалі з клеткі катлетку. Так у лабараторыі пачалі вырошчваць штучныя мышачныя валокны з гастрамэтамі. На смак яны – нібы мясцо, хоць і выглядаюць не як стэйк і не мусяць лінкавацца з забойствам. Праз год першая прагрэсіўная катлета трапіла ў бургер, і далей панеслася.
Кампанія Memphis Meats вынайшла штучную ялавічыну, за ёй – этычныя замяняльнікі а-ля курыца і качка. Усё цудоўна, толькі такая фрыкадэліна каштуе пакуль $ 1200. Гэта не безнадзейная буржуазнасць, бо за той самы, першы, бургер (Mark Post's hamburger) вываліць трэба было аж $ 330 000. Дынаміка станоўчая. А да 2020 года плануюць прывесці залатую страву да дэмакратычных $ 11.
Прамысловая вытворчасць буксуе з-за яшчэ адной рэчы акрамя кошту. Пакуль сучасныя тэхналогіі дазваляюць стварыць толькі маленькія кавалкі мяса, годныя толькі для бургерных катлет, нагетсаў ці сасісак. На вялізны этычны стэйк яшчэ трэба пачакаць.
Фішка штучнага мяса не толькі ў этыцы, але і ў экалогіі. Прафесура Оксфарду зазначыла, што лабараторнае мяса здольнае і парніковы эфект паменшыць, і значна скараціць аб’ёмы вады, якія скарыстоўваюць у прамысловай жывёлагадоўлі.
Даследаванні спансавала РЕТА [арганізацыя People for the Ethical Treatment of Animals – 34mag], падтрымаўшы паспяховых навукоўцаў мільёнам даляраў. Таксама ўклаліся асобныя альтруісты: напрыклад, сузаснавальнік Google мільярдэр Сяргей Брын. А ў першых тэстах дзеля пошукаў касмічнай ежы было зацікаўлена NASA.
Падобная гісторыя трапіла fake fish, штучная рыба: з зыходнай мускульнай часціцы, якая ў лабараторыі павялічылася на 14%. Гэты праект таксама спансавала NASA дзеля апгрэйду харчавання астранаўтаў, але невядома, ці трапіла вынаходка ў меню. А пасля, у 2015-м, стартап з Крэмніевай даліны распрацаваў супервеганскую крэветку з водарасцяў.
Штука! Жывёльныя прадукты нежывёльнага паходжання
Машыннае навучанне шустра дазнаецца, з чаго складаюцца тыя ці іншыя прадукты, каб замяніць у іх патрэбныя хімічныя элементы. Так навукоўцы ўжо зрабілі
прагрэсіўны нежывёльны маянэз, а цяпер бяруцца за малако, сыр і яйкі.
У межах праекта Real Vegan Cheese у Сан-Францыска працуе стартап Kind of like mozzarella («Нібы мацарэла»): сыр сінтэзуюць без нейкага там удзелу кароў. Гэта ладзіцца на краўдфандынгу некамерцыйна. Таксама стартап Muufri займаецца распрацоўкай штучнага жывёльнага малака, а Clara Foods – яечнага бялка на базе генетычна мадыфікаваных клетак. Пратэін літаральна расце на дражджах. Пякарскіх.
Калі склады стануць дасканалымі, шклянка штучнага жывёльнага малака пацягне на некалькі соцень даляраў.
Ланч у брыкеце
І гаворка не пра біч-пакет. Уяві сабе, што раніцай, калі хочацца кавы, не трэба адрываць азадак ад ложка, каб яе зварыць. Замест пакутаў з туркай ці нуднага чакання кава-машыны можна закінуць у рот маленькі кафеінавы кубік. Калі трэба, нават з цукрам.
Nootrobox, чарговы стартап з Крэмніевага логу, стварыў кава-снэкі з сапраўднага халоднага напою. Так званыя Go Cubes паляпшаюць пільнасць ды і тонус цалкам, а пабочных эфектаў, кажуць распрацоўшчыкі, не маюць. Адзін невялікі кубік – нібы паўкубку рэальнага пітва.
Традыцыйнаму харчаванню таксама знайшлі альтэрнатыву. Невялікія «брыкеты» Mealsquares на смак не як філе-міньён, але негурману хутка даюць усе неабходныя пажыўныя элементы. Яны збалансаваныя – па 400 калорый у кожным і без прадуктаў-алергенаў (пшаніцы, соі, арахісу і кукурузнага сіропу). Кажуць, на смак нібы веганскі бананавы хлеб (дарэчы, выглядам Mealsquares нагадваюць яго таксама).
Калі накрывае лянота, гэта самае тое. Рыхтуй грошы і лядоўню: спайка з 30 «кубікаў» каштуе $ 90. То-бок адзін – $ 3: хасл, які можна сабе дазволіць.
Стравы з-пад ЗD-прынтара
Глядзіш кіно – друкуеш папкорн. Адзін з найбольш футурыстычных прагнозаў – ежа, якую можна «прыгатаваць» сабе на ЗD-прынтары. Запраграмаваць і лавіць адразу на талерцы. Такая опцыя дазволіць цалкам кантраляваць сваю страву: задаваць ёй пэўную форму, тэкстуру і нават смак. Прагрэс мусіць дайсці да таго, каб замаўляць, напрыклад, улюбёную шакаладку анлайн, а друкаваць яе ЗD-версію папросту дома.
Водарасці
Надыходзіць час, калі новай базай для ўсяго сусветнага харчавання становяцца водарасці. Імі можна карміць людзей і жывёл, а за іх кошт – вызваліць тэрыторыі, якія зараз уцягнутыя ў гаспадарку, і, як вынік, пазбавіцца ад недахопу ежы. У пагоні за ўстойлівым жыццём у Японіі, напрыклад, ужо з’явіліся водарасцевыя фермы.
Гэта не трава, а мультыфункцыянал. Некаторыя віды (прынамсі спіруліну і хларэлу) стала дадаюць у свой рацыён прыхільнікі здаровага харчу і веганы: адтуль зачапіць можна ўсё – ад вітамінаў і мінералаў да расліннага бялку. Водарасцямі навукоўцы з Sheffield Hallam University ўжо замянілі соль у хлебе і апрацаваных прадуктах. Наступны пункт –мадэрнізаваць такім чынам гатовую ежу з супермаркетаў, мясныя паўфабрыкаты і сыр.
Ежа з гукавым суправаджэннем
На апетытнасць талеркі ўплывае выгляд стравы і яе пах. Але даследаванне, якое правялі ў Оксфардзе пад кіраўніцтвам прафесара эксперыментальнай псіхалогіі Чарльза Спэнса, даказала, што на гэта ўплывае яшчэ і гук. Вынікі ў Bittersweet Study наступныя: смак можна рэгуляваць саўндтрэкам. А прагноз на будучыню такі: гэтай фішкай атрымаецца здорава маніпуляваць.
Навукоўцы не да канца разумеюць, што адбываецца ў гэты момант у арганізме чалавека. Але цалкам упэўненыя: гук уплывае.
Як выглядаў эксперымент? Вось замалёўка аднаго варыянта. У рэстаране Fat Duck шэф-повар Хэстан Блюменталь (Heston Blumenthal) заладзіў страву «Гук мора», якую сервіравалі разам з iPod. Апошні, вядома, прайграваў гукі мора. Спадарства за трапезай адзначыла: з-за мелодыі ежа падаецца больш свежай.
Патэнцыял у феномена зайздросны. Музыкай, напрыклад, плануюць замяняць нездаровыя кампаненты прадуктаў. Ды так, што смак для ўспрымальніка не зменіцца зусім. Напрыклад, калі навукоўцы здагадаюцца, якая частата робіць страву больш салодкай, з часам можна было б прыняць з рацыёну лішні цукар. І піць гарбату з салодкай музычкай.
Так, чакаем, калі ў меню будуць не толькі складнікі, але і добранькі плэйліст, каб адчуць усю гаму смаку.
У ролі ежы – пітво
Напой Soylent намагаецца выціснуць з лядоўні цвёрдую ежу, распачаўшы эру вадкага сілкавання. На смак ён, – нібы малако, якое засталося ад кукурузных камячкоў на сняданне. Кажуць, што ў такой бутэльцы змяшчаецца 20% тваіх штодзённых патрэбаў. Да таго ж, сам факт бутэлькі вызваляе цябе ад таго, каб хоць як-небудзь гатаваць ежу. Не трэба нават нічога міксаваць.
Спецыялісты кампаніі KetoSoy падлічылі, што ў 2016 годзе паўнавартасную вадкую ежу Soylent (Joylent – як варыянт) затэсціў адзін мільён чалавек. Продажы летась таксама стрэлілі: ад $ 30 мільёнаў у 2015-м да $ 110 мільёнаў у 2017-м.
У маштабе: прадукты з канабісам
Пра медыцынскую вартасць канабісу ў пэўных выпадках вядома. Але ў час, калі дэпрэсіўны стан – занадта частая з’ява навокал, стравы мусяць паднапружыцца: проста смачнымі быць недастаткова. Трэба несці рэлакс. Калі што, у год харчовая індустрыя робіць палову ад $5,4 агульнага легальнага абароту.
Сёння марыхуана ў невялікіх дозах трапляе ў розныя талеркі: ад французскай макароны Madame Munchie's да жавальных цукерак, бізнэс-ініцыятывы ад гуру – Снуп Дога.
Новыя дасягненні ГМО
Геннамадыфікаваныя арганізмы ў ежы не здзіўляюць: даволі трывала яны замацаваліся на стале яшчэ ў 80-90-я гады мінулага стагоддзя. Але новы напрамак, які крыху зменіць нашу гастранамічную будучыню, – тэхніка CRISPR/Cas-9, што дазваляе змяняць геном. Яблычкі, якія не чарнеюць, і бульба без сінякоў – больш не мара, а рэальнасць. Засталося толькі ў супермаркет падвезці.
Пакуль што гэта план мінімум. Але футурыстычныя гастратрэнды ўжо вырашаюць запары там, дзе, здавалася б, усё безнадзейна. Будучыня ведае сваю справу, таму хопіць глядзець назад: і з лыжкай, і без.
Истории о том, почему Денис не может писать веселые песни и как случайный зритель стал его фанатом.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.