Дзе зладзіць сваё мерапрыемства? Частка 2: Берасце, Горадня, Гомель

Ёсць ідэя арганізаваць канцэрт, выставу ці правесці семінар у рэгіянальных цэнтрах і абласных гарадах, але не ведаеш дзе? На гэты выпадак мы падрыхтавалі актуальную падборку несталічных пляцовак і прастораў для правядзення мерапрыемстваў на любы фармат ды бюджэт.

 

Берасце

 

 «Грунтоўня» 

 

 

Новае месца ў цэнтры Берасця, якое сумяшчае ў сабе каворкінг, антыкафэ і крэатыўную прастору з магчымасцямі краўдфандынгу. У «Грунтоўні» ты можаш адкрыць збор сродкаў на правядзенне свайго мерапрыемства або заданаціць на ўпадабанае, за што табе аддзячаць кубкам кавы. Для дабрачынных і сацыяльных мерапрыемстваў прадугледжана зніжка на арэнду, што асабліва прыемна. Адміністрацыя абяцае дапамогу з падрыхтоўкай, але папярэджвае, што адказнасць за якасць і паспяховасць мерапрыемства цалкам кладзецца на плечы арганізатараў.

 Умяшчальнасць:  памяшканне разлічанае на 100 чалавек.

 Абсталяванне:  у тваім распараджэнні праектар, гукавая апаратура (2 мікрафона, мікшар на 6 каналаў), 20 пуфікаў і 60 сядзячых месцаў на крэслах або лавах, wi-fi, а таксама ўсё неабходнае для чайных паўзаў.

 Лакацыя:  пл. Свабоды, 18/1.

 Кантакты:  +375 29 227 52 12.

 

 

 «Дзедзіч» 

 

 

Прастора, створаная арганізацыяй «Дзедзіч», уяўляе сабой палову прыватнага дома ў цэнтры Берасця. Асноўныя напрамкі дзейнасці арганізацыі – папулярызацыя беларускай мовы і культуры, таму культурныя і адукацыйныя мерапрыемствы асабліва вітаюцца. У будынку ёсць кухня для кава-паўзы і прахадное памяшканне для адпачынку. А ў цёплы час года як пляцоўку можна задзейнічаць і ўнутраны дворык.

 Умяшчальнасць:  25-30 чалавек.

 Абсталяванне:  праектар, фліпчарт, экран, гукаўзмацняльнае абсталяванне.

 Лакацыя:  вул. Маякоўскага, 46.

 Кантакты:  + 375 29 724 21 16.

 

 

 «Клуб 11:11» 

 

 

Сучасная прастора з канцэпцыяй business & lifestyle на ўскрайку горада з акцэнтам на правядзенне дзелавых мерапрыемстваў. У «Клубе 11:11» прапануюць адразу некалькі памяшканняў, якія дазволяць арганізаваць і паэтычны вечар, і бізнэс-канферэнцыю. У будынку таксама ёсць кавярня з годным меню і менскім цэннікам.

 Умяшчальнасць:  залежыць ад абранага тыпу прасторы:

● у залах Lobby і Loft – да 70 чалавек;

● канферэнц-зала – да 100 чалавек;

● бібліятэка – да 6 чалавек;

● зала для перамоў – да 12 чалавек.

 Абсталяванне:  удакладняй у адміністрацыі.

 Лакацыя:  вул. л-та Рабцава, 124.

 Кантакты:  +375 44 719 11 11.

 

 

 «Прастора КХ» 

 

 

Пляцоўка, створаная па ініцыятыве аднайменнай каманды альтэрнатыўнага тэатра, якая адкрыла свае дзверы ў 2014 годзе. Прыярытэтны напрамак мерапрыемстваў – сучаснае мастацтва, тэатр, нефармальная адукацыя. «Прастора КХ» – гэта творчая прастора без устаноўленых рамак, дзе ўсе віды мастацтва гарманічна ўзаемадзейнічаюць і дапаўняюць адно аднаго.

 Умяшчальнасць:  памяшканне разлічанае на 70 чалавек; ёсць асобны пакой для кава-паўзы.

 Абсталяванне:  пляцоўка абсталяваная праектарам, трыма раскладным сталамі, двума бойлерамі, кубкамі, калонкамі і ўзмацняльнікам, маюцца кілімкі для ёгі. Ёсць магчымасць раскласці дывановае пакрыццё для мерапрыемстваў з фізічнай актыўнасцю. У «Крылах халопа» прытрымліваюцца канцэпцыі eco-friendly: смецце сартуюць асобна, не выкарыстоўваюць аднаразовы посуд.  

 Лакацыя:  вул. Халтурына, 2/1.

 Кантакты:  + 375 29 823 19 16; prastorakx@gmail.com.

 

 

 «Калiдор» 

 

 

Прастора, якая адкрылася ў канцы 2019 года пры падтрымцы краўдфандынгу. 50 квадратных метраў цалкам бясплатна дадуць у распараджэнне творчым і амбіцыйным людзям, якія робяць сваё і навакольнае жыццё лепш. Дарэчы, сродкі на развіццё праекта ўсё яшчэ збіраюць – засталося дакупіць праектар і крэслы, так што ў цябе ёсць магчымасць падтрымаць такую высакародную ідэю.

 Умяшчальнасць:  да 25-30 чалавек у вялікай зале ў фармаце трэнінгу або лекцыі.

 Абсталяванне:  у памяшканні ёсць крэслы і сталы (для варкшопаў або майстар-класаў), зона для кава-брэйку з чайнікам і столікам.

 Лакацыя:  вул. Астроўскага, 12.

 Кантакты:  забраніраваць дату для правядзення мерапрыемства можна на сайце.

 

 

 «Консерва» 

 

 

Вычарпальна апісаць функцыянальнасць новай гарадской прасторы ў цэнтры Берасця можна цытатай з інтэрв'ю з яго заснавальніцай Кацярынай Паўловіч: «Тут можна праводзіць усё што заўгодна: стрыт-фуд-фэсты, выставы, паказ мод. Мы не толькі пра мастацтва, мы пра ўрбанізм, пра развіццё, пра архітэктуру, пра варушняк. У нас няма межаў: сёння гэта фатаграфіі, заўтра – архітэктурны фестываль».

 Умяшчальнасць:  100-300 чалавек у залежнасці ад фармату мерапрыемства.

 Абсталяванне:  ёсць гукавое і праекцыйнае абсталяванне, некалькі памераў экрана пад праектар. Калі трэба – дадуць імправізаваную барную стойку.

 Лакацыя:  вул. Куйбышава, 33.

 Кантакты:  заяўкі для супрацоўніцтва адпраўляй на conserva.district@gmail.com і ў Instagram.

 

 

Гомельская вобласць

 

 Гомель 

 

 «КОВЧЕГ» 

 

 

Мультыфункцыянальная арт-прастора, якая падыдзе для правядзення мерапрыемстваў любога фармату: ад прэзентацыі да начной вечарынкі.

 Умяшчальнасць:  памяшканне разлічанае на 50 чалавек, ёсць дзіцячы пакой.

 Абсталяванне:  сталы, крэслы, сцэна, экран, праектар, мікрафоны і калонкі, wi-fi, бойлер і кулер. За дадатковую плату могуць дапамагчы з арганізацыяй кава-паўзы.

 Лакацыя:  вул. Галавацкага, 19.

 Кантакты:  + 375 44 550 55 38.

 

 

 «Антресоль» 

 

 

Пляцоўка ў стылі лофт, якая можа быць задзейнічаная для правядзення майстар-класа, семінара або невялікага канцэрта.

 Умяшчальнасць:  30-40 чалавек, пры жаданні можна больш, але будзе зацесна.

 Абсталяванне:  можна разлічваць на 2 правадныя мікрафоны і 2 стойкі для іх. Арэнда дадатковай апаратуры па запыце. Маецца кухня, абсталяваная кулерам, чайнікам, посудам.

 Лакацыя:  вул. Зладзейскага, 59 (3 паверх).

 Кантакты:  + 375 44 539 78 07.

 

 

 Арт-прастора «Зялёны дом» 

 

 

Крэатыўная пляцоўка ў Гомелі, якая адкрылася ў канцы 2019 года дзякуючы краўдфандынгу. «Зялёны дом» – гэта прастора-трансформер, здольная падбудавацца пад любы фармат мерапрыемства: тэатральнае прадстаўленне, выставу, кінапрагляд, навучальны майстар-клас, канферэнцыю або фотаздымку. 

 Умяшчальнасць:  канферэнц-зала – да 100 чалавек; фотастудыя (падыходзіць для правядзення невялікіх мерапрыемстваў) – да 30 чалавек.

 Абсталяванне:  мікрафоны, праектар, экран, гукаўзмацняльная апаратура.

 Адрас:  вул. Барыкіна, 155, 2 паверх.

 Кантакты:  + 375 29 696 42 13.

 

 

 Арт-салон «Чаша Мира» 

 

 

«Чаша Мира» – кавалаторый і салон, адкрытыя камандай аднадумцаў, якія хутка сталі важнай часткай культурнага жыцця горада. Пляцоўка выдатна падыдзе для правядзення перформансаў, мастацкіх і фотавыстаў, невялікіх канцэртаў, тэатральных паказаў, лекцый, паэтычных вечароў і кінапаказаў. Летась рабяты апгрэйдзілі свой вагончык-кавалаторый – і цяпер ён выглядае як легендарная жоўтая субмарына The Beatles, у якой частуюць вегетарыянскай ежай і смачнай кавай.

 Умяшчальнасць:  30 чалавек у зале для мерапрыемстваў, таксама ёсць яшчэ 2 залы.

 Абсталяванне:  гукавое абсталяванне, два маніторы, пульт на пяць каналаў, светлавое абсталяванне, мікрафоны, піяніна.

 Адрас:  вул. Савецкая, 1.

 Кантакты:  + 375 29 385 10 25.

 

 

 Мазыр 

 

 Антыкафэ «Квартира №15» 

 

 

Першая і пакуль адзіная ўстанова Мазыра ў фармаце антыкафэ. Пляцоўка разлічаная на правядзенне майстар-класаў, трэнінгаў, семінараў, лекцый, канцэртаў-кватэрнікаў і творчых вечароў. Май на ўвазе, што алкаголь, курэнне і ненарматыўная лексіка ў антыкафэ не вітаюцца.

 Умяшчальнасць:  да 50 чалавек.

 Абсталяванне:  мяккія канапы, крэслы і сталы, вялікі тэлевізар, калонкі і ўсё неабходнае для кава-брэйку. Па запыце дапамогуць з арэндай праектара за дадатковую плату.

 Лакацыя:  вул. Катлаўца, 37А.

 Кантакты:  + 375 29 837 99 71.

 

 

 «Даліна Анёлаў» 

 

 

Культурная прастора ў Мазыры, размешчаная на маляўнічай тэрыторыі былога кляштара цыстэрцыянцаў XVIII стагоддзя. «Даліна Анёлаў» пра грамадзянскую ініцыятыву, абмен вопытам і ведамі, дух творчасці і актывізм. Калі ідэя твайго мерапрыемства сугучная з канцэпцыяй прасторы, то ў цябе ёсць усе шанцы разлічваць на бясплатнае прадастаўленне пляцоўкі.

 Умяшчальнасць:  свабодна размесціцца да 100 чалавек.

 Абсталяванне:  праектар і гукаўзмацняльная апаратура.

 Лакацыя:  вул. Гогаля, 61.

 Кантакты:  dalina.mozyr@gmail.com; +375 29 532 31 32.

 

 

 «Першы Крок» 

 

 

Платформа па развіцці нефармальнай адукацыі і праектаў у сферы культуры ў Мазыры, якая стала фіналісткай «Social Weekend'13». «Першы крок» рэгулярна праводзіць адкрытыя лекцыі і інтэрактыўныя мерапрыемствы, накіраваныя на самаадукацыю ў сферы сучасных тэхналогій і культуры ў фармаце «навуковага кафэ». Такі фармат дае магчымасць любому ахвотнаму сумясціць прыемнае з карысным: атрымаць новыя веды і пагутарыць з экспертамі за кубкам кавы. Пляцоўка падыходзіць для правядзення адукацыйных семінараў і майстар-класаў, лекцый, выстаў, прэзентацый.

 Умяшчальнасць:  да 35 чалавек.

 Абсталяванне:  комбаўзмацняльнік, мікрафон, калонкі, праектар, ноўтбук, фліпчарт; посуд, кавамашына, тэрмапот для кава-брэйкаў.

 Адрас:  вул. Пралетарская, 49, 1 паверх.

 Кантакты:  pershykrok1@gmail.com, + 375 33 603 91 08.

 

 

Гарадзенская вобласць

 

 Горадня 

 

 «Портал» 

 

 

«Портал» пазіцыянуе сябе як цэнтр адпачынку і развіцця з хатняй атмасферай. Будуць рады прапановам па правядзенні канцэртаў, лекцый, семінараў і гатовыя дапамагчы з арганізацыяй. Можна нават змяніць графік працы прасторы пад канкрэтнае мерапрыемства.

 Умяшчальнасць:  тры памяшканні, разлічаныя на 15, 25 і 40 чалавек.

 Абсталяванне:  праектар, фліпчарт, музычны цэнтр, калонкі, усё неабходнае для кава-брэйку.

 Лакацыя:  вул. Вялікая Траецкая, 31.

 Кантакты:  + 375 29 780 86 23.

 

 

 «ДОМ46» 

 

 

«ДОМ46» – прастора-трансформер, здольная адаптавацца пад любую падзею. «ДОМ46» функцыянуе як танцавальная студыя, таму пляцоўка ідэальна падыдзе для любога мерапрыемства, так ці інакш звязанага з фізічнай актыўнасцю: дзве залы памяшкання абсталяваныя душавымі, распранальнямі і фенамі.

 Умяшчальнасць:  «Чорная зала» – да 80 чалавек; «Белая зала» – да 50 чалавек.

 Абсталяванне:  фліпчарт, крэслы, сталы і кандыцыянер. Праектар і акустычную сістэму можна арандаваць за дадатковую плату.

 Лакацыя:  вул. Лялевеля, 46.

 Кантакты:  + 375 29 880 53 27; dom46grodno@gmail.com.

 

 

 «Цэнтр гарадскога жыцця» 

 

 

Місія «ЦГЖ» – усяляк садзейнічаць таму, каб Горадня стала цэнтрам культурнага, інтэлектуальнага жыцця не толькі Беларусі, але і еўрапейскага рэгіёна. І пляцоўцы гэта сапраўды ўдаецца: тут рэгулярна праходзяць лекцыі, прэзентацыі, дыскусіі ды іншыя адукацыйныя і культурныя мерапрыемствы, якія паспелі сабраць сваю аўдыторыю.

 Умяшчальнасць:  да 80 сядзячых месцаў.

 Абсталяванне:  ёсць усё неабходнае абсталяванне для арганізацыі выстаў, прагляду фільма або правядзення канцэрта.

 Адрас:  вул. Кірава, 3.

 Кантакты:  +37529 951-05-61.

 

 Ліда 

 

 «Чехов» 

 

 

Каларытны гастра-бар з дэкорам у класічным стылі, які можна арандаваць для правядзення ўласнага мерапрыемства. Адміністрацыя вітае смелыя і наватарскія ідэі, а яшчэ могуць даць пляцоўку і дапамагчы ў рэалізацыі валанцёрскіх і сацыяльна значных праектаў.

 Умяшчальнасць:  да 170 чалавек.

 Абсталяванне:  неабходнае для мерапрыемства абсталяванне і апаратуру трэба папярэдне ўзгадніць з адміністрацыяй.

 Лакацыя:  вул. Грунвальдская, 1-3.

 Кантакты:  + 375 29 667 75 30.