«Першы крок» запрашае на выставу «20 жанчын»
- 25.11.2021
- 8401
27 лістапада ў прасторы «Першы крок» у Мазыры адкрываецца фотавыстава «20 жанчын». Можна будзе не проста паслухаць куратарскі тэкст, але і падключыцца да анлайн-току з аўтаркай праекта Вольгай Бубіч.
«20 жанчын» – гэта кроскультурнае візуальнае даследаванне. На 20 партрэтах увасобленыя жанчыны з розных краін: сярод іх – беларуская школьніца, афрыканская хатняя гаспадыня, армянка са сціплай гасцініцы ў Гюмры, інтэлектуалка з Лондана, канадская фітнэс-трэнерка, псіхалагіня з Італіі. Кожная з дваццаці гераінь адказвае на пытанне пра ідэальнага партнёра. Магчыма, гэта падштурхне наведвальніц(-каў) выставы на ўласныя развагі па тэме.
Анлайн-ток з фотакрытыкам, фатографкай і выкладчыцай Вольгай Бубіч адбудзецца ў дзень адкрыцця выставы ў 18:00. Уваход вольны, але зарэгістравацца на івэнт трэба: вось лінк.
За навінамі выставы зручна сачыць у Facebook, там жа зручна і запрасіць сяброў(-вак).
Выстава «20 жанчын» будзе доўжыцца да 31 снежня. «Першы крок» знаходзіцца па адрасе: Мазыр, вул. Пралетарская, 49. Што заадно глянуць у Мазыры – падкажа культурніцкі гайд 34travel.
На фота: адна з гераінь праекта «20 жанчын» Марэна, псіхалагіня з Аўстралiі.