Беларускі плывуць праз Ла-Манш: «Гэта пра права абіраць свой шлях»

  • 22.06.2026
  • Аўтар: 34mag
  • 197

Каманда BelSwimSisters — першыя беларускі, якія эстафетай пераплывуць Ла-Манш — канал паміж Англіяй і Францыяй. Кожная будзе плысці гадзіну ў вадзе тэмпературай каля 15–18 градусаў удзень і ўначы, потым змяняцца, а пазней плысці гадзіну зноў. Усяго давядзецца праплыць ад 40 да 60 кіламетраў. Рэгулюе заплыў Асацыяцыя плавання праз Ла-Манш. Паводле іх правілаў, гідракасцюмы забароненыя — дазваляецца толькі купальнік, акуляры для плавання і шапачка. Напярэдадні старту 34mag пагутарыў з удзельніцамі каманды BelSwimSisters Дашай і Машай пра тое, адкуль узялася ідэя, як збіралася каманда, што самае складанае і чаму яны ўвогуле гэта робяць.

 


Даша

Працуе ў IT, займаецца трыятлонам, рухавік каманды, аўтарка ідэі пераплыць Ла-Манш.

 


Маша

Адвакатка, юрыстка і general-менеджарка гурта «БИ-2», менш за год таму пачала плаваць амаль з нуля.

 

 

Ла-Манш, ці Англійскі канал, — праліў паміж Вялікабрытаніяй і Францыяй. Ён лічыцца адным з самых складаных адкрытых водных маршрутаў у свеце з-за халоднай вады (15–18 градусаў нават летам), моцных плыняў, непрадказальнага надвор'я, медуз і інтэнсіўнай загружанасці канала грузавымі суднамі. Сярод плыўцоў на адкрытай вадзе Ла-Манш лічыцца своеасаблівым Эверэстам марафонскага плавання. Першай жанчынай, якая пераплыла праліў, стала амерыканка Гертруда Эдэрле. Гэта адбылося сто гадоў таму, у жніўні 1926-га. Яна не проста пераплыла Ла-Манш, а пабіла тагачасны мужчынскі рэкорд, праплыўшы праліў за 14 гадзін 31 хвіліну.


 

Як сабралася каманда

Даша: Нас паплыве пяцёра: Улляна, Алена, Даша, Марына і Маша. Усе з рознай спартовай гісторыяй. Шостая ўдзельніца не паплыве па стане здароўя, хаця яна ўсё яшчэ частка нашай каманды. Яшчэ ёсць Юра — наш пастаянны «назіральнік» на лодцы. Ён займаецца экстрэмальным трыятлонам, і менавіта з ім мы доўга абмяркоўвалі ідэю нейкіх крэйзі-выпрабаванняў. Увесь заплыў ён будзе сачыць за намі на лодцы і падаваць сігналы. Яго таксама будуць падмяняць, паколькі гэта вельмі цяжкая і ўважлівая праца.

 


Фота з асабістага архіва гераінь

 

Улляна з дзяцінства займалася ў дзіцячай юніёрскай зборнай па трыятлоне, потым у яе была траўма, і цяпер яна трэнерка — у нашай камандзе яна самая моцная плыўчыха. Зараз Улляна адабралася на чэмпіянат свету Ironman 70.3. Менавіта яна «разваліць» першую гадзіну. Алена — перакладчыца і спецыялістка па ВЭД, трэнерка па трыятлоне, маці двух сыноў, па натуры матыватарка і аптымістка, а таксама аматарка велізарных, на першы погляд, спартыўных выклікаў. Алена і яе муж Мікіта пераехалі ў ЗША, Мікіта трэніруе адразу дзвюх удзельніц нашай каманды. Марына жыве ў Брытаніі, працуе ў IT, 18 месяцаў назад нават не ведала як плаваць, летась яна ўдзельнічала ў спаборніцтвах па трыятлоне Ironman і справілася за 11 гадзін, плануе з намі дадаць Беларусь на мапу нацый, якія пераплылі Ла-Манш. Маша ўвогуле пачала плаваць амаль з нуля менш за год таму.

Маша: Я не ведаю, як я ў гэта ўляпалася. Насамрэч усё пачалося з ідэі Дашы. Яна ўжо некалькі гадоў у трыятлоне. Яе спосаб запрашаць людзей у свае авантуры такі: яна піша табе ў аўторак: «Паедзем у суботу на трыятлон». Ты адказваеш: «Ну не ведаю», а потым пагаджаешся. Так было і з Ла-Маншам. Даша напісала: «Паплывём праз Ла-Манш?» І я такая такая: «Дзе я, а дзе — Ла-Манш». А потым мы пачалі думаць усур’ёз, збіраць каманду.

Нас натхнілі літоўскія дзяўчаты, якія летась яго пераплылі. Мы шмат плавалі з імі разам, і калі даведаліся, што беларусы ніколі гэтага не рабілі, зразумелі: гэта наш выклік. Мы лічым, што беларускія жанчыны can do anything. Любыя жанчыны, канешне, могуць што заўгодна, але для нас важна адзначыць, што менавіта беларускія.

Даша: Усе жывуць у розных краінах: Літве, Брытаніі, ЗША. Калі мы збіралі каманду, я размаўляла, можа, з 15 чалавекамі. І я разумею, што для многіх заплыў — гэта цяжка: па-першае, на гэтую ідэю трэба пакласці шмат часу. Па-другое, трэба дастаць з сямейнага бюджэту дастатковую суму грошай. У каманду мы шукалі больш дасведчаных дзяўчат, бо гэта стрэсовая гісторыя: ты не ведаеш, што з табой будзе адбывацца на адкрытай вадзе.

Маша: Мы ўдзвюх пачалі шукаць капітана лодкі, пісалі лісты, яшчэ не маючы каманды. Каб пераплыць Ла-Манш, трэба дамовіцца з капітанам адной з лодак, заплаціць перадаплату — каля паловы кошту — і толькі тады замацаваць за сабой слот. Чарга пасля пандэміі яшчэ не рассмакталася, яна расцягнутая на год-два. Але нам пашчасціла: нехта адмовіўся ад свайго месца якраз тады, калі мы пісалі ўсім капітанам нашу гісторыю — пра тое, хто мы і чаму гэта важна. Капітан Paul Forman з лодкі «Optimist» адказаў нам. Мы скакалі ад радасці і адразу скінуліся, каб заплаціць за гэты слот. Як толькі слот быў замацаваны, пачалася самая складаная частка — трэніроўкі.

 

«Мы скакалі ад радасці і адразу скінуліся, каб заплаціць за гэты слот»

 

 

Загартоўка

Даша: Каб падрыхтавацца, Маша хадзіла 5-6 разоў на тыдзень у басейн ад верасня, каб выйсці на сур’ёзны ўзровень. Гэта не проста «патрэніруюся». Табе трэба кожны дзень працаваць на мэту, і гэта дастаткова сур’ёзная перабудова жыцця.

Мы з Машай ездзілі на літоўскія азёры, плавалі ўвосень і ўзімку, пакуль не было лёду. Калі была нулявая тэмпература, сядзелі ў палонцы па 5-7 хвілін.

Маша: Пачыналі з малога, але потым я магла сядзець у палонцы 10 хвілін. І самае крутое, што ўсю зіму я не хварэла.

 

«Калі была нулявая тэмпература, сядзелі ў палонцы па 5-7 хвілін»

 

Даша: Яшчэ адна ўдзельніца каманды Алена купіла бочку, каб прызвычайвацца да халоднай вады, бо ў яе ў Штатах даволі цёпла. Значна цяжэй насамрэч проста сядзець у халоднай вадзе, чым плысці.

Таксама, каб падрыхтавацца да не самых спрыяльных умоваў і адкрытай вады, мы з’ездзілі ў Італію на Oceanman. Маша плыла пяць кіламетраў, і было насамрэч трэшова. Яе пакусалі медузы, былі вялікія хвалі — трэба было весці барацьбу з усімі гэтымі абставінамі. Вада была каля 18-19 градусаў — цеплаватая для нас, — але Маша перажыла ўсе гэтыя жахі і стала значна мацнейшай.

 

 

Медузы і дэментары

Даша: Рэгламент даволі строгі: трэба плысці менавіта гадзіну, нельга плысці 30 ці 50 хвілін. Мы трэніруемся, каб сілы не скончыліся і мы змаглі плысці па гадзіне. Пры гэтым хуткасць не павінна падаць. Астатнія ў гэты час грэюцца, рыхтуюцца, дапамагаюць і чакаюць сваёй чаргі. Поўны заплыў можа доўжыцца ад 12 да 24 гадзін у залежнасці ад надвор’я і плыняў. Дыстанцыя таксама не фіксаваная і можа складаць ад 40 да 70 кіламетраў. За гэты час кожная з нас увойдзе ў ваду ад двух да пяці разоў. Стартуем мы ў Дуўры, фінішуем у Францыі, але ўсе на бераг не выходзяць, толькі адна, а потым вяртаемся назад у Дуўр. Там, дарэчы, ёсць паб, увесь распісаны імёнамі тых, хто калі-небудзь пераплыў Ла-Манш. Мы плануем там упісаць свае, беларускія.

Правілы даволі строгія: звычайны купальнік, шапачка, акуляры — і ўсё. Ніякага гідракасцюма, ніякіх ластаў ці гадзінніка на руцэ. Нельга дакранацца да лодкі ці да сяброўкі падчас змены, нельга мяняць загадзя ўзгоднены парадак удзельніц. Парушыш — дыскваліфікуюць усю каманду, нават калі да фінішу засталося зусім трохі.

 

«Ніякага гідракасцюма, ніякіх ластаў ці гадзінніка на руцэ»

 

Даша: Для мяне самае складанае — халодная вада. Калі ты залазіш у ваду тэмпературай +14, у цябе схоплівае дыханне. Усё, табе нічога не хочацца.

Мы не ведаем, калі будзем выплываць. Звычайна ўначы вада даволі ціхая, таму шмат хто стартуе ў 3-5 раніцы. І ў мяне асацыяцыя з дэментарамі з Гары Потэра: ноч, халодная вада — такое адчуванне, што шчасця ў тваім жыцці няма і больш ніколі не будзе. Проста нейкая туга і адзінота.

Але, каб плысці ўначы, у нас ёсць ліхтарыкі. Чапляеш на галаву, на купальнік і плывеш за лодкай. У Ла-Маншы шмат медузаў, таму ў нас будуць спецыяльныя мазі ад іх апёкаў. І таблеткі ад укачвання абавязкова. Таму што хвалі размотваюць вестыбулярку нармальна.

 

 

«Каб добрых навінаў пра беларускіх жанчын было больш»

Даша: Калі нас запытваюць, навошта мы гэта робім, мы ўнутры каманды жартуем: каб шмат жэрці. Але насамрэч я даволі няўпэўнены ў сабе чалавек і моцна вагаюся ў кожным рашэнні, заўсёды думаю, што я not good enough ва ўсіх сферах жыцця. І гэта мая спроба працаваць з самой сабой і запэўніць саму сябе, што я магу і што ў мяне павінна атрымацца.

Маша: Для мяне гэта пра права абіраць свой шлях. І мне хацелася б, каб добрых навінаў пра беларускіх жанчын было больш. Бо мы неверагодныя ў гэтым свеце. Хачу ў гэтым яшчэ больш запэўніцца і ўсім паказаць.

Даша: Праплыць і прынесці ў свет нешта светлае, звязанае з Беларуссю, таксама вельмі важна. Але калі падсумаваць, гэта пра магчымасць нешта крутое з крутымі людзьмі і ісці разам да гэтага.

 

 

Плаванне як спосаб знайсці сваё племя

Даша: Спорт дае мне магчымасць стасавацца з крутымі людзьмі. Гэта каманда, знаёмствы і сяброўства з людзьмі, з якімі па-за межамі сваіх хобі я б, мажліва, ніколі не пазнаёмілася. Лічу, што менавіта падрыхтоўка да такіх рэчаў дае магчымасць раскрыць чалавека, з якім сябрую, таму што мы бачым адна адну ў такія ўразлівыя моманты.

 

«Менавіта падрыхтоўка да такіх рэчаў дае магчымасць раскрыць чалавека, з якім сябрую»

 

Калі мы ходзім толькі на каву ці імпрэзы, я не пабачу, як чалавек рэагуе ў стрэсавых сітуацыях. Так што для мяне гэта яшчэ і спроба знайсці сяброў і зрабіць гэта хутка. Тым больш у эміграцыі трэба шукаць новае кам’юніці. І шмат хто з дзяўчат кажа, што вельмі не хапае сваіх людзей побач, таму гэта магчымасць хаця б віртуальна кожны дзень з кім-небудзь што-небудзь абмяркоўваць. Адна з удзельніц каманды казала нават, што яна часцей размаўляе з намі, чым са сваімі сяброўкамі і маці. Да таго ж мы абмяркоўваем даволі персанальныя рэчы, хтосьці праходзіць праз нейкія хваробы, аперацыі, таму мы ведаем адна пра адну даволі шмат.

Як пачаць плаваць? Я б сказала проста: трэба знайсці свой tribe, каманду хаця б з аднаго чалавека, набыць купальнік і проста з'ездзіць паплаваць першы раз. А далей справа пойдзе, трэба проста зрабіць першы крок: з’ездзіць на возера, пайсці ў басейн, упісацца ў якую-небудзь рэч, якая падаецца трошачку вар’яцкай, і пачаць яе рабіць звычайнай руцінай у сваім жыцці.

 

 

  Падтрымаць каманду Belarusian Swim Sisters можна тут

  Cачыць за заплывам тут

 

Фота: 34mag