За што мы любім Bad Bunny?
- 22.06.2026
- 41
34mag запускае рубрыку пра поп-культуру: знаёмімся з культурнымі трэндамі, якія нешта кажуць пра нашу эпоху і нашу планету, а таму было б няблага, каб яны даляталі і ў Беларусь ад Маларыты да Лёзна. Першы выпуск — пра артыста, які грыміць на ўвесь свет. Кантрыб’ютарка 34, Spotify Wrapped якой упэўнена ўзначальвае Bad Bunny, расказвае, чаму да гэтага артыста варта прыгледзецца ўважлівей, як ён стаў сапраўдным голасам эпохі і чаму яго поспех так раздражняе кансерватараў. І, вядома, запрашае на канцэрт у Варшаве — ужо 14 ліпеня на PGE Narodowy.
Хто такі Bad Bunny і чаму яго поспех важны?
Беніта Антоніа Марцінэс Акасіа — самы папулярны музычны выканаўца ў свеце. Так-так, не толькі ў Лацінскай Амерыцы ці іспанамоўным сегменце, а ўвогуле на зямлі. Пры гэтым у нашых шыротах многія даведаліся пра існаванне артыста толькі пасля гучнага выступу на сёлетнім Super Bowl Halftime Show.
Bad Bunny штомесяц слухаюць больш за 100 мільёнаў чалавек толькі на Spotify (34 яго трэкі набралі больш за мільярд праслухоўванняў кожны). Чатыры разы платформа называла яго самым папулярным артыстам года — у 2020, 2021, 2022 і 2025 гадах. Альбом «DeBÍ TiRAR MáS FOToS» («Я павінен быў рабіць больш фатаграфій») стаў першай цалкам іспанамоўнай кружэлкай, якая атрымала прэмію «Грэмі» ў намінацыі «Альбом года». Сусветны тур, які цяпер у самым разгары, быў распрададзены літаральна за некалькі гадзін. Толькі ў Мадрыдзе Беніта нядаўна даў не адзін, не два, а дзесяць стадыённых канцэртаў запар, сабраўшы 640 тысяч гледачоў. Дзякуючы гэтым выступам горад зарабіў каля 200 мільёнаў еўра.
Але маштаб фігуры Bad Bunny не абмяжоўваецца музыкай. Публічны актывізм зрабіў яго тварам і голасам народнай ідэнтычнасці — лацінаамерыканскай у цэлым і пуэртарыканскай у прыватнасці. Многае з таго, што ён робіць і кажа, выклікае хвалю хейту ў кансерватыўных колах ЗША і вялікую павагу сярод жыхароў невялікага вострава і цэлага кантынента.
Сярод драйвовых трэкаў пра каханне, вечарынкі і прыгожае жыццё ў Bad Bunny ёсць палітычныя выказванні: пра калектыўную траўму, эканамічны крызіс, непрымальнае стаўленне да жанчын, каланіяльную палітыку. Прапануем разам з намі расслухаць за качовым бітам адценні гэтых сэнсаў.

Фота: Apple
Траекторыя: ад трэкаў на SoundCloud да статусу поп-караля
Цудоўная гісторыя ўзлёту Bad Bunny на вяршыні чартаў здольная натхніць любога музыканта-пачаткоўца, які верыць у сябе і ў лёс. На дварэ 2016 год, Беніта працуе ў супермаркеце і ў вольны час займаецца музыкай, выкладаючы трэкі на SoundCloud. Кампазіцыю «Diles» заўважае пуэртарыканскі прадзюсар — і панеслася: Беніта падпісвае кантракт з лэйблам і пачынае паступова збіраць сваю аўдыторыю, супрацоўнічаючы з больш вядомымі лацінаамерыканскімі рэгетон-артыстамі, накшталт Ozuna, Nicky Jam, Karol G.
Уласна рэгетон як жанр, які змешвае ямайскі дэнсхол і лацінаамерыканскія рытмы, узнік у Пуэрта-Рыка ў 1990-я. На глабальнай сцэне яго доўга лічылі вульгарнай музыкай бедных кварталаў: праз «дарослыя» тэксты жанр увогуле забаранялі на радыё. Але як бы там ні было, рэгетон у Лацінскай Амерыцы — неад’емная частка культурнай ідэнтычнасці, а хіты кшталту «Gasolina» ўжо, лічы, нацыянальныя гімны.
Музычна Bad Bunny даўно выйшаў за межы гэтага жанру (зрэшты, межамі ён сябе ніколі і не сціскаў). Артыст выкарыстоўвае класічны для рэгетону рытм dembow як аснову, але дадае да яго элементы трэпу, сальсы і эксперыментальнай электронікі. У некалькіх трэках яго апошняга альбома «DeBÍ TiRAR MáS FOToS» выкарыстаныя таксама сэмплы лацінаамерыканскіх сальса-хітоў мінулых дзесяцігоддзяў — і зроблена гэта з любоўю і вялікай павагай да калег па сцэне.
Напрыклад, у кампазіцыі «NUEVAYoL» («Нью-Ёрк», але з пуэртарыканскім акцэнтам) гучыць класічная песня 1975 года «Un Verano en Nueva York» («Лета ў Нью-Ёрку») El Gran Combo de Puerto Rico. Такі падыход дазволіў пацэліць адразу ў дзве мішэні: Bad Bunny змог дацягнуцца да настальгічнай старэйшай аўдыторыі і пазнаёміць з легендамі пуэртарыканскай музыкі лацінаамерыканскіх зумераў.
Стылістыку Bad Bunny складана звесці да сціслага азначэння. У 2023-м гэта паспрабаваў зрабіць іспанскі Forbes, назваўшы Беніта «el rey del pop» («каралём поп-музыкі») — тытул, які раней давалі хіба што Майклу Джэксану. Але ці сапраўды гэта поп? Сам Bad Bunny так не лічыць: «¿Cómo Bad Bunny va a ser rey del pop con reggaetón y dembow?» («Як Bad Bunny можа стаць поп-каралём, калі ён грае рэгетон і дэмбоў?») — спявае ён у «NUEVAYoL».
Тры альбомы Bad Bunny, якія трэба ведаць:

«X 100PRE» (2018)
Дэбютны, каб зразумець, як адбывалася станаўленне артыста: гэта самы трушны рэгетон. Галоўны трэк — «Estamos Bien» («Мы ў парадку») пра наступствы ўрагану Марыя.

«Un Verano Sin Ti» (2022)
Першы прарыў у англамоўных чартах пры поўнай адмове ад англійскай мовы. Галоўныя трэкі: «El Apagón» з крытыкай эксплуатацыі вострава і «Tití Me Preguntó» — без глыбокіх ідэй, але з бітам, пад які немагчыма ўстаяць на месцы. Лірычны герой хваліцца бясконцай арміяй сваіх girlfriends, але напрыканцы прызнаецца, што насамрэч і хацеў бы закахацца па-сапраўднаму, толькі мае праблемы з даверам.

“DeBÍ TiRAR MáS FOToS” (2025)
Альбом-маніфест, трыб’ют пуэртарыканскай культуры. Галоўны трэк — настальгічны «DtMF», які можа растапіць сэрца любога эмігранта або таго, хто застаўся дома. «Ojalá que los míos nunca se muden…» («Вось бы мае людзі ніколі не з’язджалі…») — і вочы ўжо на мокрым месцы.
"Esto es PR, mami
Aquí nací yo y el reggaetón"
«Гэта Пуэрта-Рыка, дзетка
Тут нарадзіўся я і рэгетон»
Ноў інгліш
У дыскаграфіі Bad Bunny адразу кідаецца ў вочы тое, што ён прынцыпова не спявае па-англійску (і не выступае ў ЗША — але пра гэта ніжэй). З’яўленне настолькі ўплывовага артыста, які свядома ігнаруе рынак, што доўгі час лічыўся амаль абавязковым для сусветнага поспеху, увогуле змяняе правілы гульні ў глабальным культурным ландшафце: ён больш не з’яўляецца выключна USA-centric.
Іспанамоўнае кам’юніці ў Амерыцы і ў свеце — велізарнае, і яно нарэшце займае належнае месца ў глабальнай поп-культуры, пазбаўляючыся ад стэрэатыпу, што лацінаамерыканская музыка — гэта выключна саўндтрэк для вясёлых летніх тусовак (успомні хаця б самы вядомы hispanic хіт — усюдыісны «Des-pa-cito»…). Як піша Dazed, для ўнутранага кантэксту ЗША такі ўздым лацінаамерыканскай культуры вельмі важны: цяпер яе нельга ўспрымаць як нешта другаснае. Штатам даводзіцца прыняць факт, што яны — усяго толькі адна з частак вялікай амерыканскай культуры, а не дамінантная яе фігура.
Песні пра трагедыю, якая скалыхнула востраў
Каб зразумець важнасць Bad Bunny для яго роднага вострава, спачатку трэба разабрацца, што ўяўляе сабой Пуэрта-Рыка. Афіцыйна востраў з'яўляецца «неінкарпараванай тэрыторыяй ЗША» — гэта значыць, што ён не мае ні статусу незалежнай дзяржавы, ні правоў паўнавартаснага штата ў складзе федэрацыі. Жыхары Пуэрта-Рыка маюць амерыканскія пашпарты, але не маюць права галасаваць на выбарах прэзідэнта ЗША. Дзяржаўныя мовы тут — іспанская і англійская.
Вядома, культурны, гістарычны і сацыяльны кантэкст вострава значна шырэйшы за сухія афіцыйныя азначэнні. На думку многіх жыхароў, за прыгожымі словамі пра «садружнасць» хаваюцца каланіяльныя практыкі і эксплуатацыя мясцовых рэсурсаў. Яны лічаць, што ЗША ўспрымаюць Пуэрта-Рыка толькі як стратэгічны вайсковы і эканамічны анклаў, а зусім не як раўнапраўнага члена федэрацыі. У такіх умовах на востраве сфармаваўся цэлы культурны пласт, які — пераважна праз музыку — імкнецца абараніць нацыянальную ідэнтычнасць. Музыка стала актам мірнага супраціву, а Bad Bunny — адным з самых прыкметных лідараў гэтага руху.
Пунктам адліку ў станаўленні Bad Bunny як палітычнага актывіста стаў страшны ўраган Марыя, які абрынуўся на Пуэрта-Рыка ў верасні 2017 года, — і правальная рэакцыя ўладаў на катастрофу. Разбурэнні былі велізарнымі, на востраве месяцамі амаль не было электрычнасці, што выклікала сур’ёзныя праблемы з атрыманнем медыцынскай дапамогі.
У першых афіцыйных заявах улады значна занізілі колькасць загінулых — да 64 чалавек. Толькі праз год яны прызналі, што насамрэч колькасць жыццяў, якія забраў ураган, была амаль у 50 разоў большай — каля 3000 чалавек (паводле іншых расследаванняў колькасць загінулых блізкая да пяці тысяч). Неўзабаве пасля катастрофы Bad Bunny ўпершыню з’явіўся ў амерыканскім late night show і выкарыстаў пляцоўку для заяў у падтрымку свайго народа ў цяжкі час. Ён выканаў песню «Estamos Bien» («Мы ў парадку»), які хутка стаў гімнам вострава пасля перажытага ўзрушэння.
Праз гады Беніта неаднаразова вяртаўся да тэмы ўрагану як вызначальнай падзеі ў найноўшай гісторыі Пуэрта-Рыка. У 2024 годзе, да гадавіны катастрофы, выйшла песня «Una Velita» («Свечка»): «Al pueblo el pueblo le toca salvar / Fueron cinco mil que dejaron morir / Y eso nunca se nos va a olvidar» («Народу даводзіцца ратаваць сябе самому / Яны дазволілі памерці пяці тысячам чалавек — і мы гэтага ніколі не забудзем»).
Кінуць тур, каб вярнуцца і падтрымаць сваіх людзей
У 2019 годзе ў Пуэрта-Рыка ўспыхнулі пратэсты — і гэта яшчэ адна падзея, якая дакладна паўплывала і на творчасць Bad Bunny, і на яго публічны вобраз. Народ патрабаваў адстаўкі губернатара Рыкарда Расельё пасля скандалу: у Сеціва трапілі яго абразлівыя паведамленні ў перапісках і доказы карупцыі. Калі людзі пачалі выходзіць на вуліцы, Беніта знаходзіўся ў канцэртным туры. І Bad Bunny паставіў выступы на паўзу і рвануў дадому, каб далучыцца да пратэстоўцаў не на словах, а на справе.
Тады пратэст перамог: Расельё пакінуў пасаду, а людзі зноў павалілі на вуліцы — цяпер каб святкаваць. Гарады напоўніліся рэгетонам. Адзін з трэкаў, які гучаў тады на вуліцах, — «Te Boté» («Я цябе выкінуў») з удзелам Bad Bunny. Жыхары Пуэрта-Рыка канчаткова прынялі Беніта як публічную фігуру, якая можа казаць ад іх імя.
У 2022 годзе выйшаў альбом «Un Verano Sin Ti» (пазней ён стаў самым праслухоўваным у свеце на Spotify). Адзін з цэнтральных трэкаў пласцінкі — «El Apagón» («Блэкаўт») — прама крытыкуе джэнтрыфікацыю вострава. А каб падсвятліць праблему яшчэ больш, праз некалькі месяцаў трэк дапоўніла 20-хвілінная дакументалка. Фільм «El Apagón» уздымае пытанні выцяснення мясцовага насельніцтва, спажывецкага стаўлення да вострава, прыватызацыі пляжаў і падатковых ільгот для амерыканскіх інвестараў у Пуэрта-Рыка. Увогуле каланіяльная эканоміка і эксплуатацыя вострава — тэмы, якія чырвонай ніткай праходзяць праз альбомы Bad Bunny, прадстаўляючы яго як адваката ўсіх жыхароў сваёй зямлі.
"Aquí mataron gente por sacar la bandera
Por eso es que ahora yo la llevo donde quiera"
«Тут забівалі людзей за тое, што яны даставалі сцяг
Таму зараз я бяру яго з сабой усюды, куды захачу»
Падчас выбараў губернатара Пуэрта-Рыка ў 2024 годзе Беніта выйшаў на новы ўзровень грамадскага актывізму: з выканаўцы вулічнага хіта ён ператварыўся ў аднаго з лідараў палітычнага руху. На выбарах Bad Bunny публічна і фінансава падтрымаў Партыю незалежнасці Пуэрта-Рыка на чале з Хуанам Далмаў. Партыя выступае за поўнае аддзяленне вострава ад ЗША і стварэнне ўласнай дзяржавы. Далмаў не выйграў выбары, але рух за незалежнасць упершыню ў гісторыі Пуэрта-Рыка стаў другой па папулярнасці палітычнай сілай на востраве.
Глыбей пагрузіцца ў палітычны кантэкст трэкаў Bad Bunny дапаможа выдатны разбор ад Dazed або кніга «P FKN R: How Bad Bunny Became the Global Voice of Puerto Rican Resistance» аўтарак Vanessa Díaz і Petra R. Rivera-Rideau. Урывак з кнігі можна прачытаць на Rolling Stone.

Фота: Bad Bunny – Yo Perreo Sola / Youtube (video still)

Фота: Bad Bunny – Yo Perreo Sola / Youtube (video still)
Хлопец з манікюрам
Яшчэ на пачатку кар’еры, калі Bad Bunny ўпершыню з’явіўся перад шырокай аўдыторыяй, яго вобраз моцна адрозніваўся ад звычайнага гіпермаскуліннага іміджу іншых прадстаўнікоў рэгетону: ён любіў яркі манікюр, стыльныя спадніцы і дзівацкія прычоскі. І нягледзячы на візуальны рэбрэндынг апошніх гадоў, гэтая частка яго вобразу ўсё яшчэ жывая: нядаўна Беніта з’явіўся ў раскошнай спадніцы на шоу ў Мадрыдзе — і выглядаў проста супер.
Крытыка таксічнай маскуліннасці, гендарных нормаў і падтрымка транссупольнасці ў Беніта выяўляецца далёка не толькі ў спадніцах (хоць для прадстаўніка рэгетону нават нафарбаваныя пазногці — ужо прарыў). Трэк з першага альбома і кліп «Solo de Mí» («Я належу толькі сабе») — гэта выказванне супраць гвалту ў дачыненні да жанчын, а хіт «Yo Perreo Sola» («Я танцую перэа адна») гучна заяўляе пра неад’емнае права кожнай жанчыны танцаваць менавіта так, як ёй хочацца (нават правакацыйна), без непажаданай мужчынскай увагі.
У кліпе сам Беніта танцуе ў дрэг-вобразе: такая карцінка для рэгетону — з вобласці надзвычайнага. Вядома, нельга сказаць, што рэп пра танцы на стале адразу вырашыць усе праблемы жанчын, ды і ці можа рэгетон быць прафемінісцкім — пытанне для асобнага матэрыялу. Але Беніта відавочна спрабуе змяняць жанр знутры, і пачатак дакладна добры.
Актывіст-мільянер — гэта не аксюмаран?
Вядома, на любы публічны актывізм знойдзецца крытык(-іня). Некалькі тыдняў таму іспанскі брэнд Zara выпусціў разам з Bad Bunny новую калекцыю. Многія пазіцыі былі імгненна раскупленыя, але застаецца пытанне: ці можа артыст супрацоўнічаць з мас-маркет-гігантам, які ўвасабляе шмат з таго, супраць чаго ён змагаецца? Ці этычна, выступаючы супраць карпарацый, атрымліваць мільёны ад рэкламных кантрактаў?
Не хочам быць паліцыяй нораваў: мяркуем, можна паважаць артыста за канкрэтныя дзеянні, але ідэалізаваць нікога не варта. Чакаць ад селебрыці, што ён будзе выступаць за ўсё добрае і супраць усяго дрэннага, адмаўляючыся ад буйных кантрактаў дзеля высокай ідэі, — як мінімум наіўна.
Дарэчы, калекцыя ў Zara атрымалася даволі гендарна-флюіднай, таму пры жаданні выказванне можна ўбачыць і ў ёй.

Фота: Bad Bunny for Zara / Campaign by Stillz
Убачымся на стадыёне (не ў ЗША)
Калі пасля знаёмства з палітычным і музычным кантэкстам табе захацелася ўварвацца на канцэрт Bad Bunny, выдатна цябе разумеем. На тваё і наша шчасце, проста цяпер у Беніта ідзе сусветны тур Debí Tirar Más Fotos World Tour.
Амерыканская (маем на ўвазе ўвесь кантынент) частка тура пачалася летась улетку з маштабнай рэзідэнцыі «No Me Quiero Ir de Aquí» («Я не хачу з’язджаць адсюль») у сталіцы Пуэрта-Рыка — Сан-Хуане. Там Беніта правёў больш за 30 шоу, сабраўшы больш за паўмільёна гледачоў. Пры гэтым ад выступаў у ЗША артыст адмовіўся цалкам. Гэтае рашэнне было і эканамічным (паводле ацэнак экспертаў, рэзідэнцыя прынесла востраву каласальны прыбытак — каля 700 мільёнаў долараў), і, вядома, палітычным жэстам салідарнасці. Bad Bunny асцерагаўся, што актыўнасць міграцыйнай службы ICE у ЗША можа быць накіраваная супраць яго аўдыторыі.
Пасля гэтага адбыліся канцэрты ў Паўднёвай Амерыцы і Аўстраліі, а цяпер у самым разгары еўрапейская частка туру. Канцэрт у Варшаве пройдзе 14 ліпеня, акрамя таго Беніта завітае ў Германію, Італію, Швецыю і іншыя краіны. Квіткі на ўсе стадыёны былі раскупленыя імгненна, але калі задацца мэтай, можна злавіць білецік на рэсэйле. Раім карыстацца толькі платформамі, дзе ёсць афіцыйная валідацыя квіткоў, напрыклад Ticketmaster або дадаткам TicketSwap, каб не нарвацца на скамераў.
Тыя, хто пабывалі на шоу, з захапленнем расказваюць пра маштаб: тры аддзяленні з розным настроем, дэкарацыі, якія сімвалізуюць востраў, самааддача артыста, узровень арганізацыі і атмасфера бясконцага свята. Ісці трэба не толькі таму, што гэта гучная музычная падзея. Найперш гэта магчымасць пакінуць сваю бурбалку, пабачыць на ўласныя вочы глабальны культурны феномен, пераканацца, што свет велізарны і цікавы, і, вядома, добра патрэсці азадкам — гэтага нам ніхто не забароніць.
Фота на галоўнай: Eric Rojas


