Магчымасць дня: арт-рэзідэнцыя ў Белавежскай пушчы
- 10.07.2019
- 2842
З 24 жніўня па 1 верасня ў вёсцы Новы Двор на тэрыторыі Белавежскай пушчы ўпершыню збяруць валанцёрскі лагер і правядуць арт-рэзідэнцыю. Заяўкі прымаюць да 25 ліпеня.
Праграма «КАНТАКТ» – гэта такі сабе Шыва ў свеце актывізму: і лагер валанцёраў, і арт-рэзідэнцыя, і фестываль. Тут будуць рады бачыць мастакоў (курыраваць іх будзе даволі вядомы стрыт-артэр Bazinato), урбаністаў, даследчыкаў, вынаходнікаў і нявызначаных (чытай: валанцёраў).
На праграму можна падавацца не толькі з беларускім пашпартам. Грамадзян Малдовы, Расіі, Украіны і краін Еўрасаюза тут таксама чакаюць (перадай сябру/сяброўцы).
Вынікам праграмы, як чакаецца, будзе «павышэнне актыўнасці мясцовай супольнасці» ды «спрыянне ўстойліваму развіццю і захаванню тэрыторыі нацыянальнага парку Белавежская пушча». Варыянты, чым заняцца, прыкладна такія: афармленне экалагічнай сцежкі, інсталяцыя, перформанс, паблік-арт, лэнд-арт, стрыт-арт, дакументальны фільм, фатаграфія, нешта яшчэ.
Працоўныя мовы: руская, англійская.
Пражыванне: намёты да трох чалавек, трохразовае харчаванне, душ і туалет на тэрыторыі лагера.
Варыянты ўдзелу: платны і бясплатны.
Узрост удзельнікаў: 18+.