9 тэлеграм-каналаў пра медыя і кантэнт

  • 26.01.2021
  • Аўтар: 34mag
  • 6371

Вялікія тэксты ніхто не чытае? Ці будучыня за падкастамі? З якім кантэнтам ісці ў TikTok? Як прыцягнуць маладую аўдыторыю і не аблажацца? Сабралі спасылкі, па якіх можна пашукаць адказы на гэтыя і іншыя пытанні.

 

MediaMedia

Рэгулярны канал навін з жыцця медыя па ўсім свеце (пра свабоду слова ў Беларусі тут таксама прамовілі нямала слоў). Сярод іншага на канале публікуюцца пераказы заходніх публікацый – зручна, калі не хочацца чытаць па-ангельску ці замарочвацца з пэйволам. Вось, напрыклад, сціслы пераказ таго, што будзе з медыя ў 2021-м, паводле версіі Reuters Institute for the Study of Journalism.

«Мы и Жо»

Аператыўны і насычаны канал пра трэнды і навіны са свету медыя. Куды рухаюцца Google, Facebook, Тэлеграм, Amazon і іншыя гіганты – усё тут.

«Медиаборщ

Канал пра дыстрыбуцыю кантэнту, уцягванне карыстальнікаў і манетызацыю медыя. Абнаўляецца нячаста, але займальна, аўтар не саромеецца выказваць непапулярныя пункты гледжання і не скупіцца на тэхнічныя парады, напрыклад як нарошчваць прагляды ў Facebook Watch.

 

«Конструкторское бюро»

Аўтарскія разважанні аб медыя, кантэнт-маркетынгу і натыўнай рэкламе, а таксама пераказы заморскіх публікацый, як правіла, з немэйнстрымавым пунктам гледжання. Карысна пачытаць тым, хто хоча «не як ва ўсіх», і тым, хто хоча быць модненькім, але не смешным.

«Что почитать редактору»

3-5 профільных спасылак у дзень. Зручна, каб прачытаць толькі тое, што важна для цябе, не выпусціўшы з-пад увагі іншае, што важна для яшчэ кагосьці. Усялякія візіянерскія штукі сустракаюцца таксама.

The Skope

На канале выходзяць рассылкі, якія дазваляюць зразумець, як людзі спажываюць кантэнт сёння і як будуць заўтра. У апошнім выпуску: разважанні аб будучыні смартфонаў ды журналістыкі, аповед пра тое, чым 2020-я падобныя на 1920-я, і пра тое, як людзі старэйшага ўзросту становяцца функцыянальна маладзейшымі.

 

БАЖ

Веснік Беларускай асацыяцыі журналістаў акрамя навін (зразумела, цяпер гэта найбольш балючае і актуальнае) публікуе інфармацыю аб магчымасцях адукацыі і прафесійнага росту, а таксама афішы карысных мерапрыемстваў, у тым ліку сваіх.

Press Club Belarus

Навіны і магчымасці для медыйшчыкаў чаргуюцца з уласным карысным кантэнтам. Варта звярнуць увагу на маніторынг беларускіх СМІ і аналітыку праекта Media IQ – спрыяе развіццю крытычнага мыслення ў эпоху fake news і дапамагае прадбачыць трэнды. Тут, напрыклад, распавядаюць, як абараніць мозг ад прапаганды.

«Подкасты наступают»

Інтэрв'ю з рускамоўнымі падкастарамі дапамагаюць адказаць сабе на пытанне: за падкастамі будучыня ці гэта чыясьці вялікая памылка?