7 фемінісцкіх івэнтаў лютага

  • 06.02.2020
  • Аўтар: 34mag
  • 4334

Да восьмага сакавіка яшчэ месяц, а фем-ініцыятыў ужо так шмат, што мы не вытрымалі і сабралі іх усе ў адзін матэрыял – каб ты нічога не прапусціла(-ў). Тут і лекцыя пра гендар ды фемінісцкі панк-рок, і прэзентацыя кніжкі пра выбітных беларусак, і шалёныя танцы. Геаграфія таксама радуе – раскачваць патрыярхат будуць не толькі ў Менску, але яшчэ і ў Берасці ды Пінску.

 

 Вечар без гвалту 

 Дзе:  Берасце, Прастора КХ, вул. Халтурына, 2/1

 Калi:  6 лютага, 18:00 – 21:00

 Уваход:  вольны

За першае паўгоддзе 2018-га ад гвалту ў сям'і загінула 48 чалавек, а за першае паўгоддзе 2019-га – ужо 55 чалавек. Ініцыятыва «Маршыруй, дзетка!» працягвае гучна выказвацца па гэтай тэме. На вечары сузаснавальніцы ініцыятывы раскажуць пра гісторыю і планы праекта, усе ўдзельніцы і ўдзельнікі сустрэчы падпішуць паштоўкі і петыцыю за з'яўленне ў краіне комплекснага закона па супрацьдзеянні хатняму гвалту.

 Падрабязнасці 

 Лекцыя «Гендар: фэйкі і факты» 

 Дзе:  Берасце, Прастора КХ, вул. Халтурына, 2/1

 Калi:  6 лютага, 19:00 – 21:00

 Уваход:  вольны

Навошта ў ХХІ стагоддзі патрэбны гэты гендар, чаму любая згадка гэтага слова выклікае столькі спрэчак, якое дачыненне гэта мае да Беларусі і як мяняе нашу камунікацыю і штодзённасць? Распавядаць пра гендар, пол, сэксуальнасць і новыя магчымасці біятэхналогій будзе Алена Агарэлышава, магістарка сацыялогіі, якая займаецца даследаваннямі гендару, цялеснасці, медыкалізацыі і ЛГБТК.

 Падрабязнасці 

 

 Fem Tour. Regions. Pinsk 

 Дзе:  Пінск, дакладны адрас паведамяць зарэгістраваным удзельнікам ды ўдзельніцам

 Калi:  8 лютага, 15:00 – 18:00

 Уваход:  па рэгістрацыі

Хоць ты кідай усё і ляці ў Пінск – у гэтыя выходныя там будзе лекцыя пра фемінісцкі панк-рок і ЛГБТК+ актывізм. Івэнт ладзяць маладыя ініцыятывы: «Новыя рэгіёны» – ініцыятыва з Магілёва, якая займаецца пытаннямі ЛГБТ+ супольнасці, «Больш Цела» – ініцыятыва, што прасоўвае ідэі бодзіпазітыву, а «Інтэр» – жаночая ініцыятыва з Горадні, якая распавядзе пра фемінісцкі панк-рок і інтэрсекцыянальны фемінізм. Дзяўчаты ведаюць пра гэта з асабістага вопыту, бо самі граюць у жаночай панк-рок-групе!

 Падрабязнасці 

 Прэзентацыя кнігі 

 «Яна была» 

 Дзе:  Менск, пр. Пераможцаў, 14, канферэнц-зала

 Калi:  8 лютага, 16:00 – 16:30

 Уваход:  вольны

На сустрэчы калектыў стваральніц раскажа, як рабілася кніга пра 16 выбітных беларусак на трох мовах (беларускай, рускай і англійскай) і чаму 16 беларускіх мастачак вырашылі ілюстраваць гераінь, гісторыі якіх іх натхнілі. На якія яшчэ івэнты кніжнага кірмашу завітаць, чытай у нашым гайдзе.

 Падрабязнасці 

 Фемінісцкія пратэсты: 

 сто дваццаць гадоў барацьбы 

 Дзе:  Менск, Другі паверх

 Калi:  8 лютага, 12:30 – 15:00

 Уваход:  вольны

Тоні Лашдэн – фемініст_ка, квір-актывіст_ка, журналіст_ка – раскажа пра тое, як пратэставалі феміністкі і праваабаронцы апошнія сто гадоў і што яны робяць цяпер. Таксама ў праграме абмеркаванне негвалтоўных дзеянняў, крэатыўных пратэстаў, акцыянізму, перформансу і паэзіі як спосабаў пратэсту. Так што калі ў цябе даўно свярбелі рукі зрабіць нешта ў абарону правоў жанчын – самы час.

 Падрабязнасці 

 

 One Billion Rising'20 

 Дзе:  Менск, месца ўдакладняецца

 Калi:  14 лютага, 18:30 – 19:15 (рэпетыцыі 8 лютага, 15:00 – 16:00 і 12 лютага, 18:30 – 19:30)

 Уваход:  вольны

Варыянт непапсова адсвяткаваць Дзень закаханых – паўдзельнічаць у танцавальным флэшмобе супраць гвалту. Па статыстыцы менавіта ў святочныя дні (у тым ліку 14 лютага) павышаецца ўзровень хатняга гвалту – таму вось ужо 7 гадоў па ўсім свеце 14 лютага танчаць танец, закліканы праз мастацтва звярнуць увагу на праблему хатняга гвалту, падтрымаць адна адну і адчуць цяпло ўзаемападтрымкі. А яшчэ гэта падстава дапамагчы – на рэпетыцыях і на самім флэшмобе будуць збіраць неабходныя рэчы для жанчын і дзяцей з прытулку, які курыруе «Радзіслава». Прыносіць можна сухі паёк (макароны, крупы, кансервы, гарбату, соль, цукар і г.д.), бытавую тэхніку і вопратку.

 Падрабязнасці 

 S/HE ROARS BACK! Femparty 

 Дзе:  Менск, Ок16

 Калi:  22 лютага, 23:00 – 4:00

 Уваход:  free donation

Аднак хопіць лекцый – час танчыць да раніцы і весяліцца ў кампаніі аднадумцаў! На вечарыну клічуць усіх, хто падтрымлівае каштоўнасці роўнасці, справядлівасці і разнастайнасці. Дрэс-код: любімыя шмоткі з тваёй шафы і, вядома, унутраны агонь.

 Падрабязнасці 

Iлюстрацыя на галоўнай: Lou Nollaig