Як Weed & Dolphins ездзілі на MENT у Любляну

На пачатку лютага беларускі гурт Weed & Dolphins адыграў на буйным шоукейс-фестывалі MENT у Любляне. Наша інсайдар-журналістка sub rosa адправілася разам з «Дэльфінамі» ў дэбютную панк-рок-вандроўку працягласцю больш за 4 тысячы кіламетраў. Шансон пра мянтоў, савецкі фэнсі-кінатэатр і шоукейсныя пераплёты – трымай гарачую і незаблюраную справаздачу з самай авантурнай (пакуль) выцечкі ў біяграфіі бэнда, а бонусам – трохі дэталяў, як сябе весці ў шоукейсных колах.

 

 Героі 

 

У мінівэне нас было восем. Рабяты з Weed & Dolphins: Дэйман (вакал і сінты), Юра (барабаны), Арцём (бас) і Улад (гітара). «Дэльфінаў» мы ведаем па першым поўнафарматніку «Islandkid Cassette», які з’явіўся ў мінулым сакавіку на «Першаку», а напрыканцы года трапіў у 12 лепшых беларускіх альбомаў па версіі beehype. Дагэтуль яны мелі «выязныя матчы» ў Піцеры, Кіеве, Адэсе і Маскве, а найбольш прыкметнымі канцэртамі ў Беларусі былі, напэўна, летнія Tuborg Night, FYM Sessions і Orlyhall Party. Сярод васьмёркі таксама – іх сябры з гурта Lubber Louie (Луі і Мілк): другая банда, дзе грае Арцём. Кіроўца – пан Віктар (па сумяшчальніцтве – Арцёмаў бацька), які катае па канцэртах айчынныя і сусветныя банды ад «Петли пристрастия» да японскага пост-рок-гурта Mono, ведае процьму вершаваных баек, а раней сам гастраляваў па свеце з уласным ансамблем народнай музыкі Yanka. Я паехала з Weed & Dolphins на правах сталага сяброўства і, магчыма, таму, што ўжо прайшла тэст-драйв, калі такім жа складам мы ганялі ў Кіеў.

 

 

  Падзея 

 

У снежні стала вядома, што на шоукейс MENT Ljubljana з беларускіх гуртоў сёлета едуць Weed & Dolphins. Тур «пад ключ» (ад падрыхтоўкі заяўкі і прома да афармлення віз і перамоваў з мясцовымі прамоўтарамі) арганізавалі тутэйшыя партнёры фестывалю Experty.by (ім «Дэльфіны» таксама падабаюцца), букераў жа зачапіла нязвыклая назва і відэа на трэк «Mortal Kola». Рабяты патурбаваліся і замовілі яшчэ некалькі канцэртаў на еўрапейскіх абшарах. Так на мапе трыпу з’явіліся прыморскі Копер на паўднёвым захадзе Славеніі і Нові-Сад у Сербіі. У апошніх гарадах гралі абодва гурта, якія трэсліся па Балканах у нашым белым мэрсе.

 

 

 

 Хранатоп падарожжа 

 

Роўна за тыдзень музычнага ваяжу мы наматалі каля 4150 кіламетраў. Былі ў дарозе, хостэлах, барах, цэнтры ўрбаністычнай культуры, кропках фаст-фуду, цягаліся па замках і начавалі ў тутэйшых. Бачылі высокія заборы аўтабана, чэшскіх зайцоў на полі, снежную буру, мора і вёскі. У Любляну мы гадзін 30 ехалі праз Літву, Польшу, Чэхію і Аўстрыю. Далей бралі на поўдзень і захад па заснежанай Славеніі ў Копер, а адтуль – па Харватыі і сербскіх серпантынах – у Нові-Сад – і, праз Венгрыю, Славакію і Польшу, нехаця дадому.

 

 

«Першыя гадзіны прайшлі пад адборны шансон з песнямі пра мянтоў. Потым доўга слухалі The Cure»

 

 

 У дарозе 

 

Большую частку багажніка, вядома, занялі інструменты, яшчэ крыху – спальнікі і ссабойкі. Іншых рэчаў было па мінімуме. Улад узяў з сабой скейт, з-за чаго адразу атрымаў ад пана Віктара мянушку «скейцер» да канца паездкі. Каб хутка наладзіцца на паўднёвую Еўропу, Мілк задаволена прапанаваў уключыць загадзя падрыхтаваны плэйліст балканскай музыкі. Але магнітола на заляцанні не паддавалася – першыя гадзіны прайшлі пад адборны шансон з песнямі пра мянтоў. Потым доўга слухалі The Cure.
Паўтара сутак мы ехалі, нібы ў вагоне-рэстаране. У кожнай краіне дэгуставалі піва, а ў Літве памылкова зачапілі яшчэ і квас. Мы гутарылі, абмяркоўвалі расклад канцэртаў і сэты, спалі, чыталі, перапальвалі на прыпынках, займаліся кожны сваімі справамі. Улад прапанаваў:

– Чувакі, давайце сыграем у «Рок».

– Гэта як? – мне відавочна не хапала кампетэнцыі.

– Кажаш назву гурта ці выканаўцу, а наступны працягвае на апошнюю літару. Ну, толькі тру рок, без лухты.

Арцём, Луі і Дэйман пагаджаюцца.

– «Ранеткі». Табе на «І», – Улад усміхаецца.

Тое, што мы ўжо амаль у Любляне, падказваў час, знакі на трасе і GPS-навігатар. І тое, што цяпер дарога пераважна хавалася ў бясконцых тунэлях пад гарамі. Мы пераапрануліся ў лягчэйшае адзенне, задаволеныя славенскімі +8°С. Нарэшце party bus спыніўся ля цэнтра ўрбаністычнай культуры Kino Šiška, які адразу атрымаў ласкавую мянушку «Кіно Сіська».

 

 MENT  – вялікі шоукейс-фестываль на Балканах, адзін з галоўных фэстаў Усходняй і Паўднёвай Еўропы, але не толькі. І разам з тым – канферэнцыя для розных прадстаўнікоў музычнай індустрыі. На працягу 3 дзён на 12-ці пляцоўках Любляны перформілі 65 гуртоў і артыстаў, а фестываль наведала 3 400 чалавек. 

 

 

 

 MENT Ljubljana 2018 

 

Адразу з буса мы пайшлі на рэгістрацыю ў будынак, аддалена падобны да савецкага кінатэатра, але фэнсі. На бясплатнае піва мы спазніліся, але прыйшлі якраз да першага канцэрта. Гэта была банда з дзевяці інструменталістаў Nesesari Kakalulu – быццам невялікі сімфанічны аркестр з гіпнатычнымі, па-першабытнаму простымі рытмамі. Асалоду трэба было тэрмінова яднаць з прагматыкай: выступленне Weed & Dolphins было на наступны дзень.

Надышоў час пісьменнага прамоўшна. Для шоукейса рабяты надрукавалі флаераў, маленькую кіпу ўручылі мне з настаўленнем: «Давай толькі таму, хто сапраўды спадабаецца. Слухай сэрца». Мне двухсэнсоўна, ім смешна.

 

«На цэлы дзень да саўндчэка Дэйман трапіў у гульню “сам сабе менеджар”, падобную да speed dating, дзе за колькі хвілін табе трэба распаліць у суразмоўцы жарсць»

 

На курыльні, як звычайна, тусавалася палова ўсяго народу. Маё сэрца маўчала, але канабіснае воблака вакол суседняй кампаніі аўтаматычна запусціла пошук патэнцыйнай аўдыторыі: хіба ім з такім амбрэ не спадабаецца назва Weed & Dolphins?

Наступны дзень да канцэрта мы правялі па-рознаму: рабяты пайшлі глядзець гарадскія славутасці, а мы з Дэйманам шчыльна заселі на канферэнцыі. Слухалі, як музыкантам прасоўвацца праз Youtube, і бачылі, як, прыгадаўшы Марсэльезу ў «Касабланцы», пускае слязу Сэймур Стайн (Seymour Stein), які ў свой час запісваў Ramones, Depeche Mode, Ice-T і Мадону.

На цэлы дзень да саўндчэка Дэйман трапіў у гульню «сам сабе менеджар»: за ўсіх Weed & Dolphins зачароўваў букераў, прадстаўнікоў музычных фестываляў і лэйблаў, менеджараў праектаў і гаварыў за душу з артыстамі. Падобна да speed dating, дзе за колькі хвілін табе трэба распаліць у суразмоўцы жарсць.  Ледзь мы высунуліся з ім з Kino Šiška на чэк, як заўважылі Джона Роба – знакамітага музычнага крытыка, які пра постпанк ведае больш за каго іншага. Гаворка пайшла пра яго кнігі і пра Кабэйна, якога Роб ведаў яшчэ да агульнага прызнання. Паабяцаў прыйсці. На саўндчэк мы амаль беглі і спазніліся хвілін на 10.

Бар Menza Pri Koritu – адзін з тых, што знаходзяцца ў квартале Метэлькова, які ў The Guardian назвалі «самым паспяховым сквотам Еўропы». Былыя аўстра-венгерскія  казармы актывісты ў 90-х пераўтварылі ў культурны класцер, ліберальны і страшна распіяраны адначасова. Складана ўявіць, якая сцэна пасавала б Weed & Dolphins болей.

 

 

«Бар Menza Pri Koritu – адзін з тых, што знаходзяцца ў квартале Метэлькова, які ў The Guardian назвалі “самым паспяховым сквотам Еўропы”»

 

 

 Шоукейс 

 

Перад канцэртам рабяты былі ціхімі, больш разыходзіцца пачалі, калі ўжо выступала першая банда Sheep Got Waxed з Літвы. Яны далі моцную энергетыку, асабліва драйвовы шумны саксафон. Прастора была поўная, і кантакт з публікай у «Авечку навашчылі» атрымаўся ладны. Таму да мэтаў рабят, акрамя максімальна якаснага перфоманса, дадалася звышустаноўка: як меншае, не панізіць планку.

Пасля перакуру зала раптам пачала набівацца. Я паспрабавала дакрычацца да Дэймана, што нават Джон Роб прыйшоў і яшчэ больш за дзясятак тых personae magis gratae, з кім гутарылі днём. На сцэну «Дэльфіны» выйшлі, нервуючыся не больш прадказальнага. На Арцёме была яго «шчаслівая» кашуля, Дэйман выйшаў басы і без акуляраў, Юра ў тых самых леапардавых легінсах, а Улад у байцы, якая хіба не ўтрая большая за яго.

Ужо на інтра людзі пераглядваліся і ківалі адно аднаму, але на першым трэку адразу вылезлі касякі наладаў: голас гучаў не так, як трэба, аднак пасля кароткіх перамоў з гукарэжысёрам амаль стала лепей і большасць публікі засталася да перамогі. На «Like That», як на кожным канцэрце, гледачы пачалі дрыгацца: добры знак, бо як інакш парэйвіш пад нетанцавальную музыку. Але было нязвыкла, што слухачы не тусуюцца разам з бэндам, а аглядаюць і ацэньваюць яго, нібы экспанат ці аўкцыённы тавар. Напрыканцы сэта Weed & Dolphins сыгралі з латышскай флейтысткай Элізабэт у касцюме русалкі, а фінал закруглілі бадзёрай панкавай «Mortal Cola».

 

 

 

 Рэцэнзіі 

 

 Гардана Насцеўска Манасіеска, букер Akasha Booking (Македонія): 

– Я не курыла касяк, але поўнасцю была пад кайфам ад музыкі, якую я чула ў гэтую ноч на сцэне Menza pri Koritu. Weed & Dolphins абсалютна штурханулі мае пачуцці сваім унікальным і эклектычным гукам. Яны гучаць, як сумесь паміж раннімі The Cure і познімі Joy Division, упрыгожаныя панкам, панкам, панкам... Колькі новага, свежага гуку з усходняй часткі Зямлі. Я закахалася ў іх.

 Аляксандр Іонаў, музыкант, прадзюсар, арт-дырэктар клуба «Ионотека» (Расія): 

– Рабяты выглядалі, як гурт з Англіі напачатку 90-х, нейкі постшугейз у стылі гурта Adorable. Ніколі не сказаў бы, што гэта хлопцы з Беларусі. Гэта было выдатнае выступленне, асабліва трэк «Like That», у якім вакаліст прапануе паслаць рамяні бяспекі на фіг, – рэальна ўкаціла! У будучыні я хацеў бы ўбачыць у іх больш агрэсіі ў гітарах, больш злосці і цёмнага боку псіхічнай мазгавой атакі, больш канфлікту і катарсісу.  

 Джон Роб, музыкант, прадзюсар, журналіст, аўтар (Брытанія): 

– Я атрымаў асалоду ад іх сэта, але хацеў бы пачуць лепшы гук. Аднак іх гаражная псіха-рэч і джэнглавае бразгатанне, як на раннім [лэйбле] Creation Records, мяне заінтрыгавалі.

 Аляксей Кутузаў, дыджэй, куратар Minsk Festival (Беларусь): 

– Калі арганізатары МENT запыталіся, каго варта везці з Беларусі, я з задавальненнем назваў іх. Цікавасць да беларусаў была заведама: працавала і прыкольная назва гура, і тое, што летась прыемнае ўражанне пакінулі Super Besse і Mustelide. На выступленні  мне падалося, што вакаліст Дэйман трохі прыфігеў ад такога натоўпу, маўляў: «Ого, і гэта вы ўсе прыйшлі на мяне паглядзець?!» Але канцэрт выцягнула якасная ігра ўсіх музыкаў і цікавы матэрыял. Гэтаму выступленню я даў бы моцную тры з пяці. Можна было б і болей, калі б не нюансы з гукам і недахоп досведу на еўрапейскай сцэне.

 

 

 Ад шоукейса да кватэрніка: Копер і Нові-Сад 

 

Далейшыя канцэрты ў Славеніі і Сербіі былі больш камернымі і менш стрэсавымі. Мы жылі ў мясцовых, якія самаахвярна пагадзіліся ўпісаць васьмярых разам. У Коперы Weed & Dolphins і Lubber Louie выступалі ў барападобным моладзевым цэнтры, а ў Нові-Садзе гралі панкуху амаль «на каленках»: Дэйман пеў седзячы, а на пачатку выступлення пажартаваў, ці не трэба ўзяць плед і какаву. Тут ён расказваў гісторыі па-руску, бо большасць аўдыторыі была рускамоўнай.

 

 

«У будучыні я хацеў бы ўбачыць у іх больш агрэсіі ў гітарах, больш злосці і цёмнага боку псіхічнай мазгавой атакі, больш канфлікту і катарсісу»

 

 Эпілог 

 

Па дарозе мяне постфактум непакоілі два пытанні. Па-першае, чаму вобраз Дэймана альбо выстрэльвае, падабаецца аўдыторыі, альбо глядач бачыць у ім дзіўнага, наваленага чэла? Па яго словах, Weed & Dolphins не ідуць па шляху шоукейс-гурта, часам разганяюцца, часам тармазяць, перагібаюць у сваёй гульні. «Сутнасць у тым, што гурт быў створаны, каб такое было магчыма. На шоукейсе гэта выглядае крыху дзіўна на фоне калег, але шчыра. На андэграўдным гігу вынік быў бы іншым. Вось у Сербіі атрымаўся зусім лампавы вечар, дзе ўсе плылі, нават з офісаў з другога паверха нас спускаліся паслухаць чувакі». А другое – пытанне жанру, які ўсе ўпарта намагаюцца вызначыць. А яго няма. Клаўд-панкам Weed & Dolphins назвалі з-за трэка «Human Parts», але і гэта не тое. «Антыжанравасць – гэта адказ на тое, што мне чапляла і ціснула на густ у 2012-м, калі W&D толькі з’явіліся. З-за новай хвалі цікавасці да постпанку ляціць адно, з-за pop psychedelic revival – другое, з-за hip hop бэкграўнду – трэцяе. А ўсе рухі ізаляваныя. А ты, малы, проста хочаш рабіць добрыя песні з характарам. І ў момант, калі ўжо бачыш, што можна абіраць, як зрабіць, – гэтыя рухі сутыкаеш».

Наперадзе ў рабят самапальныя туры па Беларусі, паездка Талін–Рыга і фестываль у Марыупалі.  Мы былі ўжо ў дарозе дадому:

– Так, у сераду рэпетыцыя, – кажа Юра і ці то жартаўліва, ці то сур’ёзна глядзіць на кожнага па чарзе.

– Чувакі, нам напісаў букер з Македоніі, – Дэйман падняў галаву ад дысплэя мабільнага.

 

 

Дзякуй Дзмітрыю Безкаравайнаму з Experty.by за дапамогу ў акрэдытацыі на фестываль. Матэрыял створаны ўдзельніцай курса ГА «БАЖ» «10 крокаў да паспяховай журналістыкі».

Фота mlsbjvcJože Balas, sub rosa, Tadej Gorup

Как Олег «ЛСП» превратил Backdoor в хлев дружбы

Как Олег «ЛСП» превратил Backdoor в хлев дружбы

Почему презентация альбома «ЛСП» – это вообще не про музыку.

«Убей перфекциониста». Лера Деле – о создании клипа на карантине

«Убей перфекциониста». Лера Деле – о создании клипа на карантине

История создания видео, которое вместо месяца заняло сразу три.

«КУЛЬТУРА.» – «ГОСТ». Премьера на «Першаке»

«КУЛЬТУРА.» – «ГОСТ». Премьера на «Першаке»

Это дебютный сингл и клип новой группы Паши Михалка.

Что не так с позицией «Белтелерадиокомпании» в конфликте с Shuma

Что не так с позицией «Белтелерадиокомпании» в конфликте с Shuma

Переводим законы на человеческий язык и отвечаем, кто прав с юридической точки зрения.

10 песен и 1 альбом, чтобы перевести дух

10 песен и 1 альбом, чтобы перевести дух

Советуем хорошую музыку, чтобы очистить голову.

Топ-10 беларусов на Spotify

Топ-10 беларусов на Spotify

Первое место может тебя удивить. Потому что на нем не Макс Корж!

12 лучших песен июня

12 лучших песен июня

Беларусы поют о важном, Feduk записал главную песню лета, Arca – это любовь!

Неизданная музыка учеников Ableton School, часть 2

Неизданная музыка учеников Ableton School, часть 2

«Домашки» Ableton School, которые хочется послушать здесь и сейчас.

12 главных песен мая

12 главных песен мая

Рэп, неофламенко и немного протестных настроений.