Прэзентацыя сінглу: Akute – Усе песні спетыя

Сёння на «Першаку» прэзентуем новы сінгл магілёўскіх дэкаданс-рокераў Akute. «Усе песні спетыя» – гэта бескампрамісная палачка-выручалка, якая трывалым сінтэзатарным рытмам дае некалькі трапных парадаў, што дакладна спатрэбяцца па дарозе ў вырай. Пампуй у заплечнік!

 

Раман Жыгараў
бас-гітарыст і аўтар песень Akute:


– Гісторыя сінглу дастаткова простая. Станіславу, нашаму вакалісту, падарылі сінтэзатар, якім ён з галавой і захапіўся. Доўга на ім нешта прыдумляў, у яго не атрымлівалася, аднак пасля кароткай перадышкі ён літаральна за хвіліну накідаў гэтую песню. Як яна першапачаткова з'явілася, практычна ў такім выглядзе і засталася. Голас жа мы пісалі даволі доўга, па-мойму, гэта сёмая версія звядзення. «Усе песні спетыя» – нетыповая для нас праца з нежывымі інструментамі, таму мы крыху не разумелі спачатку, як правільна адладзіць, напрыклад, нізкія частоты. У будучыні, калі гэтыя вопыты прыжывуцца, мы плануем і далей эксперыментаваць з сінтэзатарным гукам.

 

 

Увесну Akute адпраўляецца ў тур па Беларусі і Расіі ў падтрымку сінглу. Па словах музыкаў, ім так спадабалася мінулай восенню граць двухгадзінны канцэрт, што яны працягнуць працу з такім фарматам і ў турнэ. Таксама Akute плануе ў 2018-м выпусціць новы, ужо пяты поўнафарматнік. «Спачатку мы планавалі зрабіць альбом цалкам сінтэтычным, але прыйшлі ўсе ж такі да меркавання, што жывыя барабаны месцамі гучаць значна слушней, таму новая плытка, калі казаць без прытворнай сціпласці, будзе ў пазнавальным стылі Akute», – дадаюць музыкі.

 

 Веснавы тур Akute: 

8 сакавікаМенск

9 сакавікаБерасце

23 сакавікаГомель

24 сакавікаВіцебск

25 сакавікаМагілёў

6 красавікаСанкт-Пецярбург

7 красавіка – Масква

Фото tut.by

DOWNLOAD 37 МБ