Palina выпусціла альбом «Грустные песни»
Праз чатыры гады пасля выхаду дэбютнага альбома «Бясконцы красавік» Palina вяртаецца з новым рэлізам – з абноўленым гучаннем, але з той жа шчырасцю ў песнях.
Palina (экс-Рэспубліка Паліна) выпусціла альбом «Грустные песни» – свой другі сольны альбом. Жывыя інструменты тут саступілі месца электроннай музыцы, але гэта ніяк не паўплывала на жывасць песень Паліны.
«Тое, што са мной зараз адбываецца, – гэта складана. І я часам выракаюся ўсяго, таму што вельмі балюча, калі нешта не выходзіць», – так сваю эмоцыю ад выхаду альбома Паліна апісвала ў нашым інтэрв'ю. Цяпер альбом усё ж такі выйшаў. І спадзяемся, Паліне стала лягчэй.
Не варта спатыкацца аб назву. «Грустные песни» – гэта не столькі сумныя песні, колькі адзін з галоўных беларускіх альбомаў года на гэты момант.
Palina:
– Выпускаць такі альбом вельмі складана і нават крыху не хочацца, але вельмі цікава паглядзець, што з ім будзе і як гэта на мяне паўплывае. Лічу яго сваёй дыпломнай работай. Амаль усе трэкі я тэставала на канцэртах апошнія паўтара года, таму для асабліва ўважлівага слухача новага будзе няшмат. А як у цэлым успрымуць – не ведаю. Хачу яго ўключыць праз 10 гадоў і ўсміхнуцца цудоўнаму часу, калі я любіла званочкі і спрабавала прыручыць музыку.