Што такое буцік-фестываль?

У той час, калі Зямля ўсё хутчэй круціцца вакол сваёй арбіты, фестывалі паўсюль павялічваюць колькасць выступоўцаў, месцаў для наведнікаў і кошты, з’яўляюцца фэсты, якія круцілі гэтую тэндэнцыю вакол сваіх пальцаў. Яны робяць івэнты для 400 наведнікаў, абіраюць фантастычныя лакацыі і дапаўняюць тусовачны экспірыенс сур’ёзнымі сацыяльнымі дзвіжухамі. Распавядаем пра буцік-фестывалі.

Нягледзячы на тое, што музычныя фестывалі сёння можна знайсці на любы густ і пад любы гаманец, попыт на іх нагадвае зменлівыя марскія хвалі.  На канкурэнтным рынку, які ўключае ў сябе такіх гігантаў, як Coachella і Glastonbury, фестывалі палююць на сусветна вядомых выканаўцаў, каб забяспечыць сабе вялікую наведвальнасць аўдыторыі. Але кошт браніравання такіх «ласых» для натоўпу дыджэяў ці музыкаў кожны год павялічваецца – суадносна павялічваюцца і фестывальныя выдаткі. Тым больш што знакаміты хэдлайнер – гэта яшчэ не гарантыя поспеху. Як жа тады фестывалі адаптуюцца, каб выжыць і не апынуцца ў мінусе? Спецыяльна для гэтага музычны бізнэс вынаходзіць новыя мадэлі фестываляў.

 

 Слоўнік вызначае слова «буцік» як «невялікі спецыялізаваны вытворца 
 альбо бізнэс», другое значэнне – «штосьці стылёвае і прывабнае». 

 

 

 

Брытанскі феномен

 

Усё пачалося ў Брытаніі, дзе бум на буцік-фэсты ўзнік у пачатку нулявых. Тады існаваў толькі дзясятак музычных фестываляў на ўвесь востраў – палова для рок-фанаў, палова для электронных паці-гоўэраў. Вядома, гэта зусім не задавальняла мясцовых тусоўшчыкаў. Маленькія гэзэрынгі пачалі ўзнікаць на задніх падворках фермераў, у маленькіх, але жывапісных вёсачках, пад сценамі сярэднявечных замкаў. Тэндэнцыя шла ў нагу з узнікненнем індзі-ніш у музыцы, распаўсюдам тэхналогій і сацыяльных сетак, а таксама цікавасцю камерцыйных брэндаў да такіх невялікіх гісторый. Зараз у Брытаніі налічваецца больш за 700 фестываляў у год.

Доўгі час з’яўляючыся выключна брытанскай з’явай, буцік-фестывалі зараз папулярныя ва ўсім свеце. Распавядзем пра некалькі такіх.

Напрыклад, клубны  The Social  праходзіць у англійскім графстве Кент, на які запрашае лепшых дыджэяў, але колькасцю не болей дзясятка за ноч. Так ты зможаш усіх паслухаць і падзяліць сумесны экспірыенс з усімі наведнікамі. Вось што кажа пра яго вядомы хаўс-дыджэй Карл Кокс: «Што сапраўды крута, дык гэта тое, што на Social прыязджаюць лепшыя дыджэі з усяго свету і граюць абсалютна розную музыку».

Ці возьмем, напрыклад, кастарыканскі  Envision , які засяроджваецца на пермакультуры, духоўнасці, цялесных практыках, мастацтве, музыцы, развіцці супольнасці, здароўі і экалогіі. І ўсё гэта на беразе Ціхага акіяна побач з трапічнымі джунглямі – дзе яшчэ атрымаць такі комплексны экспірыенс?

Альбо фестываль хаўс-музыкі  Into the Valley , які 2 гады праходзіў  у вапняковым кар’еры з неверагоднай акустыкай Dalhalla ў Швецыі. Сёлета фэст перабраўся ў эстонскі кар’ер Rummu з закінутай савецкай турмой недалёка ад Таліна. Акрамя гэтага, шведская кампанія Music Goes Further, якая арганізоўвае гэты фэст, у студзені 2018-га запускае  Into the Castle  у Паўднёвай Афрыцы, дзе сумясціць моцныя мясцовыя ўплывы, тэхна-элементы і іншыя паджанры. Усё адбудзецца ў самым старым каланіяльным будынку Кейптаўна, адной са сталіц ПАР.

Такія фестывалі прасоўваюць прынцыпы ўнікальных лакацый, прасунутай музыкі, новых тэхналогій у гуку, інавацыйнага арту, архітэктуры, сацыяльнай роўнасці. Карацей, эксперыментуюць з развіццём грамадства, яго формай, арганізацыяй, уяўленнем пра яго ў так званых часовых трансфармацыйных зонах.

Зразумела, што не кожны фестываль можа спадзявацца на белыя пяcчаныя пляжы ці прасторны кар’ер, але буцік-фестывалі здольныя зацікавіць натоўп, прапаноўваючы вопыт, адрозны ад прыбамбасаў вялікабюджэтнага фестывалю. Засяродзіўшы сваю ўвагу на такіх аспектах, як актыўны удзел супольнасці альбо праца з канкрэтнай аўдыторыяй, буцік-фестываль квітнее там, куды буйныя фестывалі лічаць за лепшае не савацца. З меншай колькасцю хістанняў і квадратных метраў, невялікія буцік-фэсты могуць стварыць больш інтымны досвед паміж музыкам і слухачом і пакінуць больш глыбокае ўражанне.

 

 

Больш за музыку

 

Жывая музыка заўсёды будзе цэнтральным элементам на фестывалях, але раней не існуючыя або перыферыйныя рэчы – ежа, аздараўленчыя мерапрыемствы, гульні і мастацтва – у цяперашні час становяцца асновай буцік-фестываляў. Гэта магчымасць звярнуцца да ніш і вылучыць фестываль сярод іншых.

Альпійскі 6-дзённы фестываль  Rise  на буйнейшым лыжным ледніку Les 2 Alpes утрымлівае 220 км трасаў і, акрамя насычанай дзённай і начной музычнай праграмы, прапануе захапляльныя горныя краявіды. Ёга на свежым паветры з відам на горны хрыбет, гатаванне ежы на вогнішчы, катанне на хаскі, парапланы і верталёты, а ўвечары – схаваныя ад вачэй невялікія ледзяныя хаціны, унутры якіх грыміць гарачы біт.

На поўначы Італіі фестываль  Kaltern Pop 2017  прапануе размясціцца на беразе возера, дзе нават у кастрычніку яшчэ даволі цёпла. Лёгкая і ўзнёслая музычная праграма Kaltern Pop на маляўнічых прасторах Італіі прыйдзецца даспадобы сельскім рамантыкам і заўсёднікам фермерскіх маркетаў.

Такім жа інтымным падаецца вераснёўскі  Festival №6 , які праходзіць у маленькай уэльскай вёсачцы Портмэрыян, пабудаванай цалкам у італьянскім стылі ў пачатку 20 стагоддзя архітэктарам Клафам Уільямс-Элісам. Бэк, які быў хэдлайнерам на адным з фэстаў, казаў, што гэта самы сюррэалістычны і фрыкавы фестываль, які ён наведваў. Акрамя музыкі, фестываль прапануе эксклюзіўныя кінапаказы з жывым гукавым суправаджэннем, stand up выступы вядомых англійскіх камедыянтаў, арт-сцежкі ў лесе, гісторыі на палянах, pop up тэатр, кабарэ і розныя інсталяцыі.

Тым не менш гэта не азначае, што фестывальныя буцікі не могуць арыентавацца на выкшталцоны лайнап. Вазьмі, напрыклад,  Dekmantel Selectors  у Харватыі. Гэта той жа рэкард-лэйбл, які робіць папулярны фестываль  Dekmantel  у Амстэрдаме. Акцэнт фэсту менавіта і перш за ўсё на мастацтве дыджэінгу: тут цэніцца разнастайны выбар музыкі селектара і першакласныя зносіны з аўдыторыяй, памер якой абмежаваны 1500 білетамі. Сюды злятаюцца сусветна вядомыя дыджыкі, каб адпачыць разам з наведнікамі ва ўтульнай абстаноўцы харвацкага курорта на ўзбярэжжы Адрыятычнага мора.

Забеспячэнне шматлікімі цікавосткамі для меншай аўдыторыі, як правіла, можа стаць прычынай вялікіх выдаткаў і меншага прыбытку, а гэта азначае, што барацьба за даступных хэдлайнераў становіцца жорсткай. Не тое каб буцікі-фэсты заўсёды прагнулі вялікіх, міжнародных зорак, але планаванне іх лайнапу патрабуе іншага падыходу.

Напрыклад, многія буцік-фестывалі засяроджваюцца на новых талентах і музыках, якія граюць для пэўнай аўдыторыі. Але нават запуск адносна невядомага гурта можа стаць галаўным болем для арганізатараў, бо артысты пастаянна павялічваюць свае ганарары паралельна з павелічэннем колькасці саміх фестываляў. Англійскі  Blissfield  умяшчальнасцю 400 чалавек хосціў Mumford & Sons яшчэ ў далёкім 2009 годзе напярэдадні іх уздыму. Пасля выступу на буцік-фэсце вядомасць гурта працягвала расці па ўсім свеце гэтак жа, як і London Grammar, якія былі хэдлайнерамі таго ж фестывалю ў 2013 годзе. Blissfield лічыць, што яго выжыванне ў значнай ступені залежыць ад паспяховага браніравання свежага таленту, перш чым ён стане мэйнстрымам.

 

 

Вопыт і дасведчанасць

 

Дык што, буцік-фестываль – гэта меншы па памерах івэнт з «пазакласнай» праграмай і паляваннем на новыя таленты з надзеяй адшукаць папараць-кветку? Не зусім. Большасць буцік-фестываляў скіравана на стварэнне сапраўднай супольнасці і атрыманне пэўнага экспірыенсу. Ёсць яшчэ элемент прыналежнасці, калі ты становішся часткай жывога арганізму буцік-фестываль.

І, нарэшце, буцік-фестывалі не забываюцца пра свядомасць. Няхай гэта будзе пасадка дрэваў ці выкарыстанне ўтылізаваных талерак і сонечнай энергіі, як на  Øyafestivalen  у Нарвегіі. Абарона навакольнага асяроддзя з'яўляецца адной з асноўных каштоўнасцяў нарвежскага фестывалю, які намагаецца стаць самым зялёным фестывалем у свеце. Напрыклад, усе свае лішкі ежы – больш за 2000 страваў – фэст ахвяраваў людзям у нястачы ў Осла.

На перанасычаным рынку буцік-фестываль спрабуе дагадзіць той аўдыторыі, якая прагне больш спакойнага і расслабленага вопыту. Музыка там курыруецца асаблівым густам і спалучаецца з прывабнымі «пазамузычнымі» мерапрыемствамі, такімі як тэатр, кінапаказы, сеансы медытацыі, панэльныя дыскусіі і нават незвычайны кемпінг. Такія фестывалі, здаецца, знайшлі залатую сярэдзіну, абслугоўваючы асобную нішу, а не масы. Музычны краявід змяняецца, і напэўна нас чакае новае пакаленне музычных фэстаў.

 

 

А што ў Беларусі?

 

У Беларусі, канешне, што ні фестываль – то буцік. Бадай, брытанцы б зацанілі вытанчаную музычную праграму, хатнюю атмасферу і адсутнасць натоўпаў на нашых фэстах.

Сярод беларускіх, на нашу думку, сапраўдных буцік-фестываляў з утульнай атмасферай можам выдзеліць  Mirum Music Festival , які ўжо чацвёрты год прыцягвае да сценаў Мірскага палаца аматараў якаснай музыкі, падрабязна і акуратна адабранай арганізатарамі. І таксама фестываль  Sprava , які пры дапамозе сучарту і музыкі ажыўляе гістарычны і прыродны ландшафт невялічкай паўвыспы побач з гістарычнай царквою.

 

На рускай мове матэрыял можна пачытаць на  34travel 

 

Фота by palasatka, timeout.com, unsplash.com

Лисьи сладости. Как прошел первый сольник Лисы?

Лисьи сладости. Как прошел первый сольник Лисы?

Абракадабра, в которую хочется вернуться.

«Кому вообще нужны альбомы в 2019-м?»: интервью с группой «Комсомольск»

«Кому вообще нужны альбомы в 2019-м?»: интервью с группой «Комсомольск»

Чем живет «Комсомольск»?

Группа «СОЮЗ» представила альбом «II»

Группа «СОЮЗ» представила альбом «II»

Минское трио выпустило второй альбом и рассказало нам о нем.

14 лучших песен апреля

14 лучших песен апреля

Казахский поп, украинский рэп и самая разная беларусская музыка – апрель в огне.

Камерная красота. Как прошел концерт Алины Орловой?

Камерная красота. Как прошел концерт Алины Орловой?

Обаяние, уют и музыка.

Плейлисты музыкантов: Beissoul & Einius

Плейлисты музыкантов: Beissoul & Einius

Твоя девятнадцатая «Мечта»

Твоя девятнадцатая «Мечта»

«Мечта», ты космос.

Palina выпусціла альбом «Грустные песни»

Palina выпусціла альбом «Грустные песни»

Жывыя інструменты саступілі месца электроннай музыцы, але жывасць песень Паліны засталася з ёй.

Зачем артисту менеджер в 2019 году?

Зачем артисту менеджер в 2019 году?

Расспросили артистов, зачем им менеджеры. Расспросили менеджеров, за что им платят артисты.