Лера Яскевіч выдаляе з платформ свае трэкі
Пасля 16 лютага на музычных пляцоўках застануцца толькі тыя песні Леры Яскевіч, якія выходзілі ў 2024-м і пасля.
Спявачка вырашыла выдаліць свае трэкі праз канфлікт з былой сяброўкай і менеджаркай Ганнай Навіцкай. Рэч у тым, што 10 гадоў таму Лера пачала супрацоўнічаць з Ганнай і ў нейкі момант пагадзілася зарэгістраваць Ганну як суаўтарку ўсіх песень, нават створаных без удзелу апошняй. Дзяўчаты дамовіліся дзяліць прыбыткі 50/50.
Пазней шляхі Леры і Ганны разышліся. Апошні альбом «Тады. Цяпер. Пасля» Яскевіч выдала ўжо ў Польшчы. Але юрыдычна артыстка па-ранейшаму знаходзілася на кручку сумеснага валодання яе крэатыву, і паколькі перамовы ні да чаго не прывялі, Лера вырашыла пазбавіцца ад плёну дзесяцігадовай працы, каб атрымаць творчую свабоду. Пра канфлікт яна падрабязна распавяла на сваім YouTube-канале: «Проста сцерці гэта ўсё і пачаць наноў. Мне не трэба чужых грошай, чужых песень. Мне патрэбная мая свабода і незалежнасць».
Прапануем падтрымаць Леру падпіскамі, праслухоўваннямі і каментарамі.
Фота: Instagram
