«Віктар Сямашка ды Кумпанія» выпусцілі альбом у новым складзе
Праект «Віктар Сямашка ды Кумпанія» ператварыўся ў псыхадэлічны суперквартэт. Акрамя самога Сямашкі ў яго склад увайшлі: дэкламатар уласных вершаў і басіст Уладзь Лянкевіч (ex-TonqiXod), гітарыст Дзяніс Кудраўцаў (Sinie Gory) і бубнач Яўген Булдык (Masque Noir).
У такім суперскладзе «Кумпанія» ўжо паспела выступіць у менскім клубе «Ілі» напачатку года – у межах канцэртнай серыі «Эксперымент». Запісаная падчас выступа праграма атрымала імя «Zero Nero» («Чорны Нуль»). Зараз яна даступная для вольнага праслухоўвання і спампоўвання.
Cыграныя амаль нон-стопам кампазіцыі плаўна перацякаюць адна ў адну. Тэкставы складнік сфармавала паэзія Сямашкі ды Лянкевіча. Музыка створаная цалкам спантанна ды калектыўна, але з яўным дамінаваннем Кудраўцава. Завяршае праграму панк-кавер на польскі гурт Blue Café – тэкст іх каляднай песні быў знойдзены ў грымёрцы акурат перад выступам.
«Псыхадэлія, як кажуць, у трэндзе, – каментуе рэліз Віктар Сямашка. – І гэтак званы эксперымент атрымаўся. Нам вельмі спадабалася граць разам. Гледачы чамусьці пыталіся, ці з Менску мы прыехалі. Цяпер шукаем наступную магчымасць сустрэцца на сцэне».