Альбом Светы Бень і Галі Чыкіс «Приём!» атрымаў відэаўвасабленне
На платформе Votvot выйшаў эксклюзіўны выступ Светы Бень і Галі Чыкіс. Артысткі выканалі песні з альбома «Приём!» у Доме культуры сербскага горада Чачак.
«Приём!» быў запісаны ў Берліне і выйшаў на стрымінгах у канцы 2022 года. У лайве артысткі прэзентавалі яго ў 2023-м. Цяпер пераслухаць пранікнёныя, трывожныя і тэрапеўтычныя трэкі можна з візуалам. Дэкарацыяй выступіў будынак 1970-х гадоў будоўлі, у архітэктуры якога спалучаецца мадэрнізм, футурызм і эстэтыка ўсходнееўрапейскай фантастыкі.
«Гэта былі нейкія сюррэалістычныя здымкі, на мяжы сіл, сярод неймавернай прыгажосці і загадкавага святла, – напісала Света Бень у Facebook. – Мы нібыта правялі дзень у акварыуме ці на касмічнай станцыі».
Votvot эксклюзіўна здымае выступы рускамоўных артыстаў для публікацыі на ўласнай платформе. Для запісу намагаюцца выбіраць цікавыя лакацыі. Напрыклад, «АИГЕЛ» з трэкамі з дэбютнага альбома запісвалі ў закінутай гасцініцы на беразе Адрыятычнага мора.