Mustelide, Света Бень і Галя Чыкіс дадуць сумесны канцэрт

Mustelide, Света Бень і Галя Чыкіс дадуць сумесны канцэрт

Тры яскравыя гераіні беларускай авангард-поп-электраакустычнай сцэны выступяць разам на фестывалі PANDAwomen у Берліне. Гіг Светы Бень, Галі Чыкіс і Mustelide адбудзецца 22 лістапада.

Фестываль PANDAwomen быў створаны ў 2018 годзе з мэтай прыцягнуць увагу да цяжкасцей, з якімі сутыкаюцца жанчыны, прабіваючыся ў музычную індустрыю (па статыстыцы 70% паспяховых музыкаў – мужчыны). Але падзеі апошніх год павярнулі канцэпцыю лайнапу ў бок падтрымкі артыстак, якія з-за вымушанай міграцыі страцілі сваю аўдыторыю, сцэну, а часам і магчымасць размаўляць з публікай на зразумелай ёй мове.

Фестываль будзе грымець сем пятніц. За гэты час акрамя беларусак са сцэны PANDA platforma прагучаць артысткі з Ірана, афра-ўкраінскі гурт Fo Sho, Natalie ‘Tusia’ Beridze і Anushka Chkheidze з Грузіі, Tatar Kyz:lar і Aigel з Татарстана, Petra Nachtmanova, Valentina Bellanova і Ceyhun Kaya з Германіі.

Увесь лайнап – па спасылцы. Квіткі на беларускае трыа – тут.

Нагадаем, што Mustelide – гэта псеўданім Наталлі Куніцкай, музыкі і прадзюсаркі, якая ўжо пяць год базуецца ў Берліне. Яе апошні альбом – «Ginseng Woman» – выйшаў у 2019 годзе (самы час яго пераслухаць). Са Светай Бень Наталля грала разам у гурце «Серебряная свадьба». Цяпер Mustelide, Света Бень і Галя Чыкіс працуюць у Нямеччыне, у тым ліку над сумесным матэрыялам.

 

Фота: Mustelide