LEAR і Уладзь Лепяшынскі прэзентуюць песню «Арэлі»
LEAR і Уладзь Лепяшынскі прэзентавалі песню пад назвай «Арэлі» на верш паэта Віталя Рыжкова, які ў выглядзе мурала ўжо некалькі гадоў упрыгожвае сцяну ў цэнтры Магілёва.
«Наколькі мне вядома, даволі шмат хто думаў зрабіць з верша Віталя “Мама, прыйдзе час…” песню, – кажа спявачка Валерыя Суравіцкая, – і так атрымалася, што менавіта мая мелодыя натхніла Віталя вярнуцца да радкоў, якія ён напісаў 15 гадоў таму і дапісаць словы для куплетаў». Уладзь Лепяшынскі дадае, што для яго трэк з’яўляецца «важнай гісторыяй ў жыцці».
Сам паэт-аўтар бачыць сімвалічным, што напісаў чатырохрадкоўе ў свае 20 гадоў, а зараз іншыя дваццацігадовыя далі вершу новае жыццё, трэба было толькі дапісаць куплеты. Малюнкі Крысціны Тарасевіч аздобілі відэаверсію кампазіцыі.
Трэк даступны на ўсіх пляцоўках.
Фота: budzma.by