Учора партал TuzinFM ладзіў музычную імпрэзу, прысвечаную дню народзінаў. Па добрай традыцыі менавіта на ёй былі вызначаныя лаўрэаты прэміі «Героі года».
Адкрыццём 2017 года названы Mikita, які робіць глыбокадумную электронную музыку з беларускамоўнымі тэкстамі. Ты напэўна зацаніў(-ла) прыгажосць краявідаў і гукаў у яго дэбютным кліпе «Лёс». Таксама Mikita адзначыўся адмысловым каверам на «Гісторыю майго жыцця» Naviband і цікавым трэкам на верш «Пакліч» Яўгеніі Янішчыц.
Гуртом года стаў TonqiXod, які сёлета зачараваў усіх плыткай «Колер, якога няма». Тым больш балючай стала навіна пра тое, што музыкі прыпыняюць дзейнасць. Дарэчы, на «Першаку» якраз перад гэтым выйшла вялікае інтэрвью з «балотнымі гідальга».
Магілёўскіх рокераў Nizkiz ушанавалі як аўтараў лепшай песні сезона. Гэта трэк «Небяспечна».
Re1ikt сталі героямі года за лепшы кліп, у здымках якога музыкі нават не прымалі удзелу. Відэа на песню «Хадзіла галота» стварыла вядоўца курсаў «Мова нанова» ў Бабруйску Алеся Лацінская.
«Płastyka» Akute прызнаная лепшым дыскам.
Фота - Таня Капітонава