У Горадні запусцілі першае бот-радыё ў Беларусі

У Горадні запусцілі першае бот-радыё ў Беларусі

Гарадзенскі партал s13.ru пачаў тэставае вяшчанне ўласнага бот-радыё – першага ў Беларусі.

«Гэта не проста зацыклены музычны плэйліст з запісанымі загадзя перабіўкамі паміж трэкамі, – тлумачаць аўтары праекта. – Гэта пачатак цалкам аўтаматычнага вяшчання з навінамі, прагнозам надвор'я, інфой пра курсы валют, заторы на вуліцах Горадні і нават музычным чартам паводле музычных пераваг слухачоў».

Адміністратар «Блога Горадні s13.ru» Сяргей Чабацько адзначае, што запатрабаванасць фармату стала відавочнай ужо ў першы дзень запуску бот-радыё. «На дадзены момант сярэдняя колькасць слухачоў анлайн складае 600 чалавек», – адзначыў ён. Гэта пераважна гарадзенцы, паколькі эфір перадае ў асноўным лакальныя навіны.

У пачатку кожнай гадзіны рэалізаваны функцыянал аўтаматычнага чытання навін з перыядычнай аб'явай колькасці слухачоў, што падключыліся да патоку. Самы цымес у тым, што радыё працуе ў цалкам аўтаматычным рэжыме па шаблонах, якія максімальна набліжаныя да класічных радыёстанцый. Артыкуляцыя ў робата пакуль не ідэальная і ёсць праблемы з націскамі ў словах, але «вядоўцы» ўдасканальваюцца штодзень, так што хутка будуць шчабятаць лепш за некаторых людзей.

На думку распрацоўшчыкаў, праект з'яўляецца файнай альтэрнатывай класічным радыёстанцыям. Ён цікавы не толькі нетыповай формай, але і патэнцыялам уцягнутасці слухача ў працэс фармавання кантэнту.

 

 Слухай бота-піянера  тут