Дух «Тахелеса»

 

У прасторы «Верх» праходзіць юбілейны, трыццаты фестываль эксперыментальнага мастацтва «Дах». Як пачыналася перманентная беларуская арт-рэзідэнцыя ў знакамітым «Тахелесе» і як развітвацца з яго духам, распавядаюць куратары фестывалю Зміцер Юркевіч і Алесь Родзін.

 

Алесь Родзін – беларускі мастак-эксперыменталіст. Нарадзіўся ў Баранавічах у 1947 годзе. Вучыўся на аддзяленнях дызайну і жывапісу ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер БДАМ). Былы рэзідэнт берлінскага «Тахелеса», меў там 13-гадовую экспазіцыю сваіх карцін. У Беларусі выстаўляецца рэдка.

Зміцер Юркевіч – беларускі мастак-перформер і куратар, нарадзіўся ў 1975 годзе, скончыў БДУКМ. Куратар фестывалю «Дах», кіраўнік Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана. Былы рэзідэнт берлінскай арт-сядзібы «Тахелес». Ініцыятар адраджэння радавога маёнтка Рэйтанаў у вёсцы Грушаўка пад Ляхавічамі.

 

 

 

Пра «Тахелес»

Алесь Родзін: «Тахелес» быў унікальным месцам, дзе жыццё кіпела дзень і ноч. Ён быў як вялізарная пачвара, якая харчавалася мастацкімі імпрэзамі, якая кожны дзень прыцягвала тысячы людзей. Некаторыя з іх выключна ехалі ў Берлін, каб наведаць знакамітую арт-рэзідэнцыю. «Тахелес» стаў культавым з-за таго, што з’явіўся на зломе дзвюх эпох: пасля руйнавання Берлінскай сцяны музыкі і мастакі прымалі актыўны ўдзел у зменах у грамадстве. Менавіта дзякуючы мастакам будынак былога ўнівермага, які планавалі знесці, на 20 гадоў стаў буйнейшай рэзідэнцыяй для выстаў і перформансаў.

«“Тахелес” быў як вялізарная пачвара, якая харчавалася мастацкімі імпрэзамі, якая кожны дзень прыцягвала тысячы людзей»

У «Тахелесе» заўсёды можна было зайсці ў майстэрню да любога мастака, выставы праходзілі на ўсіх паверхах і ў двары. Дарэчы, нам няслаба пашанцавала, калі 1000 квадратных метраў прасторы аддалі пад беларускае мастацтва і мы змаглі рабіць там «Дах», прывозіць музыкаў і мастакоў, атрымліваць падтрымку ад кіраўніцтва «Тахелеса» і нямецкай амбасады.

15 гадоў я правёў у «Тахелесе», 13 з іх ладзіў персанальную выставу, а Зміцер рабіў перформансы і інсталяцыі. Але ўвесь гэты час я матаўся паміж Беларуссю і Берлінам, бо не хацеў рабіцца рэзідэнтам Германіі. Калі ты зусім пераязджаеш, то прападаеш як мастак. Калі ты беларус, ты ў асаблівым становішчы: прадстаўляеш беларускае мастацтва. Толькі тады да цябе ёсць інтарэс, а так ты становішся звычайным у масе тысяч іншых мастакоў.

 

 

 

 

Пра «Дах»

 

Зміцер Юркевіч: Распачалося ўсё напрыканцы 90-х, калі ў Берлін трапілі два нашыя мастакі Ігар Ермакоў і Алесь Тарановіч. Для іх «Тахелес» быў тым, што яны шукалі ўсё жыццё, бо абодва вылучаліся сваёй экстравагантнасцю і прагай да эксперыментаў. Яны прыбіліся да арт-рэзідэнцыі і пачалі ствараць на яе базе міжнародны цэнтр эксперыментальнага мастацтва «Дах», але ўжо пасля першай эдыцыі разышліся. Яны хацелі бачыць там мастакоў-беларусаў: і тых, каго раскідала па Еўропе, і тых, хто застаўся на радзіме. І ў першую чаргу яны хацелі бачыць там свайго сябра – Алеся Родзіна, які, на іх думку, цалкам пасаваў да атмасферы «Тахелеса».

З боку Беларусі выставу ўзяўся курыраваць Саюз мастакоў. Берлінскі бок прадставіў спіс артыстаў, якіх яны хацелі б бачыць на фестывалі: 5-6 імёнаў, а астатніх 30 з гакам чалавек павінен быў адабраць Саюз. Але айчынныя куратары па-свойму падышлі да пытання: выкінулі тых, каго чакалі ў Берліне, замяніўшы сваімі стаўленнікамі. Куратары з «Тахелеса» не зразумелі, дзе дзеліся галоўныя мастакі, і папрасілі перарабіць спіс. Тыя павярцелі яго так і сяк, паставілі ў пачатак тых, хто быў у канцы, першыя радкі перасунулі ўніз – і зноў адаслалі спіс. Тады берлінскія куратары зразумелі, што ідзе нейкая пазакадравая гульня, і паставілі ўльтыматум: не будзе Родзіна – увогуле нічога не будзе.

У «Тахелесе» было яшчэ цікавей. Нашыя мастакі прыехалі на аўтобусе, убачылі гэты шасціпавярховы будынак і адзінадушна расчаравана выдыхнулі: «Эге, тут мы нічего не продадім». У цэнтр эксперыментальнага мастацтва гэтыя заслужаныя мастакі прыехалі з карцінамі ў залатых рамах.

Родзін у «Тахелесе» засвяціўся амаль выпадкова. Калі ён запытаўся, дзе можна размясціць свае працы, хтосьці з арганізатараў адмахнуўся ад яго, бо ўсе хадзілі літаральна ў слязах з-за падманутых чаканняў. Так, не атрымаўшы адказу, ён схаваў свае працы дзесьці на лесвіцы, а раніцай, калі нікога ў зале не было, разгарнуў іх і сышоў. Кіраўнікі «Тахелеса», калі ўбачылі яго карціны, былі ў такім захапленні, што адразу запрасілі яго стаць пажыццёвым рэзідэнтам. Так ён там і прыгрэўся: адзін з 40, хто туды прыехаў.

Рысы фестывалю «Дах» пачаў набываць у 2005-м, калі ў Менск прыехала мастачка з «Тахелеса» Б’янка Флегель. Яна два месяцы працавала тут, Акадэмія мастацтваў ёй выдзеліла атэлье. Напрыканцы тэрміну яе рэзідэнцыі адбылася выстава ў галерэі ў Музеі кіно. З таго моманту пракуратарства «Дахам» бярэм мы са спадаром Алесем і пачынаем спалучаць рысы перформансу і інтэрактыўнасці ў выставах.

 

 

 

 

Чацвёрты «Дах» не здзейсніўся, бо быў забаронены. Ён павінен быў адбыцца ў межах выставы «Другое пранікненне ў “Тахелес”» у красавіку 2004 года. Была распрацавана літаратурная, музычная і перфарматыўная праграмы на тыдзень, але пасля нашага перформансу на вернісажы дырэктар Палаца мастацтваў, былы начальнік ахоўных агенцтваў Менска, затопаў нагамі і забараніў любую актыўнасць, пагражаў выклікаць міліцыю, а само слова «перформанс» стала для яго сінонімам адміністратыўнага правапарушэння. Канешне, мы былі не адныя: дадаў сваю кроплю выступ тэатра «Інжэст», калі Слава Іназемцаў поўзаў па калена ў снезе і лазіў з фарбамі і флаерамі па каменным муры ва ўнутраным дворыку Палаца мастацтваў. Так выстава прайшла сама па сабе, без фестывалю і запланаваных імпрэзаў.

Наступны «Дах» адбыўся ўжо ў Берліне. Дзякуючы Уладу Бубну далучыліся знакамітыя еўрапейскія музыкі. Далей мы прывозілі ў Беларусь ці жывых прадстаўнікоў «Тахелеса», ці іх творы.

Самы буйны «Дах» адбыўся ў 2009 годзе, калі нам на 40 дзён аддалі ўвесь Палац мастацтваў: усе тры паверхі, дворык і падзямелле. Гэта была буйная выстава «Ахвяры мастацтва» са стрыжнем – інсталяцыяй. Па сутнасці, уся прастора была пераўтворана ў велізарную інсталяцыю. Кожны дзень на 2-3 пляцоўках адбываліся мерапрыемствы: у канфзале – музыка, у вялікай – тэатр, у падвале – літаратура. І так 40 дзён. «Дах-9» мы прысвяцілі мастакам, якія сталі ахвярамі сваёй творчасці: распавядалі пра Язэпа Драздовіча, сусветных геніяў кшталту Ван Гога. Мы дабіліся таго, каб уваход быў вольны, бо гэта вельмі важна для атмасферы. Мы хацелі паўтарыць атмасферу «Тахелеса». Людзі прыходзілі на імпрэзу, гутарылі адзін з адным, нараджаліся цікавыя стасункі і творчыя калабарацыі. Людзі, бачачы такую ўсёдазволенасць, рашаліся рэалізоўваць сябе творча. Некаторыя з удзельнікаў дагэтуль займаюцца мастацтвам. «Дах-9» стаў ледаколам, які ўзламаў сітуацыю. Да гэтага мы кожны раз прабівалі «Дах» з цяжкасцямі, і была верагоднасць, што яго забароняць за дзень ці нават за гадзіну да адкрыцця. На наступны год, ведаючы, якую цікаваць выклікала непрычасанае эксперыментальнае мастацтва, Саюз мастакоў сам прапанаваў працягваць.

Я спадзяюся, што сёлетні «Дах-30» будзе апошнім. За шэсць гадоў сітуацыя кардынальна памянялася: штосьці адбываецца літаральна штодня. Актуальнасць нашага фестывалю, магчыма, ужо ў гісторыі. Нездарма ён носіць назву «Развітанне з Тахелесам» – гэта развітанне з духам, з целам мы ўжо даўно развіталіся, настаў час адпусціць яго дух. Усе спадзяваліся на аднаўленне «Тахелеса», але стала зразумела, што яго ўжо не будзе, бо гэта таксама кавалак гісторыі. Мастакі раз’ехаліся, шмат хто стаў куратарам, усе займаюцца сваімі кар’ерамі. Няма больш таго ядра.

 

 

 

 

 

Пра выставу

Алесь Родзін: Амаль усе працы, выстаўленыя ў межах «Дах-30», прайшлі праз «Тахелес». Я вазіў іх туды-сюды, нейкія пачынаў у Берліне, сканчаў тут, ці наадварот. Гэтыя карціны як мост паміж Беларуссю і Берлінам.

Адна з галоўных тэм выставы Global Warning! Global Warming! – экалогія. Яна цяпер хвалюе ўвесь свет. Мы ў дзіўным становішчы: чалавецтва ўвесь час развівалася, а потым так нагадзіла, што стала пацярпелым. Зямля трывае, але можа і абурыцца. Калі людзі не дамовяцца, то прыйдзецца шукаць пазапланетныя спосабы існавання. Але лепш займацца іншымі даследаваннямі і захоўваць тое, што мы маем.

«Нашыя мастакі прыехалі на аўтобусе, убачылі гэты шасціпавярховы будынак і адзінадушна расчаравана выдыхнулі: «Эге, тут мы нічего не продадім»

Я не лічу свой жывапіс абстрактным. Я ствараю іншую мову праз кампазіцыйнае і каларыстычнае ўзаемадзеянне структуры і фактуры. Кожная карціна – пэўны вобраз, які перадаецца праз гэтае спалучэнне. Усё, з чаго складаецца вобраз, – даследаванне прасторы, спалучэнне вобразаў, пластычная ўзаемасувязь фігур і фактур – уплывае на кампазіцыйную сутнасць, якая, у сваю чаргу, уплывае на энергетычную. Гэты паток пачынае захопліваць мяне, і чым мацней я ўваходжу ў гэты стан, тым мацней ён знутры палатна перадаецца гледачу. Я гэта праверыў на наведніках «Тахелеса». Нават замежнікі – здавалася б, людзі з зусім іншай культурнай памяццю, кодамі і навакольнай рэальнасцю – адчувалі гэты энергетычны паток.

Мільён чалавек прайшло праз маю выставу ў «Тахелесе» за 13 гадоў. Дзе яшчэ можна было б атрымаць такую магчымасць – правесці персанальную выставу з сотняй карцін і мільёнам наведнікаў? Толькі ў Берліне, бо гэта буйны еўрапейскі мегаполіс з вялікім насельніцтвам і тысячамі турыстаў, якія шукаюць нечага павастрэй. Мяне вельмі радуе, што на маю выставу спецыяльна прыязджалі з Лондана і Парыжа.

 

 

Пра «Верх»

Алесь Родзін: У прасторы «Верх» учора было вяселле, і выставу прыйшлося здымаць. А што рабіць? Гэта свабодная прастора, і тут можа адбывацца рознае, тым больш што месца павінна зарабляць грошы, каб гэта выстава магла тут экспанавацца. Тут дэмакратычнае месца і вялікая плошча – можна рабіць усё, што жадаеш, і не патрэбна ўзгадняць па 20 разоў з кіраўніцтвам.

Зміцер Юркевіч: «Верх» вельмі падобны на «Тахелес»: такія ж памеры, таксама шосты паверх, які быў адданы пад беларускае мастацтва, індустрыяльная архітэктура з балкамі і калонамі.

«“Развітанне з Тахелесам” – гэта развітанне з духам, з целам мы ўжо даўно развіталіся, настаў час адпусціць яго дух»

Што я магу сказаць пра канфлікт паміж «Верхам» і квір-кам’юніці? Я як гісторык прывык працаваць з фактамі, а фактаў у гэтай гісторыі няма. Думаю, праз некаторы час гэты «скандал» стане прадметам даследавання і мы высветлім, каму было карысна так сапсаваць рэпутацыю прасторы. Мы бавім час тут з вясны, і я ніколі не заўважаў, каб кагосьці тут не хацелі бачыць, мо толькі фашыстаў сюды не пусцяць.

У нас няма маральных абмежаванняў, мы гатовыя зрабіць «Дах» на любой пляцоўцы, нават у Палацы Рэспублікі. Галоўная ідэя – прасоўванне духу. «Дах» прыносіць бунтарскі дух у любую інстытуцыю, як бы яго ні спрабавалі ўціснуць у пракрустава ложа «зразумелага мастацтва», якое мысліць катэгорыямі «каты, жанчыны ды раніца ў сасновым бару». «Дах» усё роўна выходзіць па-за межы.

 

Фестываль ДАХ-ХХХ «Развітанне з Тахелесам» праходзіць у прасторы «Верх» у межах выставы Алеся Родзіна Global Warning! Global Warming! і працягнецца да 13 студзеня 2017 года. Падрабязнасці глядзі тут.

 

Фота by Каця Ігнашэвіч

 


КОММЕНТАРИИ (13)

Мо каму будзе цікава яшчэ адна справа Родзіна і Юркевіча пад назвай Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана. Падтрымайце адзін з праектаў http://www.talaka.by/projects/788/overview =)

3 0 +3
о
о | 12.10.2016 20:04

спасибо за материал, но "Што я магу сказаць пра канфлікт паміж «Верхам» і квір-кам’юніці? Я як гісторык прывык працаваць з фактамі, а фактаў у гэтай гісторыі няма."
ну 34 маг ну сколько можно? это вы снова так формулируете вопрос в интервью что гомофобия оказывается "конфликтом верха и лгбтк комьюнити"? как будто это больше никого не касается, и никакая не гомофобия а конфликт. или это взгляд юркевича?
ну и про факты которых нет - это просто аут. только историк может решать когда публичное заявление это факт, а когда нет. а видеть в критике гомофобии происки врагов - это тоже перспектива историка?

п.с., гомофобные гневные комментаторы, заранее сообщаю что разговор с вами я не поддержу, вас много я одна

5 3 +2
Тэадорн
Тэадорн | 12.10.2016 20:34

> Што я магу сказаць пра канфлікт паміж «Верхам» і квір-кам’юніці?

Не разумею, а чаму ўвогуле інтэрв'юерка запыталася ў Юркевіча пра гэты модны канфлікт? Ці ён з Родзіным маюць нейкае дачыненне да таго, што нейкі "сфарміраваўшыйся гетэра-мужык-бізнэсмен" не паразумеўся з "несфарміраваўшайся дзяўчынкай лгбт-актывісткай"? Чаму вы пра гэта пытаецеся ў людзей па-за-сэксуальнага і па-за-паўсядзённага мастацтва, а не ў той дзяўчынкі і таго бізнэсоўца з Верху? Ці цяпер кожны беларус мусіць вырашыць, за каго ён? Бакі канфлікту ўжо мабыць і забыліся пра свае сваркі, але, відаць, падключыліся тыя, хто хацеў бы свае праекты ў гэтай прасторы выставіць заместа Родзіна. Як банальна..

4 2 +2
Шаноўны
Шаноўны | 12.10.2016 23:03

Пытанне ўзнікла пасля вось гэтай дыскусіі https://www.facebook.com/andrei.karpeka/posts/1383603318333858

2 0 +2
Вася
Вася | 11.10.2016 23:48

Цiкава!

4 0 +4
bobobo
bobobo | 8.10.2016 21:59

ДУХ ДАХУ - гэта пацёртыя мастакі і музыкі, якія нікому нецікавыя апроч саміх сябе. Невялічкі свет зачараваных сабою людзей. Да таго ж з вялікімі амбіцыямі, але малым патэнцыялам. Якія не могуць вытрымаць ані стылю, ані канцэпцыі ў сваіх працах. Перфоманс у кедах на тэму гістарычнай спадчыны Рэйтана таму пацверджанне. Дзякуй, што гэты ДАХ апошні.

4 13 -9
Тэадорн
Тэадорн | 12.10.2016 19:11

> Невялічкі свет зачараваных сабою людзей.

Ага, некалькі дзясяткаў, калі не соцень абсалютна розных творцаў з абсалютна розных беларускіх суполак - гэта невялічкі свет. А купка "прасунутых" ЕГУшнікаў, якія толькі і могуць, што неяк камбінаваць рэдзі-мэйд ды buzz-words для чарговага гранту - гэта значыць "вялікі свет сучаснага мастацтва, якое займаецца актуальнымі глабальнымі выклікамі"? Лол.

5 3 +2
о
о | 12.10.2016 19:53

да уж, когда нечего сказать, но очень хочется поругаться - ругай ЕГУ! в тему или просто так!

3 2 +1
Тэадорн
Тэадорн | 12.10.2016 20:17

Ну дык гэта ж вашыя лезуць цяпер ува ўсе шчыліны беларускай культуры - ЕГУ, ЕКЛАБ, "Ў" і вось гэта ўсё. Ёсць таленавітыя і годныя людзі, але большасць - пустазелле-пустазвоны, якім, бачыш ты, перформансы ў кедах не падабаюцца :) рабеце свае масс-маркетныя copycat-перформансы ў шціблетах Zara і татавых масцерках, пішэце свае куратарскія трактаты, ды смакчыце смузі на здароўечка.

7 3 +4
Gravedigger
Gravedigger | 8.10.2016 17:14

Родзін мне падабаецца тым, што не гоніцца не за грашыма, не за славай. Малюе шмат, бо прэ.

13 0 +13
Dmitry Veleskevich | 8.10.2016 14:34

Файна!

7 0 +7
A_tin
A_tin | 7.10.2016 12:24

Цiкава, дзякуй!

11 0 +11
Алексей
Алексей | 8.10.2016 15:53

Парижская климатическая конференция: на Западном фронте без перемен. http://streithahn.livejournal. com/161496.html

4 1 +3