Яўген Меркіс
- 26.05.2015
- 4449
Актывіст легендарнай гомельскай арганізацыі «Талака» Яўген Меркіс распавядае пра тое, як уцірацца ў давер бабулям у этнаграфічных экспедыцыях і як культура дапамагае знайсці сваё месца ў свеце.
Чым займаюцца: папулярызацыяй беларускай культуры, гісторыі і краязнаўства.
Дата заснавання: 1986 год.
Факты: «Талака» – самая старая недзяржаўная арганізацыя Беларусі. Праз яе ў свае часы прайшлі шмат выбітных беларусаў: праваабаронцы Алесь Бяляцкі і Алесь Яўсеенка, пісьменнік Барыс Сачанка, заснавальнік гурта «Стары Ольса» Зміцер Сасноўскі, бард Вальжына Цярэшчанка і іншыя.
Сайт | FB | VK | Twitter | Instagram | YouTube
Герой: Яўген Меркіс, 31 год. Журналіст-фрылансер, грамадскі актывіст, урбаніст-відэаблогер, экскурсавод, адміністратар Краязнаўчага сайта Гомеля і Гомельшчыны. Узначальвае ўрбаністычную ініцыятыву Smart Homel.
Арыгінальная дата публікацыі – 26.05.2015. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мяняўся герой і яго актывізм праз гады.
Што такое «Талака»?
– «Талака» – гэта арганізацыя, якая займаецца вывучэннем і папулярызацыяй беларускай культуры сярод моладзі. Брэнд «Талакі» – фальклорна-этнаграфічныя рэчы, правядзенне аўтэнтычных святкаванняў і старажытных абрадаў. Так, напярэдадні Старога Новага года талакоўцы традыцыйна ладзяць «шчодрыкі» на рынках Гомеля. Апранаемся ў казу, мядзведзя і цыгана, ходзім па гандлёвых цэнтрах – людзі ўсміхаюцца і шмат чаго даюць. Для нас галоўнае – перадаць дух свята, мы не самыя трушныя хардкораўцы на этнаніве, якія будуць чапляцца да кожнай гістарычнай драбніцы. Мы хочам, каб было весела і цікава.
На Гуканне вясны збіраемся на ўзбярэжжы Сожа, спяваем песні, пячом птушак з цеста і на адмысловых коўдрах падкідаем уверх – як рабілі продкі. Незабыўным было Гуканне ў 2013-м. Святкаваць прынята на ўзвышшы ля ракі, а таму мы выбраліся пад Гомель. Канец сакавіка, але надвор’е – мінус 10, валіць снег, яго ў некаторых месцах па калена. Каб дабрацца да ракі – трэба было два кіламетры па полі ісці. Сяк-так дабраліся, адгукалі, а на наступны дзень было ідэальнае надвор’е – сонейка і ўсе справы. Карацей, абрады працуюць!
Шмат якія з іх, дарэчы, жывуць толькі дзякуючы талакоўцам. Асабліва лакальная экзотыка – Жаніцьба коміна ці Пахаванне стралы. Апошняе робяць толькі на Гомельшчыне, напачатку лета, каб улагодзіць Перуна. Святары звычайна насцярожана ставяцца да такой актыўнасці, кажуць, што гэта паганства, адгаворваюць вернікаў удзельнічаць. Таму даводзіцца рабіць выезды ў вёску цягам года, размаўляць з бабулькамі, каб яны выйшлі і адсвяткавалі, як трэба. Яно і сапраўды выглядае дзіўна: ёсць моманты, калі хлопец пераапранаецца ў дзяўчыну, а дзяўчына – у дзеда, а пасля ўсе ідуць і качаюцца па траве.
Традыцыйнае Купалле таксама святкуем шырока. Збіраецца чалавек 80, народ нават з Украіны, Польшчы ды Швецыі едзе, каб з намі патусіць. Дзякуючы Купаллю ў нас ужо ўтварылася шмат пар – бо Купальская ночка, яна ж чароўная!
Таксама мы ездзім у фальклорна-этнаграфічныя экспедыцыі кожны год, збіраем песні, абрады, гісторыі і матэрыяльныя рэлікты даўніны. Вынікі вандровак алічбоўваюцца і становяцца даступныя ўсім. Напрыклад, мы зрабілі мульцік па матывах адной з песень і выпусцілі песенны зборнік. За шмат гадоў у нас ужо выпрацаваліся свае падыходы да бабуляў: ведаем, што і як сказаць, каб пусцілі ў хату. Здараецца, трэба пасябраваць з адной самай статнай бабкай: калі яна дасць дабро на збор матэрыялу – уся вёска адчыніць дзверы.
На жаль, дзяржава не заўсёды ідзе насустрач, нягледзячы на тое, што мы афіцыйна зарэгістраваная арганізацыя. Дасылаем афіцыйны ліст, каб дапамаглі з начлегам, далі магчымасць талакоўцам спыніцца на ноч у той жа спартзале вясковай школы – а яны адмаўляюць.
Не толькі этнаграфія
– Мы займаемся зборам і сістэматызацыяй краязнаўчай інфармацыі, праводзім экскурсіі, тэматычныя лекцыі. Талакоўцы стварылі таксама альтэрнатыўную мапу Гомеля. На ёй адлюстраваны не толькі цікавыя месцы, кшталту помніка гіпнажабе, але і людзі горада – бяздомны мастак Валеры Ляшкевіч, або бабуля-блюзмэнка, якая стала зоркай «Хвіліны славы» і YouTube. Адзначана і тое, аб чым не ведаюць нават месцічы. Напрыклад, Спаса-Прэабражэнская царква, якую бальшавікі засланілі новым будынкам, каб прыбраць з адной з галоўных вуліц, ці шакаладная алея каля «Спартака». Галоўная мэта – паказаць, што Гомель не шэры транзітны горад па дарозе на поўдзень
«Талака» праводзіць музычныя і паэтычныя вечарыны, падтрымлівае культурніцкія ініцыятывы – да прыкладу, штогадовы Фэст экскурсаводаў.
Мы змагаемся за аўтэнтычную драўляную забудову горада. Урбанізацыя ў Гомелі пачалася позна, а таму ў самым цэнтры захаваліся хаткі ХІХ стагоддзя, сапраўдны драўляны скарб. А багаты разьбяны дэкор увабраў у сябе шмат традыцый – палескіх (у тым ліку паганскіх) матываў, культуры старавераў, традыцый драўлянага барока. На жаль, ні ўлады, ні самі гаспадары не разумеюць іх каштоўнасці. Каб прыцягнуць увагу да гэтага пытання, рабілі экскурсіі, выдавалі гістарычныя зборнікі і краязнаўчыя архівы, ладзілі фотасесіі з аголенымі юнакамі.
Зараз краязнаўчы сайт Гомеля і Гомельшчыны штодня прыцягвае 300–500 унікальных наведнікаў(-іц). Ён увасабляе сабой сапраўднае сховішча звестак з гісторыі, культуры, геаграфіі края. Тут можна азнёміцца з унікальнымі матэрыяламі, якія больш ніхто не публікуе: па рэлігійнай гісторыі Гомельшчыны, дарумянцаўскім перыядзе гісторыі абласнога цэнтра, тэме рэпрэсій і гэтак далей.
Таксама талакоўцы выпускаюць адукацыйна-асветніцкі youtube-праект «Краявід», які асвятляе не надта вядомыя аспекты гісторыі і культуры Гомельшчыны.
Хто і чаму прыходзіць у «Талаку»?
– Людзі да нас далучаюцца таму, што ім (ды і грамадству ў цэлым) не хапае разумення свайго месца ў свеце. Адукацыйная і ідэалагічная сістэма збудаваныя так, што мы нібыта хоп – і паўсталі ў 1944-м годзе, ну максімум у 1917-м. Што мы нейкія «рускія са знакам якасці» – і ўсё, без тлумачэнняў. Але ж жыццё з гэтым разыходзіцца. Таму багата тых, хто шукае свае карані, традыцыі і мову, прыходзяць да нас. Шмат і тых, каму ў Гомелі элементарна не хапае дзейнасці, магчымасці сябе рэалізаваць, камунікацыі. Мы нікога не адштурхоўваем, таму да нас цягнуцца людзі.
Хаця па статуце мы моладзевая арганізацыя, на нашы мерапрыемствы ходзяць і школьнікі, і старэйшыя за 50–60 гадоў. Мы абсалютна адкрытыя, у нас не так, маўляў, «няма сяброўскага білета – прэч з мерапрыемства».
Крута, што мы можам нават новае пакаленне выцягнуць з іх утульненькіх інтэрнэцікаў і вярнуць у рэальнае жыццё, зацікавіць такімі, здавалася б, старымі рэчамі і з’явамі. Можа, з часам наша «адраджэнская» місія зробіцца не настолькі патрэбнай, як зараз. Беларусы разбяруцца са сваёй гісторыяй і месцам у свеце, гісторыкі вывучаць мінулае гомельскага краю, этнографы распішуць абрады да драбніц, а народ будзе ведаць родную мову. Вось тады частку дзейнасці можна будзе змяніць, а пакуль – «Хто, калі не мы, калі не зараз – то калі?»
Фота з асабістага архіва героя артыкула
Аўтар: Nasta_Eroha