Запусцілася платформа пра магчымасці для беларускіх культурніцкіх дзеячаў і дзяячак

Беларускім дзеячам і дзяячкам культуры, актывістам(-кам) і крэатарам(-кам) цяпер прасцей шукаць стажыроўкі, рэзідэнцыі, праграмы нефармальнай адукацыі і гранты. З гэтым дапаможа сайт sekktor.online

Сайт дапаможа зарыентавацца ў актуальных магчымасцях, мерапрыемствах і навінах белкульту, а таксама сумежных сфераў. Яшчэ адна мэта платформы – збіраць па адной спасылцы імёны і праекты, якія фармуюць беларускую культуру.

Раней sekktor інфармаваў усіх зацікаўленых праз аднайменны тэлеграм-канал. У ім можна аператыўна атрымліваць навіны і зараз. Але сайт дапаможа дакладна нічога не прапусціць: ва ўкладцы «Магчымасці» – усе оўпэнколы, якія можна адсартаваць па тыпе, фармаце, датах, дэдлайнах. Асобна можна паглядзець, што ёсць бескаштоўна. Сюды ж можна дадаваць уласныя оўпэнколы.

У раздзеле «Гайды» будуць публікаваць матэрыялы з аглядамі праграм падтрымкі для творцаў, актывістаў(-ак) у грамадска-культурніцкім сектары, рэкамендацыямі ды лайфхакамі для больш задавальняльнага працоўнага жыцця. У «Афішу» трапляюць абвесткі пра мерапрыемствы ў Беларусі і беларускім замежжы – і можна прасоўваць свае імпрэзы. Асобны раздзел заведзены для навінаў. Таксама плануюцца блогі і аналітыка.

Каманда sekktor яшчэ працуе над магчымасцю ствараць на сайце асабістыя кабінеты, каб карыстальнікі(-цы) маглі публікаваць свой тэматычны кантэнт. Але да супрацоўніцтва і суаўтарства запрашаюць ужо сёння: можна проста даць фідбэк, а можна прапанаваць свой артыкул на культурніцкую тэму, прайсці анлайн-інтэрв’ю для наведвальнікаў(-іц) і арганізатараў(-ак) імпрэзаў ці заданаціць на Ko-Fi.

 

  Наведаць sekktor.online