Правілы падарожжаў пісьменніка Альгерда Бахарэвіча
- 21.10.2019
- 5018
26 кастрычніка ў культ. цэнтры «Корпус» пройдзе чарговы сакавіты 34travel Day. Тэма пятага івэнта – кранальна-лірычная: Home is Everywhere. Адным з дыямантаў у дыядэме лайнапа заяўлены пісьменнік Альгерд Бахарэвіч, які шэсць гадоў пражыў у Гамбургу, а потым вярнуўся ў Менск, каб зноўку палюбіць і адкрыць для сябе родны горад. На 34travel Day Альгерд паразважае пра пачуццё дому, радзіму, жыццё ў чужой краіне. Напярэдадні івэнта пісьменнік падзяліўся з намі правіламі падарожжаў (спойлер: ідэальнай вандроўкі без кніжкі не атрымаецца).
***
Першым маім вялікім, «свядомым» падарожжам, якое засталося ў памяці, была паездка ў Крым. Канец васьмідзясятых, у бацькоў – «Жыгулі», у дзядзькі з цёткай – «Жыгулі». І вось мы на дзвюх машынах едзем на мора «дзікунамі». За вокнамі праносіцца шчодрае ўкраінскае лета – і раптам жоўты і блакітны колер мяняюцца месцамі. Мора! Я чакаў сустрэчы з ім увесь год. Мы жылі ў намётах проста на беразе, я засынаў і прачынаўся пад плёскат хваляў, жэр пачварна танныя і салодкія кавуны, чытаў кніжкі, плаваў да знямогі і быў абсалютна шчаслівы. З таго часу ў сваіх падарожжах я заўсёды іду да мора, калі яно побач, і гавару з ім. А яшчэ тая «дзікунская» свабода засталася для мяне ідэалам вандраванняў – я ніколі не ездзіў у арганізаваныя туры і дужа не люблю прафесійных гідаў. Праўда, жыццё склалася так, што большасць нашых з Юляй паездак цяпер адбываюцца дзякуючы літаратуры – фестывалі, стыпендыі, кніжныя выставы, рэзідэнцыі. Так што нашае «дзікунства» – даволі адноснае, але ўсё роўна: дзе б мы ні апыналіся, мы любім блукаць самі па сабе.
***
Кожнае падарожжа вызваляе цябе ад дробных штодзённых клопатаў – і стварае новы кантэкст, у якім ты апынаешся яшчэ па дарозе на вакзал або ў аэрапорт. Свабода і творчасць зноў робяцца стыхіямі, а не проста «ўсвядомленымі неабходнасцямі». Свабода, творчасць і непрадказальнасць! Так, падарожжа – гэта той час, калі ў табе пачынаюць варушыцца загадкавыя імпульсы, з якіх потым нараджаюцца тэксты і ідэі. Бог вандроўніка – Меркурый, а не Апалон. Як сказаў Альбэрта Мангель, з якім мы пазнаёміліся ў Берліне: «Мы ўсе качэўнікі». Дом – месца падвядзення вынікаў, вось і ўсё.
***
У дарозе я думаю. Прыдумваю, абдумваю, дадумваю кнігі. А калі стамляюся – чытаю напісанае іншымі і зноў: думаю. Мне вельмі пашанцавала, бо побач са мной чалавек, які займаецца тым самым. Юля для мяне – ідэальная спадарожніца; спадзяюся, і я для яе. Мы маўчым і думаем, маўчым і чытаем, маўчым і слухаем музыку падарожжа. Мы гаворым толькі тады, калі абое маем у гэтым патрэбу. Гэта такая гармонія суіснавання ў падарожжы, якой я не сустракаў ні ў кога. Мы паўсюль падарожнічаем разам. Бываюць, вядома, і падарожжы ў адзіноце, але вельмі рэдка.
***
Немагчымасць вяртання – гэта балючая тэма, якой я прысвяціў некалькі кніжак. Нікуды немагчыма вярнуцца. Нават у Менск. Пакуль цябе не было – усё ўжо змянілася: непапраўна і непрыкметна. І ты прыязджаеш кожны раз новым – пастарэлым, паразумнелым, іншым. Людзі, да якіх ты вяртаешся, запомнілі цябе такім, які ты быў да ад'езду, – а ты ўжо змяніўся. Вяртанне – гэта заўсёды боль. Вядома, часта хочацца вярнуцца туды, дзе табе было добра – не проста камфортна, псіхалагічна або фізічна, а менавіта добра ў такім складаным эстэтыка-гарманальна-прасторавым асабістым вымярэнні. Але нічога нельга паўтарыць. Выспа Готланд, травеньскі Берлін, зімовы Парыж 2016-га, Вільня 2013-га, горы за акном цягніка Осла-Берген… Усё гэта ніколі не вернецца, бо нічога гэтага ўжо няма, яно сышло разам з табой і тымі, хто быў побач. Падарожжа – чыста суб’ектыўная рэальнасць.
***
У 2007 я ўдзельнічаў у фестывалі ў мараўскім Брне. Аўтараў пасялілі ў тэатры, на паддашку, ва ўтульным пакойчыку між рэквізіту. Цягам тыдня начаваць у тэатры – гэта была дзівосная прыгода. Праз пару гадоў я начаваў у «Тахелесе» – проста на падлозе за вялікай карцінай Аляксандра Родзіна. Раніцай прачнуўся ад голасу, які прапаноўваў камусьці мяне купіць. Вылез з-за карціны і толькі тады ўспомніў, дзе знаходжуся. А яшчэ мы з Юляй неяк тыдзень жылі ў друйскім кляштары, ХVI, здаецца, стагоддзя, скарыстаўшыся гасціннасцю айца Сяргея Сурыновіча – нашым жытлом была сапраўдная кляштарная келля. Начаваць у вялізным, абсалютна пустым кляштары, які вартуе толькі сабака, што бегае ноччу па калідорах, – гэта было фантастычна.
***
Калі людзі не хочуць падарожнічаць, іх трэба прымушаць. Тых, хто нікуды не ездзіць, варта пазбаўляць пашпарту: навошта ён ім? А калі сур’ёзна… Мы жывём у капіталістычным свеце, дзе ўсё прадаецца і амаль усё купляецца, падабаецца нам гэта ці не. Падмануць кагосьці, каб нешта прадаць, даўно ўжо не грэх – а дабрадзейнасць. Такіх людзей паважаюць у грамадстве і на іх прыкладзе вучыцца маладое пакаленне. Дык вось у межах гэтай сістэмы добра, калі яна прадае танныя білеты на самалёты, а не рабоў ці зброю, і можна без праблем знайсці гатэль, нават калі ў цябе зусім няшмат грошай. Нават актыўныя праціўнікі такой сістэмы карыстаюцца ёй, каб змагацца з дэманам капіталізму. Вядома, без большасці паслугаў, якія нам навязваюць, людзі маглі б абысціся. І ўсё ж я веру, што падарожжы, якая б матывацыя за імі ні стаяла, робіць чалавека не тое каб лепшым, але больш складаным. Людзі пачынаюць лепш разумець свет і робяцца больш цярпімымі. Таму хай лепш яны там дураць нам галовы падарожжамі – бо могуць жа і палітычнай прапагандай, і нечым яшчэ горшым.
***
Я думаю, што дзякуючы гарадам, якія сталіся ахвярамі овэртурызму (Барселона, Венецыя і г. д.), нарэшце зменіцца стаўленне да турызму наогул. Ён перастане лічыцца бяскрыўдным баўленнем часу і пачне ўспрымацца як сур’ёзная і адказная рэч. Ліміты і квоты, адукацыя: «культура турызму» як школьны прадмет, іспыты па культуры турызму і культуры наогул, экалагічная пісьменнасць – усё гэта не за гарамі. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць зрабіць адмысловы тэст для турыстаў: ці сапраўды табе гэта трэба? Калі не, мо лепш застацца дома? Ёсць такі штамп: «засілле масавай культуры». Менавіта маскульт гоніць большасць у турыстычныя цэнтры. Калі б гэтыя людзі чыталі добрыя, складаныя кніжкі, яны б не ламіліся ва ўсім вядомыя дзверы, а шукалі б таемныя скарбы. Я б увёў такое абмежаванне: перш чым ляцець у іншую краіну, вывучы сваю, наведай усе яе гарады і славутасці. Дзіўна, калі людзі рвуцца ў Венецыю, ніколі не бываўшы, напрыклад, у Горадні, Браславе або на Палессі.
***
Я пражыў у Гамбургу шэсць з паловай гадоў, і ён ніколі не пераставаў мяне здзіўляць. Гэта па-сапраўднаму мультыкультурны горад, але ўсё ж не такая турыстычная Мека, як Венецыя ці Парыж. Варта пакінуць цэнтр горада – і на турыстаў перастаеш натыкацца. Сюды едуць збольшага на грахоўны Рэпэрбан, у Санкт-Паўлі… Што там далей, турыстаў мала цікавіць. У Гамбургу шмат экспатаў – мне казалі, амаль 25 адсоткаў насельніцтва з «панаехаўшых». Вось гэта сапраўды адчуваецца – я ганарыўся, што жыву ў горадзе, дзе дзьмуць усе ветры свету, дзе такое шматгалоссе, такая разнастайнасць, такая яркасць фарбаў і дзе пануе сапраўдная талерантнасць. Апошні гамбурскі раён, дзе я жыў, – Фэдэль, ён адзін з найбяднейшых, у ім найбольшая канцэнтрацыя экспатаў, турысты там не хадзілі: страшнавата, затое менавіта там можна было адчуць дух Места. А першы, дзе мы пасяліліся: Штэрншанцэ, стары і файны, раён, дзе ўперамешку жывуць не толькі імігранты і «карэнныя», але і знаходзіцца штаб-кватэра анархістаў. Сюды таксама мала хто з турыстаў даязджае. У Гамбургу правыя і нацы заўсёды мелі мала шанцаў на поспех. Турысты, якія едуць у Гамбург, не мусяць шукаць у ім толькі Нямеччыну – яны знойдуць у вольным ганзейскім горадзе нешта значна большае: новую Еўропу, вольную ад забабонаў.
***
Калі б мяне запрасілі быць дарадцам па развіцці турызму ў Беларусі, я б адмовіўся. Каб зрабіцца прыцягальнай для турызму, Беларусь мусіць пераадолець свае посткаланіяльныя комплексы. Пакуль яна іх культывуе на дзяржаўным узроўні, яе будуць блытаць з іншымі, прымаць за расейскі прыдатак без гісторыі і ўласнага твару і ігнараваць. Беларусь мусіць палюбіць сябе і змагацца за гэтую любоў. Набыць свой твар і не саромецца. Таму з масавым турызмам давядзецца пачакаць – хоць бязвіз з Еўразвязам, вядома, мы ўсе толькі вітаем. Але што далей? Таму пачынаць варта не з турызму, а з сябе. План упіхнуць замежнікам «савок» у якасці турыстычнага прадукту таксама не спрацаваў і ўжо не спрацуе. Позна, мода даўно мінула. «Краіна Замкаў»? Каго з заходніх турыстаў можна здзівіць зруйнаванымі замкамі? Дый большасць беларусаў не ўспрымае гэтую міфічную краіну сваёй.
***
Калі б я сустрэўся з сабой 18-гадовым, я б параіў гэтаму бэйбусу з’язджаць, пакуль не позна. Эміграваць, пакуль малады. Лепш за ўсё ў Нямеччыну. Як ні дзіўна, цяпер гэта самая прытомная краіна на кантыненце. Але ён усё роўна мяне б не паслухаў, гэты дурань. Ён марыў пра тое, каб з’ехаць з Шабаноў у Цэнтр. Яму здавалася, што на гэты горад надзеты шкляны каўпак. Перамяшчэнні магчымыя толькі ўнутры. На шчасце, ён памыляўся. Я ж і кажу: дурань.
***
З кожным пражытым годам разумееш, што шанцаў па-сапраўднаму пабачыць свет у цябе робіцца ўсё меней. Я, напрыклад, ніколі не бываў у Афрыцы, Амерыцы, Аўстраліі, дый Азію закрануў толькі рукавом пінжака. Мы ўсё лётаем і калясім па сваёй Еўропе, дый тую ніяк не аб’ездзім. Улічваючы, якія перспектывы мае цяпер беларуская літаратура, да якой я належу: Афрыка застаецца недасяжнай, туды нас наўрад ці нехта пакліча. Амерыканскі напрамак выглядае больш рэальным. Мне хацелася б паўтарыць падарожжа Гамбровіча, падарожжа Набокава, падарожжа ўсіх тых пісьменнікаў, што сядалі некалі на карабель, уцякаючы з Еўропы, – і абрыналіся ў тую самую немагчымасць вяртання.
***
Перад кожным падарожжам я чытаю пра месца, куды мы едзем. Усё, што трапляецца пад руку: ад Вікіпедыі да мастацкай літаратуры. Знаёмлюся з гісторыяй, тапаграфіяй, геаграфіяй, мовай… І потым здзіўляю мясцовых сваёй фальшывай абазнанасцю ў іхных рэаліях. Наогул найлепшая мапа – гэта культура. Яна ніколі не прывядзе туды, куды ты чакаў патрапіць. Гэта мапа здзіўлення – а гэта галоўнае, чаго мы чакаем ад падарожжаў, ці не так?
***
Маё ідэальнае падарожжа: каханы чалавек побач, добрая кніга ў руках, занураныя ў сябе ненавязлівыя пасажыры за спінай, магчымасць раз на гадзінку выкурыць цыгарэту, а затым: танны гатэль на ціхай вуліцы, чужая мова ў вушах, трохі вольнага часу, віно ды кебаб – і поўная адсутнасць дакладнага плану.
Важныя яўкі і паролі:
Калі: 26 кастрычніка, у суботу.
Дзе: культ. цэнтр «Корпус» (Менск, пр. Машэрава, 9, корпус 8).
Квіткі можна купіць на Bezkassira.by. Кошт: 25–30 BYN.