Настасся Янчэўская

  • 20.05.2015
  • 2836

 

 

34mag пагутарыў з актывісткай самага буйнога роварнага рушняку ў Беларусі і запытаўся пра крокі, якія робяцца для таго, каб нашыя гарады хаця б крышачку наблізіліся да стылю жыцця Амстэрдама ці Капенгагена.

 

 Гераіня:  Настасся Янчэўская, 29 гадоў. З адукацыі – дызайнерка. Ужо тры гады з’яўляецца дырэктаркай «Менскага Роварнага Таварыства».

 Чым займаецца:  Развіццём роварнага руху ў Менску і Беларусі па трох асноўных напрамках: развіццё інфраструктуры, роварнага руху як культурнай з’явы і роварнага турызму.

 Структура арганізацыі:  Каардынацыйную дзейнасць таварыства вядуць самыя актыўныя ўдзельнікі, для гэтага на штогадовым агульным сходзе абіраецца праўленне, якое ажыццяўляе стратэгічнае кіраўніцтва, вызначае прыярытэты і напрамкі працы. Кожны, хто падзяляе каштоўнасці таварыства, можа стаць яго валанцёрам або сябрам. Усім сябрам таварыства яго камерцыйныя партнёры прапануюць розныя скідкі і бонусы.

 Факты:  «МРТ» зарэгістраванае ў 2011 годзе. За гады свайго існавання арганізацыя паспела прыняць удзел у стварэнні нацыянальнай канцэпцыі па развіцці веларуху, стварыць нефармальную сетку велаарганізацый: пры падтрымцы «МРТ» у Менску з'явілася яшчэ адна велаарганізацыя, і дзве ў рэгіёнах. Ужо другі год таварыства ладзіць уласны велафорум і адукацыйны лагер. Пра гэты варушняк ведаюць далёка за межамі Беларусі.


Сайт  |  FB  |  Twitter  |  VK  |  Instagram  |  Telegram  |  YouTube  


Арыгінальная дата публікацыі – 20.05.2015. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мянялася гераіня і яе актывізм праз гады.

 

 

Гісторыя Настассі

– Я з дзяцінства сябравала з роварам, але мама прышчапіла мне асаблівую любоў да крос-кантры – пра тое, што нашы паездкі ў лес па ягады можна назваць менавіта гэтым словам, я даведалася значна пазней. Дарэчы, гэтыя вар’яцкія шматгадзінныя рэйды па лясах, балотах і прасёлках, дзе дарогі не было нават у тэорыі, я пакуль так і не адважылася паўтарыць.

На другім курсе ўніверсітэта я падчас веласезону пазычыла ў прыяцеля ровар, гэта стала адпраўным пунктам для зрушэння ўсіх маіх інтарэсаў у бок актыўнага адпачынку.

 

«Мы як арганізацыя не ладзім “пакатушкі”, але ў нас усе роўна часта пытаюцца: “Як можна з вамі пракаціцца? Куды лепш з’ездзіць?”»

 

З удзельнікамі роварнага таварыства я пазнаёмілася праз Яўгена Харужага, старшыню арганізацыі. Узімку 2014-га мы былі з ім на семінары па ўрбаністыцы, і Яўген спытаў, ці не хачу я паўдзельнічаць у арганізацыі роварнага параду. Вядома ж, я хацела! І вось ужо год я ў «Менскім роварным таварыстве». За гэты час у нас атрымалася не толькі правесці роварны парад і стварыць сетку бясплатных пунктаў пракату Ibikeminsk, але і зрабіць вялікую колькасць нябачнай, але важнай работы па паляпшэнні інфраструктуры горада.

Прама зараз таварыства працуе над вялікім праектам пры падтрымцы Еўрасаюза. Ён завецца «Гарадскі роварны рух у Менску» і ўключае шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на актывізацыю веларуху ў Беларусі (у першую чаргу ў Менску, Берасці і Гародні), а таксама павышэнне цікавасці да велатурызму.

 

 

 

Роварная інфраструктура

– Мы як арганізацыя не ладзім «пакатушкі», але ў нас усе роўна часта пытаюцца: «Як можна з вамі пракаціцца? Куды лепш з’ездзіць?» Мы займаемся больш сур’ёзнымі пытаннямі: ствараем умовы для таго, каб роварны рух развіваўся на пастаяннай аснове пры падтрымцы энтузіястаў і дзяржавы.

У 2014 годзе мы праводзілі воркшоп па гарадской інфраструктуры, дзе ўпершыню ўжывую сустрэліся прадстаўнікі гарадской улады, забудоўшчыкі, ДАІ і раварысты. Здаецца, усе знайшлі агульную мову і вырашылі супрацоўнічаць. Мы нават запрашалі эксперта па роварным руху з Польшчы, ён падкінуў нам мноства цікавых ідэй па інфраструктуры.

Сумесна з Цэнтрам экалагічных рашэнняў і пры падтрымцы кампаніі А100 мы прыдумалі конкурс «Деловой велосипед». Мы разам шукалі самую роварна-прыязную арганізацыю, а для гэтага вывучалі роварныя ўмовы ў нашых кафэ, рэстаранах, на працоўных месцах, школах, універсітэтах. Усяго ў гэтай кампаніі ўдзельнічала каля 200 арганізацый, і пасля яе заканчэння мы зразумелі адно: калі ва ўсім свеце лічыцца прэстыжным рабіць камфортныя ўмовы для сваіх работнікаў-раварыстаў, то ў нас ідуць на гэта як бы са спачування. У многіх буйных офісах не толькі няма роварных парковак, але яшчэ і забаронена праносіць ровары ў будынкі і пакідаць іх там. Менавіта таму каля офісных памяшканняў заўсёды вельмі шмат роварных крадзяжоў. Для таго, каб іх стала меней, мы сфармавалі адмысловыя інструкцыі па арганізацыі роварных месцаў.

З 2012 года «МРТ» удзельнічае ў адаптацыі тратуараў для роварнага руху. Нашы актывісты чэкаюць дарогі і падаюць гэтыя дадзеныя ў адпаведныя структуры. Мы супрацоўнічаем з Беларускай асацыяцыяй экспертаў і сюрвеераў на транспарце, якія і выконваюць замовы па паляпшэнні гарадской інфраструктуры.

Па ініцыятыве «МРТ» у Менску працуе бясплатная грамадская роварная майстэрня «Гараж 38». Там можна скарыстацца пляцоўкай, інструментамі і ведамі іншых раварыстаў для таго, каб адрэмантаваць свайго «каня». Таксама ў майстэрні можна пакінуць непатрэбныя дэталі і запасныя часткі для тых, хто мае ў іх патрэбу. Ці завітаць сюда на прагляд тэматычнага кіно.

Нашая мара – гэта не сотні кіламетраў дарожак, а роварны горад, у якім для жыхароў карыстацца роварам гэтак жа натуральна, як і грамадскім транспартам. 

 

«Асноўная наша ідэя ў тым, што ровар – гэта не рэч для пакатушак, не элемент стылю, а транспарт, сродак перасоўвання»

 

Роварны турызм

– Пакуль роварны турызм у нас выглядае так: людзі знайшлі новыя месцы, пакаталіся, выклалі трэкі, іншыя людзі паглядзелі на гэтыя рэпартажы і паехалі па тых жа маршрутах. Таксама ў нас ёсць выдатныя маршруты па Белавежскай пушчы, там добрыя дарогі і ўсё размаркіравана, – але больш нічога падобнага ў нас няма.

Таму мы стварылі «Валожынскія гасцінцы» – праект, на які было выдаткавана рэальна шмат сіл, але які ўжо даў добры плён. Гэта ініцыятыва некалькіх арганізацый, зацікаўленых у прыцягненні турыстаў у свой рэгіён. Дарога там праходзіць і па грунтоўцы, і па асфальце, а наша задача – скласці і размаркіраваць маршрут такім чынам, каб ён аб’ядноўваў усе сядзібы. Праца праводзілася валанцёрамі ў 2013 і 2014 гадах, і ў выніку з’явіўся трэк на 146 кіламетраў.Таксама мы пастараліся стварыць камфортныя месцы стаянкі і зручныя месцы для начовак.

Яшчэ ёсць такая цікавая рэч, як EuroVelo. Еўрапейская федэрацыя раварыстаў распрацавала сетку маршрутаў па ўсёй Еўропе, і Беларусь была ўключана ў маршрут Галуэй – Масква, які цяпер рэалізаваны на ўсім еўрапейскім участку да Беларусі. У чым яго круцізна? Ён задзейнічае рэгіёны, прыцягвае да нас турыстаў і стварае прывабны вобраз Беларусі не толькі для замежнікаў, але і для нас саміх. «МРТ» стала куратарам гэтага маршрута.

 

 

Роварная культура

– Асноўная наша ідэя ў тым, што ровар – гэта не рэч для пакатушак, не элемент стылю, а транспарт, сродак перасоўвання. Не трэба ніякіх спецыяльных навыкаў, каб ім карыстацца. Мы хочам, каб для кожнага чалавека ў Менску ровар быў транспартным сродкам.

 

«Было б выдатна, калі б і ў нас быў брэнд, які б аб’ядноўваў усё роварныя ініцыятывы»

 

Адна з нашых ініцыятыў – гэта распрацоўка брэнда #ibikeminsk. Самым вядомым падобным брэндам з'яўляецца I Love NY, на стварэнне якога былі выдаткаваныя мільёны долараў. А мы, як заўсёды, хацелі зрабіць нешта такое ж эфектнае, але за 20 баксаў. Вядома, ibike не наша прыдумка. Існуюць #ibikeamsterdam, #ibikecopenhagen, #ibikenewyork і гэтак далей. Мы падумалі, што было б выдатна, калі б і ў нас быў брэнд, які б аб’ядноўваў усё роварныя ініцыятывы.

 

Фота by Таня Капітонава