Ін да хаўс

  • 16.05.2017
  • Аўтар: 34mag
  • 0

 

Яны ўзялі дыска, паскорылі яго, зацыклілі самы смачны кавалак мелодыі, дадалі драм-машыну і атрымалі хаўс. Пазней нарадзіўся яшчэ і аднайменны танец, які адразу захапіў галоўныя танцпляцы Нью-Ёрка і Чыкага. Мы завіталі на менскі хаўс-фестываль Body Talk, каб адчуць «ліхаманку суботняга вечара» ў хаўс-апрацоўцы.

 

 

 

Кожны чуў пра хіп-хоп, а вось як танчыць хаўс, ведае не кожны, нягледзячы на тое, што гэтую музыку цяпер круцяць у кожным клубе. Хутчэй за ўсё, табе ўжо неаднойчы трапляліся тутэйшыя хаўс-танцоры, якіх лёгка заўважыць па мудрагелістых і энергічных рухах ног, якія спалучаюцца з расслабленым і плаўным грувам у корпусе.

Мы завіталі на двухдзённы хаўс-фэст Body Talk, дзе сустрэліся з Дашай Косткінай, арганізатаркай івэнту. Даша, пад танцавальнай мянушкай Jigaboo, мае прамое дачыненне да развіцця беларускага хаўсу, з якім пазнаёмілася яшчэ ў 2007 годзе. Яна шмат вандравала, вывучала тэатр у Англіі, а цяпер зноў у Менску. «У хаўсе нічога новага няма, але ён стварае асаблівае адчуванне музыкі, пад якую адаптоўваюцца рухі. Грув, баўнс – яны ўжо там, – кажа танцорка. – Гэты танец увабраў у сябе шмат культур і напрамкаў: капаэйра, лацінаамерыканскія танцы, брэйкінг, хіп-хоп, вог – усё дзякуючы сваёй разняволенай атмасферы. У месцах, дзе танчылі хіп-хоп, было жорстка, таму тыя, хто прагнуў свабоды, далучаўся да хаўсу».

«Гэты танец увабраў у сябе шмат культур і напрамкаў: капаэйра, лацінаамерыканскія танцы, брэйкінг, хіп-хоп, вог»

У першы дзень на Body Talk свае скілы дэманстравалі мясцовыя хаўс-танцоры. Увесь вечар і да ночы яны шчодра арашалі залу сваім потам. Адбор самых лепшых праходзіў у фармаце сайфер (cypher), калі танцор выходзіць у цэнтр кола, каб запаліць танцпляц, з першымі бітамі качаючы праз сваё цела танец, супернікі глядзяць яму ў вочы і кідаюць выклік, задзіраючыся, як бойкія, але грацыёзныя пеўні.

 

 

Галоўным і адзіным суддзёй стаў госць з Лондана Frankie J, Даша пасябравала з ім падчас вучобы ў Англіі: «Я бачыла, як ён расце ў сваім майстэрстве. Яго ўзровень за пяць год нашага знаёмства значна вырас, цяпер яго паважаюць у танцавальных колах па ўсім свеце. Мы пазнаёміліся ў вольнай прасторы ў Лондане, дзе танцоры маглі бясплатна трэніцца. У Англіі наогул колькасць хаўс-тусовак і дыджэяў зашкальвае. Там танчаць усе і неабавязкова называюць сябе танцорам. Англійскія клубы настолькі перапоўнены, што да чацвёртай раніцы можна стаяць на месцы і рабіць хіба што адзін ту-стэп. Настолькі цесна!»

«Там любяць музыку і разбіраюцца ў ёй. Людзі ходзяць на вечарыны па музыку, – працягвае яна. – Не напіцца, накурыцца ці патусавацца – яны ходзяць слухаць. Вось гэта чапляе. Мне падаецца, Менск патроху таксама рухаецца ў гэтым кірунку».

З сусветных танцораў Дашу асабліва натхняюць Brian Green, Future і Ejoe Wilson. «У нашых клубах deep house не вельмі распаўсюджаны, але з беларускіх дыджэяў, якія мне асабліва падабаюцца, гэта ЦУД (ён задаваў біт на Body Talk), Fitzzgerald і Вова Патапенка. З сусветных хаўс-музыкаў – Theo Parrish, Kerri Chandler, Fred Everything, Bodhisattva, Julian Gomez».

 

 

 

 

 

 

 

 

Адным з першых, хто стаяў ля вытокаў беларускага хаўсу, быў Юра aka DJ Micbeatz. Калі ў танец звычайна прыходзяць неабыякавыя да музыкі, то з Юрам усё наадварот. За вяртушкі ён стаў пасля шчыльнага знаёмства з фінтамі ды фортэлямі на танцпляцы. Да яго ў свой час на заняткі хадзіла і Jigaboo. «Усё пачалося з DVD, – успамінае Юра. – У далёкім 2005-м, калі інтэрнэт яшчэ не быў так распаўсюджаны, да майго сябра трапіў дыск з французскага танцавальнага фестывалю. Тады я танчыў breakdance і называўся b-boy. Але дыск, акрамя запісаў па брэйкінгу, меў яшчэ і відэа з верхнімі стылямі – попінг, локінг, хіп-хоп і хаўс. Мяне вельмі зацікавілі гэтыя хуткія незнаёмыя рухі, я глядзеў на іх, паўтараў. Мае сябры глядзелі на ўсё гэта і не разумелі, што я вытвараю сваім целам. А я казаў: “Гэта хаўс, хаўс, чувакі!” Потым у 2006-м у нас праходзіў танцавальны фестываль па хіп-хопу Power of Two, дзе прыезджы амерыканскі суддзя даваў майстар-клас па хаўсе і паказаў, што да чаго. Мы тады актыўна абменьваліся інфармацыяй, ужо карысталіся інтэрнэтам, перапісваліся з танцорамі з Масквы, памятаю, яшчэ па ICQ. Уся дзвіжуха на постсавецкай прасторы развівалася адначасова – што ў Маскве, што ў Менску, што ў Кіеве. Затое зараз у Расіі хаўс-рух моцны, маштабны, бо ў Маскву і Піцер сцякаюцца з усіх рэгіёнаў, што добра ўплывае на яго развіццё».

 

 

«Людзі ходзяць на вечарыны па музыку. Не напіцца, накурыцца ці патусавацца – яны ходзяць слухаць»

 

 

 

 

 

 

 

 

Можна танчыць у клубе, канешне, дзе на цябе будуць паглядаць з адкінутай сківіцай, а можна прадэманстраваць свае скілы на прафесійных батлах. На Body Talk танцоры спаборнічалі ў дзвюх намінацыях – бэгінэр і про. Прафесіяналам усіх прафесіяналаў у гэты раз стаў Gavr. Размаўляць хаўсам яго цела пачало 10 год таму. За гэты час Gavr паўдзельнічаў у стакгольмскім StreetStar, амстэрдамскім Summer Dance Forever, віленскім Vilnius Street Battle і самым значным фестывалі вулічных танцаў Juste Debout (Парыж). У нас ён яшчэ і адзін з галоўных арганізатараў фэсту па хіп-хопе, попінгу і хаўсе What’s you’ve got, які адгрымеў у красавіку.
«У Беларусі першыя батлы па хаўсе і хіп-хопе з’явіліся каля 2004 года, моцным штуршком для іх развіцця былі прыезджыя танцоры з Масквы, якія хутка ўсмоктвалі ў сябе новую хаўс-культуру і дзяліліся ёй з намі, – распавядае Гаўр. – Зараз павучыцца правільна качаць сваё цела пад хаўс можна ў менскіх студыях El Gato, FreeBit, The Love Movement, Black Fox. Выбітных хаўс-танцораў у нас не так шмат, але сярод іх магу назваць Boogs, Юлю Gvardi, Віку Vivi, Дашу Jigaboo і Cherry».

 

 

 

 

 

 

Лёшу aka Дарожка 2, які быў МС на івэнце і сваімі жартамі і досціпамі ствараў тую самую атмасферу хаўсу, можна аднесці да апошняй хвалі беларускага руху. Напаследак мы злавілі і яго! Лёша прыйшоў з попінгу і адразу трапіў да Дашы, якая была першай і, бадай што, апошняй яго настаўніцай. Цяпер Дарожка 2 мае ўжо сваіх вучняў. «Хаўс – шчырая, свабодная культура. Гэта добры стыль, дзе няма месца нічому злому, ні шчыліначкі. Я люблю танчыць і саму хаўс-музыку. І гэтых людзей люблю і тое, як яны ставяцца адно да аднаго. Таму, калі ў мяне ёсць магчымасць унесці нейкую лепту, будзь то танец, арганізацыя мерапрыемства ці выкладанне, – я задаволены», – падсумоўвае ён.

«Уся дзвіжуха на постсавецкай прасторы развівалася адначасова – што ў Маскве, што ў Менску, што ў Кіеве»

Ну а потым усе былыя супернікі, Frankie J, арганізатары ды ўсе закаханыя ў хаўс пусціліся ў скокі разам на afterparty ў бары «Ў», дзе за вяртушкамі сядзелі хто? Правільна, ЦУД і Вова Патапенка!

 

 

 

 

Тэкст by Надзея Прасвірава, фота by Таня Капітонава

 


КАМЕНТАРЫ (0)

КАМЕНТАВАЦЬ