Бэкстэйдж «Месяца фатаграфіі ў Менску»
- 04.10.2019
- 4538
2 кастрычніка завяршыла працу асноўная экспазіцыя «Месяца фатаграфіі ў Менску». Спецыяльна для тых, хто хоча замацаваць уражанні ад пабачанага, мы распыталі дызайнерку-архітэктарку Валерыю Мартынаву пра тое, навошта былі прыдуманыя ўсе гэтыя разнастайныя канструкцыі: занавесы, шырмы, амаль лабірынты. І папрасілі куратарку асноўнай экспазіцыі Антаніну Сцебур распавесці пра ключавыя сэнсы праектаў (глядзі каментары пад фота).
Антаніна Сцебур
«Стварэнне канцэпцыі, падбор праектаў і праца над тэкстамі пачаліся яшчэ ў лістападзе-снежні мінулага года, потым стваралася прасторавае рашэнне. Абмяркоўвалі візуал на траіх: куратар_ка, архітэктар_ка, мастак_чка. Перш чым быў напісаны куратарскі тэкст, былі доўгія сяброўскія размовы: мы абмяркоўвалі дэталі працы, канцэптуальны складнік, тыя праблемы, якія мастачка або мастак закранае сваёй працай. У прынцыпе, гэта і ёсць роля куратара – падсвятліць гэтую пазіцыю, зрабіць яе бачнай. І галоўным словам падчас працы было слова "давер"».
Валерыя Мартынава
«Твае ідэі могуць застацца дзесьці ў стале, калі не будзе падтрымкі і ўмоў (асабліва фінансавых), пры якіх усё рэалізуюць. У рэалізацыі на першае месца выходзіць давер: наша каманда – гэта першыя людзі ў маім жыцці, якія на любую ініцыятыву адказваюць толькі “так”. Я – любячы – называю іх трохі вар'ятамі».
– У чым твая задача як дызайнера-архітэктара на выставе?
– Сумесна з куратарам архітэктар знаходзіць рашэнне, як з дапамогай канструкцый, колеру, святла раскрыць асноўную ідэю экспазіцыі. Трэба было стварыць нябачны сэнсавы ланцужок.
Тэма гэтага года – «гісторыя». Першыя эмоцыі, з якімі тут сутыкаешся, – пачуццё нестабільнасці. Ты не можаш дакладна прайграць гісторыю, а можаш толькі выказаць здагадку, абапіраючыся на факты. Фатаграфія з праекта «Штурм Зімняга Палаца» – гэта пастаноўка. Яна пра тое, як можна інтэрпрэтаваць гісторыю. Архітэктура – гэта таксама пастаноўка і гульня.
Гледача адразу павінна збіць з панталыку, што мы бачым штурм Зімняга палаца 1917 года, а дата ў подпісу – 1920 год. Справа ў тым, што гэта не штурм Зімняга, а вялікі спектакль, які праводзіўся на трохгоддзе Кастрычніцкай рэвалюцыі. І сёння гэтая падзея і гэтае фота, звязаныя з нашай эпохай постпраўды, аказваюцца вельмі актуальнымі і нават больш актуальнымі, чым сто гадоў таму. У некаторых артыкулах на Вікіпедыі падпісана, што гэта проста рэканструкцыя. Але хто чытае дробны шрыфт?
– Мая задача – заняць месца гледача і выбудаваць увесь сцэнар. Мы прыдумляем элементы, якія вы будзеце падсвядома звязваць з эмоцыямі: страхам, перажываннем ці радасцю. Гэта адказная праца: табе нельга перайграць і ты павінен не навязваць гледачу сваё асабістае ўяўленне.
Што тычыцца аўдыторыі «МФМ», то гэта як выхад у адкрыты космас. Калі праектуеш офіс і працуеш з пэўнай кампаніяй, можна скласці сабе партрэт спажыўца. Тут жа ўсё вельмі расплывіста, таму першапачаткова мы не ставілі перад сабой задачу стварыць прастору для канкрэтнага чалавека. Мы спрабавалі пашырыць яе для ўсіх [летась выстава была даступная для людзей са слабым зрокам. – заўв. 34].
– І наколькі моцна вы пашырылі сваю прастору для гледача?
– Я неяк напісала Тоні а другой гадзіне ночы: «Слухай, давай крыху ступім за межы галерэі». У выніку мы зрабілі міні-перформанс са «сцяной спаму» на Кастрычніцкай.
Выбралі дзве фатаграфіі – «Рок-канцэрт» Сяргея Брушко і «New Olympia» Сяргея Гудзіліна – і далучылі іх да стрыт-арт-культуры вуліцы. Фота разрэзалі на восем частак па фармаце афіш, раздрукавалі на самай тонкай паперы, узброіліся балончыкамі з фарбай і ўзялі трафарэты, каб зрабіць назвы, подпісы, паказальнікі.
Мы ацэньвалі перформанс не як забаўку, а як магчымасць зрабіць нешта разам. Фестываль «МФМ» заўсёды быў пра аб'яднанне людзей – і мінакі дапамагалі нам здымаць старыя афішы, фарбаваць і ляпіць. Быў такі маштабны сумесны рух – менавіта ў такія моманты ты адчуваеш зваротную сувязь.
Я не чакала, што ўсё пратрымаецца больш за два тыдні, але кожную раніцу мы назіралі, як праект жыве далей. Сяргей Гудзілін не заўсёды быў рады таму, што ў яго там было напісана, але гэта была камунікацыя, якая развівалася ўжо без нашага ўдзелу, – чаго мы і жадалі.
– Як ты падыходзіш да працы з тэмай?
– Галоўны інструмент – эмоцыі. Ты глядзіш на моманты ў фотаздымках і паглыбляешся ў тэму з галавой, думаеш пра праекты 24/7.
Калі Тоня распавяла мне пра фатаграфіі Рамуалдаса Пажэрскіса «Балтыйскі шлях», я спрабавала ўсвядоміць: два мільёны чалавек узяліся за рукі – і на дзесяць хвілін аб'ядналі тры краіны [гаворка ідзе пра мірную акцыю 1989 года, калі жыхары Літвы, Латвіі і Эстоніі выбудавалі жывы ланцуг на 670 км. – заўв. 34]. Гэтую падзею складана сабе нават уявіць! Гэта праект пра людзей, якія адстойвалі сваю незалежнасць, – і канструкцыя на выставе павінна была ўвасабляць галоўны пасыл супрацьстаяння. Так з’явіўся стэнд, які паўтарае крывую лінію з карты. Праз дызайн нам удалося падкрэсліць сутнасць праекта: незалежнасць, самастойнасць і самадастатковасць.
– А што скажаш наконт працы з адной з галоўных тэм выставы – плошчай?
– Ніколі не думала пра плошчу так доўга, як гэта было цяпер, – на працягу трох месяцаў. Калі доўга жывеш у адным горадзе, ужо не заўважаеш, напрыклад, прыгажосці муралаў – для цябе гэта звыклае. А вось любы іншаземец заўважыць і нашмат больш, чым жыхары горада. Тое ж і тут. Я не звяртала на яе сваёй увагі да моманту, пакуль не прыйшлося сфакусавацца на ёй і працаваць.
З аднаго боку, плошча – гэта ядро маніфестацыі афіцыйнай улады. Доўгі перыяд парады праходзілі менавіта на Плошчы Незалежнасці (былой плошчы Леніна), пакуль не адкрылі гандлёвы цэнтр «Сталіца». Але разам з тым існуе і іншы бок – гэта прастора, куды мы можам выйсці, каб абмяркоўваць нешта, і прастора, куды мы можам выйсці, каб выказаць сваю нязгоду. Гэтую плошчу часта выкарыстоўвалі і для такіх выказванняў, пачынаючы з 80-х гадоў.
На плошчы можна маніфеставаць сваю ўладу і можна супраціўляцца гэтай уладзе. Дэ-юрэ плошча з'яўляецца публічным месцам: месцам, якое належыць усім. Але дэ-факта аказваецца, што сілы гарадской прасторы ўжо размеркаваныя: мы не можам падысці бліжэй, чым на 5-10 метраў, да Дома ўрада і прагуляцца па плошчы. Публічная прастора аказваецца захопленая сіламі капіталу і бюракратыі.
– Калі людзі выходзяць на плошчу ці вуліцы падчас акцый – гэта ілюзія волі. Натоўп кіруе рухам і вашымі паводзінамі. Мы выкарыстоўваем жэсты для таго, каб стасавацца адзін з адным, падхопліваем эмоцыі. Вас могуць падзяляць тысячы кіламетраў і менталітэт, але сярод натоўпу на плошчы любой краіны мы паводзім сябе досыць шаблонна.
Мы стварылі адкрытую прастору без правілаў, дзе чалавек будзе адчуваць сябе так, як быццам ён кіруе працэсам. Няма нічога, што будзе вас абмяжоўваць у перамяшчэнні. Глядач ідзе ў зручным для яго кірунку. Гэта, вядома, такая іронія, таму што мы ўжо прадумалі ўсе сцэнары за вас і з любой кропкі вы бачыце толькі той ракурс, які мы хацелі паказаць.
У выніку ў нас атрымаўся прататып гарадской прасторы: вы пачынаеце шлях ад метро і работ Максіма Ясінскага, выходзіце на плошчу. Вас сустракае канструкцыя, якая паўтарае прынцыпы архітэктуры Дома ўрада па вышыні і аб'ёме. Вы не бачыце ніводнай працы Машы Святагор, пакуль не пройдзеце ўнутр.
Канструкцыя падкрэслівае канцэптуальны складнік – думку пра празрыстасць улады. Да таго ж мы даем гледачу ў прамым сэнсе даць пахадзіць праз Машыны працы. Калі іх паставіць у лінію, то намі гэта будзе ўспрымацца як адзінае палатно. А перамяшчэнне яе ў прастору Дома ўрада задае нам пэўную оптыку – і зусім іншае ўспрыманне. Мы ўважліва разглядаем кожную працу ў асобнасці.
– Ёсць сапраўдны флагшток, на які праецыюецца праца Сяргея Гудзіліна. Ёсць кубы, якія больш нагадваюць трыбуны, аблеплены стужкай з лозунгамі 1968-га. Адзіны праект, які застаўся закрытым, як і сама тэма, – «Комплекс назірання» Сымона Мэнэра, прысвечаны даследаванню архіваў Штазі.
– Пра ідэі пагаварылі, а што з рэалізацыяй?
– Працэс праектавання займае тры месяцы. Гэта больш чым нармальны тэрмін для дызайн-праекта. Але на мантаж вылучаюць усяго тыдзень, а часам толькі тры дні. Усе канструкцыі збірае адзін чалавек – Міша Мішук. У якасці падтрымкі мы запрашаем валанцёраў.
Як правіла, часу ніколі не хапае, таму лагістыка і гнуткасць каманды вырашае ўсе праблемы. Удзел у падрыхтоўцы бяруць дваццаць чалавек. Пры гэтым далёка не ўсе прысутнічаюць на пляцоўцы.
Сучасны армянскі мастак Тыгран Хачатр'ян у сваёй працы выкарыстоўвае тэкст рэжысёра Паола Пазаліні, які ў адказ на пратэсты 1968 года напісаў маніфест камуністычнай партыі моладзі, дзе абвінавачваў студэнтаў, якія выйшлі на вуліцы Парыжа, у недастатковым радыкалізме. Адна з яго асноўных фраз у гэтым маніфесце: «Вы патрабуеце таго, што вам і так належыць».
Тыгран Хачатр'ян працуе з дакументальнай здымкай пратэстаў маладых людзей у Арменіі ў 2015 годзе. Разам з відэа мы чуем тэкст Паола Пазаліні 1968 года. Паміж 2015 і 1968 праходзіць столькі гадоў – і ўсё роўна той парадак, які быў пазначаны ў 1968 годзе, актуальны. Для нас аказваецца вельмі важнай праца з далёкімі адна ад другой падзеямі, таму што мы раптам выяўляем у гэтых наратывах і свой наяўны стан.
– Сёлета з'явіўся новы матэрыял – тканіна. Яна замяніла нам сцены і вельмі акуратна выдзеліла межы праектаў. З ёй было вельмі шмат правальных гісторый. Мы загадзя шукалі прыдатны тып тканіны па празрыстасці і колеры, замовілі ўвесь аб'ём у аднаго пастаўшчыка, але ў апошні момант атрымалі паведамленне: «Прабачце, мы абяцалі, але наша машына не прыедзе». І гэта за два дні да адкрыцця! Уявіце, нам трэба сабраць усе канструкцыі, усё пафарбаваць і павесіць, а ў нас няма асноўнага матэрыялу. У гэты момант мне маглі сказаць: разабрацца з гэтым – твой абавязак, ты ж дызайнер! Але ў мяне проста здалі нервы, таму рабяты далі мне выходны, а самі аператыўна знайшлі іншую краму. Тая Есьман, наша сяброўка-дызайнерка, падтрымала – падшыла 60-метровы кавалак тканіны за адзін вечар, уявіце.
Увогуле фестываль – гэта гісторыя пра людзей, якія тысячу разоў памыляюцца, але працягваюць рабіць. Андрэй Лянкевіч сабраў вялікую сям'ю і давёў, што мы можам рабіць для любімага горада немагчымае.
Фота: flejtmotiv