Андрэй Карпека

  • 20.08.2015
  • 2747

 

Адзін з заснавальнікаў Менскай урбаністычнай платформы Андрэй Карпека падрабязна тлумачыць, як супрацоўнічаць з гарадскімі ўладамі і чаму ўрбаністыка – гэта не толькі пра каву на вынас і роварныя дарожкі.

 

 Чым займаюцца:  адукацыйнымі і грамадскімі ініцыятывамі, скіраванымі на вывучэнне і паляпшэнне гарадскога асяроддзя.

 Дата заснавання:  2013 год.

Сайт  |  FB  |  VK  |  Instagram  |  YouTube  

 З кім гутарым:  Андрэй Карпека, 26 гадоў, адзін з заснавальнікаў Менскай урбаністычнай платформы. Скончыў магістарскую праграму ЕГУ «Крытычныя гарадскія даследаванні».

Арыгінальная дата публікацыі – 20.08.2015. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мяняўся герой і яго актывізм праз гады.

 

 

«Першая дыскусія называлася “Удзел жыхароў у кіраванні горадам” – і насамрэч гэта галоўны топік усёй дзейнасці платформы»

Гісторыя Андрэя

– Урбаністыка пусціла свае карані ў маю свядомасць, калі мы блукалі па Амстэрдаме без усялякай мэты, проста ішлі, куды нам хацелася, дзе нас вабіла архітэктура альбо атмасфера. Я быў уражаны, якая вялікая сацыяльная няроўнасць існуе паміж рознымі часткамі горада, мне было цікава зразумець, чаму так і што робіць гэты горад унікальным. Адразу па маім вяртанні ў ЕГУ, дзе я вучыўся, пачаўся курс, прысвечаны гарадской прасторы. Тады я даведаўся, што на падобных блуканнях заснаваная «тэорыя дрэйфу», якую выкарыстоўваюць сітуацыяністы і псіхагеографы з 1950-х як адзін з метадаў даследаванняў гарадской прасторы. Напэўна, тады я і зразумеў, што абяру тэму горада асноўным кірункам для сваіх даследаванняў і дзейнасці.

Каля пяці гадоў таму я ўпершыню наведаў Менскі архітэктурны форум (МАФ-3), які ладзіла Беларуская асацыяцыя студэнтаў-архітэктараў (БАСА), і быў уражаны, што ў Менску ёсць такая клёвая дзвіжуха. Бадай, гэта першы івэнт, які ўзняў тэму ўрбаністыкі ў дыскусійнай прасторы Менску. Трэці МАФ быў прысвечаны спальным раёнам, і высветлілася, што ў нас з архітэктарамі вельмі розны бэкграўнд, але адзін і той жа прадмет даследаванняў. У той момант мы востра адчулі, што нам не хапае ведаў адно аднога: мне – тэхнічных, а архітэктарам – гуманітарных. У БНТУ досыць складаная сітуацыя з выкладаннем гуманітарных дысцыплін і сацыялагічны падыход да працы з горадам амаль не прадстаўлены. Гэта быў канфлікт. Мы вырашылі аб'яднаць нашыя погляды, каб лепей зразумець прадмет вывучэння. Вось так і ўтварылася нашая платформа. Напачатку яна складалася з трох чалавек. Я з боку гуманітарыяў, Дзіма Бібікаў і Настасся Андруковіч – архітэктары.

 

 

«Летась найбольш важкім нашым мерапрыемствам стаўся Фестываль урбаністыкі, што доўжыўся цэлы тыдзень»

Ініцыятывы

– Мы адразу вырашылі паспрабаваць данесці гуманітарныя веды да студэнтаў БНТУ і замахнуліся на серыю лекцыяў, для якой прыдумалі назву: «Горад па-за межамі архітэктуры». Спачатку гэтыя планы для нас гучалі гэтаксама касмічна, як і сама назва: у нас не было ніякага фінансавання, адно толькі жаданне. Мы не маглі запрасіць ніякіх лектараў – ні беларускіх, ні тым больш замежных, таму рабілі дыскусіі і кінапрагляды. Першая дыскусія называлася «Удзел жыхароў у кіраванні горадам» – і насамрэч гэта галоўны топік усёй дзейнасці платформы. Больш ці менш зразумела, як фармуюць гарадскую прастору ўлада або бізнэс, але як могуць уплываць на яе гараджане, якія не маюць доступу ні да фінансавых, ні да адміністратыўных рэсурсаў? Вось гэта мы і спрабуем раскрыць у дыскусіях, семінарах і воркшопах.

У 2014-м мы зладзілі першы Фестываль урбаністыкі, што доўжыўся цэлы тыдзень. У яго межах мы імкнуліся сабраць як мага больш ініцыятываў, актывістаў, камандаў, якія працуюць з гарадской прасторай, не толькі з Беларусі, але з Расіі, Польшчы, Украіны. Нам было важна, каб фестываль быў мультыдысцыплінарны: мы запрасілі эканамістаў, прадстаўнікоў гарадскіх уладаў, журналістаў, якія пішуць пра горад. Былі ўдзельнікі і з іншых гарадоў Беларусі – напрыклад, праект «Брэст-2019» – зацятыя маладыя людзі, якія маюць канцэпцыю развіцця Брэсцкай крэпасці. Мы запрасілі прадстаўнікоў ЛГБТК-супольнасці – часопіс MAKEOUT, яны таксама працуюць з гарадской тэматыкай, збіраюць інфармацыю пра ЛГБТК-месцы памяці. Таксама выступала прадстаўніца арганізацыі «Радзіслава», што робіць шэлтэр для жанчын, якія пацярпелі ад гвалту, таксама яны працуюць над мапай месцаў, што могуць быць небяспечнымі для жанчын у горадзе. Такія тэматычныя скрыжаванні нам вельмі цікавыя для комплекснага разумення горада.

У 2014 годзе мы распачалі праект Co-urbanism. Супольна з даследчыцай з Літвы Кацярынай Лаўрынец мы склалі мапу беларускіх і літоўскіх гарадскіх ініцыятываў. Знаходзілі іх, кінуўшы кліч у сацсетках. Гэтая мапа нам падаецца важнай прыладай для нэтворкінгу, карыснай не толькі самім ініцыятывам, каб паглядзець, як працуюць іншыя, але і для гараджан, якія хочуць удзельнічаць і не ведаюць, да каго звяртацца, і для даследчыкаў, якія могуць рабіць высновы пра гарадское асяроддзе. 

 

 

«Летась найбольш важкім нашым мерапрыемствам стаўся Фестываль урбаністыкі, што доўжыўся цэлы тыдзень»

Супрацоўніцтва з уладамі

– Мы стараемся супрацоўнічаць з гарадскімі ўладамі. На адзін з нашых круглых сталоў мы запрасілі раённага архітэктара і чалавека, які ўзначальвае Камітэт тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання з Гомеля. А падчас Фестывалю ўрбаністыкі найбольшую колькасць гасцей і медыя сабрала дыскусія з нагоды Асмолаўкі. Там таксама прысутнічалі прадстаўнікі гарадскіх уладаў, праўда, яны ўвесь час маўчалі. Яшчэ мы дамовіліся і правялі лекцыі для Мінскграда па тэме роварнага руху і партысіпаторнага планавання. Для нас было важна, каб выступілі актывісты з Латвіі, таму што Рыга – блізкі нам па кантэксце горад, і ў той жа час гэта Еўразвяз. Нас добра сустрэлі, супрацоўнікі Мінскграда ахвотна прыходзілі на лекцыі, якія, хочацца верыць, з часам паўплываюць на гарадское планаванне ў Менску.

Відавочнай камунікацыя з гарадскімі ўладамі была падчас воркшопу «Альтэрнатыўны двор» у межах праекта Co-urbanism. Яго цьютарамі выступалі Надзея Царонак і Аліна Грамыка, якія выбралі адзін з двароў на Аўтазе і пачалі высвятляць разам з жыхарамі, чым гэты двор адрозніваецца ад іншых, што б хацелі змяніць самі жыхары і чым мы можам дапамагчы. Разам мы пабудавалі там пляцоўку, якую можна выкарыстоўваць як публічную прастору для сустрэч, абмеркаванняў, і адначасова гэта пляцоўка для дзетак, якія могуць гуляцца ў пясочніцы. Што цікава, будаўніцтва цягнулася некалькі месяцаў, мы працавалі толькі па выходных, за гэты час жыхары перазнаёміліся, пачалі размаўляць, былі нават дэбаты. ЖЭС нас падтрымаў: зацвердзіў праект, пабудаваў падпорную сценку, насыпаў пясок у пясочніцу, ну і не замінаў нашай ініцыятыве. 

 

Якая будучыня ўрбаністыкі?

– Тут могуць быць розныя меркаванні. У кнізе «Дызайн як злачынства» цытуецца выказванне Рэма Колхаса пра тое, што ўрбаністыка памерла напрыканцы 60-х у ЗША. З гэтым можна пагаджацца ці не, ёсць розныя погляды на тое, што такое ўрбаністыка ўвогуле. Першыя згадкі пра яе як асобную (менавіта сацыялагічную) навуку пра горад былі зроблены Чыкагскай школай сацыялогіі на пачатку 20 стагоддзя, то бок гэта новая акадэмічная дысцыпліна. Зараз яна імкліва развіваецца, і я не лічу, што Беларусь неяк спазняецца, мы проста не дастаткова яшчэ актыўныя ў гэтай галіне.

Хочацца, каб урбаністыка не станавілася навукай пра тое, як эфектыўней прадаць гарадскую прастору, узвесці культуру спажывання ў квадрат. Хочацца, каб яна займалася тым, каб зрабіць горад больш экалагічным, справядлівым для ўсіх класаў жыхароў, каб даць шырокім колам магчымасць уплываць на яго жыццё. Менавіта такой пастаноўкі пытання сёння не стае гарадскім ініцыятывам Менска і ўвогуле постсавецкай прасторы. Часта размовы пра ўрбаністыку зводзяцца да фразаў: «Менску не хапае кавярняў!» і ў лепшым выпадку – роварных дарожак. Але трэба разумець, што горад – гэта не толькі матэрыяльная інфраструктура і спажывецкія сэрвісы. Сапраўды, часта кажуць, што ўрбаністыка модная, а мне хочацца давесці, што ўрбаністыка – гэта не модна, а неабходна, гэта не «кава на вынас», а палітыка, за якой стаяць інтарэсы розных групаў грамадства.

 

 

«Але трэба разумець, што горад – гэта не толькі матэрыяльная інфраструктура і спажывецкія сэрвісы»

Выбраныя праекты «Менскай урбаністычнай платформы»:

«Мапа гарадскіх ініцыятыў». Анлайн-мапа, на якой можна знайсці інфу пра карысныя ініцыятывы, пра іх інструменты ўзаемадзеяння з гарадскім асяроддзем, а таксама пра актуальныя гарадскія праблемы.

Кніга «Як стварыць горад для ўсіх?». 8 простых і цікавых гісторый пра людзей розных сацыяльных груп, якія дапамогуць успомніць штодзённыя сітуацыі, калі дызайн стварае значныя перашкоды. Таксама кніга прапануе рашэнні, дзякуючы якім прадуманы дызайн без значных выдаткаў можа спрыяць паляпшэнню якасці гарадскога жыцця.

- Альтэрнатыўны двор: «Аўтазавод» і «Серабранка». Спроба сумеснымі намаганнямі гараджан, актывістаў і гарадской адміністрацыі стварыць у асобных жылых дварах сераду, свабодную ад машын і дружалюбную ў дачыненні да людзей розных пакаленняў.

«Сквер Котаўка». Разам з жыхарамі Сельгаспасёлку ўрбаністы распрацавалі праект добраўпарадкавання сквера Котаўка ў Менску, які прадугледжвае азеляненне, устаноўку лавак і іншыя паляпшэнні.

 

Фота by Таня Капітонава