8 класных інстаграмаў беларускіх музеяў
- 06.04.2021
- 4107
Сабралі восем годных беларускіх музейных інстаграм-акаўнтаў з карцінамі сусветных і мясцовых мастакоў, анонсамі новых выстаў і іншымі класнымі івэнтамі. Арыгінальны матэрыял па-руску чытай на 34travel.me.
Музей «Чырвоны Бераг»
Зусім малады профіль музея ў аграгарадку Чырвоны Бераг. Так, таго самага, што з маляўнічай брамай і казачнай сядзібай. Напэўна, запуск акаўнта рыхтавалі да старту турыстычнага сезона. Цяпер у ім усяго пару пастоў: пра тое, чаму варта прыехаць у Чырвоны Бераг, што там глядзець і якія выставы ўжо працуюць. Але, мяркуем, хутка ён стане вельмі папулярным – увесну гэтае месца асабліва класна глядзіцца на фотакартках турыстаў.
Музей «Краіна міні»
Адзін з самых незвычайных музеяў Беларусі з не менш незвычайным профілем. Тут часта распавядаюць пра цікавыя месцы Беларусі і дзеляцца міні-маршрутамі. Іх дапаўняюць анлайн-экскурсіі ў IGTV, якія «Краіна міні» запусціла падчас пандэміі, і фоткі з квэстбука, які музей выпусціў летась. Атрымліваецца такая скарбонка падарожжаў (падчас пандэміі – віртуальных, але цалкам здольных стаць рэальнымі).
Музей-майстэрня Заіра Азгура
Атмасферны профіль з анонсамі выстаў, фатаграфіямі экспанатаў, рэпартажамі з мерапрыемстваў і архіўнымі здымкамі з жыцця скульптара. Просты, прыгожы і такі ўтульны!
Вілейскі краязнаўчы музей
Прыклад добрай ініцыятывы з рэгіёна, калі звычайныя маніпуляцыі з дызайнам у Instagram цалкам мяняюць імідж месца. Да кастрычніка 2020-га ты, напэўна, і не звярнуў(-ла) бы ўвагу на старонку Вілейскага музея, а цяпер гэта цікавы профіль з тлумачальнай падачай і цікавымі мерапрыемствамі. Зараз у музеі акрамя выстаў праходзяць творчыя сустрэчы, інтэлектуальныя гульні, тэматычныя вечары, гульнявыя праграмы. Пра ўсё гэта і распавядаюць на старонцы музея.
Музей гісторыі горада Гомеля
Больш за дзесяць гадоў «паляўнічы домік» у Гомелі «збіраў экспанаты, ствараў калекцыі і стаяў на варце гісторыі», а ў 2019-м вырашыў «адкрыцца» ў Instagram, дзе цяпер дзеліцца ўсім гэтым анлайн. На старонцы музея публікуюць гісторыі і легенды пра горад, распавядаюць, як сустрэцца з прывідам, і тлумачаць, чаму ў музеі не сумна.
Нацыянальны мастацкі музей
У галоўнага музея Беларусі таксама ёсць свой Instagram. Там можна падглядаць за выставамі, разглядаць карціны і сачыць за анонсамі новых падзей. Акрамя стандартных музейных пастоў, нядаўна Мастацкі пачаў эксперыментаваць з рубрыкамі. Цяпер там перыядычна разбіраюць «тое, што хацеў адлюстраваць мастак» і навучаюць музейнаму слэнгу – для тых, хто сапраўды хоча быць у тэме.
Галерэя «Арт-Беларусь»
Галерэя «Арт-Беларусь» вырасла з прыватнай калекцыі банка і стала адной з самых папулярных у краіне. І ў афлайн-, і ў анлайн-прасторы яна адкрывае новыя таленты, дзеліцца класнымі працамі сусветных і лакальных мастакоў і распаўсюджвае мастацтва ў масы, каб зрабіць яго ў Беларусі great again.
Галерэя Прыёрбанка
Аказваецца, у Instagram ёсць цэлая анлайн-галерэя карцін беларускіх мастакоў. Яна ўключае працы з калекцыі яшчэ аднаго банка, якія публікавалі на старонцы на працягу двух гадоў. Цяпер там 175 экспанатаў. І ніякіх абмежаванняў па часе, санітарных дзён ці ўваходных білетаў – толькі ты і мастацтва.