Ад «Музыкальнай газеты» да радыёкропкі: хто распавядаў пра электронную музыку ў 90-я?

Працягваем цыкл публікацый паводле падкасту «Ікарус: гісторыі электроннай музыкі Беларусі». Мінулы гранд-артыкул быў прысвечаны электронным музыкам і іх эксперыментам у 1990-я. Але аповед пра тую эпоху будзе няпоўным, калі не распавесці пра лэйблы і медыя, дзякуючы якім музыка цярэбіла сцежку ў меламанскія плэйлісты. Як «Музыкальная газета» і радыёперадачы сталі асяродкамі развіцця сцэны? Адкуль менскія электроншчыкі дазнаваліся пра свежыя рэлізы? Дзе яны знаёміліся? Па якіх схемах працавалі электронныя музычныя лэйблы ў 1990-я?

Пра ўсё гэта ты даведаешся з тэксту ніжэй. Але май на ўвазе, што перад табой – тэкставая адаптацыя падкасту «Ікарус: гісторыі электроннай музыкі Беларусі», а яго можна і паслухаць, каб занурыцца ў атмасферу цалкам. Цісні на плэй тут:

 

Клуб філафаністаў

Гісторыя пачынаецца з Клуба філафаністаў, удзельнікі якога кожную суботу збіраліся ў ДК Трактарнага завода, каб абмяняцца ці прадаць вініл, абмеркаваць музыку дый проста пабачыць такіх жа апантаных музыкай людзей ужывую. Па словах Міці Грышанава (DJ Міця), клуб існуе з 1985 года, а мо і раней:

«Я там быў практычна заўсёднікам. У мяне быў такі суботні мацыён: прыходзіш – а там старыя дзяды ходзяць, нешта носяць. Прыходзяць і маладзейшыя хлопцы, але ў сярэднім 35+. Я філафаніст са стажам, таму мне былі патрэбныя поўнафарматныя альбомы, рэдкія сінглы. Там можна было выхапіць такое, што нідзе ў інтэрнэце не закажаш. Можна, канешне, на Discogs накапаць, але лепш у дзеда купіць. Гляджу, у чувака Kraftwerk “Computer World 1981 года, жоўтая кружэлка. Фірмовых пласцінак гэтага альбома я ўвогуле ў вочы не бачыў. Я такі: “Колькі?” Ён: “20 даляраў”. Дастаю, а яна новенькая. І першапрэс. Па такія рэчы і ходзіш».

 

 

Паводле Аляксея Кутузава (DJ I.F.U.), на пласцінках і кампакт-дысках з Клуба філафаністаў вырас цэлы шэраг беларускіх індзі-гуртоў, у тым ліку і электронных музыкаў. Там, напрыклад, Лёша пазнаёміўся з Вадзімам Міліцыным з гурта Autism. Вось што распавядаў пра тагачасную меламанскую культуру Вадзім:

«Тады ўся гэтая культура грунтавалася на тым, што людзі слухалі адну музыку. Памятаю, увесь час я з кімсьці сустракаўся каля метро пасля працы, і мы абменьваліся кружэлкамі – яны пастаянна хадзілі па руках. Гэта было даволі шырокае кола людзей, таму калі я нешта аднекуль прывозіў ці мне дасылалі новыя дыскі, то патрэбны быў час, каб яны вярнуліся да мяне назад. Тое самае было і ў іншых».

Клуб, дарэчы, існуе дагэтуль. Кожную суботу апоўдні філафаністы Менска збіраюцца на першым ці трэцім паверсе ДК Трактарнага завода. Да тусоўкі можна далучацца.

 

 

Газета «Няміга»: «Прывітанне ўсім фэнам з праклятых месцаў»
 

Незалежнасць дала моцны штуршок развіццю беларускіх медыя, якія актыўна пачалі цікавіцца ўласнай культурай. Сярод папяровых выданняў, цалкам прысвечаных музыцы, напэўна, адной з першых стала газета «Няміга». Яна пачала выходзіць у 1994 годзе. Там распавядалі пра навіны сусветнага року, рэпу, металу, часам справа тычылася і электронікі, у тым ліку і лакальнай. У «Нямізе», напрыклад, выходзіла інтэрв’ю з Клаусам, калі ў Альтэрнатыўны тэатр прыязджалі галандскія дыджэі. Таксама там выкладвалі сусветныя хіт-парады і была старонка з аб’явамі. Цяпер іх чытаць вельмі кранальна. Напрыклад, сустракаліся такія абвесткі:

«Прыхільнікі самага класнага спевака на зямлі – Майкла Джэксана! Я вельмі хацела б з вамі перапісвацца. Чакаю вашых лістоў! Джы».

Або:

«Прывітанне ўсім фэнам з праклятых месцаў і богам забытых абрабаваных могілак! Мы паўсталі і чакаем вас! Фан-клуб Doom выказвае велізарную падзяку гуртам Hospice і God’s Tower за прадстаўленыя demo-tapes і інфармацыю. Фэны, вас чакаюць у фан-клубе. Пішыце! Амін. Г. Горкі, вул. Тэльмана, Alex Wihrow».

Газета выходзіла на васьмі старонках фармату А3 накладам да 20 000 экзэмпляраў. Свет пабачылі каля 100 нумароў. Амаль палову з іх, адсканаваных у добрай якасці, можна адшукаць у вк-суполцы «Выставка-Музей “Русское Подполье. Осколки”».

 

 

«Музыкальная газета»: «Нармальны рэдакцыйны варушняк»

Сапраўдным медыйным гейм-чэйнджэрам у незалежнай Беларусі стала «Музыкальная газета». Яна пачала выходзіць у 1996 годзе і істотна паспрыяла распаўсюду інфармацыі і камунікацыі паміж удзельнікамі сцэны. На некалькі наступных гадоў яна стала, бадай, самым важным выданнем для самых розных музычных сцэнаў: ад року, фолку да электронікі, як эксперыментальнай і рэйверскай, так і цёмна-індустрыяльнай. У «Музыкалцы» былі спецыяльныя рубрыкі, прысвечаныя электроннай музыцы, рэцэнзіі на новыя замежныя і беларускія рэлізы, інтэрв'ю з беларускімі артыстамі, дыджэямі і прамоўтарамі, а таксама «лікбез»-артыкулы: пра стылі, тэхніку і майстэрства дыджэінгу. Сярод журналістаў былі ў тым ліку музыкі. Апроч артыкулаў, газета друкавала прыватныя абвесткі, праз якія людзі абменьваліся інфармацыяй, музыкай, кантактамі, знаёміліся і сустракаліся. 

Мікіта Худзякоў, стваральнік гурта «Элементы научной фантастики», з 1997 па 2001 год вёў рубрыку «Электрасфера», цалкам прысвечаную электроннай музыцы:

«Калі выйшлі першыя нумары “Музыкальнай газеты”, я, як і ўсе, быў вельмі ўражаны тым, што, аказваецца, у Беларусі ёсць такое якаснае выданне пра музыку. Трэба сказаць, што ў тыя часы музыка была вельмі важнай для моладзі, гэта быў адзін з асноўных спосабаў сказаць, хто ты такі і як ты сябе вызначаеш. І прэса была ледзь не адзінай крыніцай, адкуль інфармацыю пра музыку можна было пачарпнуць. Напрыклад, як рабіць электронную музыку, мы не ведалі. Для гэтага нам трэба было слухаць, чытаць, нехта скажа, там, “аналагавыя сінтэзатары” – і ты пачынаеш па драбочках шукаць.

“Музыкальная газета” ў гэтым сэнсе была цэнтралізаваным месцам, адкуль гэтыя драбочкі можна было чэрпаць. Таму, зразумела, яна адразу зацікавіла – кожны тыдзень я бег купляць газету ў кіёск. І мне захацелася там працаваць. На той момант гэта падавалася працай мары. У мяне не было досведу журналістыкі, але я напісаў тры артыкулы пра мідзі-прылады, каб паказаць, што я магу. Артыкулы спадабаліся, і іх надрукавалі на працягу некалькіх нумароў.

Тады я прапанаваў рабіць рэгулярную старонку па студыйным абсталяванні. Датуль гэтага ніхто не рабіў. І ў мяне таксама была надзея, што калі я буду весці гэтую старонку, то ў мяне з'явіцца магчымасць хадзіць у музычныя крамы і спрабаваць розную тэхніку, размаўляць са спецыялістамі, а пасля дзяліцца інфармацыяй з чытачамі. Рубрыка называлася “Цішыня ў студыі”. Калі ў рэдакцыі даведаліся пра тое, што я яшчэ моцна захапляюся электроннай музыкай, то мне сталі прапаноўваць пісаць артыкулы ці рэцэнзіі на электронныя гурты».

 

 

Разам з Мікітам артыкулы пісаў яго сябра і калега па «Элементах научной фантастики» Дзмітрый Пратасевіч. Таксама да хлопцаў далучыўся Аляксей Кустаў:

«Нейкія рэчы мы рабілі сумесна: кавалак я перакладаў, кавалак – Мікіта, кавалак – Дзіма. У рэдакцыю прыходзіла шмат людзей: я браў інтэрв'ю не толькі ў электроншчыкаў, камунікаваў і з жывымі музыкамі, і проста займаўся публіцыстыкай. Грошы былі невялікія, на свежыя струны для бас-гітары хапала. Гэта было перш за ўсё жывое і актыўнае месца. Прыходзілі і джазавыя музыканты, і рок-музыкі. Людзі прыносілі свае альбомы, дзяліліся думкамі аб тым, якія ў іх былі выступы. Туды дасылалі вялізную колькасць матэрыялу па пошце. Нармальны рэдакцыйны варушняк. І гэта было крута!»

«Мы трапілі ў выдатны калектыў, – успамінаў Мікіта. – Пэўны час у мяне было ўражанне, што, як у рамане братоў Стругацкіх, “панядзелак пачынаўся ў суботу”. Гэта цалкам адрознівалася ад маіх уяўленняў, як выглядае праца ў дарослым свеце. Творчы калектыў, творчы падыход, прыходзь калі хочаш, галоўнае – каб праца была зроблена. Дзмітрый Безкаравайны тады працаваў рэдактарам, Алег Клімаў адказваў за ўсю газету і за ўсходні накірунак. Была яшчэ цікавая журналістка Ірына Шумская, якая пісала пра эксперыментальную музыку.

І што самае цікавае, у “Музыкальнай газеце” быў інтэрнэт. Для Беларусі 1996 года гэта было нешта незвычайнае і новае. Калі ты проста мог зайсці на сайт The Future Sound of London і пачытаць з імі самае апошняе інтэрв'ю. Інтэрнэтам мы карысталіся па чарзе. Быў журнал, у якім мы запісваліся, па 15 хвілін ці па паўгадзіны. Інтэрнэт быў праз мадэм, трэба было тэлефанаваць на спецыяльны нумар. Усё было вельмі марудна. Для таго каб знайсці нейкую інфармацыю, мы адкрывалі 15 укладак, ішлі пакурыць, і вось праз 15–30 хвілін, магчыма, гэтыя 15 укладак адкрыюцца, а мо і не. Гэта быў вельмі рамантычны час».

 

«Творчы калектыў, творчы падыход, прыходзь калі хочаш, галоўнае – каб праца была зроблена»

 

Пасля таго як Мікіта пачаў займацца студыйнай рубрыкай, у яго ўзнікла ідэя зрабіць старонку і пра электроніку. Газета пісала пра поп, метал, рок, для Мікіты ж было важна, каб дадатковая ўвага надавалася і яго ўлюбёнаму жанру:

«На той момант, трэба сказаць, у Беларусі многія людзі да электроннай музыкі сур'ёзна не ставіліся. Сур'ёзная музыка – гэта гітара, барабаны, рок, а ўсё астатняе – глупства. Хацелася памяняць да гэтага стаўленне, бо абстрактная электронная музыка мне тады падавалася музыкай будучыні. Гітара – гэта добра, але яе час быў у 1960--1970-х, зараз жа эпоха эксперыментаў з эфектамі».

У выніку выдавец «Музыкальнай газеты» Анатоль Кірушкін пагадзіўся з умовай, што ўсе рэйверы Беларусі будуць гэтую старонку чытаць і пісаць у газету лісты. Так з’явілася рубрыка «Электрасфера», якая складалася з беларускай і замежнай частак. Мікіта намагаўся падтрымліваць лакальных творцаў, не адмаўляў тым, хто прасілі прарэкламаваць мерапрыемства ці распавесці пра альбом. Галоўнае – каб той альбом рэальна было паслухаць.

Асобна варта згадаць, наколькі моцную зваротную сувязь мела «Музыкальная газета», у прыватнасці, што тычылася электронных музыкаў.

«Пісалі, бо ім было самотна, – расказваў Мікіта. – Калі ты жывеш у якім-небудзь пасёлку, у цябе малінавыя валасы і ты слухаеш тэхна, а ўсе астатнія ў тваім пасёлку слухаюць "Сектар Газа", то жыццё здаецца няпростым і нялёгкім і хочацца з кімсьці пагутарыць, падзяліцца. Таму ўсе гэтыя лісты заўсёды грэлі душу, і мы з вялікім задавальненнем камунікавалі з людзьмі, імкнуліся ўсім адказаць, і такім чынам стваралася супольнасць аднадумцаў. На той момант нам здавалася гэта вельмі важным».

Газета хутка разляталася у газетных шапіках, таксама можна было аформіць падпіску. Апроч Беларусі, яна прадавалася ў Расіі, Украіне і Малдове. Што цікава, «Музыкальная газета», нягледзячы на папулярнасць, была выданнем непрыбытковым. Гэта было звязана з асаблівасцямі распаўсюду тыражу і маленькім музычным рынкам. Выдавецкі дом «Нестар» апроч яе выпускаў «Камп’ютарную газету» пра навіны тагачаснага IT, «Виртуальные радости» пра камп’ютарныя гульні, часопіс «Сетевые решения», і акурат частка прыбыткаў з іншых выданняў падтрымлівала «Музыкальную газету». 

«Музыкалка» выходзіла да 2008 года. У тыя часы камп’ютары ўжо трывала заваёўвалі кватэры кожнага беларуса. У сеціве цалкам захаваўся алічбаваны архіў «Музыкальнай газеты», таму ты можаш з лёгкасцю аднавіць гісторыю беларускай і замежнай музыкі па яе выпусках.

 

«Калі ты слухаеш тэхна, а ўсе астатнія ў тваім пасёлку слухаюць "Сектар Газа", то жыццё здаецца няпростым і нялёгкім»

 

 

Лэйбл Delta 9 Records: «Каб людзі пачулі»

У 1990-я на беларускім рынку існавалі так званыя рэкард-кампаніі. Гэта былі своеасаблівыя дзецішчы эпохі – піраты музычнага поля. Яны не запісвалі і не выдавалі артыстаў у класічным разуменні, а, хутчэй, куплялі ліцэнзійныя дыскі і друкавалі з іх касеты. Такая практыка хоць і не сапорціла музыкаў, але спрыяла распаўсюду інфармацыі. На такіх рэкард-кампаніях часта выходзілі электронныя рэлізы – дзякуючы цікаўнасці іх уладальнікаў.

А першым сапраўдным беларускім лэйблам стаў Delta 9 Records, які ў 1996 годзе стварыў Вадзім Міліцын. Лэйбл мы не раз згадвалі ў папярэдніх артыкулах серыі, надышоў час распавесці пра яго падрабязней. Гісторыя лэйбла пачалася з таго, што Вадзім запісваў дома касеты ўласных праектаў Autism і On The Edge, а потым раздаваў іх сябрам:

«Спачатку я пісаў на касеты мікраскапічнымі тыражамі, а потым з'явіліся запісваючыя сідзіромы. І гэта быў, вядома, культурны прарыў: ты раптам можаш сам запісаць кампакт-дыск. Яны каштавалі адносна дорага, гэта яшчэ супала з крызісам 1998 года, калі грошы абясцэніліся ў некалькі разоў. Але мне зноў дапамаглі бацькі – і за 200 даляраў я прыдбаў такі сідзіром. Дыскі тады запісваліся вельмі доўга, часам збіваліся, але, тым не менш, гэта была фантастыка!»

У 1997 годзе выйшла першая кампіляцыя ад лэйбла «Запах электричества», якую дапамог выдаць Аляксандр Дубінін з камерцыйнай студыі BMM.

«У яго там прадаваліся СD, касеты, і заадно ён кажа: “Давай я буду прадаваць таксама вашыя кружэлкі”. Яны прадаваліся ў дзвюх кропках па горадзе. Раз на два тыдні я прыязджаў і даведваўся, як справы, і ён мне аддаваў грошы. Так гэта адбывалася».

Лэйбл хутка сабраў вакол сябе ледзь не ўсе беларускія абстрактныя электронныя праекты, якія на той момант існавалі, – Autism, Vacuumable, Dulgreen Lab, Alex Coostoff, Energun 22, Chameleon, Spastic Fingers і інш.

«Усе больш-менш заўважныя электронныя музыкі Беларусі выдаваліся ў нас. Потым яшчэ дадаліся дыджэі. Усё развілося ў пэўны маштаб. Але мы ўсё роўна адно аднаго ведалі, сустракаліся на вечарынках, фестывалях. Там мы слухалі музыкаў і прапаноўвалі ў нас выдацца, – распавядаў Вадзім Міліцын. – Музыкі, дарэчы, зусім нічога не атрымлівалі ад гэтага. Я ўвесь час быў у мінусе, бо з дыскамі пастаянна былі збоі. Але было жаданне, каб людзі пачулі, і калі ім цікава, то яны могуць купіць дыск, прыйсці на вечарыну».

У 2000 годзе на лэйбле выдавалася ўжо больш за дзесяць праектаў. За ўвесь час было выпушчана амаль тры дзясяткі рэлізаў. Тым не менш наклады заставаліся мізэрнымі: кампакт-дыскі выдаваліся дзясяткамі, касеты – максімум парай сотняў асобнікаў. Лэйбл, па сутнасці, спыніў сваё існаванне ў той час, калі Вадзім эміграваў у Штаты ў пачатку нулявых.

 

 

Лэйбл I&I Group Records: «Людзі гэтыя касеты памятаюць»

Напрыканцы 1990-х з’явіўся яшчэ адзін значны лэйбл, які выпускаў электронную музыку, – I&I Group Records. Калі Delta 9 пераважна выпускалі альбомы менавіта беларускіх музыкаў, то I&I больш арыентаваўся на дыджэяў і меламанаў. Яны таксама сабралі ўвесь цвет менскай электронікі, толькі ўжо дыджэйскую яе частку – Клауса, I.F.U., Ярыка, Каня, Бокса, Лёшу Патапейку і інш. Быў сярод іх і Міця Грышанаў:

«Лэйбл стварылі два мае добрыя сябры: Дзіма Кузьмін [Mr Bars. – заўв. рэд.] і Паша Пятрышчаў [Тэрмік. – заўв. рэд.]. Апроч міксаў менскіх дыджэяў, яны перавыдавалі на касетах якасна запісаную з кампакт-дыскаў добрую музыку, напрыклад Future Sound of London, Autechre і г.д. Праводзілі такі лікбез. Бо дзе ў тыя часы можна было купіць дыск Autechre? Хто яго ў кіёску будзе прадаваць? Ace of Base прадаюць, так. І да гэтага часу людзі гэтыя касеты памятаюць і рвуць на сабе валасы, што недзе іх згубілі».

Дарэчы, некаторыя міксы беларускіх дыджэяў, выпушчаныя на I&I Group Records, можна знайсці ў mixcloud-акаўнце magentalove.

 

 

Якасць прадукцыі I&I Group Records была заўсёды на высокім узроўні. Кожная касета мела шматстаронкавы ўкладыш і была аформленая як яе арыгінальны варыянт, выпушчаны за мяжой. Касеты I&I можна было набыць у многіх гандлёвых пунктах Менска, а кошты на іх былі ў 2-3 разы вышэйшыя, чым на «звычайныя» касеты.

Усе рэлізы, выпушчаныя на I&I, пасля гучалі ў эфіры «Радыё Стыль». Каманды цесна супрацоўнічалі, і пераможцы конкурсаў, якія ладзілі ў сваіх праграмах радыёвядоўцы Цім Карамыслаў і Лёша Квакін, атрымлівалі менавіта гэтыя касеты. Самы час даведацца, у якіх радыёперадачах гучала беларуская электроніка.

 

 

Радыё

У 1993 годзе пачынае працу радыё «Бі-Эй» – першая прыватная радыёстанцыя ў FM-дыяпазоне. На ёй вядоўцы Барыс Штэрн і Тамара Лісіцкая рэгулярна ставілі электронную музыку і запрашалі ў эфір дзеячаў беларускай электроннай сцэны.

Адной з першых перадач пра электронную музыку была праграма «Дыяпазон». Яе рабіў вядоўца Алег Тышкевіч. У інтэрнэце пра яе інфармацыі зусім няма, але цікавую гісторыю распавёў музыка Віталь Гармаш, вядомы па праектах i/dex і harmash. У сярэдзіне 1990-х ён жыў у Наваполацку і запісваў уласныя электронныя эксперыменты. Надыйшоў час, каб паказаць, што атрымалася:

«Хтосьці мне распавёў пра праграму "Дыяпазон". Я запісаў на касету музыку і паехаў у Менск. Проста бадзяўся па горадзе і цікавіўся ў людзей, ці ведае хто-небудзь пра гэтае радыё. Праз пару гадзін мне паказалі студэнцкі клуб у раёне ўніверсама "Рыга", дзе працаваў радыёдыджэй, які рабіў гэтую праграму. Я даў яму касету з маёй музыкай. Праз некалькі дзён ён патэлефанаваў і папрасіў запісаць перадачу на радыё».

 

 

Напрыканцы 1990-х пра індустрыяльна-электронную музыку можна было даведацца з праграмы DJ Commando Labella на радыё «Мір». На тым жа радыё Уладзіслаў Бубен вёў праграму «Затерянный мир» пра метал, рок і эксперыментальную, у тым ліку экстрэмальную, электронную музыку. У 1998 годзе на радыё «Сталіца» выходзіла праграма пра беларускую электронную музыку «Ультрасфера», вядоўцам якой быў Сяргей Максімчук – удзельнік тэхна-гурта Energun. Летам таго ж года ў FM-дыяпазоне адкрылася радыё «Стыль», якое наступныя пяць гадоў стала прыстанкам вялікай колькасці аўтарскіх перадач пра музыку, у тым ліку электроннай. Вялікай папулярнасцю сярод аматараў электронікі таксама карысталіся эфіры Ціма Карамыслава і Аляксея Квакіна. Да іх хадзілі ўсе дыджэі і музыкі, гралі лайвы ў эфіры, давалі інтэрв’ю. Гэта ўжо быў трохі іншы ўзровень: дыджэі і музыкі паціху выходзілі з ценю, з андэграўнду, станавіліся персанажамі, якіх пазнавалі на вуліцах. Падрабязней пра гэта слухай у падкасце «Ікарус: гісторыі электроннай музыкі Беларусі».

«Нейкі час мы даволі часта хадзілі на радыё, – узгадваў Міця. – У асноўным да Карамыслава на "Стыль". З Ярыкам, з Канём. Давалі інтэрв'ю, прыносілі на дысках міксы. Часам ехалі ў машыне, слухалі радыё – і раптам маглі пачуць свой сэт. Таксама ў Карамыслава былі філасофскія гутаркі перад тым, як нешта паставіць. Такі рамантычны хлопец у гэтым плане».

 

 

Не паверыш, але перадача пра электронную музыку ішла таксама па радыёкропцы. Так-так, той, якая пастаянна была ўключаная ў нашых дзядуль і бабуль. Называлася яна «Вентылятар» і выходзіла штотыдзень. Днём можна было прыйсці запісаць мікс на бабіну, а вечарам яго ўключалі ў эфір і паралельна рабілі з табой інтэрв’ю.

А вось тэлебачанне, па словах Аляксея Кутузава, ледзьве краналася клубнай культуры. У першай палове 90-х ён разам з Паўлам Каранеўскім рабіў перадачу «Поп-пілот» пра вечарынкі ў Альтэрнатыўным тэатры. Выйшла ўсяго тры выпускі. 
 

 

***
 

Напрыканцы 1990-х інтэрнэт хутка заваёўваў беларускую аўдыторыю. У 1999 годзе запусціўся форум Oxidiser.net, які быў прысвечаны электроннай музыцы. Вакол яго стварылася аднайменная прома-група. Як узгадваў Кутузаў, «гэта была рэальная скарбніца інфармацыі, можна было задаць любое пытанне – і ўсё кам’юніці табе адразу адкажа». Oxidiser значна паўплываў на развіццё беларускай музыкі ў нулявыя. А мы вернемся ў другую палову 1990-х, каб дараспавесці гісторыю клубаў і дыджэяў. Як музычныя андэрдогі станавіліся зоркамі постсавецкага маштабу, як беларусы ладзілі тусоўкі на Казантыпе і як гэта ўсё раптам знікла, – пра ўсё гэта гаворым у фінальным эпізодзе «Ікарус: гісторыі электроннай музыкі Беларусі».

 

 Слухай падкаст у Spotify, SoundCloud і Apple Podcasts 

 

34 советует музыку для работы, прогулки и тренировки

34 советует музыку для работы, прогулки и тренировки

Вместе с Huawei советуем тебе пару часов отличной музыки.

Кто победил на Jager Music Awards-2020?

Кто победил на Jager Music Awards-2020?

Хаски – главный триумфатор. От Беларуси – сразу три чемпиона.

За кого проголосовать на премии Jager Music Awards-2020?

За кого проголосовать на премии Jager Music Awards-2020?

Ты можешь поддержать Intelligency и помочь молодым и перспективным.

Любить и не бояться. Беларусские музыканты представляют «Long Play Belarus»

Любить и не бояться. Беларусские музыканты представляют «Long Play Belarus»

«СОЮЗ» и Dlina Volny, Бакей и Murovei, Palina и Лиса – и не только.

«Музыка дает людям глоток свежего воздуха». Монолог про уличные концерты

«Музыка дает людям глоток свежего воздуха». Монолог про уличные концерты

Монолог о том, почему уличные концерты должны стать правилом хорошего тона.

VOKA устраивает онлайн-фест электронной музыки

VOKA устраивает онлайн-фест электронной музыки

Скучал(-а) по трансу и девяностым? Этот марафон точно для тебя.

Минская группа Laudans арестована на 15 суток. Что у них послушать?

Минская группа Laudans арестована на 15 суток. Что у них послушать?

Рассказываем про дуэт, получивший «сутки» после уличного концерта.

Какой будет премия Jager Music Awards 2020?

Какой будет премия Jager Music Awards 2020?

10 фактов о главной музыкальной церемонии года.

Как Олег «ЛСП» превратил Backdoor в хлев дружбы

Как Олег «ЛСП» превратил Backdoor в хлев дружбы

Почему презентация альбома «ЛСП» – это вообще не про музыку.